…Зноў пра ваеннае ліхалецце
20.02.2014
…Абоз спыніўся ў Леніне на Лахвінскай вуліцы. З закапцелых вокнаў прыгожай хаты, змураванай з чырвонай цэглы, выцякае сіні дым (цяпер тут Ленінскае лясніцтва). Па другі бок вуліцы на месцы хатаў ляжыць пластом вышэй каленяў зыркі жар (вуголле). Па ім ад ветру паварушваецца шэры попел, і жар то разгараецца ярчэй, то цямнее. Ад жару ідзе цяпло, растаў вакол снег, і стаіць у лужынах чорная вада. А нам на возе холадна.
– Маліцеся Богу, дзеткі, – гаворыць тата.
Я адрываю вочы ад папялішчаў. Немцы, усе аднолькавыя ў зялёна-сініх шынялях, стаяць паўкругам за папялішчамі. Унутры паўкруга – шмат людзей і мы на возе. А бліжэй да нас – іх начальства. Стаіць кучкай і сварыцца нечага, не можа прыйсці да згоды… Прыгадваючы гэты эпізод, тата гаварыў пасля, што сварка паміж немцамі вялася, хутчэй за ўсё, наконт палонных «партызан». Адны даказвалі, што трэба расстраляць іх тут, каб не ўцяклі ноччу, другія пярэчылі: хто будзе гнаць жывёлу ў Мікашэвічы? Перамаглі апошнія. Таму мы засталіся жывыя.
Трэба было ў Леніне папоўніць запас прадуктаў. Мы з Вячаславам адправіліся ў магазін. Ён пабудаваны прыкладна на тым месцы, дзе мы тады стаялі, чакаючы смерці.
Сярод белага дня, у рабочы час, гадзінамі марнеюць ля магазіннага ганка некалькі мужчын. Гэта не толькі ў Леніне, гэта амаль у кожнай вёсцы. Баяцца, каб якая-небудзь нагода з выпіўкай не адбылася без іх удзелу. Стаяць, быццам на святым месцы. У купцы гэтых балельшчыкаў бачу некалькі знаёмых работнікаў з дрэваапрацоўчага цэха. Прывітаўся з імі. За намі і яны рушылі ўнутр магазіна. А мы купляем хлеб, кілбасу, сыр, масла. Хіба не закуска?
– А бутэлькі не бярэце? – пытаюцца.
– Бутэлькі ў нас ёсць, – адказваю як магу найбольш абыякава. I інтарэс да нас узрастае, і ўжо чуюцца заўвагі, што такую сустрэчу нельга не замачыць… Не ведаю, ці пашанцавала ім у той дзень.
Ад Леніна па правым беразе Случы распасцерлася голае абалонне, вытаптанае каровамі, а па левым – цямнее лес, буяюць зараснікі. У прагалках – сенажаці са стагамі сена. Зручнага начлегу трэба шукаць далей на поўдзень, калі лес з"яўляецца і на правым беразе. Нанач спыніліся на востраве, утвораным ракой і старыцай. Палаткі паставілі пад высокімі дубамі на мяккай атаве. Трошкі воддаль сярод сенажаці – стагі сена. Проста, як у казцы.
– Колькі людзей марна трацяць жыццё, седзячы дома ці ля пад"ездаў на лаўках, марнеюць без патрэбы ў магазінных чэргах, не ведаючы, куды дзець час, – кажа Гануля. – А тут гэтулькі хараства, гэтулькі паветра, сонца! Раздолле!
Чытачы, мабыць, заўважылі, што характар майго апісання Случы змяніўся. Цяпер я пішу не аб назіраннях. Згадзіцеся, гэта не вярхоўе Случы, дзе ўсё ўжо знішчана. Тут, на Палессі, яшчэ ёсць што берагчы. Дык няхай і будзе!
Уявіце, што я напісаў бы, у якім месцы збіраюцца вадаплаўныя птушкі, дзе шмат арэхаў, дзе лепш лавіць рыбу і г. д. Якая была б карысць ад маёй шчырасці? Паўсюдна ў тых месцах, якія аблюбаваў чалавек, прыродзе чыніцца непапраўны ўрон.
Асабліва дзікім і незразумелым для нас з"яўляецца падпальванне дубоў. Стары дуб добра гарыць. Дастаткова ля яго камля раскласці касцёр, як ён загарыцца. У той дуброве, дзе мы начавалі пасля Залюцічаў, на плошчы ў два гектары я палічыў з дзесятак свежаспаленых дрэў. Многія дрэвы параненыя. Рана ў старога дуба не зажывае, на яе месцы ўтвараецца дупло – і дрэва ніколі не паправіцца. А расце яно сотні гадоў. Балюча за дрэвы, якія сталі рэдкімі: ясень, клён, вяз, ліпа. Яны таксама знішчаюцца без жалю. Вельмі шмат знішчана вербаў. З іх абдзіраюць кару і здаюць нарыхтоўшчыкам, зарабляюць добрыя грошы.
Ну дык вось, не палянуецца той самы салігорац, каб прыехаць са стрэльбай на апісанае мною месца і застрэліць чаплю, а то і чорнага бусла, перабіць вывадак качанят. Альбо сесці на беразе віра з электравудай. Такіх браканьераў мы бачылі ў раёне Ананчыцаў. А што гэты вір пасля яго стане мёртвы – яму нічога не баліць. А колькі пажарышчаў чарнее на берагах маёй Случы! Нават у нізоўі ракі, дзе аб"яўлены заказнік!
Добрасумленны А. Кіркор, аўтар трэцяга тома «Живописной России», у адным месцы таксама кінуў фразу: «Река Случь испещрена была замысловатыми постройками бобров. В настоящее же время на Случе их совсем уже нет…» (стар. 331). Мабыць, шкадаваў баброў і хацеў засцерагчы іх ад знішчэння. У яго час, 120 гадоў назад, бабры на Случы былі. Яны пракідаліся яшчэ нават 40 год назад.
Мы ведаем, ля якіх вёсак працякае тут Случ, якая прыкладна адлегласць паміж імі. Але як канкрэтна яна цячэ, па якіх месцах, і праз які лес, – не ведаем. Што за паваротам – тайна кожны раз. Толькі плаванне дае адказы на гэтыя пытанні.
Пасля цёплай ночы раніца вычысціла нябесны блакіт і развесіла яго над зямлёй, накрыўшы ўсё надслучанскае наваколле. Новы дзень зайграў мігценнем бліскучых хваляў, трапятаннем лістоты дрэў і прырэчных вербалозаў, сухім шапаценнем буйнога высакатраўя. Высокае неба, нібы з напаленай печы, струменіла ўніз гарачае святло, і апоўдні ўсё млела ад спёкі. Ад прамых сонечных промняў хацелася схавацца ў цень пад шатамі дрэў. Пахла мятай. Атачэнне высокіх дубоў і бяроз суправаджае раку, утвараючы калідор, які паварочвае то ўправа, то ўлева.
Гэты дзень не абышоўся без падзеі. Нашаму руху па рацэ зусім нечакана прычынілася перашкода. З-за павароту бачым, што рака нечым перагароджана. Падплываем бліжэй і здзіўляемся: ад берага да берага перакінуты пантонны мост. Пазней даведаліся, што ў вёсачцы Буда, да якой адсюль рукой падаць, з даўняга часу працуе цагельны заводзік. У 60-я гады, каб вазіць гліну з усходняга берага, і быў пабудаваны гэты мост. Гліну вазіць даўно перасталі, пра мост забыліся. Металічныя пантоны трымаюцца на сталёвым канаце, драўляны насціл дагнівае.
Дошкі, бярвенне, ламачча, кавалкі дрэва, якія плывуць па цячэнні, спыняюцца жалезнай перашкодай, утвараюць затор. З правага боку над высокім берагам прарываецца моцны струмень вады. Шырыні хапае для лодкі. Але ніжэй нашых галоў – сталёвы канат. Аднаму прыйшлося высаджвацца, каб правесці лодку рукамі, не даць ёй разбіцца ці падрапацца аб пантон. Пераправіўшыся, рашаем адпачыць на левым беразе, на адкрытым грудочку. Выгрузіліся, паставілі палаткі. Месца спадабалася. Вырашылі зрабіць днёўку.
Чуем, грукоча ў лесе трактар. Едзе сюды. Пад"ехаў, з ходу па-маладзецку развярнуўся, узарваў гусеніцамі дзёран. З кабіны выскачылі трое хлапцоў. Растлумачылі, што яны з вёскі, што насупраць Будаў (назвы не запісаў і не ўспамінаю), што пойдуць у Буды па гарэлку. Праз паўгадзіны, шчаслівыя, вярнуліся. Тут жа з адной бутэлькі паласаваліся, астатнія павязлі ў вёску.
Вядома, нельга па гэтых траіх рабіць абагульненне. I ўсё ж занадта стала людзей, якія абмяжоўваюць свае інтарэсы бутэлькай. I грошы яны атрымліваюць такія – каб так-сяк хапіла пражыць і на бутэльку. Іх душы спустошаны і мала што ў жыцці вабіць. Страшна і недарэчна, што такіх людзей шмат у вёсцы, дзе заўсёды хапае спраў для гаспадарчага чалавека, які не пойдзе шукаць пляшку сярод белага дня. I ці не тое, што гэтыя людзі сталі і сведкамі, і ўдзельнікамі спусташэння зямлі, паклала на іх Каінаву пячатку п"янства, абыякавасці да ўсяго і нават жорсткасці – і да людзей, і да прыроды.
Круглыя суткі ў Случы, у лазняках і ў лясах па-над ёю ідзе напружаная работа, кіпіць жыццё, не спыняецца, як і цячэнне ракі. Кожная істота занята сваёй справай. Над кветкай шчыруе няспешны чмель. Кудысьці бяжыць шустрая мурашка. Гаспадарлівы дзяцел выстуквае дрэва. З-пад куста разумны шчупак падпільноўвае бесклапотную плотку. Сумны лось стаіць у вербалозе і думае, як перайсці на другі бераг. Вясновай парой з вечара да світанку ў надслучанскіх зарасніках дае свой сольны канцэрт шчыры салавей. Улетку, калі згасаюць гарачыя сонечныя промні і разам з вечаровай прахалодай з ракі і са старыц падымаецца туман і залівае прыбярэжныя лазнякі і травы, музыку шумлівага дня пераймае настойлівы і строгі драч:
– Спаць-спаць, спаць-спаць… – як метраном, адлічвае ён секунды кароткай ночы.
– Пара, пара, – упэўнена ўторыць яму качка.
А як ледзь развіднее, прачынаецца і падхоплівае музычную эстафету дапытлівая зязюля:
– Ку-ку, хто там? Ку-ку, хто там?
– Так-так, гэта я! Так-так, гэта я! – умешваецца ў размову бесцырымонная сарока і скача з галіны на галіну.
– Фр-р-р, спаць трэба, фр-р-р спаць трэба! – пагардліва адзываецца удод.
– Ці так, ці так? – сумняваецца ўдумлівая сініца.
– Мы не спім, мы не спім! – на розныя лады зацілікала, зашчабятала ў зялёнай лістоце дрэў.
– Фр-р-р, спаць грэба, фр-р-р спаць трэба, – яшчэ раз спрабуе навесці парадак удод.
Але ніхто на яго не зважае, і над Случчу ўздымаецца такі тарарам, такі вэрхал, што ніхто нікога не слухае і не чуе, а імкнецца толькі выказаць свае пачуцці. I ўсе гэтыя галасы і падгалоскі зліваюцца ў жыццесцвярджальную сімфонію, у гімн жыццю.
Пасля пантоннага маста Случ увайшла ў рэгіён, дзе да яе берагоў менш наведваюцца людзі і менш робяць шкоды. Нават і травы застаюцца няскошаныя. Якія травы! Па плечы хаваешся ў іх. Па абодва бакі шуміць лес, часам з густым падлескам. Уся рачная даліна зрэзана старыцамі. Многія з іх вельмі старыя, зарослыя дубамі па 600 – 700 год, засыпаныя пазнейшымі наносамі. Гэта значыць, што рэчка і тут мноства разоў мяняла рэчышча.
На рачную даліну ніжэй Залючыцаў мог паўплываць толькі адзін ледавік – Дняпроўскі (320 – 250 тыс. год назад). Іншыя сюды не даходзілі. I вось, калі рачная даліна была тут і да яго, тады ўзрост нашай Случы ў нізоўі можа дасягаць некалькіх мільёнаў год. Канешне, я не навуковец, магу памыліцца, але назіранні і логіка падказваюць: іначай быць не магло. Случ цякла і да Дняпроўскага ледавіка.
Не спяшаюцца воды Случы зліцца з водамі Прыпяці. Плаўна выпісваюць павароты, рэжуць дол, марудна круцяцца, вымываючы глыбокія віры ў дне ракі, згладжваюць роўна і чыста пясок па спадзістых берагах, хаваюць пад мяккі іл упалыя дрэвы, – робяць усё акуратна і грунтоўна. Вечная работа вечна жывой вады.
I наша лодка ў адпаведнасці з тэмпераментам ракі няўхільна перамяшчаецца ўсё далей на поўдзень. Мы, добраахвотныя палоннікі ракі, хто ідучы берагам, хто седзячы ў лодцы, сінхронна паўтараем шлях яе вод, звіліны яе рэчышча і такім чынам далучаемся да яе жыцця. I не заўважаем, як доўгі летні дзень пераходзіць у падвячорак, і настае час выбраць месца для начнога прыпынку. Спыняемся, выгружаем усю маёмасць, выносім на высокі бераг лодку. Робім гэта кожны раз, баімся, каб хто ноччу не «пажартаваў».
Месца аказалася пазалеташнім пажарышчам. У вялікіх дрэў абсмалілася кара, маладыя абгарэлі і пасохлі, а маленькія згарэлі ўшчэнт. Лес парадзеў, стаў празрысты, светлы. Пачалі збіраць сухастой на дровы – выпацкаліся абгарэлай карой. Да чаго ні дакраніся – усюды вугаль. Толькі трава чыстая, больш сакавітая і зелянейшая, чым дзе. Ад карэння высахлых дрэўцаў пайшлі парасткі.
Раніцай у нас зноў была рыба. Некалькі плотак у Случы можна злавіць усюды, толькі патрэбны час і цярпенне.
У любой справе з цягам часу набываецца вопыт, шліфуецца ўменне. Так і ў турпаходзе. Цяпер мы хутчэй ставім і здымаем палаткі, гатуем ежу, загружаем у лодку рэчы і больш кампактна складваем іх пад лаўкамі. Да таго ж з кожным днём груз змяншаецца, у лодцы становіцца свабадней і паляпшаецца яе ход. Адпрацаваліся прыёмы высадкі і пасадкі ля берага і на вадзе, глыбінёй па калена.
Рэчка і яе наваколле ў гэтых месцах падобны на тыя, што былі перад Ленінам: высокія берагі, лес, паваленыя ў ваду дрэвы. Падводныя перашкоды ўтвараюць на паверхні плыні завіхрэнне, якое звычайна бачна здалёк. Калі ж вецер пагоніць уздоўж ракі плёскатныя хвалі – нічога не заўважыш. Некалькі разоў у нас здараліся па гэтай прычыне сутыкненні, але да караблекрушэння справа не дайшла. Бог літаваў.
Чалавек да ўсяго прывыкае. Вось ужо і я лаўлю сябе на тым, што пейзажнае багацце заўсёды мілага Палесся не так кранае, як у першыя дні, не тая вастрыня ўспрыймання. Так прывыкаюць людзі да харошага жыцця і шчасця і перастаюць яго цаніць і берагчы. А страцяць – тады, апамятаўшыся, шкадуюць, ды позна.
З усяго нашага экіпажу толькі ў Ганулі, я заўважыў, найбольш стойкае адчуванне хараства. Яна часам спыніцца, працягне руку ўперад і скажа:
– Паглядзі, як хораша! Якая наша Беларусь! Дзе яшчэ ёсць такія месцы?
Звяртаю ўвагу тых, хто захоча паўтарыць наш паход: не прапусціце ваколіцы вёскі Маршчынавічы. Выйдзіце з лодкі на правы бераг, пагуляйце па паплавах, зрэзаных старыцамі так часта, што дол стаў нібы зморшчаным, быццам хвалі прайшлі па зямлі ды так раптоўна і застылі. Адсюль, хутчэй за ўсё, і назва вёскі. Пахадзіце сярод зрэджанага дубняку, палюбуйцеся дзівоснымі мясцінамі, адпачніце ў цяньку дубоў на беразе Случы.
Яшчэ ўчора чутна было, як на поўдні гудуць машыны, грукоча поезд. І здавалася, што шасейны мост на дарозе Гомель – Брэст зусім-зусім блізка. Плывём, плывём, а яго ўсё няма. Мне стаў зразумелым той фізічна асязальны страх партызан, які адчувалі яны, набліжаючыся да чыгункі, і чаму самай ганаровай сярод іх справай лічыцца ў іх удзел у рэйкавай вайне. Гэта ж якія трэба мець нервы, якую вытрымку, каб, пачуўшы за 15 кіламетраў груканне цягніка, ісці бясконца доўга да чыгункі? А яе ўсё няма, нібыта яна аддаляецца.
Дык калі ж той мост будзе? I вось ён выплыў з-за павароту, доўгі, нібы стужка, высока паднятая над ракой. Па гэтай стужцы, як казюлькі, прабягаюць аўтамабілі. Бетонныя быкі і бэлькі моста густа скрэмзаны аўтографамі тыпу: «Тут былі Коля і Віця з…», «Марына + Дзіма = любоў» з адпаведным малюнкам зверху. Адсюль па дарозе блізка да Мікашэвічаў.
…Тры гады, з восьмага па дзесяты клас, я вучыўся ў Мікашэвіцкай школе. Аб гэтых гадах многа мог бы расказаць. У 1955 атрымаў атэстат сталасці. Але з Мікашэвічамі звязаны яшчэ іншы эпізод майго жыцця. Успаміны пераносяць у той жудасны час, калі немцы ўзялі нас у палон.
У старых Мікашэвічах (ёсць і новыя, з сучаснымі дамамі) насупраць кінатэатра стаіць цагляны будынак універмага. Тут упершыню я ўбачыў электрычнае святло: у вокнах і над ганкам. Мы сядзелі моўчкі на возе, закутаныя ў посцілкі, безудзельныя да ўсяго. Галодныя і змарнелыя дашчэнту дзеці заўсёды сядзяць ціха. Тату кудысьці павялі. Ад дома ў той бок, дзе цяпер сквер і стаіць помнік, ішла калючая агароджа, і над ёй у некалькіх месцах ззяла і калола вочы такое ж яркае святло. Коса праляталі ў святле сняжынкі. Гэта было гета.
Прыйшоў тата з прыгожым дзядзькам, хуценька перакінулі нас з манаткамі на сані і, не трацячы ні хвілінкі – па каню пугай, пугай, і той, нібыта абрадаваўся, паляцеў па коўзкай дарозе ў цемру.
…Вялікая цёплая хата. Пафарбаваная падлога. Крэслы, як у дзеда, і нават лепшыя. Гарыць керасінавая лямпа. Ласкавая цётка ставіць нам на стол вялікую міску бульбянай кашы са смажаным з цыбуляй салам, рэжа вэнджаную кілбасу і хлеб, прыносіць міску капусты і агуркоў, ставіць збанок з малаком. Божа, якая ежа! Што за смак!.
Тут мне трэба перайсці на апавяданне з пункту гледжання дарослага чалавека. Бо дзяцінства і дзіцячае ўспрыманне падзей скончылася.
Пра Раманоўскіх чулі далёка ад Цімашэвічаў. Не ўчынкі нейкія асаблівыя вядомасць ім прынеслі, а грунтоўнасць укладу іх жыцця і гаспадарання, узважлівасць і прыстойнасць у справах і паводзінах. Пустое ці брыдкае слова ніколі не зляцела з вуснаў майго дзеда Якуба і яго сыноў. А бацьку, як музыканта, у дадатак у многіх вёсках ведалі ў твар. Ля Мікашэвіцкага гета яго пазнаў паліцай Аляксандр Наўмовіч. Пакуль нас не запісалі ў кнігу, не ўзялі на ўлік, ён нейкім чынам здолеў вырваць нас з рук немцаў і выратаваць ад гета і ад канцлагера. I ад смерці. Гэта ён прывёз нас да сябе дадому ў вёску Запроссе. Гэта яго маці частавала нас у той вечар…
Мне трэба зноў адпачыць, вярнуўшыся на Случ.
Якіх-небудзь змен у абліччы і паводзінах ракі пасля шасейнага маста няма. Хаця вада, здаецца, пацякла шпарчэй. Па берагах – такі ж лес, большай часткай цяністы, іншы раз густы і цёмны. Пад кронамі дрэў – шоўкавыя травы, калючы ажыннік, дзікі вінаград, хмель. Уецца сцежка. На ёй нават аўтамабільныя каляіны.
Гэтая зона аб"яўлена заказнікам «Низовье Случи». Так напісана на шыльдзе, што ўстаноўлена ля шашы. Пападаюцца і пасвятлелыя дубровы з абсмаленымі стваламі – пажарышчы. А вось і тыя, хто можа ўчыніць пажар. Менавіта, ужо ўчынілі. Падпалілі старую хвою са смалістым стрыжнем. Полымя ліжа яе знізу да вышыні 5 – 7 метраў. Падымаецца цяжкі чорны дым. У кустах стаяць двое «Жыгулёў», раве «Шарп» (японскі магнітафон). Чалавек пяць хлапцоў і некалькі дзяўчат «балдзеюць». На нас – ніякай увагі. Спачатку хацелася высадзіцца на бераг, сфатаграфаваць падпаленае дрэва, машыны і саміх удзельнікаў пікніку. Але ў нас непараўнальна менш сіл, а трэба закончыць плаванне. I, праглынуўшы камяк горычы, моўчкі скіроўваемся далей.
З-за павароту паказваюцца светлыя фермы чыгуначнага маста, ён грацыёзна навісае над вадой. Пасярэдзіне ракі – бетонны бык. На мосце з боку Мікашэвічаў узлятае цягнік. Я паспяваю зрабіць здымак яго галавы. Люблю глядзець, як ідзе цягнік! А тут ён грукоча па прыгожым мосце, праз прыгожую рэчку і зусім блізка ад нас! Ад жалезнага грукатання і напорыстага імклівага руху цягніка вее нястрымнай язычніцкай вольнасцю і хараством. Уся гэтая ўладкаванасць і прыгажосць, што аб"ядноўвае і белыя фермы маста, і імклівы бег цягніка, грунтуюцца на адным бетонным быку, які стаіць пасярэдзіне ракі. Наша лодка плыве проста на яго. А што, калі б замест нас у лодцы была ўзрыўчатка…
У вёсцы Жоўты Брод Салігорскага раёна жыве пенсіянер Іосіф Цімохавіч Хілько, мой даўні і шчыры сябра. У партызанскім атрадзе імя Панамарэнкі ён быў камісарам. У канцы мая ці пачатку чэрвеня 1943 года Юзік Хілько, у той час яшчэ радавы партызан, у складзе групы з 60 чалавек прыйшоў сюды са ўзрыўчаткай. Іх атрад размяшчаўся тады ў лесе ля вёсак Вейна і Хорастаў. Група мела заданне – узарваць чыгуначны мост праз Случ. Па чыгунцы ішоў інтэнсіўны рух цягнікоў. Як здзейсніць гэтую аперацыю, ніхто не ведаў. Выконвай, як хочаш.
Партызаны выйшлі на Случ непадалёку ад Леніна. Далей рухаліся па беразе ракі. Па грукатанню цягнікоў вызначалі адлегласць да чыгункі. Падышлі блізка, але не да самага маста. Што было далей, няхай раскажа сам Іосіф Цімохавіч:
– Перш чым правесці аперацыю, трэба пусціць разведку. Справа была днём. Разведчыкі падпаўзлі блізка. Убачылі на мосце шмат немцаў і паліцаяў. Ходзяць групамі ўправа, улева і па мосце. Я не быў у складзе разведкі. Я быў у асноўнай групе і не бачыў, які гэта быў мост. I вось разведка вярнулася, сабраліся ўсе. Разведчыкі далажылі, што бачылі. Думаем, што рабіць, як выканаць заданне. Здавалася, гэта немагчыма. I вось адзін разумны партызан і кажа: «Хлопцы, я прыдумаў, што трэба зрабіць!» А мы ўсе глядзім на яго, што ты там такое прыдумаў? А ён і параіў. «Трэба змайстраваць плывучую міну». – «Як гэта – плывучую міну?» – «Такую, каб яна сама прыплыла да маста». Усе сталі думаць.
Перад намі стаяла алешына, тоўстая, сухая, дуплістая. «Давайце пляснем яе ў ваду, у дупло паложым тол і скіруем пад мост». – «Правільна!» – згадзіліся ўсе. Так і зрабілі. Зрэзалі алешыну, са ствала выбралі парахно, паклалі туды ўвесь тол – 22 кілаграмы. Збоку зрабілі паплаўкі, каб гэтая калода не перакупілася, прыладзілі чаку, а да яе палку вышынёй 2 – 3 метры, каб да маста дастала.
– Вашу міну-плыт магло прыбіць да берага… – заўважаю я.
– Ніхто тады аб гэтым не думаў; магло ці не магло. У нас былі выдатныя мінёры. Палку гэтую паставілі і пусцілі на рэчку. Зноў выслалі разведку, каб здаля наглядалі, што будзе адбывацца на мосце. Калі немцы ўбачылі, што плыве па рацэ нейкі корч, усе высыпалі на мост і сталі глядзець, што гэта такое. Яны ж не маглі здагадацца, што гэта міна плыве. Для іх галоўнае, каб чалавека не было.
– От дурні!
– Ніхто з іх не здагадаўся, што такое ціха плыве па рацэ. А разведчыкі ляжаць у кустах, паглядаюць. I вось плыт падплывае да моста, палка торкнулася ў пралёт – тут і ўхнула. Паляцела ўверх вада, трэскі дрэва, а тры пралёты моста з немцамі і паліцаямі шуснулі ў рэчку. I ўсе там і засталіся.
– А які быў мост: жалезны ці драўляны?
– Я не бачыў. Але пасля гаварылі, што ён стаяў яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. Некалькі дзён па чыгунцы Мікашэвічы – Жыткавічы не хадзілі цягнікі. Усе былі вельмі рады, ішлі дадому з песнямі. Далажылі аб усім камандзіру атрада.
– А Корж ведаў?
– А як жа! Ведаў.
Корж Васіль Захаравіч – гэта камандзір Пінскага партызанскага злучэння. Яго імем названа тая вуліца ў Салігорску, на якой стаіць адміністрацыйны будынак «Беларуськалія».
Ну вось і мы праплываем пад мостам. Ён цяпер высокі, палкай у два ці тры метры не дастанеш. Хочацца выйсці на бераг, пасядзець тут, паглядзець на гэтае месца, падумаць. I сапраўды, бачна, што ранейшы мост быў трохі ўправа ад цяперашняга, калі глядзець з боку Мікашэвічаў. Стары насып у параўнанні з цяперашнім намнога ніжэйшы. Па ім і каля яго ў траве ляжаць выбеленыя дажджом і сонцам вялікія глыбы каменя, змацаванага бетонам. Гэта рэшткі таго дарэвалюцыйнага маста, узарванага яшчэ раз, ужо дашчэнту, адыходзячымі немцамі. Не зусім ціхія падзеі адбываліся на ціхай Случы і ў ціхім Палессі…
Гануля і Алена са мной пайшлі па правым беразе. Лодку гоніць Вячаслаў. Праз 10 – 15 мінут зноў загрукатаў на мосце цягнік, ужо не бачны нам з-за сцяны лесу. Сцежка віляе па-над берагам, да яе далучаюцца аўтамабільныя каляіны. Лес па берагах пайшоў гусцейшы і больш цёмны. Дрэвы ў «шкарпэтках». На метр ці больш у разводдзе іх камялі хаваліся ў ваду. Тут у былыя вёсны адчувалася «дыханне» Прыпяці. Яе шматводная плынь падпірала цячэнне Случы, і вада залівала навакольны лес. Можна сказаць, што даліна Случы тут супадае з далінай Прыпяці.
Царскія інжынеры, праектуючы чыгунку, знайшлі разумнае рашэнне: праклалі яе па мяжы найвышэйшага разліву, зэканоміўшы многа чалавечай працы і сродкаў і забяспечыўшы ўстойлівасць палатна. Цяперашнія меліяратары, псуючы прыроду, не вельмі прыглядаюцца, як пракласці канаву: ці праз гару, ці побач з ёю. Іх дэвіз другі: больш кубаметраў зямлі перавернута, большыя аб"ёмы работ выкананыя – адпаведна і слава большая, і грошы.
Мы яшчэ не ведаем, ці далёка да Прыпяці. Але ясна, што ідзём па дну яе даліны. I нідзе няма плямачкі зямлі, якая не залівалася б вадой. I травяная расліннасць пайшла іншая, не сухадольная: асака, плюшнік, аер, мурог, дзікі вінаград.
Вось ужо скора закончыцца Случ, а я не магу сказаць, дзе найпрыгажэйшыя яе мясціны. Мабыць, усё ж такі тут, у нізоўі. Чаму? Па-першае, ніякай меліярацыі няма блізка. Па-другое, на берагах Случы захаваўся карэнны лес, сярод якога рака цячэ як у калідоры. Па-трэцяе, рэчышча Случы сведчыць аб яе былой вялікай сіле. Шырыня рэчышча дасягае 60 метраў.
Лес ля ракі пачаў расступацца, вызваляючы трохі месца прагалкам і выпасам для жывёлы. А вось і пастухі: адзін сядзіць на бярозе, звесіўшы ногі, і вудзіць рыбу, а другі, з радыёпрыёмнікам, стаіць збоку. Ля яго сядзіць сабака і ўважліва сочыць за намі. Каровы скубуць траву па-над рэчкай і далей у алешніку.
– Добры дзень вам! Рыба ловіцца?
– Цяпер слаба. Летась было больш.
– Да Вільчы далёка?
– З кіламетру будзе.
Уперадзе загагаталі гусі, затахкаў матацыкл. Ну што ж, трэба шукаць месца для начлегу тут, перад вёскай.
Вільча стаіць на левым беразе Случы, а насупраць, на правым беразе, за лесам знаходзіцца вёска Запроссе.
…Хутар Наўмовічаў, дзе мы жылі, знаходзіўся ля дарогі Запроссе – Мікашэвічы на высокай градзе, што цягнулася ўздоўж балота. Хата і двор займалі вяршыню пагорка, па схілах яго рос вялікі сад. Далей, па берагах балота, шумелі клёны, ясені, грабнік. Па балоце цякла рэчка з казачнай назвай Ваўхва.
Адсюль да Мікашэвіч менш двух кіламетраў. Бацька ў тыя мінулыя страшныя дні на працягу трох тыдняў кожны дзень хадзіў у Мікашэвічы мельдавацца, адзначацца, што ён ёсць, нікуды не ўцёк. Такі быў парадак. Мусіць, за бацьку паручыўся Аляксандр Наўмовіч. Там жа, у камендатуры, тату параілі пашукаць у статку прыгнаных з аблавы кароў сваю і забраць яе, бо кіндэрам (дзецям) трэба малако. I аднойчы тата прывёў карову і вала. Мы пабеглі да хлява глядзець і засмуціліся: карова была не наша, а вол, як ні дзіўна, сапраўды быў наш і самы любімы, той з Яблынькі. Усе дарослыя пачалі ўгаварваць нас, дзяцей, што і карова наша, што мы проста забыліся, якая яна. Мы зразумелі іх няхітры прыём і ніколі не гаварылі, што карова не наша.
Запрошчанцы, сардэчны дзякуй ім, дапамаглі нам, чым маглі: давалі бульбу, хлеб, муку, адзенне, сена. Пасля трох тыдняў тату ўжо не трэба было хадзіць у Мікашэвічы, ён быў зняты з кантролю, пра нас забыліся. Хапала немцам другіх спраў. Амаль кожную ноч з чыгункі чулася страляніна, над лесам узляталі трасірныя кулі. Гэта немцы адганялі партызанаў.
Увесь гэты час мы былі паміж жыццём і смерцю. У любы момант нас маглі забраць немцы і, як высветлілася потым, забіць партызаны. I не зведалі нашы дзіцячыя душы ні аднаго радаснага дня. З намі не было мамы, і мы не ведалі ці жывая яна, дзе яна. Ад смяртэльнай нудоты сэрца трымцела, як адшчэмленая трэска, і захлыналася дыханне. Гнёў нязбыўны цяжар. Хацелася глыбока ўздыхнуць і нагбом выгнаць з сябе гэтую нуду. Ды не ўздыхалася. А цяжар гнёў і гнёў. I так кожны дзень.
Паважаны чытач, не дай Бог тваім дзецям перажыць такую скруху, як мы ў тую вясну! Гэта надрыў на ўсё жыццё.
Вядома, тата бачыў і разумеў прычыну нашай самоты. Рашэнне магло быць адно: трэба ісці ў Цімашэвічы і прывесці маці. Наўмовічы і іх суседзі не раілі рабіць гэтага. Мы, дзеці, маглі застацца круглымі сіротамі. Адзін пераход праз чыгунку чаго варты! Яна ахоўваецца так, што зверу перабегчы праз палатно цяжка. А партызаны? Яны ж не павераць, што бацька не разведчык.
Калі снег амаль растаў, а зямля яшчэ не разгразла, тата пайшоў шукаць маці. Гэта больш трыццаці кіламетраў у адзін канец па дарозе. Але ў той час па дарогах не хадзілі. Прабіраўся лесам. Усе вёскі гэтай зоны былі спаленыя, некаторыя разам з людзьмі. Згарэла ўсё, нават платы, нават капліца на могілках у Цімашэвічах. Людзі разумелі, што вернуцца ў вёску не скора, і перабіраліся на новыя, больш зручныя месцы, рабілі ў лесе больш надзейнае жытло. Ладзіліся на лясных астраўках невялікімі групамі, а то і асобнымі сем"ямі.
Тата нідзе не сустрэў партызан, і маці знайшоў у той жа дзень. I дзіця было жывое, хоць і хворае. Пераначаваўшы, забралі калыску і пайшлі нібыта на другое станавішча. Некалькі цімашоўцаў, схамянуўшыся, кінуліся з сякерамі наўздагон у пагоню, каб дагнаць Аляксандра і Марылю і забіць, каб яны не прывялі сюды немцаў. Звярыны спосаб жыцця і звярыныя абставіны параджаюць звярыныя ўчынкі людзей. Але тата, прадчуваючы такі паварот падзей, заблытаў след, і пагоня закончылася безвынікова.
Мама была слабая, ледзь магла ісці. Прабіваліся лесам, брылі часам па пояс у ледзяной вадзе, часам распраналіся, каб захаваць сухой вопратку. Калыску нёс тата. Перш чым перайсці чыгунку – паміж Мікашэвічамі і Сітніцай – памаліліся Богу. Па абодва бакі палатна метраў на сто лес быў спілаваны. Тата выбраў месца, дзе раслі раней алешыны і летась з пнёў выкінуліся парасткі. Тут прайсці было лягчэй. Гэтую адлегласць прапаўзлі. Дзіця спала. Ля насыпу пачакалі, пакуль пройдзе цягнік, і адразу за апошнім вагонам перабеглі праз рэйкі і зноў папаўзлі. Цягнік пагрукатаў далей.
Да лесу засталося зусім мала, як вартавыя немцы, абыходзячы ўчастак, заўважылі на пяску свежыя сляды, паднялі гвалт, сталі страляць. Заціўкалі кулі, упіваючыся ў ствалы алешын. Немцы білі наўздагад, не прыцэльна. Тата і маці паўзлі, не спыняючыся, парасткавыя пні прыкрывалі іх. Калі апынуліся пад аховай лесу, тата выглянуў з-за тоўстай алешыны. Немцы старанна загладжвалі на пяску сляды перабежчыкаў. У той жа дзень вечарам мы, абліваючыся слязьмі, абнімалі мамусю.
Аб татавым візіце ў Цімашэвічы дазналіся партызаны, і двойчы была адпраўлена спецыяльная група, каб знайсці Раманоўскіх і забіць як здраднікаў. Нас не знайшлі, бо не ведалі, дзе мы жывём. Магчыма, таксама, што група не змагла перайсці чыгунку.
Прырода не прызнавала вайны. З прыходам цяпла наш хутар ператварыўся ў райскі куток. Зацвіў сад. Над балотам і рэчкай Валхвой не сціхаў птушыны гоман. Кожны дзень мяне чакалі там новыя радасці і адкрыцці: то кубло (гняздо) качкі знайду на купіне, то запруду зраблю, перапыняючы бег крынічкі, то высачу, дзе дуплянка ўдода, то рыбы налаўлю рукамі ў лужыне. Цяпер ні хутара Наўмовічаў, ні таго пагорка няма. Наўмовічы паехалі ў Польшчу, а з пагорка зрабілі кар"ер, калі насыпалі запрошчанскую гравейку.
Маленькі наш брацік Алесік аказаўся хворым. Ад надрыўнага плачу ў лесе ў яго ўтварылася грыжа. Наўмовічы параілі звазіць дзіця ў Мікашэвіцкую бальніцу. Звазілі. Нямецкі ўрач зрабіў яму ўдалую аперацыю. Але жыццё ў зімовым лесе пакінула такі адбітак на здароўі Шурыка, што ў юнацкім узросце ён перажыў яшчэ адну аперацыю, у выніку яму адрэзалі ўсю правую частку лёгкіх.
Калі фронт адкаціўся на захад, тату забралі ў Чырвоную Армію. Перамогу ён сустрэў у Польшчы. Вярнуўся жывы і цэлы. I мы пераехалі жыць на радзіму, у вёску Цімашэвічы, дзе і пабудавалі на папялішчы невялікую хатку.
Нас, увогуле, не чапалі, хоць і пагаворвалі, што мы «сотрудничали с немцами». Мы рабілі выгляд, што не ведаем, хто імкнуўся забіць нае. Партызаны, выйшаўшы з лесу, хадзілі кандыбоберам і пазаймалі кіраўніцкія пасады. Мусіць, пагэтаму ўлады ставіліся да нас вельмі жорстка. Так, толькі ў нас два разы «за недоимки» забіралі карову.
Асабліва крыўдна за дзядзьку Мікалая. Ён не «сотрудничал с немцами», чацвёра яго сыноў, маіх стрыечных братоў, пайшлі на фронт. Апошняга не бралі з-за малалецтва, дык сам збег у ваенкамат. Чатыры паперкі аб іх смерці ўручылі дзядзьку Мікалаю ў Цімашэвіцкім сельсавеце. Чалавек мужны, былы царскі кавалерыст не вытрымаў, здаў, захварэў псіхічна. Хвароба яшчэ больш насела на дзядзьку Мікалая, як з яго двара «за недоимки» павялі адзінага вала. Тады дзядзька Мікалай пачаў запрагаць у калёсы і ў плуг карову. Але Савецкая ўлада і вясковае хам"ё, як вядома, сораму не прызнае. Вала не аддалі.
Жыў дзядзька Мікалай з цёткай Аленай побач з намі ў хаціне чатыры на чатыры метры, цураўся людзей, не звяртаў увагі на свой знешні выгляд. Стаіць, бывала, ля плоту, пазірае ўдалеч слёзнымі вачыма, а што бачыць?. А часам падымае ўгару кулак, выдыхне праклён ці то Богу, ці то людзям: Ог-x!.
Ці чулі вы, як спяваюць пеўні ў Вільчы? Нідзе няма такіх галасістых пеўняў, як тут! Як усхадзіліся яны сярод ночы, як распачалі пераклічку, нібы спаборнічаючы, у каго мацнейшае горла! Начыста пазбавілі мяне сну. Ну як тыя тургенеўскія Хор і Каліныч. Ляжу, слухаю. У кожнага свая палітра, свой тэмбр, свае адценкі гучання, але ўсе аднолькава шчыра выводзяць няхітрую мелодыю. Чаго гэта яны так гарланяць? Да вёскі кіламетр, а здаецца – седала побач. Рэчка прыблізіла галасы курыных рыцараў. Непаўторнасць палескага краю адкрылася мне з новага боку, паказала новыя рысы навакольнага жыцця.
Выйшаў з палаткі. Неба – рэшата свеціцца зорамі. Над Вільчай вісіць серп месяца. Па вадзе плыве рэдкі туман. Плюхнулася рыбіна, мабыць, пачула мае шагі. Спрасоння заклекатаў недзе бусел. Нагам холадна ад расы, але залазіць у палатку не хочацца. Калі яшчэ давядзецца так уседатычна адчуваць сябе часцінкай палескай існасці, бестурботна прыслухоўвацца, як душа напаўняецца хараством сусвету?
Аб чым жа пяюць пеўні ў Вільчы? I салавей у лазняку ля затокі? А-а, ім проста неабходна выказацца, як і мне зараз, і песня іх аб радасці жыць – вось што! Ну дык мне і трэба падумаць аб сваёй песні жыццю, аб песні пра Случ. Я вярнуўся ў палатку і моцна заснуў. Разбудзіла мяне нешта незразумелае. З усіх бакоў чулася частае сапенне, шорах і шоргат, чмыханне.
– Выйдзі, а то каровы палатку з"ядуць, – улавіўшы маё недаўменне, жартуе жонка.
Выйшаў. Каровы ходзяць па ўсім поплаве і вакол палатак. Падышоўшы да палаткі, кожная пераставала скубці траву, выцягвала шыю і асцярожна нюхала тканіну.
Паплылі далей. Вось і Вільча. Некалі яна, як і Ленін, стаяла на самым беразе Случы. Цяпер, спраміўшы рэчышча, рака цячэ трошкі далей, пакінуўшы вёсцы старыцу. Побач з вёскай цвёрды поплаў, які ў разводдзе заліваецца вадой. На правым беразе Случы – лаза і лес.
Назва вёскі паходзіць ад слова вілы – разгалінаванне, у дадзеным выпадку воднага шляху: Прыпяць вяла на захад, Случ – на поўнач да Леніна, Мілевічаў, Морачы, Старобіна, Слуцка, Грэска (ці Буды Грэскай) і ў Лошу, а па ёй – у Нёман.
Вільча – гэта першае месца, дзе ў вялікую ваду, плывучы з Прыпяці ў Случ, можна было знайсці прытулак на сухой зямлі. Ад Вільчы Случ, заціснутая ў цвёрды дол, робіць напаследак некалькі выкрунтасаў, уваходзіць у вербалозы і праз некалькі кіламетраў, губляючы сваю самастойнасць, нерашуча ўліваецца ў шырокую плынь Прыпяці. Вусце Случы, на жаль, нічым не адметна: нізкія берагі, забалочаныя вербалозы, нават на бераг цяжка высадзіцца.
Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)
Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы
Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка
Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)
На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)
Пра далейшае пішу таксама з болем
Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў
... Зноў пра ваеннае ліхалецце
Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)
Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.