На парозе Палесся

На парозе Палесся

05.02.2014

Якая гэта радасць хадзіць у турпаходы! Заўсёды зборы выклікаюць прыемнае хваляванне, узнімаюць настрой. Кожны раз, вярнуўшыся з паходу дадому, не магу пазбавіцца ў першыя дні ад непрыемнага адчування кватэрнай цеснаты і абмежаванасці – сцены ціснуць на мяне. Мусіць, ува мне захавалася няўрымслівасць першабытнага чалавека, які бадзяўся з месца на месца, не маючы даху над галавой.

Летні дзень доўгі. Таму мы палічылі магчымым адправіцца ў далейшае плаванне па Случы пасля работы ў пятніцу, 8 чэрвеня 1991 г. Да вечара вунь колькі можна праплысці!

Не забылася, з якім інтарэсам нядаўна разглядалі нас слуццакі. А вось старобінцы, калі мы выцягвалі з аўтобуса свае клункі, ніякай увагі нашым персонам не ўдзялілі. Мы без турбот паклыпалі ў парк на бераг Случы.

Чытачы, пэўна, заўважылі, што ў нас з Леанідам Круковічам склалася пэўнае раздзяленне працы ў часе плавання. Лодку для спуску на ваду рыхтуе ён. Хто рабіў водныя паходы, ведае, як няпроста захаваць ад намакання маёмасць, прадукты, адзенне, пасцель, палатку, фотаапараты. Леанід даўмеўся прымацоўваць да лодкі накрыўку з плёнкі і прыдумаў спосаб размяшчэння рэчаў на носе лодкі. Знешні выгляд судна пагаршаўся, асабліва на фотаздымках, але ўся экіпіроўка даволі надзейна засцерагаецца ад вады.

Бераг Случы ўсыпаны смеццем, пераважна бітым шклом. Вады няшмат, плынь слабая. З боку жылых кварталаў праз парк некалі цёк жвавы ручай. Ён пачынаўся ў балоцінах паміж Старобінам і в. Сыцянец. Пры ўпаданні яго ў Случ на пачатку 60-x гадоў была пастаўлена сярод маленькіх дрэўцаў скульптура: фігурыстая дзяўчына, раздзеўшыся, прысела на калена і, перш чым увайсці ў ваду, пачала прышпільваць косы.

Старобінскаму парку пашанцавала на скульптуру. Метраў за 20 ад бетоннай дзяўчыны спінай да яе стаіць бетонны Ленін. Удзячныя старобінцы паднялі правадыра пад кроны высокіх таполяў. Шапка не ўтрымаецца на галаве, калі захочаш паглядзець, і святло зверху заслепіць вочы.

Збоку яшчэ адзін помнік: бронзавы дасціпны, па-мастацку выразны бюст. На п"едэстале подпіс: «Гуляеў Дзмітрый Цімафеевіч – Герой Савецкага Саюза, камандзір 101-й партызанскай брыгады імя Неўскага. 1915–05/09.1943».

Тут дарэчы заўважыць, што ў Старобіне ёсць яшчэ адно памятнае месца: у двары былой сярэдняй школы – магіла змагара за Савецкую ўладу на Старобіншчыне, бальшавіка, арганізатара Чырвонай Арміі ў Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай абласцях Іларыёна Мікітавіча Дрызгаловіча, расстралянага белапалякамі ў 1919 годзе.

Новая эра ў Старобіне пачалася мірна. Сцюдзёным асеннім надвячоркам, спатыкаючыся на храпах дарогі, жыхары мястэчка разыходзіліся па хатах. Тут толькі што закончыўся мітынг. Вайсковы чалавек, член валасной партыйнай ячэйкі, па прозвішчу Русін (ініцыялаў ніхто не памятае, магчыма, гэта ўтварэнне ад слова «рускі» – тагачасныя старобінцы, не ў прыклад цяперашнім, гутарылі на роднай беларускай мове) гаварыў, што ў Расіі ідзе сацыялістычная рэвалюцыя, у новай улады яшчэ многа ворагаў, іх трэба біць і згуртоўвацца вакол Саветаў. Затым на калёсы ўзлезла жанчына. Яна была ў скуранцы і гаварыла зычна. Гэта ўзрушыла старобінцаў. Глядзі ты, жанчына, а гэтак смела, гэтак зацята агітуе супраць капіталістаў і памешчыкаў за Савецкую ўладу!
– Толькі бальшавікі прывядуць працоўных да шчаслівага жыцця! Не шкадуйце капіталістаў і памешчыкаў, захоплівайце зямлю панскую, рэжце панскі лес!

У студзені 1919 г. быў створаны Старобінскі валасны рэвалюцыйны камітэт.

Старобін – старажытнае паселішча Слуцкай зямлі. У 1612 годзе Ленін на Случы і Старобін былі ўжо мястэчкамі (невялікімі гарадкамі, дзе жылі рамеснікі) і належалі разам са ўсім Слуцкім княствам Янушу Радзівілу. Аб гэтым упамінае А.П. Грыцкевіч («Древний город на Случи». Мн., «Полымя», 1985, стар. 14).

Не магу ўстрымацца ад спакусы прывесці выказванне аб Старобіне знакамітага вучонага XIX ст., этнографа і гісторыка А.К. Кіркора, які лічыў, што Старобін з"яўляецца «канцом свету» і далей па Случы людзі не жывуць «Недалеко отсюда (ад Ляхавічаў) местечко Старобино, последняя населённая местность при реке Случь, ибо далее берега этой реки вовсе не заселены» (Живописная Россия. Белорусское Полесье. С-Петербург, 1882, стр. 372.).

У Салігорскім краязнаўчым музеі захоўваюцца выпіскі з архіўных матэрыялаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Беларусі, зробленыя старшым навуковым супрацоўнікам Ларысай Іванаўнай Бойка. З яе ласкі я атрымаў магчымасць прывесці некаторыя звесткі пра жыццё старобінцаў больш ранняга часу. Вось, напрыклад: «Инвентарь о вольных людях и крестьянах местечка Старобина, составлено 4 июля 1846 г. Вотчинное владение князя Льва Петровича Витгенштейна». Паведамляецца, што ў Старобіне тады быў саляны магазін і два запасныя магазіны для ссыпкі і захоўвання зерня на непрадбачаныя выпадкі. Жыхараў было: прыгонных – 219, яўрэяў – 240, вольных – 10. Улічваліся, мабыць, дарослыя мужчыны, бо ўсіх двароў было 166, з іх жыдоўскіх – 98.

Цікавасць уяўляе і такі архіўны дакумент:

«Обязанности жителей м. Старобина.
1. Как крестьяне, так и евреи чинш, и всякий сбор денег ежегодно обязаны вносить в Старобинское Подловецтво в день святого Мартина…
3. Ссыпку хлеба в сельский запасный магазин крестьяне срочно обязаны производить, и ночью караул при оном отправлять…»

У Старобіне ў 1846 годзе былі вуліцы: «Слуцкая, Становицкая, Базар-церковь с приходским домом, Поварчицкая, Милковицкая, Школьный двор, Морочская, Карпиловская, Надбрежная». Усе назвы, як бачым, натуральныя, мясцовыя, не занесеныя звонку – ад другіх народаў ці грамадстваў.

У Старобінскую воласць згодна «Списку волостей, обществ и селений Минской губернии на 1 января 1870 г.» уваходзілі «сёла и деревни: Саковчи, Язавичи, Листападовичи, Паварчицы, Капацевичи, Ясысавнчн, Довгая, Махновнчн, Чырванадворцы, Дубен, Мнлкавпчп, Крывнчн, Завшпцы, Бранчицы, Пиваши, дер. Чапели, Жабин, Чыжэвичи, Мецявичи – всего 19».

Яшчэ адзін дакумент:

«Описание церквей и приходов Минской епархии. Мн., 1879. Слуцкий уезд, Старобин.

Местечко Старобин… расположено в местности, окруженной лесами, орошаемой одною из болотистых рек Случью, при военно-коммуникационной дороге из местечка Турова в г. Слуцк… А в самом местечке в весеннее и осеннее время грязь непроходимая. Местечко это населено множеством евреев и в нем находятся 3 еврейские синагоги».

Цэркваў у гэты час было дзве. Цытуем далей: «Ведя замкнутую земледельческую жизнь и стоя на низкой ступени умственного и обшественного развития, прихожане… довольно религиозны, усердно посещают церковь…

При церкви имеется церковно-приходское попечительство и в м. Старобин – штатное народное училище. Есть также деревенские школы, для обучения молитвам и началам грамоты. Число грамотных 3 процента».


Як бачыце, старобінскія местачкоўцы нечым не дагадзілі абмежаванаму царскаму чыноўніку, які складаў гэтыя паперы. Жыў за іх кошт прыезджы, а слова добрае сказаць не змог пра мястэчка.

Усім нам за асвету трэба дзякаваць новую эпоху і ўладу. Я б не мог крытыкаваць ні сябе, ні начальства, каб быў сярод тых 97 % няграматных. Таму хоць і адзначаю недахопы і хібы нашага часу, я ведаю: плюсаў у новага жыцця – болей!

У 1886 годзе ўраджайнасць у Старобінскай воласці была 4150 пудоў з дзесяціны, а насельніцтва налічвалася: мужчынскага молу – 4824, жаночага полу – 4994.

У 1909 г. у Старобіне было 280 двароў і жыло 1773 чалавекі. Да рэвалюцыі ў Старобіне мелася піларама. У 1921 годзе Старобінская школа зрабіла першы выпуск вучняў сёмага класа, 1 мая 1933 г. тут загарэлася лямпачка Ільіча.

Варта сказаць некалькі слоў і пра паходжанне назвы Старобіна. Погаласка, нібыта тут жыў карчмар стары Бін з дачкой. Ад гэтага і пайшла назва паселішча. Але думаецца, калі была карчма, то паселішча ўжо мела назву. Ёсць яшчэ адна легенда: нібыта ў ваколіцах Старобіна пахаваны сто рабынь. Сапраўды магло быць, што ў час аднаго з набегаў на беларускія землі татары захапілі ў палон групу жанчын. Ратуючыся ад пагоні, яны маглі ўчыніць крывавае злачынства – забіць іх, каб нікому не дасталіся. I магіла іх нібыта знаходзіцца ў раёне салігорскіх санаторыяў «Бярозка» і «Жамчужына». Тут ёсць гара, якая называецца Стомагіла.

У «Кратком топонимическом словаре Белоруссии» В.А. Жучкевіча (Мн., БГУ, 1974) сцвярджаецца, што ў аснове назвы Старобін ляжыць асабістае імя Староба. Але тады было б Старобаў ці Старобічы. Тут якраз да месца будзе прыгадаць верш салігорскага паэта, настаўніка Анатоля Крывіцкага «Майстры»:

 

Майстрамі славіўся Старобін –
Рабілі дугі, хамуты.
Старобін… Мо ад слоў «Што робіш!»
Яму імя далі тады.


Вадзілі коней аж з-пад Слуцка
Падкоўваць да яго майстроў.
Бо тут рабілі ўсё па-людску –
Ніхто гарачкі не пароў.


Умелі шанаваць гасціннасць,
А частавалі – чым маглі:
Гасцям духмяную вяндліну,
Мёд хмельны з пограбаў няслі.


Майстры тутэйшыя удала
Маглі і іншае рабіць:
Зазвоняць іхнія цымбалы –
У скокі просіцца любы.


А заспявае скрыпка тонка –
Ураз расчуліцца душа…
Тут вечнай мудрасці скарбонка –
Дарэмна чэрпай, без граша.


Майстроў тых слава не завяне –
Унукі згінуць не дадуць:
На штурм глыбіняў, як на змаганне,
Шахцёры слаўныя ідуць.


(Газета «За коммунистический труд», № 78, 1968.)



…Ручай, што звінеў у парку трыццаць гадоў таму, даўно перасох, дрэвы выраслі, а дзяўчына ўсё стаіць на беразе Случы, збіраецца купацца, такая ж маладая і зграбная.

У пачатку 60-x гадоў маладыя клёны і таполі стваралі ў парку ўтульнасць. Летнімі вечарамі ён поўніўся шматлюддзем, на танцпляцоўцы іграла музыка. Удалыя танцоры і спрытныя танцоркі імпэтна круцілі полькі і так грукалі абцасамі, што дрыжэла эстрада, а на бліскучай месячнай дарожцы Случы рабацініліся дробненькія хвалькі.

Натхнёныя музыкай, танцамі, каханнем і цяплом месячнай ночы хлопцы і дзяўчаты разыходзіліся па ўтульных старобінскіх вуліцах і галасіста спявалі, трывожачы сон і абуджаючы мары тых, у каго маладосць «звездой падучою мелькнула» (А.С. Пушкин. «Цыганы»), Самааддана выплёсквалі сваё шчасце ў песнях. З вуліцы Бандараўца неслася «Ой, ляцелі гусі з броду», «Касіў Ясь канюшыну». Уздоўж Чырванасцяжнай плыла лагодная шчымлівая мелодыя:

 

Ці ўсе лугі пакошаныя. Пытаецца сын у маці,
Ці ўсе сенажаці? Каторую браці.


 

Або ляцела:

 

Ой, рэчанька, рэчанька Лю-лі, лю-лі, лю-лі,
Чаму ж ты няпоўная? З беражком няроўная.

 

Я пішу аб гэтым таму, што частка і маёй раскіданай па многіх месцах маладосці засталася тут. У Старобіне ў мяне была дзяўчына, пяшчотная, нібы летняя ночка над Случчу, і адкрытая душой, як белая лілея на слуццанскім плёсе. Чырванасцяжная – гэта і мая вуліца. Вяла яна ў Салігорск, дзе я працаваў шафёрам-экспедытарам хлебнай машыны. Мне трэба было пешадралам вярнуцца сюды, прыкархнуць трошкі і спяшацца ў Слуцк, каб прывезці салігорцам на сняданак цёплага хлеба і мяккіх булкаў.

А ў Старобіне паступова песні дзяўчатаў і хлопцаў сціхалі. Пачыналі пець пеўні і салаўі ў прырэчных кустах, а неўзабаве за Случчу над лесам разгаралася і цякло ў Старобін святло новага дня.

Цяпер на старобінскіх вуліцах ніхто не спявае, хіба калі заскуголіць магнітафонны замежны джаз. Другія часы – другія песні.

Старобін, як і вёска Мацявічы, Пясчанка (знесена ў 1966 г.), Лістападавічы, прытачна размясціўся на беразе Случы. Тут хапае прыдатнай для сялібаў плошчы, заліўныя лугі давалі добрае сена. За рэчкай шумелі бязмежныя пушчы, на поўдзень і захад распасціраліся некранутыя журавінавыя імхі і балоты, і ніхто не ведаў іх канца.

Для купцоў, што хадзілі па «шляху з варагаў у грэкі», Старобін мог служыць добрым прыстанішчам. У вялікае разводдзе, плывучы на чаўнах напрасткі па абалоні, вынослівым нашым продкам можна было за дзень дасягнуць Старобіна, выйшаўшы ранкам з Буды Грэскай ці з Грэска.

– Ну, што? Давай грузіцца, – кліча Леанід.
– Даўно пара. Сонца на захад павярнула.

Галоўныя рэчы Леанід ужо ўвязаў: правіянт, вопратку, пасцелю. Заставалася дробязь. Лодку падцягваем да вады. Апошні позірк на бераг, ці не забылі што. Леанід адводзіць лодку на глыбіню, залазіць у яе, дае сцячы з ботаў бруднай вадзе. Мне хочацца ўлегцы прайсціся ўздоўж ракі.

І адразу – нечаканасць. Ад парку пачалася з правага боку агараджальная дамба і ўпэўнена папраставала праз абалонь удалячынь, а паралельна з ёю – абвадны канал са сліззю на дне. Значыць, і гэту рэчку ўзялі ў палон. Ёй ніколі тут не разгуляцца ў разводдзе.

Спускаюся з дамбы да рэчкі. На беразе бялее новенькая «Волга». Гаспадар, бадзёры малады мужчына, памыўшы аўтамабіль, калупаецца ў багажніку. Сёе-тое валяецца на траве.

– Многа аддаў за яе?
– Усе грошы.
– Цяпер будзе чым займацца.

Уладальнік аўтамабіля радасна смяецца.

З пакацістага берага ў ваду вядуць адбіткі гумавых колаў. Аказваецца, тут цупкі брод і можна пераязджаць на той бераг. Уперадзе бачу яшчэ адну машыну – новая машына, блакітны «Масквіч». Праз адчыненыя дзверы што ёсць сілы хрыпіць «музыка».

Кампанія з трох чалавек «культурна» адпачывае. Убачыўшы мяне з фотаапаратам, насцярожыліся і перасталі гаварыць, але бутэлек не хаваюць, чакаюць, што я буду рабіць. Леаніда з лодкай ім не бачна з-за травы. Прыходзіцца збочыць са сцежкі, каб не турбаваць выпівохаў. Спінай адчуваю: яны глядзяць мне ўслед і, мабыць, гадаюць, што тут робіць дзівак.

Цывілізацыя засталася ззаду. А што ўперадзе? Іду па сцежцы сярод сакавітай травы. Рэчка закручвае плаўныя павароты. Сцежка знікае. Ісці цяжка. Трава высокая. Праз кожныя 20 метраў на вочы трапляе балончык з-пад аэразолю ці кавалак пенапласту. Шмат плёнкі. Берагі нізкія. Ёсць рэчышчы былых ручаёў. Мой шлях перагароджвае старыца. Прыходзіцца лезці ў лодку. Гэга першая старыца, сустрэтая намі ад вытоку Случы. Усе астатнія загладжаныя бульдозерам.

Свеціць сонца. Цёпла. Настрой бадзёры, нават радасны.

I вось Старобіна не бачна. Нечакана рака раздвоілася. Цячэнне рэзка завярнула ўлева і выпрамілася ў доўгае, кіламетры са два, шырокае рэчышча. Берагі высокія, бугрыстыя, аброслыя кустоўем і маладымі дрэўцамі.

– Вось і добра, – кажа Леанід. – Па прамым рэчышчы хутчэй даплывом да лесу.

А мне нешта не падабаецца. Адчуваю, тут штосьці не так, не падобна на рэчку. Углядаюся ў берагі і здагадваюся, у чым справа:

– Гэта ж канал!
– Скуль тут быць каналу?


Сапраўды, адкуль? Але хіба зблытаеш канаву з рэчкай? Бугры на беразе – выкінутая экскаватарам балотная зямля. Цячэнне вады амаль спынілася. Лодка ідзе павольна. З-за высокіх берагоў не бачна ваколля.

Каб мець больш пэўнае ўяўленне аб месцы, дзе знаходзімся, мне прыходзіцца вылезці на бераг. Леанід плыве ў лодцы. Лес, убачаны здалёк, аказаўся высокім выступам левага берага рачной даліны са старымі, па некалькі сотняў год, хвоямі. У цяперашніх лясах такіх старажытных дрэў няма. Толькі на кладах у в. Крывічы ёсць такія хвоі. Тут, ля Случы, іх не спілавалі, бо сюды цяжка дабрацца. Не іначай. Канал рассек выступ, акаліўшы бялюткі дробны пясок.

– Што там? – пытаецца знізу Леанід.
– Пясчаная града, намытая Сожскім ледавіком. Тут быў самы паўднёвы яго край.

Леаніда не цікавяць ледавікі:

– У нас што ні начальнік, то і самастойны, і дурань, – лаецца сябра.

Мне спадабалася абагульняючае дасціпнае выслоўе Леаніда. На жаль, уставіць яго ў тэкст нельга. Сапраўды, што з таго, што выпрасталі некалькі кіламетраў ракі. Дзеля чаго – невядома. Лепш бы за тыя грошы кіламетр дарогі зрабілі.

– Ніколі мы не будзем добра жыць, – горка разважае ўслых Леанід. – Кожны начальніцкі пень паразумнее толькі на старасць. Яго знімуць ці павысяць, а тутэйшаму чалавеку пасля яго пакутуй.

Наперадзе зноў лес. З левага боку – бераг рачной даліны, з правага – востраў.

– Начаваць трэба тут, – упэўнена прапануе Леанід. – Далей цяжэй будзе знайсці месца.

Пасярод вострава дубы расступіліся, утварылі зялёную паляну. У цэнтры яе – вогнішча, раскіданыя галавешкі. Аўтамабільныя каляіны вывелі на дамбу, бясспрэчна, тую самую, пачатую ў Старобіне. Адзін дуб на беразе ракі – сапраўдны патрыярх, гадоў 600 узросту. Заўтра ў сонечным святле яго трэба сфатаграфаваць у газету. Пад дрэвамі – арэхавыя кусты… I ландышы! Проста цуд! З усіх кветак мо найбольшае замілаванне выклікаюць у мяне ландышы. Якая дасканалая дасціпнасць формы! Колькі грацыёзнасці і адначасова пяшчотнай сціпласці ў гэтай кветцы. Пабыць у такім месцы – свята для душы!

З горыччу зноў падумалася пра такія вось мясціны. Гэты маляўнічы кавалачак Беларушчыны сапраўды можна лічыць ужо рэліктавым. Сюды і дабрацца не проста, мала каму ўдасца, як нам. Ды і стала менш вабіць людзей улонне прыроды – па тэлевізару гужам пайшлі серыялы, фільмы «жахаў», баявікі з бясконцымі забойствамі. На ўвесь тыдзень бярэ ў палон тэлепраграма. Нават газеты многія купляюць з-за аднае праграмы.

Вось толькі ці самі людзі абралі ўсё гэта для сябе. Мо таму і перастае многіх вабіць прырода, што лясы ператварыліся ў звалкі для смецця, а рэчкі – у смярдзютныя сцёкі бруду. Боязна аднаму ісці ў лес, боязна набраць грыбоў ці ягад – хто ведае, колькі там радыяцыі. Ды і грыбных, ягадных месцаў стала ой як менш! Дзе пачалі пераўтвараць прыроду меліяратары-гідравадгасаўцы, ягаднікаў ужо няма…

На ландышавым востраве нас падпільноўвала нечаканасць – камары. Тысячы іх кінуліся ў атаку на нас. Давялося спешна ставіць палатку. Сяк-так павячэралі – і пад яе ахову. А камары, ударыўшы ў звоны, акружылі палатку і пачалі падпільноўваць нас.

Прачнуўся ноччу. Па брызенце хвастаў дождж, гулка шумеў у лістоце дубоў. Пачаўся ён даўно, бо за палаткаю булькалі ў лужыне дажджавыя кроплі. Правае плячо, датыканае да тканіны палаткі, намокла.

Эге, справа дрэнь. Схованка не ўратуе. Боты стаяць ля палаткі халявамі ўверх, рукзак зусім пасярэдзіне вострава. Пакеты з канцэнтратамі і хлеб не накрылі. Яшчэ што мокне? Адразу не ўспомніш. Што рабіць? Вылезці, сабраць рэчы?

Наша палатка аднамесцавая. Спаць кладземся так: спачатку запаўзае, папярэдне запхнуўшы надзіманы матрац і пасцелю, адзін з нас. Затым, ледзь не разрываючы палатку, аперацыю паўтарае другі. Месца нібыта хапае абодвум. Вылезці цяпер з палаткі – значыць зрабіць яе дзіравай. Тканіна не прапускае ваду, пакуль да яе не дакранешся. Будзь што будзе – заснуў.

Калі прачнуўся зноў, у палатку нясмела запаўзала святло. Дождж шуміць, як і ноччу. Непрыемны халадок ад мокрага адзення чуе ўся правая рука і часткова бок.

– Я даўно не сплю, – хваліцца Леанід.
– І да чаго дадумаўся? Што будзем рабіць?
– Пачакаем. У такі дождж якая работа?

Уключаем радыё. У свеце шмат падзей, кіпіць бурнае жыццё. А мы ўдвух на востраве. Ляжым у прамоклай палатцы. Да музыкі радыё прымешваецца музыка дажджу. Ля саменькай галавы булькоча вада.

– Як добра, што ёсць палатка, – пашавельваецца Леанід. – А першыя падарожжы я зрабіў без палаткі. Спаў у лодцы. Сплю, а лодка плыве. Ля вёскі Вільча такі дождж мяне прыхапіў! Прамачыў на ніткі! А ў палатцы – любата! Цёпла, суха.
– Не зусім. У мяне ўвесь бок мокры. I рукаў.


Леанід мацае сваю пасцель – і адразу рэзка адсоўваецца ад сцяны. Падымае ражок ватняе коўдры – з яе капае вада! Наша становішча такое, што нават выглянуць на двор нельга. Ляжы, не варушыся – і ўсё. А час ідзе. Ужо дванаццаць гадзін дня.

– Давай вылазіць.
– А куды дзецца? Пад ландышы? Тут лепш, чым там.
– А калі не перастане, так і будзем ляжаць? – настойвае Леанід. – Трэба плысці.
– Перастане. Неба не чалавек, доўга не шкодзіць. Чуеш, дождж ужо не так пляжыць.


Чалавек не можа ляжаць доўга ў адной позе. Жыццёвыя працэсы прымушаюць да руху: то рука знямела, то нагу інакш пакласці хочацца – проста не ўцярпець. Кожны неасцярожны рух – «дзірка» ў палатцы. Іх ужо некалькі. Бліскучыя кроплі адрываюцца ад брызенту і знікаюць, упаўшы на аднаго з нас. У вадзе ляжаць страшна. На дне палаткі вада. Нас выратавалі надзіманыя матрацы. А дождж сапраўды патроху здрабнеў.

– Трэцяя гадзіна – трэба вылазіць.

Вылезлі. Выліваю ваду з ботаў, абуваю на босыя ногі. Калоцяць дрыжыкі. Леанід назірае, што я раблю. Ён свае боты схаваў пад плёнку. Цяжкія кроплі атрасаюцца і хломкаюць уніз з дрэў. Высветленыя знутры гараць вадзяныя шарыкі ў лісцях ландышаў. Прырода красуе ў любое надвор"е. А чалавеку няўтульна ў мокрым лесе. Куды ні ступі – вада: буйныя кроплі падаюць зверху, закрануў галінку – пырсне вадзяным холадам, ступіў у траву – намок па калена.

Месца, дзе стаіць мокры дуб-волат, выглядае панура і цёмна. Надзеі на выразны здымак няма. Хмары пасвятлелі. Рыхтаваць сняданак, хоць прыйшоў час абеду, няма калі. Сёе-тое перахопліваем на хаду – і спяшаемся рушыць далей. Адплываючы ад ландышавага мілага вострава, мы назаўжды хочам пакінуць тут мокрую няўтульнасць жыцця.

Дождж сціх. Паверхня ракі свеціць срэбрам. Пейзажы дораць добры настрой. Нізкія берагі аздоблены высокім радасным разнатраўем, кустамі парэчак і каліны з белым цветам. Гэта абалонне. З бакоў цямнее лес. Там берагі рачной даліны. На гэтай прасторы, ад лесу да лесу, Случ адчувае сябе поўнай гаспадыняй. Яна робіць самыя мудрагелістыя павароты. Калі сказаць па-навуковаму – меандруе. Нібы цыганка ў танцы, выкручваецца сярод травастою, нястрымна кідаючыся ад аднаго берага даліны да другога. Часцей трапляюцца старыцы, часам заплытыя торфам.

Гэта ўжо не тая рэчка, якую мы бачылі ля Слуцка, і не тая, што была да меліярацыі ў вярхоўях. Тысячагоддзямі там яна прабівалася сярод лясістых балот, утвораных пасля Сожскага ледавіка. Балоты цягнуліся да водападзелу з Нёманам і Пціччу. З гэтых балот, як галіны ў ствол дрэва, упадалі ў Случ маленькія рэчачкі. Іх супольнай працавітасці не хапіла, каб за сто тысяч гадоў вымыць у зямлі рачную даліну.

Ва ўсіх рэках ёсць такія даліны, а бедная мілая Случ практычна там, на Случчыне, не мае. Цячэ прама па зямлі.

Бераг даліны па-навуковаму называецца надпоймавай тэрасай. Рака, паглыбляючы даліну, можа ўтварыць некалькі тэрас. У месцах, дзе мы зараз плывём, Случ мае адну надпоймавую тэрасу. Яна ўтварылася з часоў Бярэзінскага ледавіка (400 тысяч гадоў назад). За гэты час Случ, як дбайная гаспадыня, няраз прамывала належную ёй плошчу, пракладвала па даліне новыя рэчышчы, ранейшыя ператварала ў старыцы. Яна падкрадвалася да надпоймавых тэрас, падразала іх, метр за метрам адваёўвала для сваёй даліны новыя плошчы.

Цяпер шырыня даліны – каля кіламетра. Рака, хоць і аслабела за апошнія дзесяцігоддзі, працягвае вечную працу: то тут, то там падбярэцца да берага даліны і дзелавіта крышыць яго. Падмытыя дубы і вольхі валяцца ў ваду.

Абалонь – выдатныя сенакосы. Яны асвоены чалавекам шмат стагоддзяў таму.

Але яшчэ захоўваліся месцы некранутыя, дзе раслі дуб, вяз, ясень, граб, вольха. Пасля будаўніцтва Салігорскага вадасховішча (1964–1967) гідралагічны рэжым Случы парушыўся. Нястала шырокіх разліваў, затое разліў здараецца часцяком пасярод лета. Нядобрая рука чалавека зрабіла сваю справу – дрэвы ў рачной даліне і па берагах яе загінулі. Стаяць без голля сухія аблупленыя ствалы, цэлыя могілкі дрэў. Асабліва шкада дубоў. Многія з іх упарта змагаюцца за жыццё: хворыя галіны выкідваюць маладыя парасткі, імкнуцца стварыць зялёную крону ў мёртвым сухім голлі. Яшчэ некалькі гадоў – і гэтая барацьба за існаванне скончыцца смерцю дрэва.

Упаўшыя ствалы перагароджваюць нам шлях, пераадольваць перашкоду трэба асцярожна, каб не пашкодзіць лодку. Вада стала празрыстая. Ці дождж прамыў раку, ці хутчэй ад усяго муць, што ідзе ад Старобіна, асадзілі і прафільтравалі водныя расліны. Нашы ратавальнікі загладжваюць нашу віну і памылкі.

У паветры пацяплела, высыхае раса. Здавалася, вось-вось паміж воблакамі пакажацца сонца. У адным месцы рэчка падышла да лесу. Захацелася сфатаграфаваць лодку з Леанідам сярод высокіх траў і зараснікаў на фоне гмахкіх дрэў. Праплылі трохі ўперад, прысталі да берага, але выйсці з лодкі і стаць на беразе аказалася не так проста. Месца пад нагамі прагінаецца, у прагін цячэ з усіх бакоў вада. Вакол мяне з клекатаннем і шыпеннем вырываюцца з вады бурбалкі балотнага газу. Я разам з травой апускаюся ўсё ніжэй і ніжэй. Спляценне з карэнняў траў вось-вось прарвецца пад нагамі і я шухну ў чорную твань нямаведама на якую глыбіню. Выратаванне бачыцца ў адным – хутка перайсці на другое месца. Але і там – такая ж прагіністая коўдра, што плавае на тарфянай калатушы.
Тут ужо не да выбару ракурсу, здымаю як даводзіцца – і хутчэй з дрыгвы ў лодку.

Плывучы, размотваем адзін за другім павароты ракі. I вось бачым з правага боку паверх траў кусты арэшніку і дрэвы. Ёсць зямля, сухагруд. Выходзім. Гэта яшчэ адзін востраў: утульнае месца, мяккая трава, кветкі. Але і тут ёсць аўтамабільная каляіна, якая выводзіць на дамбу.

Пасля працяглага сядзення ў цеснай лодцы з задавальненнем тупаем па цвёрдай зямлі. Дамба, што суправаджае раку ад Старобіна, утыркнулася ў востраў і пабегла праз яго далей на поўдзень. За ёю – канал, а там – шырокая прастора асушанага абалоння і прылеглых балотаў. Ля далёкага лесу – блакітны будынак перапоўненай станцыі. Гэта – польдэрная сістэма. Там дзяжурыць чалавек і ў патрэбны час уключае электрапомпы: пераганяе ваду з каналаў праз дамбу ў Случ.

Плывём далей. Рэчка хаваецца ў зараснікі. Плывеш сярод іх і губляеш адчуванне часу і адлегласці. Нарэшце адкрываецца шырокі прагал.

– Глядзі: раздваенне. Куды плысці?

Гэта Арыштанцкі канал. Ён наўпросціць, а Случ пайшла ўправа. Леанід ажыўляецца. Ён тут спыняўся і рабіў фотаздымкі. Прыпыніцца трэба і зараз.

– Месца вартае таго, каб удзяліць яму ўвагу, – падтрымліваю я прапанову сябра.

Вылазім на цвёрды бераг. Здымаем. Канал пракладзены ў дарэвалюцыйны час, магчыма ў канцы мінулага стагоддзя. Яго берагі абраслі вялікімі дрэвамі. Капалі рыдлёўкамі зняволеныя. Таму і назва – Арыштанцкі. Гнілі няшчасныя ў балотнай твані, кармілі камароў, мерзлі ў маразы і завеі. Пачынаецца ён ад Случы насупраць вёскі Мазуршчына і кіламетраў праз 12–15 зноў упадае ў Случ.

Каму і нашто спатрэбілася выконваць грандыёзную па тых часах работу, невядома. Можна меркаваць, тагачасныя меліяратары хацелі асушыць Слуцанскае абалонне ў гэтых месцах. А вынікі іх працы? Адна шкода прыродзе. Вялікая чалавечая праца зрабіла вялікую шкоду.

Як бачым, даўнейшыя меліяратары і цяперашнія сходныя, лічылі чужую працу таксама сходна, вынікі таксама сходныя – блізкія да нуля. Можна ўявіць, у якіх умовах працавалі людзі. Патаналі ў балотнай твані, пакутавалі ад камароў, цярпелі ад марозаў і завеяў. Ніхто не шкадаваў іх, не чуў іх плач і стогны? А самае крыўднае, што велізарная работа была непатрэбная. Пракладка канала нанесла непапраўную шкоду прыродзе і маралі людзей. Быць жа не можа, каб ніхто не разумеў: пераліваюць ваду ў рэшата. Не праца – пустата.

Случ, у якой забралі большую частку яе багацця, страціла сілу, яе рэчышча засялілі водныя расліны, яшчэ больш перашкаджаючы аслабеламу току вады. А пасля будаўніцтва вадасховішча ў Салігорску рэчка стала зусім гінуць. Як бачна, імкненне бяздарна перарабіць прыроду было ў чалавека і ў ранейшыя царскія часы, якія хто-ніхто з розуму ці ад дурнаты спрабуе ўхваляць. На мой погляд, Арыштанцкі канал трэба засыпаць у самым пачатку і пусціць усю ваду па Случы.

У прыродзе, як і ў чалавечым грамадстве, адно гвалтоўнае парушэнне выклікае другое (часта непрадбачанае), а тое ў сваю чаргу трэцяе і г. д. А вяртанне да ранейшага стану немагчыма. Таму ніколі ўжо ў гэтых месцах на берагах Случы не вырастуць магутныя дубы, як ніколі ў нашай краіне, хто б ні ўзяў уладу, не вернецца былая камуністычная сістэма грамадскіх адносін. Што б ні было, гэта будзе нешта новае, будзе іншы стан грамадства.

Параіўшыся, прыходзім да рашэння: трэба плысці не па Арыштанцкім канале, а па Случы. Мы ж давалі сабе абяцанне не здраджваць ёй, а праплысці ўсё, не мінаючы ніводнага метра. Вяртаемся.

Рэчышча падбегла да правага берага даліны, дзе пад дубамі бачны пабудовы былога Мазуршчынскага піянерскага лагера, і зноў схавалася ў высокіх травах, з якіх тырчаць ствалы загінулых дрэў. Нібы пасля атамнай вайны. Крый Бог! Назва вёскі Мазуршчына паходзіць ад слова мазуры. Так на Беларусі зваліся этнічныя групы палякаў.

Наблізіўся вечар, прыглядваем месца для начоўкі. Звычайна мы выбіраем яго прыдзірліва. На гэтым участку сухіх узвышаных берагоў мала. Адно месцейка было, ды нечым не спадабалася Леаніду.

Пасля адводкі Арыштанцкага канала Случ не здольная мяняць рэчышча, меандраваць. Яна цячэ ў рэчышчы, якое было да пракладкі канала. Месцамі яна звужваецца так, што вёслы чапляюцца за прыбярэжнае зелле, і лодка спыняецца. На берагах у гэтых месцах раслі некалі гмахкія дрэвы. Некаторыя з іх, захварэўшы ад змянення гідралагічнага рэжыму, высахлі і пападалі ў рэчку.

У адным месцы пасярод даволі шырокага плёсу з вады тырчаць галіны ўпалага дрэва. Нельга адразу зразумець, з якога боку абмінуць яго. Лодка па інерцыі плыла і спынілася, у штосьці ўпёршыся. Калі напрамак быў выбраны, Леанід грабянуў вёсламі – лодка не хацела плысці. Ён натужыўся, грабянуў яшчэ раз – яна павярнулася…

Далейшае адбылося ў імгненне вока. Раздаўся лёгкі выбух, гума пада мной аслабела, я пачаў апускацца ўніз. Пукатыя бакі лодкі ператварыліся ў анучу, якая ляжыць на вадзе. Наша лодка складаецца з дзвюх аўтаномных секцый. Парвалася тая, на якой сядзеў я. Яшчэ не ўсвядоміўшы, што адбылося, зразумеў: трэба пакінуць судна, каб уратаваць рэчы і Леаніда. Апошнім намаганнем падаю Леаніду рукзак, які трымаў правай рукой, і нагамі ўніз ссоўваюся ў ваду. Левай рукой падымаю ўверх два фотаапараты, што віселі ў мяне на шыі. Стаў на ногі – глыбіня да пояса. На дне – бярвенне і ламачча. Я не магу цвёрда стаяць і баюся ўпасці. Ад доўгага сядзення ў лодцы здранцвелі ногі. Да левага берага ўсяго 3–4 метры, а прайсці іх па затопленым ламаччы цяжка, не адчуваючы моцы ў нагах. Леанід, як індыйскі бог, сядзіць нерухома на сваім месцы і моўчкі пазірае на мяне.

На дно лодкі мы заўсёды кладзём надзіманы матрац, які разам з другой паловай лодкі зараз трымае Леаніда і ўвесь груз на плыву.

– Пайду на бераг. Панясу апараты, – кажу я. – Толькі каб не ўпасці.

Да Леаніда не даходзіць сэнс маіх слоў. Ён не разумее, чаму я магу ўпасці. А мне няма калі растлумачыць, што пад маімі нагамі ламачча. I я пайшоў. На беразе зелянеюць некалькі маладых ясеняў, вербаў і алешын. Пад імі – высокая крапіва. Памалу, вобмацкам іду. Адной рукой трымаю фотаапараты, другой – задзіраю ўверх фуфайку. Бліжэй да берага дно пад нагамі чыстае, але паглыбела, і фуфайка знізу намакае. Вылез на бераг, абмяў крапіву, каб не пякла ў твар, павесіў на галіну фотаапараты, зняў фуфайку.

I зноў, на гэты раз смела, палез у рэчку вызваляць Леаніда. У вадзе бачу ствол паваленага ясеня. Гэта яго галіны тырчэлі ўверх, а адна, у вадзе, была зламана. На яе востры тырчак напаролася лодка. Пакалечанае, але не патанулае судна разам з гаспадаром цягну да берага. Удвух выгружаем у крапіву манаткі і тое, што засталося ад лодкі.

Між тым вечарэе. Бераг аказаўся сенажаццю, на якой зноў жа гаспадараць камары. У поўнай меры я адчуў гэта, калі зняў з сябе мокрае адзенне. У нас стала шмат мокрых рэчаў, у тым ліку і палатка. Яе трэба сушыць у першую чаргу, бо ў выпадку дажджу не будзе куды дзецца.

Нам усё ж пашанцавала. На месцы бедства і вымушанай высадкі захаваўся леташні адонак – кускі жэрдак, ламачча, на якім складваюць стог сена. Распалілі касцёр, а гэта ўжо не бяда. Адступілі і камары. Знявечаная лодка ляжыць у траве. На яе не хочацца глядзець. Але што ні робіш, вочы міжволі паварочваюцца ў той бок.

– Клей ёсць?
– Ёсць. Але такіх дзірак я не клеіў.
– Э-э, дробязі, – заспакойваю спахмурнелага сябра, – мне і не такое даводзілася клеіць!


А ў самога ўпэўненасці няма. Трэба ж яшчэ высушыць секцыю ўнутры, зачысціць гуму, абмыць бензінам. А дзе яго ўзяць? Дзірка такая, што ў яе пралазіць рука.

Усё развешанае вакол кастра больш-менш высахла, нават палатка. У кішэні маіх штаноў, у якіх я рабіў прагулкі па рачным дне, знаходзім адзнятую фотаплёнку. Большая частка здымкаў – цю-цю!

Пачало цямнець, збольшага павячэралі – і спаць! Камары ўзнялі над палаткай неймаверны звон.

Ранішняе святло асцярожна пачало струменіцца ў палатку праз сетку-акенца, як Леанід разбудзіў мяне:

– Хопіць спаць. Давай брацца за справу.

«Брацца за справу» – значыла рабіць нешта з лодкай.

У нашым становшічы многае залежыць ад надвор"я. А якое яно будзе, ніяк нельга вызначыць: уверсе суцэльныя шэрыя хмары. Такая нахлупіца! Радыё наша маўчыць, мабыць, падмокла.

Нікчэмную аперацыю – падрапаць латку і гуму вакол дзіркі – цяжка выканаць без прыстасавання. Але ж нездарма гавораць: голь на хітрыкі здольная. У бляшаначцы з-пад кансерваў робім шылам дзірачкі, яна і стала тарачкай. Аперацыя па зачыстцы гумы набліжалася да канца, як пачалі падаць рэдкія кроплі. Над «майстэрняй» хуценька нацягваем плёначны дах. Праца працягваецца.

I вось – урачысты момант: прыкладванне латкі. Леанід на лопасці вясла распраўляе прарванае месца, а я прыціскаю латку. Ці прыклеіцца? Ці будзе трымацца? Прыклеілася! Надзьмулі паветрам – трымаецца!

– Што будзем рабіць?
– Паплывём! – цвёрда настойвае Леанід.
– Згодны. А пачне выходзіць паветра – вылазім на бераг і дадому.


Пасля дожджыку, які намачыў траву, кусты і нашы рэчы, уверсе пасвятлела, сталі выдзяляцца аблокі. Здавалася, выб"ецца на сонца. Поспех у рамонце судна акрыліў нас, вярнуў аптымізм. Аказаўшыся на вадзе і ўпэўніўшыся ў надзейнасці лодкі, зусім узбадзёрыліся.

Было каля 10 гадзін раніцы. Не паспелі праплысці і 200 метраў, як па вадзе зацюкалі, утвараючы бурбалкі, буйныя кроплі. Дождж увачавідкі набіраў тэмп. Хуценька накрываем лодку плёнкай, а сябе – плашчамі. Дождж густа зашумеў у траве, у лісцях дрэў і кустоў, зашлапацеў па плёнцы. Вакол пацямнела, а зверху нібы прарвалася неба, паліліся струмені вады. Зверху – вада, з бакоў і знізу – вада. З нашых плашчоў і па плёнцы з лодкі цякуць цэлыя ручайкі.

Пейзаж ранейшы. З абодвух бакоў – высокія травы, з якіх вытыркаюцца мёртвыя дрэвы, а часам пападаюцца і зялёныя, а на вышэйшых месцах – нават цэлыя гаі з дубоў, ясеню і нават вязу. Случ, як і раней, кідаецца то ўлева, то ўправа да самай дамбы.

Мы плывём. I рабіць нічога другога нельга. Выйсці на бераг і схавацца няма дзе. У высокіх балотных зарасніках якая схованка? Толькі на рацэ, толькі на вадзе ёсць у нас засцярога ад вады.

Такі дождж на Палессі называюць спад. Вада нібыта спадае з хмар. Звычайна ён цягнецца нядоўга. А тут плывём кіламетр за кіламеграм, а ён лье. Недзе загрукатаў глухі гром. Дзіўна, што ў паветры можа ўтрымлівацца такая колькасць вады. Праўду кажуць, што ў Бога ўсяго многа.

Дождж перашкаджае назіраць за наваколлем. Ні табе павярнуцца ў лодцы, ні азірнуцца, ні руку высунуць з-пад накрыўкі. Яшчэ раней у галаве сам сабой пачаў складацца верш пра Случ. I чамусьці зараз успомніліся яго радкі, і я стаў паўтараць і мяняць у думках іх радкі. Зніклі некуды мокрая няўтульнасць, вадзяны палон, прапала цесната лодкі. Узнікалі новыя вобразы, адшукваліся іншыя словы. Леанід нешта гаворыць, я так-сяк падтрымліваю размову, а паралельна папраўляю свой верш – сваю песню аб Случы.

 

Белая, белая хмарка над лесам
З сонечным ветрам па волі насілася,
Глянула з неба ў сіняе плёса –
Светлыя косы паправіць спынілася.


Срэбныя, срэбныя хвалі,
З красак вянкі – берагі,
Песні саловак у далях, –
Случ мая, край дарагі!.


 

Трэба запісаць верш цалкам, прыдаць яму закончаную форму, назваць яго «Песняй пра Случ» і прысвяціць жонцы Ганне. Яна не менш, чым я, любіць прыроду, цешыцца хараством палескага краю, сумуе ў ростані з ім. У нас ёсць запаветны куточак на беразе Случы ніжэй вёскі Морач. Сюды мы прыязджалі не раз з дачушкай Аленкай, якой споўнілася сем гадочкаў, і жылі ў палатцы па некалькі дзён. I мне надта хочацца, каб у далейшае плаванне па Случы адправіліся разам са мною абедзьве мае жанчынкі.

На свой лёс мы не скардзімся нават у думках. Барацьба з нягодамі і перамога над імі прыносіць вялікае задавальненне і пакідае ўспаміны. Тым не менш так хацелася б убачыць гэтыя месцы ў сонечнае надвор"е. Уяўляю, як плылі тут іншыя людзі. Да 1917 г. па Случы ад Старобіна да мястэчка Ленін сплаўлялі лес. Зрэдку ўверх гналі баржы («барліны») з украінскай соллю.

Дзесьці тут насупраць гэтага месца з правага боку знаходзіцца вёска Жоўты Брод. Там жыве мой сябра, былы настаўнік, а цяпер пенсіянер Іосіф Цімохавіч Хілько. У вайну ён быў камісарам аднаго з партызанскіх атрадаў і заадно выконваў ролю масавіка. Шустры Юзік, так звалі яго партызаны, не лез за словам у кішэню. Прыгожа спяваў, добра іграў на баяне, сам складаў песні, якія любілі слухаць партызаны. Іосіф Хілько і цяпер ахвотна згаджаецца выступаць перад любой аўдыторыяй, нягледзячы на больш чым сталы свой век. Шкада, знаходзячыся побач, я не магу зараз наведаць яго.

Дарэчы, вёска Жоўты Брод пачала сваё існаванне ў 1905 годзе. Адным з яе заснавальнікаў быў бацька Юзіка – Цімох Хілько. У той год некалькі чалавек купілі тут зямлю і сталі навасёламі: раскарчавалі лес, пабудаваліся. Словам, пачалі ладзіць жыццё, палюбіўшы гэты куточак ля Случы.

Прайшло некалькі гадзін. Мы плывём. Ля берагоў стала больш дрэў, у лістоце іх званчэй шуміць дождж. Прыкметна прыбыла вада ў рацэ, ажывілася плынь. Дзіва – наша вопратка і рукзакі ў гэтай паўсюднай вільгаці збольшага заставаліся сухімі, хоць агульная няўтульнасць і дыскамфорт раслі. I ўжо хацелася хутчэй адплысці да доўгаўскага маста, дзе закончыцца цяперашні этап падарожжа. А рэчка ўсё пятляе, нібы выпрабоўваючы нашу цярплівасць і мала прыбліжаючы нас да мэты. I нават калі паказаліся сярод дрэў фермы моста, яшчэ доўга прыйшлося плысці.

Мост надзейна засцерагае ад дажджу. З яго вадасцёкаў з плюскатам льюцца струмені вады. Над галовамі з шоргатам праносяцца машыны. Брудныя пырскі сыплюцца ў ваду каля лодкі. Фіксуем час – 15 гадзін 10 чэрвеня. Аўтобус з вёскі Доўгае ў Салігорск адпраўляецца недзе каля 17 гадзін. Трэба складваць рэчы і, не зважаючы на дождж, клыпаць кіламетра паўтара да аўтобуснага прыпынку.

Ну вось і закончыўся яшчэ адзін этап нашай экспедыцыі. Ён быў самы мокры. Мы прыйшлі на парог казачнага палескага краю. А Случ, якую тут яшчэ не зусім знішчыла цывілізацыя, правяла нас па сваіх уладаннях, паказала пейзажы, якія рэдка хто бачыць, адарыла сапраўднымі прыгодамі. За ўсё гэта дзякуй табе, мая рака!

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.