Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў
20.02.2014
Да меліярацыі даліна Случы ў разводдзе залівалася вадой. Уплыў ракі адчуваўся на вялікай адлегласці. Вада расцякалася не толькі па абалонню, але і ў прылеглых лясах. Дрэвы, кустоўе стаялі ў вадзе.
Пра ўзровень і цяпер можна меркаваць па колеру кары на камлях дрэў. Хвалі выбелілі яе, і дрэвы стаяць нібы надзеўшы шкарпэткі. Міма таго месца, дзе мы начавалі, нельга праплысці, не звярнуўшы на яго ўвагі. Леанід Круковіч спыняўся ў гэтай дуброве ў час свайго адзіночнага плавання і, уважліва агледзеўшы мясцовасць, пацешыўся з ракі, якая, увайшоўшы ў сапраўдны лес, утварыла сярод дрэў мудрагелістыя выкрунтасы. Леанід нават назвы ім прыдумаў: аднаго назваў Чэшчы Язык, а другога – Цесця Язык. Удалыя назвы, нічога не скажаш! Чэшчы Язык мінімум у два разы даўжэйшы за Цесця Язык і накіраваны супраць яго. Пасля гэтага Случ зрабіла ледзь не круг, абагнуўшы дуброву, выпрамілася і ўзяла кірунак на поўдзень.
Адсюль пачынаецца сапраўднае Слуццанскае Палессе. Высокія сухія берагі, рэчышча старажытнай старыцы, якім дзесяткі тысяч год, магутныя дрэвы над вадой. У берагах у светла-шэрым пяску ластаўкі натачылі норак і выводзяць птушанят. Кожны паварот хочацца сфатаграфаваць. Але з горыччу павінны канстатаваць, што нярэдкія пажары робяць надслучанскаму лесу непапраўную шкоду. Гэта тут я сфатаграфаваў згарэлы дуб, ад якога засталася частка чорнага ствала, на якім тырчыць адзін абгарэлы сук. А колькі дрэў, асабліва дубоў, згарэла да тла.
Вядома, я вельмі задаволены, нават шчаслівы, што здзяйсняецца мая даўняя мара пра плаванне праз усю Случ. Упэўнены, кожны чалавек, які любіць прыроду, якому мілы родны край, адчуваў бы на Случы, як і я, духоўны і фізічны ўздым, атрымаў бы вялікую эстэтычную насалоду ад сузірання першатворнай прыгажосці Слуццанскага Палесся.
У адносінах да прыроды наш экіпаж складаецца з аднадумцаў, хоць не адно і тое прыводзіць у захапленне кожнага з нас. Аленцы больш падабаюцца кветкі ў траве, белыя і жоўтыя гарлачыкі на вадзе, жоўтыя пляжыкі ўздоўж берага, птушкі, убачаныя зблізу. Ганулі, я прыкмеціў, становіцца прыкра ад кожнага факта якога-небудзь знішчэння ў прыродзе: пажарышча, спаленага дрэва, абадранай кары, разбітага шкла, цвіка, убітага ў жывое дрэва, апавіты дротам ствол дрэва і г. д. Вочы яе свецяцца радасцю ў тых месцах, куды менш ступае чалавек, дзе ён не пакінуў сваіх дрэнных слядоў. I сапраўды, хіба ж не радасць бачыць дубы-волаты па-над ракой, прайсці па цяністай дуброве, пачуць рэха ў звонкім бары, паслухаць шапаценне чароту і лазы ад павеваў ветру, адчуць асалоду пахаў квітнелай нявытаптанай сенажаці. Ганулі больш падабаецца ісці па дарозе. Ідучы, атрымліваеш больш уражанняў і адчуваеш свабоды, чым седзячы ў лодцы. Большую частку маршруту мы так і пераадольваем. Вячаслаў альбо я гонім лодку, астатнія ўлегцы шпацыруюць па беразе.
Для тых, хто пажадае зрабіць пешы паход па Слуццанскаму Палессю, раю пачаць яго ў Мілевічах, і можна будзе ісці да самай Прыпяці: усюды ёсць сцежка-то з аднаго, то з другога боку ракі.
Вячаславу таксама спадабалася і рака, і спосаб адпачынку за вёсламі. Спрактыкаваным вокам ён прыцэньвае кожную мясціну з пункту гледжання рыбалова: вось тут падкарміць рыбу гарохам, а вось там варта было б пасядзець з вудай на змярканні, ад таго берага пашпурляць спінінг. Але атрымліваецца так, што парыбачыць удаецца толькі ў час стаянак.
У паходзе ніколі няма вольнага часу. Усё трэба штосьці рабіць, іншы раз нават спяшацца. Плывучы тут, трэба быць пільным, каб не ўзбіцца на затопленыя дрэвы. Добрага ўдару наша лодка можа не вытрымаць. Гулкія дубровы суправаджаюць Случ да самай вёскі Ленін. На працягу стагоддзяў Ленін быў мястэчкам, гэта значыць гарадком (ад слова места – горад). Яго жыхары, мяшчане, займаліся рамёствамі і гандлем. Яны не адбывалі паншчыну, як сяляне, а плацілі грашовы падатак у княжую казну.
Наконт узнікнення мястэчка Ленін ёсць цікавае даследаванне Міхаіла Спірыдонава «Вёска Ленін», надрукаванае ў газеце «Чырвоная змена» ў № 84 за 1993 год. Змест публікацыі зводзіцца да наступнага. Слуцкі князь Юрый Юр"евіч Алелькавіч у лютым 1568 года нанёс візіт каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту і «біў чалом» аб дазволе на заснаванне новага мястэчка ва ўрочышчы Ленін («Лененец»), якое знаходзіцца на правым беразе Случы. Такі дазвол быў атрыманы, мястэчка ўзнікла.
«Месца для яго было выбрана вельмі зручнае, – піша М. Спірыдонаў. – Праз гэтае ўрочышча ішла вялікая дарога («гасцінец») з Мазыра і Петрыкава на Слуцак. Таму можна было спадзявацца, што корчмы новага мястэчка пуставаць не будуць…» Цікавай асаблівасцю ўзнікнення мястэчка Ленін з"яўляецца тое, што ў адрозненне ад звычайных выпадкаў ператварэння ў мястэчкі вёскаў або заснавання мястэчак каля старых паселішчаў, пераважна панскіх двароў, – яно сялілася на цаліне, або, як тады казалі, «на сырым корані».
Няма падставаў аспрэчваць вынікі даследавання Міхаіла Спірыдонава наконт даты заснавання мястэчка Ленін. А вось наконт «цаліны» ўзнікае сумненне. Варта задумацца над тым, што «вялікая дарога» ішла праз гэтае «ўрочышча» яшчэ да афіцыйнага заснавання мястэчка Ленін, што тут яна перасякала раку Случ, тут была пераправа, тут гэтая дарога крута мяняла ўсходне-заходні напрамак на паўднёва-паўночны. Як жа тут быць паселішчу? Яно было. На гэтым самым месцы альбо зусім блізка. Было задоўга да заснавання мястэчка. Дзе не жывуць людзі, там і «ўрочышчы» ніяк не называюцца. I яшчэ важная акалічнасць: «вялікая дарога» ішла паралельна Случы праз усе тыя вёскі, што і цяпер стаяць на правым беразе Случы: Ленін, Залюцічы, Мілевічы, Грабаў, Морач – і далей праз мястэчка Старобін на Слуцк.
Дарога пракладзена па такім маршруце таксама невыпадкова, а там, дзе ўжо была дарога, – быў водны шлях з Прыпяці па Случы, і дзе былі паселішчы. Хто ж і навошта будзе пракладваць дарогу на пустым месцы? Значыць, сухапутны шлях стаў пераемнікам воднага. Тым самым пацвярджаецца ўскосна старадаўнасць усіх названых паселішчаў. Таму не ўспрымаецца рэальна сцвярджэнне, што мястэчка Ленін пабудавана «на сырым корані».
Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая надае ўпэўненасць меркаванню аб існаванні паселішча Ленін у значна больш раннія часы. Справа ў тым, што ніжэй па цячэнні Случы на вялікім прасцягу ўжо няма месца для паселішчаў на беразе ракі, апрача адной вёскі Вільча, бо ў разводдзе там усё заліваецца вадой. У XII–XIII стст. купцы, плывучы на чаўнах з Прыпяці ўверх супраць цячэння Случы, маглі выйсці ў разводдзе на сухую зямлю пасля Вільчы толькі ў Леніне. Пасля доўгай цяжкай працы тут яны пдпачывалі – ленаваліся. Плывучы ў адваротным напрамку, перад працяглай працай, таксама «ленаваліся». Магчыма і назва Ленін пайшла ад гэтага слова.
Такім чынам, можна меркаваць, што Ленін свой пачатак вядзе, хутчэй ад усяго, з часоў існавання шляху з варагаў у грэкі. Адрэзак гэтага шляху ад Старобіна да Леніна з абедам у Мілевічах для тагачасных купцоў займаў бы адзін дзень.
У Леніне рака цякла ля заходняга берага даліны, па якім на вышэйшых месцах раслі хваёвыя лясы, а на ніжэйшых – дубровы, чарналессе. Тут заставалася шмат сухой плошчы нават у разводдзе, а хаты можна было ставіць на самым беразе ракі. З цягам часу некалькі вуліц забудаваліся і на той бок ракі, а пасля Случ прарэзала сабе новае рэчышча далей, на ўсход, пакінуўшы паселішчу старыцу, якую ленінцы называюць возерам. Праз возера пабудавалі мост. Ля новага рэчышча ракі падымалася пясчаная выспа (магчыма з часоў Дняпроўскага зледзянення, 320 – 250 тыс. год назад), якая нават у самы высокі пад"ём вады ўзвышалася над ёю. Тут над ракой ленінцы паставілі царкву. У гэтай царкве мяне, раба божага, у 1935 годзе пахрысцілі…
Калі прыйшоў час афармляцца мне на пенсію, спатрэбілася пасведчанне аб нараджэнні. Але дзе яго шукаць? Пасля вайны наша вёска належала Ленінскаму раёну, які потым раздзялілі паміж Жыткавічамі і Лунінцом. У абодва адрасы я і паслаў запытанне. З Лунінца хутка паведамілі, што дакументы Ленінскай царквы перададзены Жыткавічам. А Жыткавічы маўчалі. Месяцы праз два паслаў другое запытанне. Адказваюць, што ў іх нічога няма.
Паехаў у Жыткавічы сам, заходжу ў ЗАГС. Не паспеў сказаць «добры дзень», як мяне папярэдзіла адна з жанчын:
– Гражданин, подождите, мы заняты.
Пачакаў ля дзвярэй з паўгадзіны, заходжу без запрашэння. Прывітанне сказаць ужо не атрымліваецца. Прадставіўся.
– Чего вы нас штурмуете? Работать мешаете! Мы же вам ответили.
– Мне патрэбен не «ответ», а пасведчанне…
– Что за человек! Мы же вам русским языком…
Якраз насупраць дзвярэй на той бок стала стаіць шафа, а ў ёй за шклом бачу я цёмныя пераплёты старадаўніх кніг. У кабінеце два сталы; ля таго, што бліжэй да мяне, стаіць крэсла. Адчуваючы, што «гутарка» зацягнецца, я моўчкі саджуся з намерам чакаць доўга. Мяне зразумелі:
– Сегодня нам некогда, – ужо спакойна гаворыць тая самая жанчына.
– Дайце кнігу – сам знайду, чытаць трохі ўмею.
– Не положено, – адказвае яна, але бярэ з шафы адну з кніг і кладзе перада мной на стол. Праз тры мінуты я знаходжу акуратны запіс Ленінскага святара аб сваім нараджэнні і ў думках дзякую яму.
Мы вінавацім улады, а самі напладзілі чыноўна-тупых сталаначальнікаў, родам са сваіх жа вёскаў і гарадкоў!
I вось я стаю на гэтым узгорку. Па камянях былога фундаменту адгадваюцца контуры царквы і яе прыбудоў. Якраз на месцы іканастаса вырасла бяроза, а колькі метраў ад яе ў бок рэчкі, амаль на схіле ўзгорка, чарнее жалезная непафарбаваная агароджа. Унутры – два крыжы жалезныя непафарбаваныя, дзве градкі магілы апошняга святара і яго жонкі. Гэта яго рукой зроблены запіс аб маім нараджэнні. На паржавелых таблічках нічога не прачытаць, прозвішчы забыліся. Няўмольны час робіць сваю справу. Успамінаецца А.С. Пушкін:
«…Где нынче крест и тень ветвей Над бедной нянею моей…»
«Евгений Онегин», гл. 8, ХLVІ.
У Ленінскай царкве быў я яшчэ адзін раз. Ездзіў з татам на Спаса свяціць ігрушы і яблыкі. Тады мяне ўразіла багатае ўбранства царквы, велічны спеў хору. Было паўнютка людзей, і я стаміўся ад гарачыні. Тата вывеў мяне і пасадзіў на сена ў палукашак. Я знываў з голаду. Есці можна было толькі пасля таго, як бацюшка пасвенціць яблыкі і ігрушы. Увесь поплаў і пляц перад царквою быў застаўлены калёсамі, брычкамі, двухколкамі. На сонечнай спёцы марнелі і адмахваліся ад мух коні і валы. Я залез у цень пад калёсы і заснуў.
– Уставай, сынок. Трошкі паямо, – тата расклаў на рушніку куплены белы хлеб, агуркі, жоўтыя ігрушы і яблыкі, два кавалачкі сотавага мёду.
У гады майго дзяцінства Ленін быў шматлюдным, квітнелым мястэчкам. Жыццё і побыт яго вызначалі яўрэі, якіх на Палессі звалі жыдамі. Яны былі ўмелымі рамеснікамі, увішнымі гандлярамі. Жыды выраблялі ўсё, што патрэбна было тагачаснаму сельскаму жыхару: ганчарны посуд, конскую збрую, кавальскія вырабы. Шылі боты, кажухі, світкі і іншую вопратку. Працавалі дзесяткі крам і крамак. Купіць можна было ўсё: ад селядца да аконнага шкла.
Адным словам, жыццё тут кіпела і віравала. А мне зноў успамінаецца выказванне Адама Кіркора, што Старобін – апошні населены пункт, і ніжэй па Случы людзі не жывуць (стар. 372 вышэй названай кнігі). Знакаміты географ нічога не ведаў пра мястэчка Ленін і пра вёскі на берагах Случы. Але ён ведаў пра «вялікі шлях» з Мазыра ў Мінск: «Дорога из Минска на Слуцк в Мозырь на протяжении 324 вёрст имеет 19 мостов в 284 сажени протяжения и 182 гати, коих протяжение 23 645 сажень» (стар. 343–344).
Калі немцы гналі на расстрэл ленінскіх яўрэяў, тыя кідалі з моста ў возера залатыя манеты і рэчы. Так расказваюць. Магчыма, у возеры сёе-тое і ляжыць у іле. Я памятаю назвы дзвюх вуліц даваеннага Леніна: тая, што вяла да царквы, называлася Падліпенскай, а што выходзіла ў бок Лахвы і Мікашэвіч, называлася Лахвінскай. Яна была брукаваная.
Камянёў на Палессі назбіраць цяжка. I ленінцы выбрукавалі вуліцу дубовымі квадратнымі стаўпечыкамі. Такая вуліца магла служыць гадоў сорак, і была прыгожая, як паркет у панскай зале. Параўнайце з асфальтам, які ў Салігорску больш трох-чатырох год не вытрымлівае. Па баках усіх вуліц былі драўляныя тратуары. Вуліцы асвятляліся ноччу электрычнымі ліхтарамі. Ток даваў паравы лакаматыў – паравік.
Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)
Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы
Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка
Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)
На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)
Пра далейшае пішу таксама з болем
Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў
... Зноў пра ваеннае ліхалецце
Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)
Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.