Адкуль цячэ Случ

Адкуль цячэ Случ

Рака Случ… «Пачынаецца меліярацыйнай канавай за 2 км на Паўднёвы ўсход ад в. Крывая Града».
(Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т 4, стар. 542.)

Дзень другі. Раніца.

Першым пачаў выкарасквацца з палаткі Леанід. Ён прывык рана ўставаць – праца у яго такая – мацавальшчык у горных выпрацоўках – не выпадае позна валяцца ў пасцелі.

Я гадзіну яшчэ б не вылазіў са спальнага мяшка. Адчуваю, што на дварэ знобка, у палатцы холад. Нават і не развіднела яшчэ.

– Прыгажосць якая, што робіцца! – чую голас Леаніда. Шорганне і тупаценне яго ботаў па сухой траве. Ад няма чаго рабіць ён тупае каля палаткі.

Хочаш не хочаш, трэба вылазіць. Сапраўды, усё змянілася. Не першы раз бачу іней, але каб такая шэрань і ў такім месцы! Чорная з вечара ралля за ноч убралася ў прыглушана белы вэлюм. Цьмянае срэбра прыцерушыла і аздобіла траву на беразе канавы. Па нізе – туман, уверсе – неба, такое ж шэрае, варухлівае. Блакітнае, як на палотнах мастакоў сярэднявечча, як вочы хлапчука, якога мы бачылі ўчора ў вёсцы Крывая Града. I мяне поўніць пачуццё таямнічасці і ўрачыстай святочнасці.

Замілаванне працінае істоту. Яно не прыкмета сентыментальнасці, а глыбокае пачуццё еднасці з зямлёй, дзе вырас, жыву. Сапраўдны чалавек не можа быць абыякавым да прыгажосці, якой так шчодра адорвае беларуская зямля. Не мае на гэта права! Мноства, мноства думкаў поўніць сэрца, у гэтым бязлюддзі, дзе я сам-насам з такой дзівоснай прыгажосцю навакольнага свету. Са мною праз мілату роднае прыроды шэпчацца яго вялікасць Бог. Не шэпчацца, я не дастойны гэтага – вучыць мяне Бог.

Гаварыць хочацца шэптам альбо крыкнуць на ўсю моц:

– Слава табе, мая раднюсенькая зямля!

Але я кажу другое:

– Нібы з шахты ўсё дасталі.
– Ага, – згаджаецца Леанід.

Хто з салігорцаў не бачыў, як ідуць ад ствала шахцёры? Жмурацца ад святла, а твары, валасы, вопратка прыпарушаныя белым пылам. Як гэтым інеем, што ляжыць на раллі і траве, ля канавы.

– Распальвай касцёр. А я збяру пасцелі, – камандуе Леанід. – Палатка хай пастаіць. Зробім здымкі.

У вандроўках Леанід не расстаецца з «Зенітам». Здымкаў, зробленых у паходах, у яго мноства. Бачылі б вы, з якой асалодай, амаль з дзіцячай радасцю разглядае ён іх! Пра кожны можа расказваць доўга.

– Няхай трошкі павіднее. А зараз можна сфатаграфавацца і пры святле кастра, – згаджаюся я, падпальваючы бяросту.

Бах, бах! Здалёку, праз туман, пачуліся стрэлы. Затым з другога боку яшчэ адзін і яшчэ.

– Што гэта?
– Учарашнія паляўнічыя. Як і мы, відаць, начавалі натарфяніку.

Мы не супраць палявання. Але як прыкра ўсведамляць, што многія людзі прыходзяць і прыязджаюць сюды толькі, каб набіць дзічынаю рэчавыя мяшкі. Каб пабольш адарваць, ухапіць штосьці адсюль і панесці з сабой. Ім не баліць душа за ваколле. Яны не бачаць, які здзек учыняюць над зямлёй, як яна плача і стогне.

Агеньчык, дзелавіта патрэскваючы і грэючы мае рукі, перакідваецца на грабавыя галінкі, і вось шугае касцёр. Нібыта, акрамя нас дваіх, тут з"явіўся яшчэ нехта жывы – трэці.

– Пара мыцца, – думае ўголас Леанід. I бокам спускаецца па схіле канавы. Я за ім. Ля вады на траве інею няма, ад яе пасмамі паднімаецца пара.

Я баюся холаду, і, шчыра кажучы, мяне не цягне зараз да вады. Але гэтая рудая ад торфу вада незвычайная. Яна святая для нас. Хіба ж мы тут не дзеля таго, каб паглядзець на яе, на месца, адкуль яна бярэцца? Пра гэта я марыў доўгія гады.

– Эх, каб пакупацца! – жартую я.
– У мяне радзікуліт, – сур"ёзна пярэчыць Леанід.

Нагінаюся, каб набраць прыгаршчы случанскай вады, і бачу, што па ёй плыве сіне-ружовая плёнка масла. Аўтаматычна адзначаю: гэта для любой чыстай ракі – абраза, якую яна вымушана трываць як жывая істота, дакор людской так званай «цывілізаванасці»…

«Купанне» ў вытоку Случы адкладваем на потым, а пакуль знізу з-пад масла зачэрпваем вады кацялком і ставім на агонь. Хутка яна закіпае ключом. Бачна, як у струменях кіпеню куляюцца тарфінкі.

Мяняем ваду. Крыўдна за цябе, мілая Случ. У тваёй крыніцы цяжка знайсці чыстае вады. Крыўдна і горка.

Тым часам зроблены здымкі. Пара снедаць. Леанід з апетытам уплятае каўбасу. Я па-інтэлігенцку кожнай раніцай задавальняюся чаем. I зараз мяне ежа не вабіць.

– Як – чай, пахне балотам? – цікавіцца Леанід.

Адразу ўспамінаецца плёнка на вадзе. Мабыць, з трактара лілася салярка ці бочка з маслам перакулілася дзе, ці, хутчэй ад усяго, салярка цурчыць з заправачнай цыстэрны, што стаіць кіламетры за тры ўдалечыні. Праходзячы ўчора, мы бачылі, што адтуль цячэ бакавая канаўка. «Вясёлкавы струменьчык, – думаю я – дасягне, вядома, і Прыпяці, а то і Дняпра». Гэтыя брудныя сляды пакідае пасля сябе чалавек на кожным месцы. I лічыць сябе гаспадаром. Ай, кіньце! Такі гаспадар даўно ўжо страціў яснае разуменне гаспадарства, якое змушвае падняць з зямлі кожны каласок, якое не дазволіць без патрэбы зламаць нават галінку. Такі няўмека-гаспадар стаў люмпенам, спажыўцом у самым горшым сэнсе. Зачастую не па сваёй ахвоце.

Але чай мазутай і торфам не пахне. Ці ёсць у ім нітраты, ніхто не скажа. Відаць, ёсць, нездарэмніцы па той бок канавы ненатуральна зелянее абкультураная сенажаць.

Час ад часу гухкаюць стрэлы.

– Каго тут страляць?
– Дабіваюць апошніх качкаў.

Пакуль снедалі, туман парадзеў, неба пасвятлела, адтуль заструменіла святло. На ўсходзе ўгадваецца месца, дзе знаходзіцца сонца. Вось яно паказалася ў тумане, і твар адчувае яго лагодныя прамені.

Пара пачынаць нашу галоўную на сёння справу. Каб расказаць аб ёй, трэба вярнуцца ў дзень першы.

Дзень першы

Дарога Салігорск – Мінск ідзе на поўнач паралельна Случы. Мы ў аўтобусе перасякаем усе яе правыя прытокі. I ўсе яны цяпер не што іншае, як меліярацыйныя канавы. А я цудоўна памятаю, што гэта былі рэчкі, рэчачкі і ручайкі. Яны былі жывыя, празрыстыя, дыхалі свежасцю, а не смуродам і гніллю. Не дае супакою думка: як шмат мы страцілі і працягваем бяздумна губляць і губляць. Калечым рэчкі. А кожная з іх – як артэрыя ці вена ў целе чалавека.

Усё жыццё марыў прайсці па Случы ад пачатку да канца, і ўсё ніяк не выпадала. Заўсёды знаходзіліся справы нібыта важнейшыя, чым гэтыя. Дзяцінства і сталасць. Гады бягуць, сівею – і вось адчуў, што не магу больш адкладваць. Трэба ехаць па сваю мару.

Мы – гэта шахцёр з чацвёртага рудніка Леанід Круковіч і я, карэспандэнт газеты «Калійшчык Салігорска» Феафан Раманоўскі.

Акрамя звычайных турысцкіх атрыбутаў, мы вязём з сабою самадзельную шыльду «Вытокі ракі Случ». Намаляваў яе, дзякуй яму, мастак-афарміцель «Беларуськалія» Змітрок Рэвуцкі.

Турпаход арганізавалі самі за ўласныя капейкі, спонсараў, як цяпер кажуць, не маем. Паспрабуй знайсці гэтых спонсараў. Адмахнуцца, скажуць: «Не лезь, чалавеча, з дробязямі. Тут справа гарыць, а вы пра нейкія шыльды перажываеце». Думаю: трэба не проста шыльду, а стэлу мармуровую з надпісам паставіць: «Тут пачынала свой адвечны бег цудоўная рака Случ». Яна жывіла цэлыя пакаленні людзей, яна была і ёсць іх верны сябра, поіць іх землі, дае рыбу, птаства, прыгажосць і чысты здаровы водар.

Сцінаецца сэрца. Дажыліся, цяпер трэба расшукваць след Случы, згадваць яе пратокі.

Яшчэ адна думка: мо шукаем мы не там спонсараў, мо не ўмеем даклікацца да іх, абудзіць жывое ў душы.

Не можа памерці, знікнуць крыніцавая Случ. Без яе проста нельга жыць мне. Гэтым людзям і мне. Нельга нам без яе!

Сёння – 28 кастрычніка 1989 г., субота. Трэба ўсё паспець зрабіць за два дні, бо ў панядзелак – рабочы дзень, чакае праца.

Леанід Аляксандравіч Круковіч – апантаны турыст, праехаў нямала дарог, у гумавай лодцы некалі адзін праплыў па Случы і Прыпяці. Каля вытоку ў Случы не быў, як і я.

На карце бачна, што вёска Крывая Града ляжыць дзесьці недалёка ад аўтобуснага прыпынку «Лашанскі». Да яго мы і ўзялі білеты.

– Вам трэба праехаць далей за прыпынак вярсты са дзве, тры, там паваротка будзя, – параілі пасажыры ў аўтобусе.
– У мяне нямашака там прыпынку, – прабурчаў вадзіцель. На просьбу не паддаецца. Няма дык няма.


Выносім рукзакі тут, у Лашанскім. Рыгнуўшы смярдзючым гарам, аўтобус пайграў на Мінск.

Свеціць сонца. Паветра, прыдарожны лес, усё наваколле поўняцца заспакоенасцю і ўтульнасцю, якія бываюць толькі ў апошнія цёплыя дні восені. Але цішыні няма. Гаварыць, ідучы па шашы, цяжка: машыны равуць нязмоўна.

Вось і паваротка. Ля дарогі на бярозках трапечуцца разжаўцелыя рэдкія апошнія лісты. Гадзіннік паказвае за поўдзень.

У вёску вядзе асфальт. Нечакана з Мінскай шашы ў наш бок паварочвае трактар «Беларусь» з прычэпам. Рашуча галасуем. Тлумачым вяскоўцу просьбу. Пытаем пра вытокі ракі. Смяецца. Упэўнена: бясплатна падвязу, за грошы – не. Ужо смяёмся мы. Крыніцовіць рака, і людзі зямлі случанскае!

Борздзенька кідаемся ў прычэп. Сядзім з двума бетоннымі блокамі да падмурка. Якая любата вакол. Праплываюць пералескі, бары, балотцы, паляны і палянкі. Вось і Крывая Града. Вёсачка ўтульна прыляпілася да лесу. На вуліцы валтузяцца два-тры хлапчукі. Дарослых не бачна. Мабыць, на агародах, на гаспадарцы. За вёскай на ўсход бялее жывёлагадоўчы комплекс, а далей – без канца і краю чысцюткае поле. Правільней, асушанае балота; гэта бачна з першага позірку.

– Вось туды і ідзіце. Там шукайця вытокі, – махнуў рукою трактарыст. – Мне ўбок трэба, – шкадуе, што не можа нас далей падвезці.

Хто ён, гэты ўвішны стараннік? Відаць, тутэйшы. Тутака нарадзіўся, тутака жыве. Пэўна, скончыў дзесяцігодку. Хлопчыкам марыў пра незвычайнае і, мусіць, пра далёкія падарожжы. Там, у далёкіх краінах, людзі жывуць іначай, не так звыкла і проста. А потым хлапцу далі трактар, пасадзілі на бульдозер і загадвалі нішчыць бяздумна лес. Па нейчаму памылковаму, безгаспадарчаму разліку раўняй казачную прыгажосць роднай зямлі. Ён нават і не ведаў, што тут прыгажэй, чым у Швейцарыі, Альпах. Не горш, а лепей…

Пэўна, ён не задумваўся, якое шчасце нарадзіцца на гожай слуцкай зямлі, пачувацца на ёй гаспадаром; і ён не павінны даваць яе ў крыўду, руйнаваць, асушаць, карчаваць, нішчыць… Можа і ў яго балела сэрца ад дурноцця меліярацыі. А што ён мог зрабіць? Каму пажаліцца? Хто б яго паслухаў? Па бязглуздаму чужому загаду старанны слуццак сам разбураў тое, што рабіла дараней і магло цяпер зрабіць жыццё шчаслівым, радасным. Трактарыст не заўважыў, як на вачах змяніўся тутэйшы краявід, як з багацея, заможніка ён сам рабіў сябе жабраком. Бо меліярацыя – складаная справа, а тут ставіліся да яе спрошчана, з разлікам на пяцігодку, ад сілы на дзве пяцігодкі.

Асфальт дайшоў за фермы, скончыўся. Уперадзе, трошкі ўбок, пасецца статак кароў. Пастух сядзіць, як купіна, і, мабыць, чытае. З другога боку, бліжэй да нас, пыліць па гравельцы магутны «Кіравец». Сцішваем крок, пытаем пра далейшы наш маршрут.

– Ідзіце па гэтай гравельцы. Слупы побач. Электралінія. Дарога кончыцца, слупы павернуць направа. Там новы саўгас будуецца. Вы ж пойдзяце прама. Там знойдзяця пачаткі ракі.

Пастух убачыў нетутэйшых, абвешаных фотаапаратамі і рукзакамі людзей, падняўся, цікаўны перарэзіць нам дарогу. Вітаемся, знаёмімся.

Жыхар Крывой Грады Мікалай Сямёнавіч Нямковіч не пастух, а рабочы падсобнай гаспадаркі Міністэрства меліярацыі БССР.

– Вытокі ні знойдзяця. Яе німа, – шкадуе ён.
– Як няма?
– Зруйнавалі. Ні пазнаць. Новы саўгас будуюць. Тамака комін вялікі ўбачыця.

Ён, як і нядаўні трактарыст, усё сходу разумее. Тужліва ўспамінае, колькі раней тут у падлесках было грыбоў, ягад, кветак, дзічыны. Як радасна было прайсціся па гэтых мясцінах, падыхаць дзівосным водарам разнатраўя, адпачыць на беразе ціхмянай ракі.

Леанід маўчыць, не ведае, што спытаць яшчэ.

У мяне на лбе выступіў пот. З"явілася слабасць у нагах, захацелася сесці. Марылі, ішлі – і на табе, нічога няма.

– А вы дакладна ведаеце, дзе пачыналася Случ?
– От кажаця! З дзяцінства ведаю. Усё жыццё тут прайшло. Усё жыццё. Кожны корч ведаю. Я і меліярацыю гэтую рабіў, канавы капаў, калі трактарысціў. Случ пачыналаса з-пад лазовага куста сярод балота. Ля гэтага куста палоча такая была, лужына, вакенца, як цяпер сказалі б, вазярцо маленькае. Хлапчукамі рыбу лавіць хадзілі туды.
– Вы хацелі ўсё спляжыць?   
– Ніхто ні хацеў, і я ні хацеў. Далі нарад, і мы паехалі.


Цынізм і жорсткасць горш за сярэднявяковую. Прымусіць вяскоўцаў уласнымі рукамі рабаваць сябе і блізкіх, вынішчаць ваколле, разумець усё, пакутаваць – і змушана рабіць. Яны не адчуваюць сябе катамі гэтай зямлі, яны бездапаможныя былі і ёсць, не ведаюць, куды кінуцца, каму жаліцца. Не дзіва, што асобныя, махнуўшы на ўсё рукой, у адчаі зазіраюць у дно пляшкі.

– Дзе ж цяпер пачынаецца Случ? Нам абавязкова трэба знайсці вытоку, пабачыць яе, пабыць там.
– Вось гэты канал, што ідзе побач з дарогай, мы называем яго Вароніцкім – упадае ў галоўны канал. Тут і зачыналаса Случ.
– Як пазнаць галоўны канал?
– Пазнаеця. Там плёса шырэйшая, і вада цячэ на поўдзень. I далей на ім вялікі бетонны мост. Гэты канал заместа вываротлівай гэтай Случы. Здзек. Усе трое маўчым, як пры нябожчыку.
– А далёка ісці?
– Кіламетраў сем, мабыць, будзе.

Не вельмі цяжкая быццам ноша за плячыма, але гадзіны праз дзве адчулася стома і неабходнасць адпачыць. Месца падыходнага няма – адна парэзаная канавамі палявая роўнядзь. Нібыта рашотку на зямлю хто накінуў. На дне кожнай канавы на глыбіні двух-трох метраў блішчыць істужачка вады. У другіх месцах яе можна пераступіць, не замачыўшы ног. Вочы шукаюць кусток ці дрэўца. Разы са два з канаваў успуджана ўзнімаліся па пары качкі. Пераляцела праз дарогу чародка курапатак і, упаўшы ў траву, знікла.

Нарэшце бачым грудок, за ім у купцы хмызняку некалькі ялінак. Тут абедаем. Лепшага месца для фотаздымкаў не знайсці.

– Стаў апарат на штатыў, – прапануе Леанід.

Штатыў у нас – гэта палка, уваткнутая ў зямлю. На ёй мацуецца так званы ручны штатыў, а да яго – фотаапарат з уключаным самаспускам.

Апарат сакоча, нібы жаўрук у небе, а мы напружана сядзім, слухаем і чакаем, пакуль спрацуе затвор. Нарэшце чуецца «шлёп». Выдатна! Выдадзена патрэбная экспазіцыя, апарат заціх.

Доўга гуляць няма калі, да вытокаў трэба дайсці сёння. Шагаем далей. Слухаем па радыё «Маяк». Сонца свеціць у твар. Дарога сапраўды ідзе на паўднёвы ўсход. Шляху не сем кіламетраў, а хутчэй за ўсё дванаццаць.

Чуем ззаду гул машыны, азіраемся. Шыбуе грузавічок. Галасуем, шафёр не спыняецца, і мы ўжо разумеем, чаму: у кузаве на лаўках сядзяць чалавек 10–15 паляўнічых. Кожны трымае перад сабой стрэльбу руляй уверх. Хутка яны зварочваюць улева, дзе за смугой віднеецца далёкі лес.

Зноў паляўнічыя. Іх жорсткі бязлітасны промысел хутка вынішчыць усё жывое ў слуцкіх лясах. Каб жа толькі паляўнічыя, а то колькі браканьераў! Нават ваўкі не такія бязлітасныя, як яны. Ды і колькі тых ваўкоў засталося.

Сапраўдны паляўнічы клапоціцца, каб захаваць маладое пакаленне. Гэтыя ж, відаць, дбаюць адно пра ўласны сённяшні дзень. Заўтра для іх хоць патоп.

Сонца прыкметна хіліць на захад. Канец гравейцы. Слупы пакрочылі ўправа і там, ля самага гарызонту, прапалі за выступам лесу. Уперадзе тырчыць нахіленым шпянём страла экскаватара, стаяць цыстэрны. Чорная глеба ўся з"езджана гусеніцамі.

Узбуджанасць нарастае: мы блізка ля мэты. Справа лес бліжэй падступае да нас, чуецца ракатанне трактара, потым і другога. Апошнія арыенціры нам памогуць даць трактарысты.

– Яшчэ кіламетры са тры трэба ісці па канаве, нікуды не зварочвайця. Яна ўпадая ў галоўны канал. Гэта і ёсць пачатак Случы, – раяць трактарысты.

Пейзаж змяніўся. Сям-там узвышаюцца астраўкі, на іх захаваліся зараснікі арэшніку, грабу, маладых дубкоў, ялінак. Іх мінаваў нож бульдозера, але піла не пакінула вялікіх карэнных дрэў. Гэтыя купкі зараснікаў ажыўляюць краявід, слаба радуюць вока.

Рукзакі абрываюць плечы, ногі патанаюць у сыпучым торфе, сухі асот і яшчэ нейкае пустазелле чапляюцца за вопратку, перашкаджаюць ісці. Але мы ўпарта прадзіраемся ўперад. У адным месцы, відаць, пераходзім сапраўднае рэчышча, бо нават пасля руйнавання бульдозераў прыкметная нізінка, а на зрэзе канавы бачым прагін пластоў торфу. Глыбіня канавы гэтай і ўсіх іншых два-тры метры, на дне блішчыць трошкі вады.

Вось і той галоўны канал. Тут пачатак Случы. Другога няма. Скідваем рукзакі, аглядаем мясцовасць. Канал прамы, як выгабляваная палка, цягнецца, колькі асягнуць вокам, строга на поўдзень. Пракапаны ён раней за астатнія, бо аброс травой і нават кусцікамі лазы, бярозкамі. Вада на глыбі двух-трох метраў. Шырыня воднага плёсу, бадай, дазволіць плыць гумавай лодцы. Нам гэта важна, бо мяркуем у будучым годзе адсюль пачаць плаванне.

У бліжэйшым гаёчку ссеклі, як ні шкада, ладны дубок, трохі абчасалі. Атрымаўся слупок. На ім заўтра ўстановім шыльду. Сёння няма калі, сонца хаваецца за гарызонт.

Дзень другі. Поўдзень.

– Вось тут, – наском бота паказвае Леанід. – Ля вады.
– Там не бачна. Трэба вышэй.


Нарэшце, месца выбрана. Вось ён, урачысты момант, калі мы сваімі рукамі пазначым месца вытокі Случы. Шчымлівае і светлае пачуццё авалодвае нашымі сэрцамі. Прыходзіць імгненне, калі будзе натолена смага чалавечага пазнання, калі адбываецца далучэнне да таемнасці прыроды – блаславёнай, слуцкай, – калі твая істота нібы зліваецца з ёю. Рукамі і сякеркай капаем ямку.

– Каб не зламалі. Дарогу будуць насыпаць, – спасцярожыць Леанід, убіваючы слупок глыбей у дно ямкі.
– Дарога будзе побач. I гэта добра, хто не праедзе – убачыць, спыніцца, прачытае, падумае.

Вакол слупка насыпаем узгорачак – капец.

– Усё роўна зломяць, – ботамі Леанід уціскае зямлю.
– Наш знак, вядома, не вечны, – прымацоўваючы шыльдачку, гавару я ці то яму, ці то самому сабе. – Моцная сіла прыкладу. Убачаць яго меліяратары ці кіраўнікі новага саўгаса – гэта ж іх зямля будзе – паставяць на бетонным пастаменце чыгунную пліту! Зробяць прыгожую агароджу. Пасадзяць дубкі, клёны. Лаўкі паставяць. Кругом жа будзе адно поле. Калодзеж выкапаюць. Захоча хлебароб адпачыць ці, скажам, паабедаць – сюды прыйдзе, у цянёк да вадзіцы. Госці ў саўгас прыедуць, паходзяць па палях, стомяцца – і таксама захочацца сюды ў гаёчак, адкуль рака пачынаецца. Краязнаўцы-школьнікі не раз прыйдуць. А мо хто і на спатканне з любай… Салоўка вясной запяе…
– Ну распеўся, летуценнік! Каб яны хацелі, сапраўднага рэчышча не засыпалі б.


Скончылі гэты па-свойму сумны цырыманіял, робім здымкі. Увекавечваем тое, ад чаго сорамна і горка. Быццам варожая сіла прамчалася разбуральным тайфунам па надслучанскіх прасторах. Многія людзі нічога сумысла не хочуць ведаць, толькі здзіўляюцца: куды падзелася рыба, куды падзеліся журавіны, чарніцы, суніцы, грыбы. Чаму пачалі наскрозь прадзімаць слуцкі край шалёныя вятры, чорныя пылавыя буры на Арэсе? Няўжо такое паўторыцца і тут? Не ўсе ведаюць, што ў гэтым вінаваты і наш зямляк трактарыст, бульдазерыст, меліяратар. Добрыя, шчырыя людчі, сумленныя ў адносінах да сваёй разбуральнай працы. Карчуюць. Асуджаюць у запеччы меліярацыю, але не пратэстуюць…

Работа закончана. Зроблены здымкі. Пара збірацца дадому. Падымаем рукзакі.

Адыходзіць не хочацца. Нешта трымае нас тут. Стаім. Глядзім. Прыемна нам: радасна, сумна.

Адзінока і бездапаможна адзін на раўніне бялее наш слупок з шыльдаю. Будуць абсыпаць яго тарфяным пылам сухавеі, абмываць халодныя асеннія дажджы, секчы калючы снег.

Адышліся метраў сто, азірнуліся.

– Бачыцца добра. Кожны заўважыць.

Цяпер наш шлях – на поўдзень, па беразе Случы-канавы. Дзень лагодны, сонечны. Сям-там пралятае павуцінне, чапляецца за верхавінкі сухіх траў. Цішыня. Ужо і стрэлаў не чуваць.

– Лодка ўпаўне памесціца.
– Асабліва як вады пабольшае. Прыкладна, у красавіку.

Мы разважаем пра будучае плаванне ад вытоку Случы да яе канца. Рашэнне выспела ў абодвух само сабою.

Кіламетраў праз колькі бачым мост праз Случ-канаву. Шырокі, бетонны. Гравійная дарога, такая ж прамая, як і канавы, ідзе на захад. Мабыць, у цэнтр будучага саўгаса. У сіняй далечы цямнее лес. Будоўля нас не вабіць, але дарога павінна вывесці на шашу Мінск – Слуцк.

Прамая дарога заўсёды не цікавая. Не радуе і гэтая. Злева, за палямі і сенажацямі, віднеецца лес. Справа, на поўнач, колькі бачна, адно поле. У пульхны цёплы торф тут яшчэ ні разу не падала зерне сельскагаспадарчых культур. Адна аднастайная чорная роўнядзь. Адсюль нельга пазнаць, дзе тыя гаі, каля якіх мы ішлі, дзе ссеклі той дубок.

Нельга пазнаць ці адшукаць месца, дзе дарога, па якой ідзём, павінна перасякаць былое сапраўднае рэчышча Случы. А так хочацца. Углядаемся ў забаранаваную паверхню раллі.

– Вось тут быццам паніжэнне. I злева ад дарогі, глядзі, лагчынка пацягнулася аж да лесу. Як думаеш?
– Падобна на рэчку. I пятляе, як Случ.


Хоць і паменшалі рукзакі, але плечы рэжуць. Адпачываць няма калі, пакуль уцямнее, трэба выйсці да аўтобуса. А колькі ісці, не ведаем. I запытацца няма ў каго.

Спрадвеку было вядома: выток ракі і яе рэчышча – недатыкальная святыня. Нават у думках продак не дапускаў, што нехта зможа паквапіцца на яе, падняць руку, каб нанесці шкоду. Што мы, цяперашнія, за людзі? Што за гаспадары? Хіба гаспадар сваёй зямлі бяздумна і лёгка будзе знішчаць што ў яго і ва ўсім свеце адзінае, чаго нельга стварыць чалавечымі рукамі, паўтарыць ці купіць за любыя грошы? Эх, кіраўнічкі! Што пра вас сказаць? Што падумаць?

Ну, дапусцім, не могуць меліяратары пражыць без гэтага балота. Але ж рэчку і паласу зямлі метраў на трыццаць з кожнага боку можна было пакінуць! Збяднелі б вы? Ці хлеба ў вас на стале стала б менш? I няхай бы і канава прайшла праз пустую ўжо рэчку, і дарога перарэзала яе. Няхай бы паласа з лесам і з рэчкай пасярэдзіне сухавеі стрымлівала і прытулак птушцы дала. I помнік прыроды захаваўся б. Канаваў жа можна накапаць, колькі хочаш. Зроблена ўсё насупраць логіцы і сэнсу. Абпаскудзілі зямлю слуцкія і мінскія начальнікі.

Падумаць толькі – людзі ўласнымі рукамі знішчылі сваю радасць – малыя рэкі Лань, Морач, Арэсу… І Случ ад вытокі да Салігорска. А ніжэй – Случ таксама не рака. Мінулым летам ля вёскі Грабаў – гэта ўжо, лічы, у сярэднім цячэнні – па дне Случы ўздоўжкі можна было ездзіць на «Жыгулях» – вады 5–10 сантыметраў. Сям-там у ямінах – па калена. Я сам хадзіў, не здымаючы штаноў і нават не падкасваючы іх.

Як мы збяднелі! Самі збяднелі і нашчадкаў сваіх абрабавалі. Маральна, духоўна і эстэтычна. Не пашкадавалі Слуцкае святыні. Ды ці ёсць яшчэ святое, на што не замахнуліся бяздумныя партыйцы.

Усё жыццё, колькі яго ні засталося ў мяне, шкадаваць буду, чаму не прыйшоў сюды гадоў 10–15 назад. Тады ўбачыў бы сапраўдны пачатак Случы і саму Случ у вярхоўях. Цяпер ужо не ўбачу. Ніхто не ўбачыць.

Такія думкі валодалі мной, пакуль ішлі мы да лесу. Нарэшце здалёк убачылі комін кацельні і воданапорную вежу. Тут узводзяцца гаспадарчыя будынкі саўгаса «Слуцк». Для яго – напісана на спецыяльным шчыце – асушана трэстам «Мінскводбуд» 4944 гектары зямлі. Канец будаўніцтва ў 1992 годзе.

Ідзём далей. У лесе будуецца пасёлак, правільней – гарадок. Леанід жыва цікавіцца будоўляй, хоча паглядзець. А што там глядзець. Будынкі з цэглы і бетону. Вядома, тут будзе ўсё для зручнасці жыхараў. Акрамя ракі. Яе яны не ўбачаць.

Яшчэ колькі кіламетраў – і асфальт. Вёска Буда Грэская. Можна лічыць, турпаходу канец. На сэрцы маркотна. Часцінка душы засталася там, пасярод тарфянога поля, адкуль калісьці пачыналася адна з прыгажэйшых рэчак Беларусі – Случ, залатая, навекі родная мне Случ.

 

 

 

Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)

 

Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы

 

Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка

 

Зямля Слуцкая

 

Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)

 

На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)

 

Край Палескі

 

Пра далейшае пішу таксама з болем

 

Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў

 

... Зноў пра ваеннае ліхалецце

 

Уся Случ
Песня пра Случ

 

Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)

 

 

Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.