Край Палескі

Край Палескі

12.02.2014

Абставіны склаліся так, што чарговы этап вандроўкі па Случы, які мы зараз пачынаем, адрозніваецца ад папярэдніх. Па-першае, стаў іншым склад экіпажу. Мой верны кампаньён Леанід Круковіч пераадолеў гэтую частку ракі ў адзіночным плаванні некалькі гадоў назад, і цяпер яму здаецца, не варта паўтараць падарожжа. Да таго ж у нас не супаў час водпуску. А мне даўно хацелася далучыць да гэтай справы жонку Ганну і дачку Аленку. Зацікавіўся нашай задумай і жончын брат Вячаслаў Галоўчыц, майстар Любанскага сілікатнага камбіната.

Для такой кампаніі гумавая лодка не падыходзіла. Да таго ж і камфорт хацелася мець лепшы, чым у гумавай лодцы. Улічваючы такі паварот падзей, я змайстраваў драўляную лодачку: з жоўценькіх дошчачак, лёгенькую, паслухмяную кожнаму ўзмаху вясла. Гэта трэцяя лодка, якую ў сваім жыцці я зрабіў сам. Першыя дзве больш двух месяцаў на беразе Салігорскага вадасховішча не ўстойвалі. Кожны раз некаму яны спатрэбваліся больш, чым мне, і іх не выратоўвалі ніякія ланцугі, ніякія замкі. Гэтую я не пакідаю на беразе. А для перавозкі на машыне зрабіў спецыяльнае прыстасаванне.

I апошняе: дамовіліся плысці, не спяшаючыся. Водпуск падзялілі на дзве часткі. Першыя два тыдні хадзілі ў турпаход па Карпатах, а астатняе аддалі Случы.

Сваю экспедыцыю па Случы мы з Леанідам Круковічам давялі ад вытоку да вёскі Доўгае. Я спыняю свае «Жыгулі» на тым месцы, дзе мы вылезлі на бераг у мінулы раз. Выгружаем на поплаў усю маёмасць, здымаем лодку. Цяпер трэба хутчэй загнаць машыну ў гараж і рэйсавым аўтобусам з Салігорска вярнуцца назад. Як бачыце, спяшацца ўсё ж прыйшлося.

I вось яна, урачыстая хвіліна: адштурхоўваемся ад берага і плывём. Востра адчуваецца лодачная хісткасць. Яшчэ і не бралі ў рукі вёслаў, а змятая лодкай трава ля берага ўжо аддалілася. Жыве мая Случ! Рэчка адразу зачаравала нас: у хвалях замігцелі сонечныя блікі, спакойныя плёсы адліваюць нябесным блакітам, ківаюць галоўкамі гарлачыкі. Часам з-пад берага рванецца, моцна лапочучы крыллем, пара качак, іншы раз пстрыкне хвастом спуджаная плотка. Лодка ў такт вёслам пагойдваецца і паслухмяна рухаецца ўперад, не блытаючыся ў воднай расліннасці.

Аленка першы раз у жыцці плыве ў лодцы. Я неўзаметку сачу за ёю. Яна вельмі ўражліва перажывае навізну пачуццяў і іншы раз папісквае ад іх вастрыні. Яе насцярожвае вадзяное акружэнне, ваганне лодкі на вадзе.

З левага боку, дзе вёска Доўгае, праплываюць голыя паплавы, з правага – зараснікі, высокая трава, алешыны, дубы. У гэтых месцах непасрэдна ля рэчкі меліярацыя не праводзілася. Многія дрэвы, як і на адрэзку Старобін – Доўгае, высахлі ці высыхаюць. Дубы хворыя ўсе. Рачная даліна тут шырокая, і мы не бачым яе берагоў (па-навуковаму – надпоймавай тэрасы). У іншых месцах рэчышча спрэс зарасло зеллем, аднак ёсць і бухты з глыбокім чорным дном.

Усё ідзе добра, мы вельмі задаволеныя. На першую начоўку спыніліся на поплаве пад дубамі. Блізка ёсць водмель, дзе можна купацца. Наш лагер складаецца з дзвюх палатак. У адной, маленькай, начуе Вячаслаў, а ў большай – мы трое. Пакуль вячэралі, чырвонае сонца скацілася за далёкі лес.

Раніца выдалася па-летняму чыстая, поўная блакіту і сонечнага цяпла. Вячаслаў устаў, мабыць, разам з сонцам, бо калі і мы вылезлі з палаткі, то ўбачылі ў кацялку жывую рыбу. А на тым беразе знайшлі вялікі куст чорнай парэчкі, усыпаны спелымі, вельмі смачнымі ягадамі. Сняданак быў багаты.

Паплылі далей. Неўзаметку берагі змяніліся. Да самай вады падступілі суцэльныя зараснікі вербалозу. З абодвух бакоў – зялёная сцяна, пасярэдзіне – у люстраной роўнядзі вады патанула неба з белымі аблокамі. Не верыцца, што гэта – рэальнасць, а не казка. Вада ў Случы празрыстая, цячэнне слабае.

У драўлянай лодцы камфорт не той, што ў гумавай. Мы сядзім на лаўках. Ёсць куды падзець ногі. Можна нават устаць. Усе рэчы добра пакладзены. Чысціня ў лодцы такая, як і дома ў кватэры.

У адным месцы ў закутку паміж вербалозамі бачым нешта незвычайнае. Падплываем бліжэй – аказваецца гэта плыт, звараны з тытанавых труб. Даўжыня яго каля шасці метраў, дыяметр кожнай трубы каля 30 сантыметраў. У ім, бадай, будзе да адной тоны дарагога металу. Каму патрэбен тытан, забярэ. Плыт гэты, прывязаны канатам, знаходзіцца тут некалькі гадоў. Леанід таксама яго заўважыў і нават сплавіў ніжэй па цячэнні.

Нечакана на адным павароце з-за кустоў уліваецца ў Случ даволі вялікая каламутная плынь. Яна нагэтулькі брудная, што не хацелася ўплываць у яе на чыстай лодцы. Вось такім чынам цяпер упадае ў Случ самы вялікі яе прыток – рака Морач, якая мае даўжыню 150 км. Пачынаецца Морач сярод капыльскіх град на паўночны ўсход ад Капыля, за 7 км ад яго, ля вёскі Вошкаты. Ад вытоку Морачы да ракі Выня з басейна Нёмана менш 10. Так што вялікі шлях з варагаў у грэкі мог праходзіць і па рацэ Морач. У ранейшыя часы рака мела даліну шырынёй да 800 метраў. У веснавое разводдзе ўзровень вады падымаўся да трох метраў. Тады нават у верхнім цячэнні (у месцы перасячэння з шашой Сіняўка – Слуцк) працякала сто кубічных метраў вады за секунду. Цяпер і гэтага няма, бо і ракі няма. На ўсім працягу (за вельмі малым выключэннем) – канава, якая збірае «хімію» і гразь з неабсяжных меліяраваных плошчаў. У дадатак у канал скідваюцца воды ад палёў фільтрацыі салігорскай гарадской каналізацыі і ліўневай каналізацыі другога рудаўпраўлення «Беларуськалія» па Крывіцкаму каналу.

Я добра памятаю Морач да прыходу на яе берагі меліяратараў. Гэта была такая рэчка, пра хараство якой складаюць песні. Як быццам нейкія дзікуны, вандалы ці гуны прайшліся тут. На жаль, усю гэту экалагічную катастрофу, разарэнне і спусташэнне твораць блакітнавокія добразычлівыя беларусы. Урэшце, мы ўжо гаварылі, што яны сталі толькі выканаўцамі звар"яцелых чыноўнікаў, якія кіраваліся больш сваімі карыслівымі ведамаснымі інтарэсамі, чым грамадскімі. Ну, а чаму і цяпер, калі ўжо перасталі «перакідваць рэкі з поўначы на поўдзень», працягваюць атручваць зямлю і ваду хіміяй, адыходамі вытворчасці, нават цяпер, калі дакладна ведаем, якая шкода ад гэтага наносіцца здароўю людзей, бачым, як сохнуць дрэвы, гінуць жывёлы і птушкі, рыба? Няўжо не паразумнеем, не схамянёмся?

Думаю, назва ракі ўзнікла ад слова марока. Хіба ж яна не марочыла кожнага, хто ўздумваў плысці па ёй: сонна цякла ад аднаго берага даліны да другога, заманьвала падарожніка ў старыцы, амаль не набліжаючы яго да мэты, зварочвала ў непралазныя лозы і чараты, прабівалася праз бяскрайнія пушчы, раздвойвалася ў цёмных алешнікавых лугах. I падарожнік на сваім чоўне ўпіраўся ў дрыгву і не ведаў, куды плысці, дзе падзелася рака.

Не адну Морач загубілі экскаватары і бульдозеры. Не стала Лані і Случы ў вярхоўях і тысяч іншых малых рэк. А разам з гэтым змяніліся і вялікія рэкі Беларусі. Той лад жыцця, які ўсталяваўся на гэтулькі гадоў, знішчаў не толькі лепшых людзей, незалежных, своеасабовых, здатных на арыгінальную думку, самастойны ўчынак, той лад бяздумна знішчаў і цяпер знішчае прыроднае асяроддзе.

Воды абедзвюх рэк, бы сёстры, сустрэліся, плынь стала мацнейшай. Ад вёслаў на паверхні ўтвараюцца бурбалкі, якія доўга не лопаюцца, а плывуць за лодкай. Гэта – сведчанне забруджанасці вады.

Случ, атрымаўшы прыбаўку, узмацніла плынь. Яна падышла да высокага правага берагу даліны. Мы набліжаемся да вёскі Морач на правым беразе ракі. У Морачы ў мяне ёсць сваякі. Тут нарадзілася мая матуля Марыля Яўсееўна Галавастая. У вёсцы жылі працавітыя людзі. Яўсей быў майстрам на ўсе рукі. Не цураліся работы і іншыя члены сям"і, і старыя, і малыя. Глебы морацкія бедныя, пясчаныя, але людзі нястачы не мелі. Быў хлеб, было і да хлеба. Акрамя палёў, вёску акружалі лясы, імхі, абалонне. Былі ягады, арэхі, мёд. У Случы кішэла рыба, у лясах – поўна птушак, звяроў. Мама памятае, як мядзведзь карову задраў. Мараччукі любілі чысціню, дасціпнасць, добрыя гаспадарчыя пабудовы. Перад святамі вуліцу падмяталі кожны насупраць свайго двара, пасыпалі жоўтым пясочкам.

З даўніх часоў Морач была своеасаблівым цэнтрам сярод навакольных вёсак. У Салігорскім краязнаўчым музеі ёсць такі дакумент: «Описание церквей приходов Минской епархии. М., 1879.» У ім маецца запіс пра Морач. «…В районе Морочского прихода был некогда Морочский Николаевский монастырь, которого церковь служила приходскою, как об этом свидетельствуют клировыя ведомости Морочской церкви за первые годы настоящего столетия. Церковь первая монастырская не известно когда и кем построена, а православный приход Морочский очень древний – со времени учреждения Туровской епархии. Благотворителями Морочского монастыря были князья Слуцкие Олельковичи.

…Настояшая Успенская церковь деревянная, на каменном фундаменте построена в 1838 году в 1/4 версты от села Морочь на средства бывшего священника Стефана Бабарикина. Имеет вид крестообразный… Иконостас старинный, дощатый, в 3 яруса, в 1-м и 2-м ярусе по 4 иконы, в 3-м – 12; все иконы старинной живописи.

В приходе Морочском особенно чествуют два праздника: Успение Богоматери и Св. Чудотворца Николая… Всего же дохода церковного в год до 45 руб.

Приход. Село Морочь: дер. Ананчицы, Ясновичи (відавочная памылка: трэба – Ячковичи. – Ф.Р.), Долгая, Махновичи, Дубровка; 433 – муж.; 482 – жен. (дарослае насельніцтва. – Ф.Р.). Все прихожане – крестьяне, с примесью отставных и временноотпускных солдат. Посты, таинства, крестьянские елеосвящения и все обряды церкви прихожане соблюдают аккуратно; к частому посещению церкви они не охотны, и обшественные молитвославия у них редко совершаются… При церкви существует церковноприходское попечительство. Школы и богадельни нет. Процент грамотности прихожан около 4».

Пазней, у 1890–1891 гг., у Морачы была «подворная школа грамотности для мальчиков». Настаўнікам у ёй быў «крестьянин П. Цыган, 13 руб., в зиму при готовом столе, а законоучителем – священник П. Гарбацэвич, 13 мальчиков».

Па рэках Морачы і ніжэй па Случы ў 20–30-я гады бягучага стагоддзя праходзіла савецка-польская граніца. Яна разрэзала палескую зямлю па жывому, разлучыла назаўсёды родзічаў. Яшчэ да 1917 года многія мараччукі мелі зямлю на ўсходнім беразе Случы. Калі ў савецкі час станавілася граніца, яны перайшлі жыць на свае землі, пабудаваліся там. Так узнікла вёска Савецкая Морач. Так узніклі вёскі-блізняты: Новыя Мілевічы, Новыя Залюцічы, Новы Ленін. Ці маглі жыхары гэтых вёсак прадбачыць, што ў іх забяруць зямлю ў калгас, што ім нельга будзе сустрэцца з сваякамі?

Колькі драматычных сітуацыяў давялося перажыць! Косіць селянін траву на савецкім беразе, а на польскім – стаіць яго брат. Адлегласць – 20 метраў! Кінуцца б ім праз раку, абняцца, пацалавацца, нагаварыцца. Ды нельга! Стаяць моўчкі, глядзяць адзін на аднаго, каўтаюць слёзы. Нельга слова сказаць, запытацца, ці жывыя бацька, маці. Вушы могуць быць за лазовым кустом, за стогам сена. Скажы слова – і тады таго брата, што жыве на савецкім беразе, больш ніхто не ўбачыць.

Расказваюць, быў такі выпадак. Адзінокі мараччук Зміцер – у кожнай вёсцы быў падобны недарэка, – неўзлюбіў «паноў» і падумаў уцячы «да Саветаў». Пайшоў, пахадзіў у лазе і чаратах, выйшаў на прагалак – бачыць: салдаты ходзяць. Ён да іх:

– Здрастуйце, таварышы! Ледзь уцёк ад гэтых чортавых паноў!
– Ідзь тутай! – узялі Зміцера пад рукі і павялі да стражніцы. Там загадалі зняць парткі і легчы на лаўку спінай уверх. Пяць разоў свіснула ракіціна. На развітанне сказалі:
– Ідзь до дому. Нех пан розуме…


Другіх выпадкаў пераходу граніцы ў Морачы не памятаюць.

Зімой 1943 года Морач перажыла жудасны час. Немцы сагналі ўсіх жыхараў у гумно. Дзверы перапялі білам. Паставілі вартавога. Самі распалілі на агародзе агонь і, грэючыся ля яго, аб нечым гергяталі. Мараччукі плакалі і маліліся Богу. Ведалі: гумно падпаляць. Мамін родны брат, мой дзядзька, рослы прыгажун Іван Галавасты выгукнуў:

– Я паміраць тут не буду!

Ціха стала ў гумне. Іван праціснуўся да дзвярэй, торкнуў іх плячом, збіў вартавога з ног і праз агароды і палетак кінуўся да лесу і лазняку. Немцы схамянуліся, сталі страляць. А ён бяжыць. Па глыбокім снезе. Скінуў на бягу кажух і бяжыць, бяжыць. А немцы страляюць. Усяго бегчы трэба было метраў шэсцьсот. Затаілі дыханне мараччукі, праз адкрытыя дзверы і шчыліны ў сцяне бачаць, што Івану не так многа засталося да лесу. Але вось двое немцаў ускокваюць на коней, вярхом кідаюцца за ўцекачом і насцігаюць яго ля самага лесу. Прыгналі назад. Не сталі страляць – білі Івана каламі, затым, знерухомелага, кінулі ў касцёр… Астатніх людзей выпусцілі. Палічылі, што партызанам быў ён адзін. А ён ніколі не трымаў у руках стрэльбу.

Праз некаторы час Морач была ўсё роўна спалена. Царкоўнае ўбранства перавезлі ў Чыжэвіцкую царкву. У пасляваенны час вёска адрадзілася, але былога значэння не набыла.

Насупраць Морачы на Случы ёсць добрае месца для купання. Тут мы зрабілі днёўку, пагрэліся на сонцы, пачыталі ўслых раман Л.Р. Шпакоўскага-Случаніна «Алесь Няміра», назбіралі і высушылі расцвілага чабору. Вячаслаў адвёў душу на рыбалцы.

Далей Случ павяла нас сярод суцэльных зараснікаў лазы і траў. Пахне мятай. Яна бясконцай паласой зелянее разам з асакой уздоўж берагоў, сакавітая, буйная. Ніхто яе тут не збірае. Спачатку мы шкадавалі, што такое багацце прападае, а потым звыкліся.

Люстраная паверхня вады ўвабрала ў сябе высокае неба, аблокі на ім, і сцяну вербалозаў па берагах, і светлую зеляніну мяты, і нават узнятыя вёслы над вадой. Рух лодкі парушае пракаветную стройнасць. Ззаду малюнкі мітусліва гойдаюцца на хвалях ад вёслаў. Душа поўніцца радасцю, што ёсць на беларускай зямлі такая прыгажосць, што пашчасціла пабачыць усё гэта, пабыць у цэнтры гэтай прыгажосці, і адчуваць, што гэтатвая Радзіма! Хіба зможаш не ганарыцца ёю? Мая Случ – маё зачараванне!

Аблічча ракі пачало мяняцца. З"явілася больш прасветаў у лазовай суцэльнасці, берагі падняліся над вадой. У некалькіх месцах бачны акуратна складзеныя стагі сена, а на самым беразе, дзе мы хацелі абедаць, сярод пракосаў пахаджвае бусел. Убачыў нас на вадзе, спыніўся, павярнуў галаву, пільна паўзіраўся і няспешна пакрочыў прэч. А мы перадумалі высаджвацца тут і паплылі далей. Не хацелася перашкаджаць буслу.

Яшчэ адна плынь уліваецца ў Случ. На гэты раз з левага боку. Здагадваемся: гэта – Арыштанцкі канал. Яго берагі абраслі вялікімі дрэвамі. А ваду ён нясе больш чыстую, чым случанска-марачанская. Даволі нечакана лаза расступілася, адкрыўся і расшырыўся прагалак, паказаліся дубы, за якімі разгарнуўся палетак.

– Глядзіце, гэта ж наша стаянка! – усклікнула Ганна. – Памятаеш, Феафан? Вунь і дубы тыя. Давайце тут спынімся на абед. Аленка хоча есці.

Вядома, я адразу пазнаў мясцовасць. Правы бераг Случы сухі, чысты, упрыгожаны рэдкімі дубамі-волатамі, разнатраўем і кветкамі. З левага боку да самай вады падступае густы лес. Месца прыдатнае для спакойнага адпачынку. Шмат разоў мы прыязджалі сюды адпачываць у выхадныя дні.

Вячаслаў пахаджвае пад дубамі, аглядае мясцовасць, нібыта збіраецца застацца тут назаўсёды.

– Ніколі я не думаў, што на Случы так добра, так хораша, – гаворыць ён.

Аленка абрадавалася магчымасці пабегаць па траве і кінулася збіраць кветкі.

Заўважаю, як многа тут змянілася. Той пляцовачкі, дзе гадоў дзесяць таму назад ставілі палатку, машыну, распальвалі касцёр, ужо няма. Затое на супрацьлеглым беразе вырасла пясчаная выспа і на ёй зелянее лаза. Рака на крутым павароце ўгрызаецца ў бераг і крышыць яго.

Гэтае месца адметна яшчэ тым, што тут побач з палеткам у 20–30-я гады знаходзілася польская пагранічная стражніца. Зараз яшчэ праглядваюцца на зямлі контуры падмуркаў пабудоў, захавалася частка сасновай алеі, бачна, дзе быў калодзеж.

Ветэран партызанскага руху Іосіф Цімохавіч Хілько неяк расказваў мне, як у гэтым рэгіёне ахоўвалася мяжа з савецкага боку, і я запісаў гэтую інфармацыю. Жалезную заслону забяспечвалі два пагранатрады: семнаццаты Цімкавіцкі і васемнаццаты Жыткавіцкі. Непасрэдную службу няслі пагранічнікі Старобінскай, Яскавіцкай, Морацкай і Ананчыцкай заставаў. Яны ахоўвалі мяжу ад Вялічкавічаў да Ананчыцаў, а далей на поўдзень гэта рабілі пагранічнікі Жыткавіцкага атрада.

Я не магу ўстрымацца, каб не паведаміць яшчэ аб тым, што зараз мае ногі ступаюць па дзедавай зямлі. На гэтым палетку Яўсей меў уласны клін, дзе мая мама ў маладосці жала проса. На беразе Случы на ўласных сенажацях ён ставіў стагі сена. А ў гразкай старыцы мама лавіла рыбу разам са сваім братам Іванам – тым самым, якога немцы спалілі на кастры.

Блізка ад гэтага месца ў паўднёвым напрамку бачны маяк. Пункт дзяржаўнай геадэзічнай сеткі. Ён стаіць на пясчанай гары ля вёскі Грабаў, вяршыня якой мае адзнаку 165 метраў над узроўнем мора. Ад яе пачынаюцца шэрагі ўзгоркаў і град, якія з перарывамі цягнуцца на 10–12 кіламетраў на поўдзень аж да вёскі Залюцічы, месцамі да вёскі Ленін. Яны складзены з чыстага белага, з жоўтым адценнем, дробнага пяску.

Рэльеф тутэйшай мясцовасці сфармаваўся ад уздзеяння двух ледавікоў. Якраз сюды дасягаў Бярэзінскі ледавік (480–460 тыс. год назад). Мяжа яго распаўсюджання добра паказана на карце, аб якой я ўпамінаў вышэй. Можна меркаваць, гэта ён пакінуў тут свае канцавыя марэны, а пазнейшы Дняпроўскі ледавік (320–250 тыс. год назад) адляжаўся спакойна, не праявіўшы на гэтай плошчы асаблівай актыўнасці ў рэльефаўтваральнай рабоце, бо нідзе больш абапал Случы няма такіх пясчаных град, як тут. Яны параскіданы па-над Случчу і трохі далей ад яе ў лясах. На ўзгорках параслі сосны, пераважна чэзлыя. А ў нізінах паміж імі ўтварыліся журавінныя імхі. Берагі праточных яруг аблюбавалі пышныя дубровы і буйны лісцёвы лес. Прыемна хадзіць тут з кошыкам і збіраць баравікі, якія добра родзяць на схілах узгоркаў. Міжволі задумваешся, як яны ўтварыліся.

Ледавікі дасягалі таўшчыні да двух кіламетраў. У час інтэнсіўнага раставання лёду з яго краёў і па трэшчынах спадалі велізарныя патокі вады, затапляючы ўсю мясцовасць. Вада размывала мерзлату, выносіла і фармавала з прамытага пяску ўзгоркі.

Ледавікі адступалі. Дагістарычныя людзі ішлі за імі, пакутуючы ад пераўвільготненасці зямлі. Ці не перадалася памяць аб пасляледавіковым разводдзі ў біблейскую легенду аб патопе?

Рака праклала сваё рэчышча сярод сенажацяў і выганаў, месцамі зарослых лазой і мелкалессем. Яна крута выгінаецца то ўправа, то ўлева, іншы раз кідаецца нават у зваротным напрамку, утвараючы доўгія языкі. На такіх паваротах вада круціць страшныя віры, заварочвае лодку назад, носіць яе над глыбокай бухтай.

З лодкі не заўсёды добра бачна і правільна ацэньваецца наваколле. Вузкая паласа зараснікаў з некалькімі дрэвамі на беразе можа здацца лесам. Іншая справа – адкрытая плошча. Па леваму борту здалёк бачым сельскія пабудовы. Гэта вёска Ананчыцы. Там ніхто з нас ніколі не быў. Таму і расказваць аб ёй я нічога не магу. Хіба толькі вось што: гэта тут жывуць галасістыя палешукі, якія стварылі славуты на ўсю Беларусь Ананчыцкі хор народнай палескай песні. Сягды-тагды іх можна пачуць па рэспубліканскім радыё. Пашанцавала таму, хто ў свой час паспеў набыць пласцінку з запісам Ананчыцкага хору.

Трэба сказаць, што ў гарачае надвор"е, плывучы ў лодцы па рацэ, так хочацца купацца! Але стан рэчышча Случы рэдка дзе даваў нам такую магчымасць. Берагі былі найбольш абрывістыя, гразкія, зарослыя асакой, чаротам, лазой. А тут – сітуацыя іншая: то з аднаго, то з другога боку на павароце вада агаляе пясчаны пляжык – падганяй лодку, выходзь сабе на чысты бераг. Але таму, хто не ўмее плаваць, трэба быць асцярожным, бо і тут дно можа аказацца абрывістым. Аленка плюхаецца каля берага, але я не зводжу з яе вачэй.

Час ідзе неўзаметку. Случ, не спяшаючыся, выпісвае ўсё новыя павароты, адкрывае нам усё новыя малюнкі.

Вось і вёска Грабаў з правага боку. Яна павярнулася да рэчкі агародамі і платамі. На вытаптаным выгане бялеюць чародкі гусей, з боку пахаджвае некалькі буслоў. У бруднай затоцы стаяць прывязаныя лодкі. Нічога цікавага пра гэтую вёску я не ведаю. На стыку 50-x і 60-x гадоў тут працаваў прымітыўны заводзік – выпускаў крухмал. Бульбу пастаўлялі з навакольных вёсак. Назва Грабаў хутчэй за ўсё паходзіць ад назвы дрэва граб.

Далей нічога асаблівага не адбываецца. Спакойна, нетаропка плывём і плывём. Мясцовасць не выклікае захаплення, берагі пізкія: правы вытаптаны жывёлай, голы, на левым расліннасці крыху больш. Пачынаем прыглядацца, дзе спыніцца нанач. Пакуль што нічога не нагледзелі. Падвячоркам праплываем міма вёскі Мілевічы. Гэта цэнтр сельсавета і саўгаса «Случ» Жыткавіцкага раёна. Сюды год таму назад пракладзены асфальт. У вёсцы ёсць сярэдняя школа, а ў школе – дзеці. Нават два выпускныя дзесятыя класы.

Мілевічы – паселішча старажытнае, безумоўна. Назва паходзіць ад слова мілы. Нашым продкам дрыгавічам, якія абжывалі Случ, гэтае месца не магло не спадабацца: узгоркавае, светлае, здаровае, ніколі не залівалася вадой – мілае. Вось і пасяліліся. Раскарчавалі лес, вырабілі поле, завялі жывёлу. Перакананы, што вёска была ў часы, калі дзейнічаў шлях з варагаў у грэкі. I калі ён, гэты шлях, сапраўды пралягаў і па Случы, то ад Старобіна да Мілевічаў якраз умесціцца аднадзённы пераход, ці лепш сказаць пераплыў. Тут і прыпыніцца было зручна, і папоўніць запасы тавару было чым. Тагачасныя палешукі мелі ў дастатку лён, мёд, воск, арэхі, скуры звяроў, дзёгаць, драўляны вугаль. Гандаль садзейнічаў росту промыслаў і вёсак. У ваколіцах узніклі яшчэ вёскі Грабаў, Вярэзнікі, Ананчыцы. З цягам часу мілеўцы пабудавалі царкву. Цытую вышэй названы дакумент (1879 г.): «Церковь. Приходская Иоанно-Богословская церковь, расположенная в самом селении, когда и кем построенная, неизвестно. Здание деревянное, устроена продолговатым крестом, с тремя глухими куполами. Церковь бедная, многого недостает.
Приход. Кроме Милевич – Березино и Грабов. Муж. полу 316, жен. – 322. Церковный доход до 20 руб. в год».

Ад мілевіцкага берага рака пайшла гуляць па даліне. Упершыню мы ўбачылі злева сосны ля самай ракі. Праз гадзіну пейзаж паўтарыўся, толькі сосны былі далей, а на беразе – бульбяная паляна і скошаная сенажаць. Вось тут і спыніліся нанач. Толькі сыйшлі на бераг, як нас хмарамі абселі камары. Хоць ты гвалтам крычы. Борздзенька развялі касцёр, паставілі палаткі. Гэтым і выратаваліся ад згубы…

Пайшоў трэці дзень плавання. У паходзе пачатак кожнага дня родзіць адчуванне новай і новай падзеі. У чым заключаецца яна, новая падзея, не скажаш. Проста існуе ў падсвядомасці адчуванне і ўсё. Якія новыя адкрыцці, новыя ўражанні сёння падорыць нам рака?

Настрой усяго экіпажа выдатны. Ён грунтуецца па ўсіхнай духоўнай еднасці. Нават Аленка па-дзіцячаму шчыра падладзілася пад настрой дарослых. Яе захапленне хараством наваколля не мае межаў. Пацвердзілася старая ісціна: поспех турпаходу залежыць ад сходнасці інтарэсаў і схільнасцяў удзельнікаў. У нас незадаволеных няма.

Другая важная акалічнасць – добраахвотны ўдзел кожнага ў выкананні работы. Яе, скажу я вам, хапае: выгрузка і пагрузка лодкі, устаноўка і здыманне палаткі, нарыхтоўка дроў і распальванне кастра, гатаванне ежы тры разы ў дзень, мыццё посуду і лодкі і г. д. Па тым, як выконваюцца работы, па паводзінах у часе пасадкі ў лодку і высадкі з яе, у час плыцця і пераадольвання небяспечных месцаў (напрыклад, пагрозе ўдару аб затанулае дрэва) бачна, што адаптацыя экіпажа завяршылася, што набыты пэўны вопыт ва ўзаемаадносінах з ракой.

Няшчасці здараюцца тады, калі чалавек губляе пільнасць. А гэта значыць, мне асабіста трэба быць насцярожаным увесь час. Таму што Ганна і Аленка ніяк не ўмеюць плаваць.

Ні на хвіліну не спыняецца плынь ракі, якая дорыць непаўторнасць за кожным паваротам. Калі доўга плывеш у лодцы, вабіць да сябе зямля. Іншы раз хочацца прайсціся па беразе. Вельмі дарэчы аказаліся адкрытыя сухія берагі, якія часам сустракаюцца, найбольш з правага боку. Аленка з задавальненнем бегае па траўцы, але баіцца далёка адыходзіць ад ракі. Разам з ёю ў добрым гуморы вылазіць на бераг і Ганна. Вячаслаў больш сядзіць на вёслах. Часам я падмяняю яго, але жонка лічыць, пгго ў мяне кіраванне суднам атрымліваецца горш. Ну і няхай, я не пярэчу. Плаванне ўсім падабаецца, і я шчаслівы ад гэтага.

Гадзіны праз дзве даплываем да драўлянага маста. Гэта адзінае месца паміж Доўгім і Ленінам, дзе можна на машыне пераехаць цераз раку. Тут круты пясчаны бераг, хваёвы лес. Выйшлі, пахадзілі па лесе, назбіралі чарніц. З высокага берага бачны павароты ракі, стагі сена на абалонні, кусты лазы ўнізе, лес на тым баку даліны.

I зноў – у лодку. Пасадку і высадку робім асабліва асцярожна, бо лодка перагружана і пры парушэнні раўнавагі можа зачарпнуць вады. Асаблівую пільнасць пры гэтым праяўляе Аленка. Яна робіць заўвагу кожнаму, хто хоць трошкі хістае лодку.

Случ перагароджана шлюзам. Здалёк чуваць шум вады. Вось дык сюрпрыз! Падплываем паціху. Трэба выгружацца і ўсё пераносіць. Паверх закрывак зліваецца вада і падае метры на два ўніз. Збоку стаіць вялікі будынак перапампоўнай станцыі. Падведзена ЛЭП. Гудуць маторы. Помпы забіраюць палавіну вады і перакідваюць яе ў канал, які вядзе да рыбгаса «Беларе».

Нялёгкая справа – перацягваць па беразе лодку і рэчы. Але нічога не зробіш: трэба. Заадно рашылі гатаваць тут абед, набраць пітной вады на станцыі. У рачной вадзе варым бульбу, мыем посуд, мыемся, а для чаю і гарачай стравы ўжываем калодзежную ваду.

Перад шлюзам некалькі мясцовых хлапчукоў цягнуць па рацэ сетку, злавілі два ці тры шчупакі. Мы папрасілі адну рыбіну. Яны параілі нам самім злавіць яе.

З гэтага месца характар Случы рэзка памяняўся. Па берагах бачна, што некалі яна была тут глыбокай і мнагаводнай, шырыня яе дасягала 40 метраў. I вось зараз назіраем даволі рэдкую з"яву: у межах старога рэчышча з-за недахопу вады рака стварае сабе новае, амаль напалову вузейшае. Непатрэбная частка былога рэчышча заплыла ілам, зарасла зеллем. Дзіўна бачыць палову рэчышча сухім.

Павароты пайшлі больш плаўныя. Па леваму берагу лісцёвы лес, сцежка. Урачыста прыгожыя месцы. Па абодвух баках – старыцы, іншыя вельмі старажытныя, высахлыя і нават слаба прыкметныя на мясцовасці. Дзесяткі тысяч год назад гэта былі рэчышчы Случы, па іх цякла вада, магчыма нехта плаваў. У апошнія дзесяцігоддзі рака рэдка выходзіць з берагоў і не мае сілы прабіць новае рэчышча.

Надвор"е нам спрыяе. Толькі іншы раз аблокі гусцеюць, наліваюцца сінню і палохаюць нас далёкім громам. Але дажджом над Случчу не праліваюцца. Надвячоркам праплываем міма белых дзюнаў і агародаў вёскі Залюцічы, ад якіх так цудоўна пахне кропам. Адсюль бліжэй за ўсё да Цімашэвічаў – маёй роднай вёскі. Усяго якіх-небудзь 5–6 кіламетраў на захад.

Калі ісці з Цімашэвічаў у Залюцічы, то неабходна будзе пераадолець глыбокі луг пад назвай Люціч. У ваколіцах Цімашэвічаў больш гібельнага месца не знойдзеш. На купінах, высокіх як копы сена, у Люцічы раслі велізарныя алешыны, паміж імі чарнелі палосы вады, калыхалася дрыгва з зараснікамі парэчак і малінніку. Чалавек тут лёгка мог патануць, не выбрацца з дрыгвы. Вада дрэнна замярзала нават у вялікія маразы, то там, то сям чарнелі жудасныя прамоіны. Люціч быў праточны, і вады праз яго цякло ці не больш, чым цяпер у Случы. Вёска, якая ўзнікла за Люцічам, называлася Залюцічы.

Цімашэвічы – мабыць першым пасяленцам быў нейкі Цімох – як я цяпер разумею, узніклі ў дрэнным месцы: вакол шмат забалочанага лесу, вышэйшыя мясціны, годныя для палёў, параскіданыя ў розныя бакі ад вёскі і часам далёка ад яе.

Продкі мае па бацьку не з"яўляюцца карэннымі цімашоўскімі жыхарамі, а перасяліліся сюды аднекуль з-пад Клецка і паходзяць са шляхецкага роду. Усе ў вёсцы звалі нас шляхтай, іншыя з пагардай. Мой дзед Якуб, каб ажаніцца, пасватаўся да шляхцянкі Дамінісі (Домны) з далёкага і малавядомага фальварка Маршчынавічы. У навакольных вёсках кругом Цімашэвічаў дастаткова было прыгожых дзяўчат. Але яму патрэбна была шляхцянка, а не «мужычка». (У часопісе «Спадчына» № 2 за 1995 год змешчаны спіс: «Старажытныя беларускія шляхоцкія роды». Там ёсць прозвішча Раманоўскі. У гэтым жа часопісе ў № 5 за 1994 год у рубрыцы «Гербы беларускай шляхты» надрукаваны герб Боньча, якім разам з іншымі шляхцічамі карыстаўся Раманоўскі. Ці гэта тое самае генеалагічнае дрэва Раманоўскіх ці не, пэўна не скажаш. Неабходна правесці даследаванне. Мне вядома ўсяго, што прадзеда звалі Феафіл (ці Цеахвіл), а прапрадзеда Геранім. Дзеда Якуба і бабулю Дамінісю я памятаю).

Раманоўскія былі каталікамі. Царскі ўрад – ці то адразу пасля канчатковага захопу Беларусі ў 1795 годзе, ці пасля аднаго з беларускіх паўстанняў супраць няволі – пазбавіў іх права валодаць зямлёй, калі яны не пяройдуць у праваслаўе. Раманоўскія вымушаны былі скарыцца. Не выключана таксама, што за ўдзел у нейкіх акцыях супраць новых улад яны былі сасланы са свайго карэннага месца жыхарства ў Цімашэвічы, гэтую глухую палескую вёску.

Ні мой бацька, ні яго браты не любілі гаварыць пра мінулае свайго роду і нават, сказаў бы, баяліся гэтай тэмы. На людзях ніколі не падкрэслівалі сваё шляхецкае паходжанне. У жыцці строга прытрымліваліся традыцыяў, вельмі баяліся запляміць свой гонар – учынкам ці словам. Верылі ў Бога і строга выконвалі ўсе рэлігійныя і беларускія народныя абрады. Дзяцей прывучалі паважаць старэйшых і ўсяляк баранілі ад дурнога ўплыву.

Дзедава хата складалася з трох пакояў. У першым было два акны, печ, стол, лавы, ля печы стаяў шырокі ложак з балдахінам. У другі пакой вялі двухстворкавыя з разнымі цацкамі дзверы. Тут было чатыры вакны. Пасярэдзіне на вытачаных нагах стаяў стол, накрыты вышываным абрусам, гнутыя крэслы, ля сценаў – шафа і куфар з кнігамі, на сцяне – карта паўшар"яў з каляровымі малюнкамі на палях. У кадушках раслі фікусы і ружы, кветкі стаялі і на вокнах. Доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі мы, дзеці, гулялі тут у хованкі. Зашклёныя дзверы вялі адсюль у спальню, дзе на ложках гарамі ўзвышаліся вышываныя падушкі. Ва ўсіх пакоях была падлога з шырокіх дошак.

З двара ў хату вёў высокі ганак з парэнчамі і з лаўкамі па баках. Хата стаяла на штандарах. У адным месцы штандара вывалілася. У чорную дзірку лазілі куры і хаваўся ад мух сабака. Адзін раз і я, малы, пашлэпаў за ім, не згінаючыся, ступіў некалькі крокаў, на галаву прычапілася павуцінне, мне стала непрыемна і я вярнуўся.

Далей углыбіні двара стаяла варыўня для захоўвання бульбы, буракоў, морквы, а за ёю – свіран, які пачынаўся крытай рампай. У яго засеках захоўвалася зерне, у бочках – крупы, мука. Тут жа знаходзіліся жорны, ступа, розны посуд і прылады для пчалярства. У клеці, якая прымыкала да свірна, хаваліся косы, граблі, бароны, плугі, прылады для перапрацоўкі льну і воўны, вярштат (ткацкі станок), конскі і валовы вупраж, розныя інструменты і прылады. Далей стаялі хлявы, гумно, а затым сад, а за ім – пабудова, назвы якой не памятаю. У ёй, як і ў гумне, складвалі неабмалочаныя снапы, была ручная механічная веялка (арфа), а за сцяной, здаецца, конная малатарня. Тут, як і ў гумне, быў ток, дзе часам мялі проса, білі лён.

У дзеда меліся кнігі на трох мовах: стараславянскай, расейскай і польскай. У сям"і гаварылі на мясцовым беларускім дыялекце, прычым у адным канцы вёскі ў параўнанні з другім былі адрозненні ў мове. Кніг, што хаваліся ў куфры, дзецям браць не дазвалялася. На вечка куфра знутры была наклеена карціна «Пажар Масквы ў 1812 годзе» – гараць у полымі палацы. Дзяцей прывучалі чытаць рана – з чатырох гадоў.

Якуб славіўся на ўсю акругу вялікім умельцам. Ён вырабляў з дрэва варштаты, калаўроткі для вырабу нітак з кудзелі і воўны, брычкі, калёсы, сані, вазкі, любы посуд, любыя снасці і інструменты. Быў пчаляр і садавод. Саджанцы выпісваў з многіх месц, нават з Амерыкі. Палявымі работамі, нарыхтоўкай сена займаліся толькі яго сыны: Мікалай, Аляксандзер (мой бацька), Вінцуль, Уладзік. Сыны жаніліся і аддзяліліся, заводзілі свае гаспадаркі, дзялілі зямлю, якой было нямала.

Мабыць, прадбачачы будучае збядненне сям"і, дзед ездзіў у пошуках дабрабыту ў Амерыку, нават спрабаваў працаваць там у нейкай шахце. Яму не спадабалася амерыканская прагнасць і жорсткасць у адносінах паміж людзьмі. Вярнуўся. Тады паехалі ўсёй сям"ёй у Сібір. Дабраліся да Іртыша і нават тыдзень плылі па ім на параходзе. Сібір таксама не прывабіла Раманоўскіх: не спадабаўся клімат і мясцовасць. Вярнуліся ў Цімашэвічы і зжалі жыта, пасеянае восенню. Як бачыце, у Сібір збіраліся, а жыта сеялі, і добра зрабілі.

Мой бацька і дзядзька Уладзік былі музыканты. Іх запрашалі на ўрачыстасць з многіх вёскаў. У Морачы Аляксандру трапіла на вочы шустрая дзяўчына Марыля, дачка Яўсея Галавастага. У адзін цудоўны дзень Аляксандр апрануў лепшае адзенне, сеў на ровар і праз некалькі гадзін (па тагачаснай дарозе каля 30 км) быў у Морачы. Хоць у Яўсея былі другія планы наконт Марылі, маладыя вырашылі свой лёс самі. Назад на ровары ехала два чалавекі. Яўсей балюча перажываў такі сорам (забраў без вяселля), але па дачку ў Цімашэвічы не паехаў. Якуб не асуджаў паводзінаў сына, але сказаў: «Навошта яму гэтая мужычка?»

Мой бацька не дасягнуў (не паспеў) той грунтоўнасці ў вядзенні гаспадаркі, таго дабрабыту і заможнасці, што былі ў дзеда. Не паспелі гэтага зрабіць і яго браты. Тым не менш за дзесятак гадоў да вайны 1941–1945 гг. мае бацькі нажылі чацвёра дзяцей, паставілі патрэбныя пабудовы (хата была малая), мелі каля дзесяці говядаў, свінні, статак авечак, птушкі, сад, пчолы, калёсы, сані, вазок, збрую, снасці, розныя прылады, нямала кніг… Усё рабілі самі, парабкаў не наймалі. Дзяцей з малых гадоў прывучалі да пасільнай работы. Мо той-сёй падумае: а ці варта так падрабязна, дэталёва ўсё апісваць і пералічваць, колькі часу прайшло. Але барані нас Бог стаць Іванамі бяспамятнікамі, забыцца на сваіх продкаў і жыць адно сённяшнім днём, Калі я пералічваю ўсю гаспадарку маіх дзядоў і бацькоў, становіцца зразумела, як цяжка, не пакладаючы рук, працавалі яны. Не марнавалі час, не лайдачылі і, нажываючы дабро, дбалі пра нас, дзяцей. Яны пакінулі сваім нашчадкам не толькі моцныя, на вякі, пабудовы, мноства рэчаў, зробленых уласнымі рукамі, дагледжаныя палі і лугі. Як свяшчэнны запавет перадалі нам, дзецям, сваю гаспадарлівасць і дбайнасць, сумленнасць. Самую высокую, чыстую, як кропля расы, мараль. Дзякуй ім за гэта.

Цячэ і цячэ вада ў рацэ, не спыняецца, як час. Толькі час мяняе жыццё людзей хутчэй, чым Случ сваё рэчышча.

Насупраць Залюцічаў праз раку ёсць брод. Летам, як спадзе вада, тут пераязджаюць на грузавых машынах ці конна з аднаго берага на другі. Так можна патрапіць у вёску Новыя Залюцічы, якая знаходзіцца за лесам кіламетры са два на ўсход ад Случы. Гэтую вёску напаткаў жудасны лёс: у трыццатыя гады «чорны воран» забраў з яе ўсіх дарослых мужчын. Назад ніхто не вярнуўся, ніхто не прыслаў пісьма… Як цяпер стала вядома, іх расстралялі ў Мазыры. Іх імёны занесці б у скрыжалі гісторыі, увянчаць лаўрамі герояў – за такую працу, якую можна прыраўняць да подзвігу. Бо яны не проста абжывалі зямлю – аздаблялі яе як сапраўдныя майстры-ўмельцы. Іх абліччы, гэта без перабольшання, варта было б адліць у бронзе, высекчы з мармуру. Зрабілі ж іх… ворагамі саміх сябе, народа. А яны самі былі народ, яго лепшая частка. Ніхто за гэтае жудаснае злачынства не адказаў і не збіраецца адказваць…

Пасля Залюцічаў Случ папятляла трохі па абалонню, прайшла пад магутнай ЛЭП і схавалася ў лесе, дзе дубы, алешнік, вербы падпіраюць неба. На паваротах пясчаныя пляжыкі, зручныя для купання. У акружэнні векавечных дубоў да ракі прыціснулася мурожная прагаліна са слядамі старажытных старыц. Побач – некалькі пляжаў, ёсць дровы для кастра, можна зрабіць выдатныя фотаздымкі. Гэта адно з тых месц, якія не хочацца пакідаць. Лепшага для лагера і жадаць нельга. Спыняемся начаваць.

Метраў сорак ад нашых палатак на крутым павароце рака энергічна падмывае бераг і ўтапіла ў віры два дубы. Камлі іх яшчэ не адарваліся ад берага, але вершаліны ўжо схаваны пад вадой, толькі голле вытыркаецца наверх і збірае вакол сябе ўсякае плывучае на вадзе смецце. Нягледзячы на тое, што мы гучна размаўляем, ходзім і нават бегаем па беразе, грукаем, рыхтуючы дровы для кастра, у віры час ад часу ўсплёскваецца рыба. Вячаслаў паварочвае кожны раз галаву ў той бок і гаворыць:

– О-о, чуеш?

Раніцай, калі мы праз сон слухалі аднастайную песню зязюлі і неспакойнае сакатанне сарокі, Вячаслаў навудзіў 5–6 акунькоў і плотак, і на сняданак у нас быў рыбны крупнік.

Перш чым аддаліцца ад гэтага месца, я хачу яшчэ раз вярнуцца ў Цімашэвічы. З прыходам Чырвонай Арміі ў 1939 годзе ў нас знешне нічога не змянілася, жыццё не пагоршылася, нават палепшылася. Стала больш волі на бытавым узроўні. Палякі прымушалі бяліць хаты, утрымліваць у чысціні двор і вуліцу, у спраўнасці – агароджу. Штрафавалі за працу ў святочныя дні. Пры саветах жа надышла поўная лафа: рабі, што хочаш і калі хочаш. Нікога не схапіў «чорны воран», калгасаў не стваралі. Увогуле Савецкая ўлада нічым сябе не праяўляла.

Цень гэтай улады пранеслася праз Цімашэвічы ў першыя ж дні вайны. Тое-сёе нам давялося пабачыць. Праз вёску з захаду на ўсход пацягнуліся калоны турэмнікаў, доўгія, змрочныя. Падымаючы пыл, нібы чарада авечак, ішлі, у большасці басанож, брудныя змучаныя людзі. Па баках са стрэльбамі ў руках іх суправаджалі салдаты з зоркамі. Жанчын вялі асобнай калонай.

Ад такой колькасці панурых людзей браў страх. Цімашоўцы моўчкі праводзілі позіркам няшчасных. З нашай вёскі ў турме ніхто не быў, а тут, Божа літасцівы, гэтулькі злачынцаў – знямець можна. Затым жаласлівыя жанкі выносілі хлеб, рэзалі скібы і кідалі ў калону. Няшчасныя хапалі яго і ківалі галовамі на знак удзячнасці. Калі скібка падала ў пясок, жанчыны хрысціліся, бо кінуць хлеб у пясок пад ногі лічылася грэхам.

– Луку, луку! – прасілі з калоны.

Цімашоўцы паціскалі плячыма: навошта ім лук і дзе яго ўзяць? Усё ж нехта зразумеў, шго трэба бегчы на грады і нарваць цыбулі.

У адзін з дзён з боку вёскі Хорастава данеслася страляніна. I больш ніякіх прыкмет вайны не адчувалася. Немцы не прыязджалі, і я не ведаю, ці хоць раз яны наведваліся ў вёску ў той час. Ніякая ўлада не заяўляла аб сабе: ні Савецкая, ні нямецкая. Людзі займаліся сваёй спрадвечнай справай і не маркоціліся па пачальству: няма – дык і слава богу.

Так цягнулася да восені 1942 года. I тут з"явілася ўлада. Партызанская. Па хатах прайшоў пасыльны і паклікаў усіх на сабранне.

– А што такое сабранне? – пыталіся адзін у аднаго цімашоўцы.
– Хто яго ведае. Там скажуць.


Вярталіся з сабрання, чухаючы патыліцу. У кожную хату былі размеркаваныя пастаяльцы-партызаны. Да нас пастаяльцаў не назначылі. Мусіць таму, што хата была невялікая, а ў сям"і чацвёра дзяцей, ды і сядзіба стаяла наводшыбе.

Вёска напоўнілася чужымі людзьмі. Чулася нетутэйшая гаворка, брыдкая лаянка, смех, пілікаў гармонік. Нават стралялі. Уверх, ад няма чаго рабіць, проста ад буянства дзеля забавы. Кожны вечар наладжваліся танцы. Жыццё віравала, кіпела ключом. Праўда, два стрэлы былі зроблены не ў паветра. Дзве свежыя магілы з"явіліся на могілках. У адной пахавалі хлапца. Ён кахаў дзяўчыну, а тая спадабалася партызану. Хлапец піхнуў яго ў грудзі і сказаў:

– Ідзі адсюль, ты не наш!

«Не наш» – значыла «не тутэйшы». Партызан зняў вінтоўку і стрэліў у крыўдзіцеля. Дзяўчына залямантавала і пабегла ў хату, а хлапец упаў ля прызбы. Як забілі другога цімашоўца, я не ведаю.

Чым больш бруілася вёска, тым больш панурым рабіўся наш тата. Кожную раніцу ён станавіўся перад покуцем і доўга маліўся на абразы, часта паўтараючы: «Госпадзі, памілуй!» Невясёлай была і мама.

Аднойчы да нашага двара, узнімаючы снежны пыл, падляцела на санях група партызан. Зайшлі ў хату, сказалі «здрастуйце», запыталі «как пажывае хазяін?» Сэнс далейшай размовы нам, дзецям, не быў ясным. Я запомніў фразу:

– Мы родзіну зашчышчаем, а табе свінні жалка! – Далей ішла лаянка, мярзотны сэнс якой скалыхнуў мяне.

Партызаны пайшлі з хаты, за імі – тата і мама. Высыпалі на ганак і мы: Ліда, я і Зіна. Я першы раз убачыў пісталет. Яго трымаў ззаду ў левай руцэ партызан у белым кажуху. Правай рукой ён адчыніў засоўку свінінца. Калядны кормнік падняўся на ногі. Партызан паднёс пісталет да яго вуха і стрэліў. Кормнік моўчкі апаў на пярэднія ногі, затым асунуўся і на заднія. Яго схапілі за ногі астатнія партызаны і пацягнулі па снезе да саней. Конь устрывожыўся, затупаў нагамі і пачаў тузацца. Партызан у кажуху тыцнуў кулаком яму ў пысу і зноў брыдка вылаяўся.

Праз некаторы час партызаны ў другі раз завіталі да нас. Знадворныя (не адкормачныя) свінні былі худыя, і яны забілі падсвінка.

Затым зноў было сабранне. Пасля яго тата і мама раіліся, якія мяшкі, кажухі, світкі, валёнкі, сувоі палатна і сукна аддаць партызанам, бо ім прыйдзецца жыць у лесе, а што пакінуць сабе. А ў вёску прыйдуць немцы, ад якіх і нам трэба таксама хавацца ў лес. Пасля партызаны ездзілі па дварах і ссыпалі ў мяшкі з кладовак і свірнаў цімашоўцаў муку, зерне, крупы, забіралі адзенне. Праўда, частку дабра пакідалі.

Праз колькі дзён у вёсцы стала ціха: ніякага тлуму, ніякага гамузу, ні скрыпу саней, ні галасоў, ні гармоніка. Нават сабакі сціхлі, адпачывалі ад вэрлаху і гвалту. Партызаны некуды зніклі. Без іх у насталай цішыні стала страшна. Тата ўсё часцей станавіўся тварам на покуць і са стогнам маліўся на абразы. Партызанская разведка дакладна ведала, калі пачнецца аблава, з якіх месцаў і якія сілы немцаў пойдуць у наступленне на партызанскую зону. Разумны Васіль Захаравіч Корж загадзя падрыхтаваў абозы і напярэдадні выступлення немцаў вывеў свае атрады з акружэння без бою праз балотны масіў Грычын у Ганцавіцкі раён. У выніку аперацыі ні партызаны, ні немцы страт не панеслі. Велізарныя страты былі нанесены мірнаму насельніцтву. Агнём і мячом прайшліся немцы па тэрыторыі рэгіёна, не сустрэўшы ніякага супраціўлення, а вяскоўцаў немцы шмат настралялі. Партызаны выйгралі кампанію без бою.
 

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.