На краі (Частка 2)

Частка 2
 

Разгром
Змагаецца Беларусь
Браты і сёстры
I за пячатку, і за наган
Бунт
На сустрэчу з Янкам Купалам
У гасцях у Якуба Коласа
Паўбанкі кансерваў і складанчык
Сцяпан Жук і Жукаў
«Прэзідэнт» Радось Астроўскі

 

Разгром
Стаяла цудоўнае надвор"е. Купкі па-святочнаму апранутых людзей у прыўзнятым настроі накіроўваліся ў царкву на малебен. У небе над вёскай прагудзеў незнаёмы самалёт з чорнымі крыжамі на крылах і фюзеляжы. Трывожна заныла пад сэрцам.

Вайна пачалася нечакана-негадана. Людзі былі ўпэўнены, што мірны дагавор з Германіяй збавіць ад крывавага кашмару. Аднак не атрымалася.

Назаўтра я наведаўся ў сельсавет паслухаць радыё. Выступаў Молатаў. Яго голас быў хрыплым і ўсхваляваным. Пакрысе на плошчы сабралася шмат людзей. Падкаціла аўтамашына, у кузаве якой сядзелі пагранічнікі з вінтоўкамі. Я перакінуўся з імі некалькімі словамі.

– Змотвай вудачкі, настаўнік, як мага хутчэй! Заўтра тут будуць немцы, – паведаміў мне афіцэр.

Я вярнуўся дахаты і пачаў збірацца ў небяспечную дарогу – назад дадому. Паклаў рэчы ў два чамаданы. Адзін прыстасаваў за плечы, а меншы ўзяў у рукі. Гаспадарам кватэры пакінуў зімняе паліто, веласіпед, патэфон, кнігі, пасцельныя рэчы.

Кніг было вельмі шкада. Я такіх не чытаў у Савецкім Саюзе. Яны былі надрукаваны ў «панскай Польшчы», прытым на рускай мове. Гэта былі зборнікі твораў Дастаеўскага, Буніна, Ясеніна. Была кніга ў двух тамах – мемуары генерала Дзянікіна. Я чытаў іх запоем: дзень і ноч. Перад вачыма паўставала жывая гісторыя часоў рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расіі. Тады я ўпершыню даведаўся, як па-зверску была расстраляна царская сям"я, як многія часці чырвонаармейцаў пераходзілі на бок Белай арміі, як лютавалі чэкісты, і пра многае іншае. Як вядома, Дзянікінская армія пры наступленні на Маскву пацярпела паражэнне таму, што на яе шляху сталі палкі латышскіх стралкоў. У мемуарах прыгадвалася прымаўка, якая бытавала тады ў Белай арміі: «Большевики держатся на жидовских мозгах, латышских стрелках и русских дураках».

Але пра гэта – між іншым.

Апоўдні, у панядзелак, з напакаванымі чамаданамі пехатою я рушыў «да родных берагоў». Маё вандраванне доўжылася два тыдні. Праз гарады і мястэчкі, лясы і палі – Бераставіца, Ваўкавыск, Слонім, Мір, Стоўбцы, Негарэлае, Мінск і – на Слуцк. Палову шляху я пераадолеў на фурманках, спадарожнай аўтамашыне, а большую, мабыць, адолеў «сваімі дваімі». Калі кідаю позірк на карту і вымяраю адлегласць, якую я прайшоў тады, дык атрымліваецца больш за 400 кіламетраў.

Ратаваліся ад ворага, рухаліся на ўсход тысячы, дзесяткі тысяч людзей: кіраўнікі дзяржаўных і партыйных устаноў, актывісты, міліцыянеры – усе, хто два гады таму прыехаў на Беласточчыну ўсталёўваць савецкую ўладу. Адступала шмат салдат, якія разбегліся з падраздзяленняў, кінутыя камандзірамі на волю лёсу, не забяспечаныя нават вінтоўкамі. Многія з іх месціліся ў кузавах аўтамашын. Калоны наганялі нямецкія сцярвятнікі і расстрэльвалі іх з кулямётаў на брыючым палёце, скідвалі бомбы. Цяжка падлічыць, колькі там палегла салдат, вясёлых і маладых у тую пару!.

Часта вораг ішоў на хітрыкі. На дарогах палявых у форме савецкіх салдат з"яўляліся групы дэсантнікаў-парашутыстаў і ва ўпор расстрэльвалі нашых байцоў. Аднойчы ноччу мы таксама нарваліся на такую засаду і нас абстралялі з кулямёта і аўтаматаў. Ратуючыся ад куль, я незнарок спатыкнуўся, выцяўся нагой і згубіў меншы чамадан. Спрабаваў знайсці яго ў цемры, але пошукі спыніў старшы лейтэнант:

– Галаву ратуй, а не свае рэчы!

Аднойчы ваенныя ўзялі мяне на двухконную павозку. Колы тарахцелі па лясной дарозе. Чуем – набліжаецца варожы самалёт. Кінуліся мы хто куды і недарэмна – бомба адразу ж ушчэнт разнесла наш «экіпаж». Мы ж уцалелі.

Бежанцы спяшаліся як мага хутчэй дабрацца да былой польска-савецкай граніцы. Людзям мроілася, што там ворагу дадуць адпор, што там у абароне стаяць нашы часці. Але войскаў на граніцы і ў паміне не было.

Мінск ужо быў заняты немцамі. Бежанцы ведалі, што вайскоўцаў немцы бяруць у палон, а цывільных адпускаюць. Другога ліпеня я разам з многімі бадзягамі апынуўся ў сталіцы. Гарадскія кварталы выглядалі жахліва – у паветры вісеў цяжкі смурод ад пажарышчаў, трупаў людзей і коней. Нас затрымалі. Цывільных і ваенных сагналі ў адну групу. Малады нямецкі салдат паспрабаваў адабраць у мяне новенькія хромавыя боты. Я крыху размаўляў па-нямецку, пачаў прасіць яго гэта не рабіць. За мяне заступіўся пажылы сівагаловы немец, які нешта сказаў свайму таварышу, і той кінуў боты мне пад ногі. Я зняў з ног чаравікі і абуў боты з надзеяй, што мяне не стануць раздзяваць.

Калі калону гналі па Мінску, я заўважыў, што людзі свабодна ходзяць па тратуарах. Выбраўшы зручны момант, я выйшаў з калоны, у якой знаходзіліся пераважна вайскоўцы.

Мне параілі не хавацца па глухіх сцежках, ідучы ў Слуцк, а ісці па галоўнай дарозе. Немцы на такіх не звяртаюць увагі, у адваротным выпадку могуць злавіць і расстраляць.

Калі я выйшаў за горад, па шашы насустрач рухалася нямецкая вайсковая часць. Грузавыя аўтамашыны былі велізарныя, з прычэпамі. У нас тады такіх не было. Салдаты і афіцэры апрануты ў зялёныя мундзіры, у касках, чыстыя, сытыя, пілікалі на губным гармоніку, гарланілі незразумелыя песні на сваёй гаркава-крыклівай мове.

Пад вечар на перакрыжаванні дарог каля Валяр"янаў немцы сабралі бежанцаў у групы, загадалі садзіцца ў вялізныя, крытыя брызентам грузавікі і павезлі ў Слуцк. Машыны спыніліся на двары нафтабазы. Навокал рос маліннік. Я зашыўся ў куст, накрыўся летнім паліто, пад галаву прымасціў чамадан і заснуў. Ноччу сыпануў спорны дождж, але я так моцна спаў, што не чуў яго.

Прачнуўся апоўдні, мокры да ніткі. Агледзеўся – дзіва – нікога навокал няма. Я застаўся адзін! Зазірнуў у свой чамадан – пусты. Усё маё багацце знікла бясследна. А быў жа там шыкоўны касцюм, некалькі прыгожых кашуль, бялізна, шмат іншых каштоўных рэчаў. З пустым чамаданам пацягнуўся я па вуліцы. Навокал былі разбітыя і спаленыя дамы, цягнула згарэлым ад падбітых танкетак з сіратлівымі чырвонымі зоркамі…

За тыдні блуканняў я моцна схуднеў, аброс барадою, як дзед. Ад стомы ногі балелі, гудзелі, як тыя тэлеграфныя слупы.

Але і на захопленай ворагам Случчыне жыццё бурліла. У горадзе знаходзіліся вялікія ваенныя склады. Як немцы занялі горад, гэтыя склады, забітыя матэрыяльнымі каштоўнасцямі, аказаліся безгаспадарнымі і не ахоўваліся. Вакольныя сяляне выкарысталі безалабернасць захопнікаў і цягнулі адтуль хто што хацеў. Вывозілі дабро вазамі.

Нават цётка Аўдоцця ўмудрылася прытарабаніць на падводзе два мяшкі пшанічнай мукі вышэйшага гатунку, мяшок рысу, дзесяцілітровую буталю спірту, салдацкія ватоўкі. Жыхары запасліся ваенным адзеннем, спіртам, мукой, крупамі, галетамі. Пазней, калі ў навакольных лясах з"явіліся партызаны, многім давялося развітацца з «экспрапрыіраваным».



Змагаецца Беларусь
Самалёт з чорнымі крыжамі раскідваў лістоўкі. Нямецкія ўлады запэўнівалі насельніцтва акупіраванай тэрыторыі, што яны ліквідоўваюць калгасы, перадаюць зямлю ва ўласнасць. Сяляне будуць на ёй гаспадарыць як «вольныя земляпашцы».

Запэўнівалі, што навечна вызваляюць народ ад «сталінска-молатаўскага прыгнёту».

Хоць немцы паабяцалі распусціць калгасы, аднак яны працягвалі існаваць. Людзі па-ранейшаму штодзённа выходзілі на работу, атрымлівалі працадні, здавалі хлебапастаўкі як і раней і ў той жа колькасьці.

Аднойчы ў выхадны пагодлівы дзень вяскоўцы бавілі час, седзячы на лаўках каля вуліцы. У гэты момант на рэчцы прагрымеў выбух і вінтовачны стрэл. У блакітным небе тым часам кружылася «рама» – двухфюзеляжны самалёт-разведчык. Раптам галопам на конях прыскакаў атрад нямецкіх салдат. «Ваякі» спешыліся і пачалі зганяць пад дулам вінтовак у гурт усіх, каго ўдавалася застаць на вуліцы. Чалавек пятнаццаць, пераважна мужчын, падагналі да плота і акружылі. Зашчоўкалі затворы. Адзін селянін няблага размаўляў на польскай мове. Ён пачаў нешта тлумачыць немцу.

– З вашай вёскі быў абстраляны нямецкі самалёт, – сказаў яму немец па-польску. – Пілоты бачылі выбух за вёскай каля ракі!

Яму растлумачылі, што адступаючыя чырвонаармейцы кідалі ў раку вінтоўкі, а гранаты валяюцца паўсюдна. Хлапчукі бяруць іх і глушаць рыбу ў рацэ. Пасля таго, як тлумачэнні пераклалі афіцэру, ён злосна нешта гаркнуў. Немцы зноў ускочылі на коней і паскакалі прэч. Затрыманыя перапужаліся. Я спачатку не адчуў небяспекі, але пасля з жахам думаў пра тое, што зараз многае будзе залежаць ад выпадковасцей, «нітачка» можа абарвацца ў любую хвіліну.

У кастрычніку па загаду гаўляйтэра Кубэ адкрылі школы: вораг клапаціўся аб адукацыі дзяцей на акупіраванай тэрыторыі. Дырэктарам сямігодкі прызначылі былога настаўніка В.А. Рудзеню. Я ж не хацеў ісці працаваць настаўнікам, бы прадчуваў, што гэта да дабра не давядзе. Але Рудзеня мяне пераконваў:

– Неразумна ты паступаеш, Аляксей. Цябе або ў паліцыю возьмуць, або ў Германію павязуць працаваць дзе-небудзь у шахтах ці на катаржных работах.

I сапраўды, праз месяц стараста прынёс павестку ў паліцыю. Бургамістрам Слуцка тады працаваў былы выкладчык нямецкай мовы ў педвучылішчы паволжскі немец А.Д. Бахман. Я ведаў, што ён мяне помніць. Будучы навучэнцам трэцяга курса педвучылішча, я два разы дапамагаў яму выбіраць бульбу на агародзе. Калі мы сядзелі ў яго за сталом, ён гаварыў:

– Не хочаце вы, студэнты, вучыць нямецкую мову. Будзеце пазней шкадаваць. А гэта мова зусім не цяжкая. Для немца вывучыць рускую мову ў многа разоў цяжэй, чым для вас нямецкую.

Я вырашыў звярнуцца да яго па дапамогу: трэба было ратавацца ад гэтай праклятай народам паліцыі. Тым больш, што, як гаварылі, бургамістар дапамагаў людзям ва ўсім.

Ён уважліва выслухаў мяне:

– Я пазваню ў інспекцыю асветы, каб цябе прынялі на пасаду настаўніка. Тады ў паліцыю не возьмуць.

Я пачаў працаваць у мясцовай школе. Як кажуць, з двух зол выбраў меншае. Вёў фізкультуру і чацвёрты клас. Як патрэбна было, замест прывітання «добры дзень» падымаў руку на ўзровень пляча і ўсклікаў: «Жыве Беларусь!». Выкладалі ўсе прадметы па савецкіх падручніках, за выключэннем рускай мовы і гісторыі СССР. Вывучалі гісторыю Беларусі. Зарплату атрымлівалі мізэрную. Паёк складаў 8 кг мукі і 3 кг мяса ў месяц.

Пасля новага года з"явіліся дзе-нідзе партызаны. Яны забаранялі вучыць дзяцей. Хаця якая ў гэтым была шкода ці спрыянне акупацыйным уладам – цяжка сказаць. Звычайна партызаны разбівалі ноччу ў школьных будынках вокны, падкідвалі запіскі з пагрозамі аб расстрэле. Рудзеня папрасіў мяне, каб я паразбіваў ноччу ў нашай школе вокны і падкінуў запіску ад імя партызан.

– Школу, маўляў, закрыюць, – тлумачыў «дырэктар». – А мы па-ранейшаму будзем атрымоўваць гэты злашчасны паёк і сто абясцэненых марак.

Я разам з адным настаўнікам гэту справу выканаў слаўна. «Дырэктар» наведаў са скаргай Слуцкую інспекцыю асветы. Там яму паспачувалі і сказалі:

– Лічым вашу школу закрытай да лепшых часоў!

Так яна больш пры немцах і не адкрывалася.

Але нават за тыя злашчасныя чатыры-пяць месяцаў працы ў школе пры немцах я меў пазней шмат непрыемнасцей.

Як і большасць людзей, якія раптоўна аказаліся пад ярмом нямецкай акупацыі, я таксама верыў, што нямецкую армію перамагчы нельга. Немцы ўвосень радасна талдычылі:

– Хутка Масква капут!

Але пачаліся раннія маразы. Ртутныя слупкі ў тэрмометры апускаліся да лічбы мінус сорак. Нямецкія ваякі былі апрануты па-летняму – у шынялях і пілотках. Неўзабаве стала вядома: немцы пацярпелі паражэнне пад Масквой і Амерыка ўступіла ў вайну з Германіяй. Гэтага было дастаткова, каб я ўпэўніўся, хто выйдзе пераможцам у «бліцкрыгу», і стаў шукаць шляхі для барацьбы з ворагам.

У вёсцы Ісерна жыў былы студэнт медыцынскага дваццацішасцігадовы Мікалай Бялько. Ён стварыў падпольную групу. Я быў з ім у добрых адносінах. Ён даверыўся і прапанаваў увайсці ў склад яго групы. Першым заданнем было завезці ў Слуцк газеты «Правда» і лістоўкі і перадаць нейкаму Андрыеўскаму. А потым – пайшло-паехала. Вазіў міны для падрыву масласырзавода. З горада дастаўляў медыкаменты, збіраў зброю, боепрыпасы. Некалькі разоў быў партызанскім правадніком пры падрыве чыгункі.

Аднойчы мне далі план-карту Слуцка. Я павінен быў адзначыць на ёй ваенныя аб"екты – казармы, аўтапарк, склады і г. д. Увесь дзень з Андрыеўскім шныпарылі па горадзе. Абазначылі ўсё, што ўбачылі, і перадалі ў атрад. Чакалі, што Слуцк будуць бамбіць, але, на жаль, не дачакаліся.

Якое б цяжкае і небяспечнае жыццё ні было ў мяне тады, але не выходзіла з галавы думка пра родных у далёкім Казахстане. Напярэдадні вайны мне паведамілі, што трыццацісямігадовая маці нарадзіла хлопчыка, якога назвалі Міхасём. Я тады падумаў: «Навошта ім гэтае дзіця? Вось-вось грымне вайна!.»

Не мог я тады прадбачыць, што з гэтага хлапчаняткі вырасце бравы палкоўнік і вельмі патрэбны ўсім нам чалавек.

У верасні сорак трэцяга Мікалай Данілавіч Бялько арганізаваў з моладзі партызанскі атрад. Касцяк атрада склала падпольная група. Назвалі атрад «імя 14 Слуцкіх партызан». Вінтоўка ў мяне ўжо была. Ляжала схаваная пад страхой гумна. Але ў атрад мяне не залічылі. Параілі ўступіць у паліцыю, быць разведчыкам. З такой прапановай я не згадзіўся, але мяне прыстрашылі, што забароняць быць партызанам. Я вымушаны быў пайсці на хітрасць: паблукаў па Слуцку, вярнуўся і далажыў:

– Бяруць у паліцыю, але накіроўваюць у мястэчка Капыль!

Гэта не адпавядала інтарэсам партызанскіх камандзіраў. Ім важна было ўсё ведаць пра Слуцкі гарнізон.

Зімой памёр дзед. Цётка Аўдоцця выйшла замуж за ўдаўца. Я жыў са сваёй малодшай цёткай Вольгай. Да вайны яна працавала ў вёсцы Мялешкі настаўніцай. Восенню сорак трэцяга года, у пачатку лістапада, на запрэжаным у калёсы кані, з цёткай Вольгай мы паехалі ў партызанскі лагер, насустрач невядомаму лёсу. Праз суткі ў суправаджэнні партызан Кузняцова і Паўлючэнкі дабраліся да вёскі Азломль Любанскага раёна. Тулілася яна сярод лясоў і балот у дванаццаці кіламетрах ад гарпасёлка Любань. Была зіма, але цёплая, з частымі адлігамі. Мяне здзівіла тое, што партызаны жылі не ў зямлянках, як я сабе ўяўляў, а ў вясковых хатах. Толькі каравул знаходзіўся ў памяшканні былой школы.

Вакол вёскі выстаўляліся дазоры, якія аберагалі партызанскі гарнізон ад усялякіх нечаканасцей. Вельмі надакучвала несці варту на гэтых пастах. Неўзабаве пачалася блакада. У лясы і балоты рынула нямецкае воінства разам з паліцэйскімі. Мы пакінулі вёску і перасяліліся ў зямлянкі, выкапаныя на выспе летам.

Так атрымлівалася часта-то мы ганяліся за паліцаямі і немцамі, то яны ганялі нас па любанскіх балотах. Паколькі я не служыў у арміі, то мне не даручалі важных спраў. Але я ўдзельнічаў у многіх баях – у вёсцы Белічы, каля вёскі Сухая Міля, ля Дунцоў… Не раз трапляў у засады і сам не раз іх рабіў. Часта вакол мяне гінулі ці былі паранены байцы, але мяне Бог мілаваў. Не раз мы галадалі, мерзлі, пераходзілі ў халады раку Арэсу і паўнаводныя каналы, якіх так многа на балотах Любаншчыны.

У сакавіку сорак чацвёртага, за чатыры месяцы да вызвалення, у цяжкім баі з карнікамі загінуў наш слаўны камандзір Мікалай Бялько. Яго пахавалі на астраўку ля вёскі Загалле, а пасля перазахавалі ў агульнай магіле 14 слуцкіх партызан.

Камандаваць атрадам стаў Прохар Карака, яго паплечнік і сябар. Атрад уваходзіў у партызанскую брыгаду № 64 імя Чкалава пад камандаваннем М. Розава і камісара Канановіча. Душою нашага атрада пасля гібелі Мікалая Данілавіча стаў камісар Змітровіч, былы настаўнік.

З радасцю мы даведаліся, што саюзнікі адкрылі другі фронт у Францыі. З-за лініі фронту авіяцыяй нам прыслалі толавыя шашкі, міны, супрацьтанкавыя ружжы. Атраду было загадана ўзрываць чыгунку на раз"ездзе Урэчча – Старыя Дарогі. Адначасова забаранялася знішчаць масты на дарогах.

Неяк мяне выклікаў камандзір:

– Вось, Аляксей, нам прыслалі супрацьтанкавыя ружжы. Вывучы па інструкцыі, як імі карыстацца, і потым раскажы мне, што гэта за навінка. Да вайны ў арміі такога цуду не было!

Я хутка навучыўся карыстацца ружжом. Камандзір распарадзіўся назначыць «экіпаж» з трох партызан. Мы сталі ўладальнікамі ПТР. Абстрэльвалі з яго паравозы на чыгунцы, стралялі з яго ў ворага. ПТР выдаваў вельмі моцныя выбухі. Складвалася ўражанне, што страляе гармата. Гэта выклікала паніку.

Потым пачалося вызваленне Беларусі. Атрад атрымаў заданне ўзяць пад ахову мост ля мястэчка Пагост і трымаць яго да прыходу чырвонаармейцаў. Пакуль мы пехатой адолелі дваццаць кіламетраў, дык у Пагосце ўжо аказаліся нашы перадавыя часці. Адступаючыя немцы ўзарвалі мост, калі на яго ўз"ехаў танк Т-34. На маршы на калону наляцеў самалёт. Яго адагналі стральбой з усіх відаў зброі, у тым ліку і выстраламі з ПТР. Раптам у небе з"явіўся «кукурузнік» з чырвонымі зоркамі на крылах. Мы пачалі дружна махаць рукамі, кідаць уверх шапкі. На наша здзіўленне, самалёт пачаў зніжацца, пакаціўся па лузе і… перакуліўся. Мы пабеглі, дружна паставілі яго на колы. З кабіны, з усмешкай на твары, вылез малады лётчык і дзяўчына ў ваеннай форме – карэспандэнт газеты. Яна стала нас, партызан, фатаграфаваць. Мы дапамаглі самалёту набраць разбег, піхалі яго за крылы і фюзеляж, і ён хутка застракацеў у небе, кіруючыся на ўсход. Чырвонаармейцаў мы сустрэлі ля вёскі Чыжэвічы (цяпер там горад Салігорск). Крычалі «ура», спрабавалі абдымацца, але яны глядзелі на нас, як на дзівакоў. Потым у Слуцку пілі з імі самагонку (Слуцк быў вызвалены часцямі кубанскіх казакаў).

Камісар брыгады Канановіч стаў, неўзабаве, сакратаром РК КПБ. Камандзір брыгады Розаў – старшынёй райвыканкома. Камісар атрада Змітровіч узначаліў райаддзел народнай асветы. Я вярнуўся да ранейшай працы дырэктара школы. Васілінкаўская сямігодка знаходзілася ў трох кіламетрах ад Слуцка. Яна працавала і пры немцах, таму школьная маёмасць захавалася. Астатнія партызаны адправіліся на фронт. Многія загінулі пад Варшавай і Берлінам, Кёнігсбергам і Беластокам. Тыя, хто атрымаў броню, з нецярпеннем чакалі канца вайны.

Пасля вызвалення ў народзе гаварылі:

– Акупантаў выгнала Чырвоная Армія, а ўладу захапілі партызаны!

Так яно і было на самай справе.



Браты і сёстры
Я адразу пачаў шукаць сваіх родных. Шмат было ўсялякіх думак і хваляванняў. Паслаў два лісты па даваеннаму адрасу ў Сяміпалацінск. Нарэшце атрымаў першую вестку. Адазвалася сястра Надзея з воінскай часці. Аказваецца, яе, студэнтку, прызвалі ў армію з Алма-Ацінскага чыгуначнага інстытута. Яна ваявала бортрадысткай. Ад сястры я даведаўся, што бацька загінуў у сорак другім годзе 2 снежня ў горадзе Холм-Бярэзінскі Смаленскай вобласці, дзе і пахаваны ў брацкай магіле. Высветлілася таксама, што ў нас гадуецца трохгадовая сястра Тамара. Такім чынам, нас, дзяцей, шасцёра! Прыслала ліст і маці. Яна вельмі радавалася, што я застаўся жывым і здаровым. Не ведала яна, што бацька загінуў на фронце. Меркавала, што ён вярнуўся ў Іграева і жыве ў вёсцы. Цяпер і гэта надзея-падманшчыца пакінула яе.

Я стаў клапаціцца, як перасяліць сваю сям"ю на вызваленую радзіму. Заручыўся падтрымкай райвыканкама і паслаў выклік у Сяміпалацінск. Зімой яны прыехалі дамоў: маці, сёстры Таццяна і Тамара, брацік Міхась. Мікалай прызываўся ў армію і яго не адпусцілі ў Беларусь.

Многія гады, скончыўшы гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута, я працаваў дырэктарам школ у навакольных вёсках Слуцкага раёна. Скончыў таксама два курсы Мінскага настаўніцкага інстытута.

Выконваў розныя грамадскія даручэнні. Быў прапагандыстам у сістэме палітасветы сярод членаў ВКП(б), хаця заставаўся беспартыйным. Незадоўга да смерці Сталіна мяне настойліва сталі цягнуць у рады ВКП(б). Вымушаны быў падаць заяву, каб мяне прынялі ў «слаўную кампартыю». Надзеі было мала. Так яно і сталася. Нягледзячы на тое, што сакратар пярвічнай партарганізацыі старанна і натхнёна даводзіў, што я дастойны партыі, нічога не атрымалася.

Члены бюро райкома, апранутыя ў гімнасцёркі, самазадаволеныя, адкормленыя, раўнадушныя да лёсу іншых, з іроніяй пыталіся:

– А чаму вы паступаеце ў партыю? Мо таму, што яна правячая?.

– А як гэта вы працавалі ў школе пры немцах? Напэўна, хвалілі Гітлера…

– Ваш бацька і дзядзька асуджаны органамі НКУС і вы паступаеце ў партыю! ІПто гэта вы дазваляеце сабе?.

I гэтак далей у такім жа духу.

Выйшаў я з гэтай «парылкі» сам не свой. Зняважаны, апляваны. Выпадкова сустрэў свайго даўняга сябра, таксама настаўніка. Паведаў яму, што здарылася, і мы пачалі смяяцца. Смех, як і слёзы, аблягчаюць душэўную нуду. Бывала, пасля бою ні з таго ні з сяго разбірае смех. У каго шапка звалілася з галавы, то як нехта хрыпла крычаў «ура», то з таго, хто, бегучы ў атаку, на хаду грыз сухар. Змучаная нервовая сістэма аблягчала сябе тым, што выпускала пару ў выглядзе смеху.

I толькі ў шэсцьдзесят другім годзе мяне прынялі ў партыю, прытым без усялякіх правалочак.

Каля сарака гадоў працаваў я дырэктарам. Васемнаццаць з іх – дырэктарам Сяражскай СШ. Калі мне споўнілася 60 год, стомлены і змучаны жыццёвымі клопатамі, я папрасіўся на пенсію. А потым яшчэ шэсць гадоў выкладаў гісторыю ў роднай школе. Дзесяць гадоў таму канчаткова выйшаў на пенсію. Цэлы год яшчэ сумаваў па школе, а потым неяк звыкнуўся і зараз ужо не адчуваю настальгіі па школьным жыцці.

Аглядваючы пройдзены шлях, з задавальненнем думаю, што зрабіў шмат добрага і карыснага для сваёй радзімы, для сваіх родных. Але было дапушчана і шмат памылак. Большасць іх па віне абставін, у якіх я выхоўваўся і знаходзіўся.

Галоўнай памылкай, на мой погляд, было тое, што я вучыў дзяцей не верыць у Бога. Веруючы чалавек намнога лепшы і дастойнейшы, чым няверуючы. Аднак мяне нельга лічыць атэістам. Я не веру ў розныя біблейскія казкі і паданні, але верую ў тое, што ёсць нейкая вялікая магутная Сіла, якую людзі назвалі Богам, а філосаф Гегель назваў Сусветным духам. Вельмі трапна сказаў Дастаеўскі, што няверуючаму ўсё дазволена.

Я задаволены тым, што пры такім трагічным лёсе бацькі я, мае браты і сёстры «выйшлі ў людзі». Сястра Надзея, маючы няпоўную вышэйшую адукацыю, выйшла замуж за падпалкоўніка авіяцыі. Брат Мікалай больш за сорак гадоў працаваў дырэктарам сярэдняй школы. Міхась скончыў Рыжскую аўтаакадэмію. Сваё жыццё прысвяціў службе ўСавецкай арміі. Звольніўся ў запас з пасады намесніка начальніка палітаддзела 39-ай арміі Забайкальскай ваеннай акругі. Сястра Таццяна атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю, а Тамара скончыла педінстытут. Паколькі яе муж быў ваенным мараком, яна апынулася на Далёкім Усходзе. На жаль, ці на шчасце, усе яны цяпер пенсіянеры.

У іх станаўленні не апошнюю ролю адыграў і я, як старэйшы брат, якому суджана было замяніць ім бацьку. Не ўсё змог для іх зрабіць, што было патрэбна, але стараўся як мог.

Цяпер я дажываю свой век з жонкай у вёсцы Сярагі. Усе клопаты аддаю хатняй гаспадарцы. Чытаю што-небудзь, успамінаю былыя дні. Так праходзіць жыццё.



I за пячатку, і за наган
Наколькі я помню, бацька ні мяне, ні сваіх дзяцей не выхоўваў з дапамогай дзягі ці дубца. Гэта звычайна рабіла маці. Але ён змястоўна прабіраў за якія-небудзь дзіцячыя правіннасці.

Аднойчы, калі я вучыўся ў трэцім класе, мне ад яго выпала выдатная дубцоўка. А здарылася гэта так.

Забыў аднойчы ён калгасную гербавую пячатку. Я паклаў яе ў кішэнь і пакрочыў у школу. Там я стаў ставіць сябрам адбітак пячаткі на запясці левай рукі, каб гэта было падобна на гадзіннік, які звычайна насілі настаўнікі. Да мяне нават выстраілася чарга. Заўважыла гэта настаўніца і паклікала ў свой пакой, параіла хутчэй бегчы дамоў і вярнуць пячатку бацьку. Я прыбег дамоў і ўбачыў перапалох – бацька і маці шукалі згубленую пячатку. Я добрасумленна прызнаў сваю віну. Бацька памкнуўся мяне адлупцаваць, але маці заступілася.

Бацька з дазволу ўлад захоўваў рэвальвер з шасцю патронамі ў барабане. Яго ўзброілі, каб затрымаў або забіў былога кулака Івана Бараноўскага, які ўцёк у Польшчу. Спадзяваліся, што ён вернецца наведаць сям"ю. Я часта са спакусай глядзеў на гэты рэвальвер, мне вельмі карцела з яго выстраліць. Аднойчы я выкарыстаў зручны выпадак, захапіў рэвальвер і адправіўся да ракі. Там я прыцэліўся ў ваду і націснуў на курок. Выстраліў і спалохаўся. Выцягнуць страляную гільзу я не здолеў. Зброю паклаў у схованку. Бацька неўзабаве заўважыў, што рэвальверам карысталіся. Хто гэта мог зрабіць? Канешне, ён зразумеў, што гэта маіх рук справа. На допыце я вымушаны быў прызнацца, як усё было. Бацька выцягнуў са штаноў дзягу і пачаў мяне бязлітасна «настаўляць» – лубцаваць па сцёгнах. Пры гэтым ён з асалодай прыгаварваў:

– А гэта табе, блазнюк, за пячатку! А гэта табе, нягоднік, за рэвальвер!

Здзівіла мяне тое, што на гэты раз маці не бараніла мяне, не заступалася. А наадварот – падахвочвала яго:

– Дай яму добра, злыдню, каб ведаў, што трэба браць, а чаго чапаць нельга. Страляць захацеў, душагуб няшчасны!.



Бунт
Напярэдадні 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі старшыня калгаса ў вёсцы Сярагі І.М. Шахновіч патэлефанаваў мне і прапанаваў з"ездзіць у Слуцк – там адбываецца нешта жахлівае. На старшынёўскім «газіку» праз дваццаць хвілін мы былі ў Слуцку. Спыніліся недалёка ад будынка раённага суда і ўсё добра бачылі. Тварылася нешта неверагоднае. Натоўп людзей у некалькі соцень чалавек (палову складвалі школьнікі) распачаў бунт. Будынак нарсуда лізалі языкі полымя. Пажарную каманду, якую выклікала міліцыя, яны закідвалі камянямі. Частка забрукаванай вуліцы была разбурана. Неўзабаве з"явілася аўтамашына з салдатамі, якія пачалі разганяць людзей, паласуючы іх рамнямі. На ваяк пасыпаўся град камянёў. З акрываўленымі тварамі, разбітымі галовамі салдаты адступілі. Міліцыя ні на крок не набліжалася да раз"юшанага натоўпу. Прыгадаліся прарочыя словы А. Пушкіна: «Не давядзі, Госпадзі, бачыць рускі бунт – грубы і бязлітасны!».

Драўляны будынак суда ўжо палаў, як факел.

Прычынай бунта паслужыла судовае пасяджэнне. Да загадчыка аддзела культуры п"яны бамбіза ўварваўся ў кватэру. Пасля спрэчкі яго выштурхнулі за дзверы. На лесвічнай пляцоўцы ён не ўтрымаўся на нагах і моцна выцяўся галавой аб падлогу. Што было далей – невядома, але раніцай яго знайшлі мёртвым у парку. Загадчыка аддзела культуры абвінавацілі ў ненаўмысным забойстве, арыштавалі. На судзе ён сцвярджаў, што вінаватым сябе не лічыць. Адвакат таксама даказваў, што дэбашыр загінуў выпадкова. Людзям гэта не спадабалася, яны выказвалі меркаванне, што загадчыка аддзела культуры, як камуніста, апраўдаюць. У знак пратэсту з натоўпу ў вокны будынка суда паляцелі камяні. Міліцыя паспела выратаваць падсуднага ад расправы, але ў памяшканні засталіся суддзя і капітан міліцыі, як аказалася потым, назаўсёды. Яны згарэлі.

Пачалося расследаванне цяжкага злачынства. З Мінска прыбыла спецыяльна ўтвораная камісія. У пошуку «паўстанцаў» дапамог фатограф, які рабіў здымкі людзей. Удзельнікаў беспарадкаў арыштавалі. Многія былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення, а дваіх прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу.

Так Слуцк праславіўся актам выступлення супраць «засілля камуністаў».



На сустрэчу з Янкам Купалам
Цёплай летняй нядзельнай раніцай заходзіць аднойчы да нас настаўнік. Ён просіць збегаць на луг пад лесам і прывесці школьнага каня. Вучань пятага класа, я тады вельмі захапляўся творамі беларускіх пісьменнікаў.

– Сёння ў Слуцк наведаецца Янка Купала, – паведаміў госць. – Едучы на Арэсу на сустрэчу з жыхарамі Любані, ён па дарозе спаткаецца з настаўнікамі Случчыны. Ты таксама паедзь з намі, убачыш народнага паэта.

Я з радасцю кінуўся выконваць даручэнне. А коні пасвіліся далекавата – кіламетры за два ад вёскі. Гняды аказаўся наровістым – ніяк не даваўся прыблізіцца і адзець на сябе аброць. Як яго ні заманьваў, ён ад мяне ўсё роўна ўцякаў. Я быў у адчаі! – не злаўлю каня і не ўбачу Янку Купалу!

На шчасце, у лес па дровы ехаў на калёсах дзядзька Павел. Ён спачатку не схацеў дапамагчы мне, а потым злітаваўся. Як ён гэта зрабіў? Затрымаў рахманага каня і пад"ехаў верхам да неслуха, адзеўшы на галаву яму аброць.

Я галопам паскакаў да школы. На калёсы з сенам, засланыя саматканай падсцілкай, селі два настаўнікі – Вітко і Клімовіч. Я пераапрануўся ў лепшыя кашулю і штаны. Сеў наперадзе, узяў у рукі лейцы і пачаў кіраваць канём. Здзівіла мяне тое, што настаўнікі не вялі гутарку пра Купалу. А гаварылі пра тое, як яны забаўляліся з дзяўчатамі, і смяяліся, як блазнюкі.

У горадзе высветлілася, што народны паэт на сустрэчу не прыедзе, бо захварэў. Божа мой, як я гараваў, што не ўбачу славутага песняра. Які я быў расчараваны! Як наракаў я на свой гаротны лёс!

Мае спадарожнікі, наадварот, ні капелькі не бедавалі. Здабылі ў краме бутэльку гарэлкі, тры кольцы каўбасы і бохан белага хлеба. Тут жа, на возе пачалі частавацца. Добры кавалак духмянай каўбасы і акраец хлеба далі мне. Я палавіну з"еў, а частку паклаў у кішэню – сястрыцы на гасцінец.

– Ты чаго не ясі? – здзівіўся Вітко, які прасіў мяне прыгнаць каня. – Хіба не смачна?

– Сястрыца Танька захварэла. Пачастую яе смачнай каўбасой.

Абодва настаўнікі з нейкім жалем паглядзелі на мяне.

– З"ядай, што ў кішэні! – загадалі яны. – Мы тваёй сястрыцы кольца каўбасы падорым.

Ужо вясной сорак сёмага года, калі вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, блукаў я па Мінску. На плошчы Свабоды – раней пляц Волі – звярнуў увагу на шыльду: «Музей Янкі Купалы». Калі не пабачыў жывога паэта, як не наведаць прысвечаны яго памяці музей? На сценах і стэндах былі цікавыя экспанаты. З наведвальнікаў быў я толькі адзін. Суправаджала мяне, давала тлумачэнні прывабная дзяўчына, як высветлілася, пляменніца жонкі Купалы. На паліцы аднаго стэнда кінулася ў вочы экзатычная курыльная люлька. Не паверылася, што Купала курыў. Пра гэта я пацікавіўся ў экскурсавода.

– Дакладна пра гэта не ведаю, – адказала дзяўчына. – Зараз пацікаўлюся ў цёткі, яго жонкі.

– А дзе яго жонка? – здзівіўся я.

– Ды вунь сядзіць за пісьмовым сталом.

У кутку сапраўды сядзела пажылая жанчына і вывучала нейкія паперы.

Цікава! Не пабачыў славутага песняра, дык паразмаўляю з яго суджанай. Яна аказалася даволі гаварлівай, дабрадушнай жанчынай. Размаўляла на дасканалай беларускай мове, прытрымліваючыся вымаўлення правапісу пачатку трыццатых гадоў. Замест слоў «клас», «буквар» гаварыла «кляса», «лемантар». Выказала меркаванне, што я або настаўнік, або студэнт (акрамя гэтых людзей мала хто наведвае музей). Паведаміла – да вайны яны мелі ладны дом і легкавы аўтамабіль, а цяпер яна жыве са сваёй пляменніцай у камунальнай кватэры.

– Аднойчы ў музей заходзіў старшыня Дзяржплана Беларусі Чорны, – прамовіла яна ў скрусе. – Паабяцаў пабудаваць будынак музея Янкі Купалы. Дажыць бы да таго часу! Сябра Купалы, Якуб Колас, толькі аднойчы пабываў у музеі. Ён захоўвае каштоўныя экспанаты. Відаць, збірае для будучага свайго музея…

Адчувалася, што яна чамусьці не задаволена Якубам Коласам, яго адносінамі да сабрата па пяру.

Вось такая была сустрэча, хаця не ўбачыў жывога Янку Купалу, дык размаўляў з яго жонкай – сябрам і дарадчыкам Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч.



У гасцях у Якуба Коласа
Беларуская грамадскасць адзначала 65-годдзе нараджэння народнага паэта Якуба Коласа. Я ў той час быў студэнтам Мінскага настаўніцкага інстытута. Прарэктарам педінстытута тады працаваў Пратасеня (на жаль, не помню яго імя і імя па бацьку). Ён быў мне знаёмы па партызанскай барацьбе на Міншчыне, у складзе разведгрупы прыбыў на самалёце з-за лініі фронту, або, як тады казалі, з «Вялікай зямлі». Мы не раз суправаджалі разведчыкаў на заданні, дапамагалі ім збіраць разведданыя, якія перадаваліся ў Штаб партызанскага руху ў Маскву. Адносіўся да мяне прарэктар як да таварыша па барацьбе вельмі прыязна і добразычліва, паспрыяў уладкавацца лабарантам гістарычнага кабінета. Гэта дазволіла мне атрымаць дадатковую хлебную картку і нейкую зарплату, паколькі я быў ужо жанаты.

Аднойчы ён мяне выклікаў у свой кабінет і прапанаваў знайсці яшчэ аднаго студэнта (франтавіка ці партызана), з якім утрох можна будзе наведаць народнага паэта, запрасіць яго на сустрэчу з выкладчыкамі і студэнтамі педінстытута.

Якуб Колас тады жыў у невялікім драўляным будынку побач з Акадэміяй навук. Нас запрасілі ў яго кабінет, застаўлены стэлажамі кніг. Стол песняра быў завалены паперамі.

Раптам увайшоў сам гаспадар – вельмі падобны на свае партрэты, толькі мне падалося, што ў жыцці больш стараваты.

Невысокага росту, хударлявы, са сваёй сялянскай лысінай, з прыемнай дабрадушнай усмешкай, даволі рухавы. Спачатку парукаўся з прарэктарам, а потым настала і наша чарга. Вось і я паціснуў руку беларускай і часткова сусветнай знакамітасці, аўтару бессмяротнай «Новай зямлі». Размаўлялі пераважна паміж сабой Якуб Колас з прарэктарам, калі-нікалі звярталіся да мяне і Міколы Бандуры. Пісьменнік распытваў пра партызанскае жыццё, пра вучобу, як пераадольваем пасляваенныя цяжкасці, На кухні гаспадыня пякла пірагі. Адтуль плыў вельмі апетытны пах, аж слінка цякла.

– Хадземце ў кухню, вып"ем па кубку гарбаты, – на развітанне прапанаваў гаспадар.

Пратасеня падзякаваў і адмовіўся. Так мы засталіся «без гарбаты». На вуліцы выказалі прарэктару незадавальненне тым, што ён вырашыў «балючае пытанне» без нашага ўдзелу.

– У Коласа штодзённа бываюць госці. Нам нягожа заклапочваць яго пачастункам.

Мікола Бандура выказаў расчараванне:

– Няўжо калі-небудзь мы будзем спажываць такую смакату!

Сустрэча з народным паэтам адбылася ў актавай зале інстытута. Побач з Якубам Коласам у прэзідыуме сядзелі Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка. Яны многа і шчыра гаварылі пра юбіляра, пра ролю настаўніка ў выхаванні падрастаючага пакалення і станаўленні грамадства, выступалі з вершамі. Студэнтам і выкладчыкам вельмі спадабаўся вершаваны твор на злабадзённую тэму Пімена Панчанкі «Бульба з селядцом». Яму горача і працягла пляскалі ў далоні.

Якуб Колас спачатку крыху хваляваўся. Дзякаваў за шчырыя словы, гаварыў пра тое, што ён у маладосці таксама рыхтаваўся быць настаўнікам і нават некалькі гадоў працаваў ім. Заклікаў ехаць працаваць у вёску.

– Няма нічога больш важнага і ганаровага для настаўніка, як несці асвету нашым беларускім дзецям і роднаму гаротнаму люду, – гаварыў народны паэт.

Сёння мне ўжо сівому, старэйшаму цяпер за яго, прыемна прыгадаць гэту сустрэчу, цікавую і павучальную.



Паўбанкі кансерваў і складанчык
Упершыя пасляваенныя гады мы, студэнты Мінскага педінстытута, фактычна жылі сярод руін і пажарышчаў. Здавалася, каб вывезці гэты друз ад руін, спатрэбяцца многія-многія гады. Па галоўнай вуліцы курсіравалі тады толькі два двухвагонныя трамваі.

Педінстытут знаходзіўся насупраць радыёзавода, займаў будынак уцалелай сярэдняй школы. У адсутнасць трамвая (а гэта здаралася часта) даводзілася дабірацца да месца вучобы пешшу.

Аднойчы ў інстытуце выступаў лектар на тэму, якім будзе Мінск праз дзесяць гадоў. Калі прамоўца маляваў карціну адноўленага Мінска, студэнты смяяліся. Нехта перадаў прамоўцу запіску: «Хопіць казкі баіць! Спозніцеся на трамвай!» Лектар прачытаў гэтую запіску і ў сваю чаргу засмяяўся:

– Сапраўды, у будучае Мінска цяжка паверыць сёння. Але горад паўстае з руін, стане яшчэ больш прыгажэйшым. Я ў гэтым упэўнены, і раю вам таксама паверыць!

Цяпер я ўспамінаю гэтага аптыміста з павагай і ўдзячнасцю. Асабліва, калі наведваю беларускую сталіцу…

Як ні дзіўна, але першымі будаўнікамі горада былі, дарэчы, нямецкія ваеннапалонныя. З пераможанай Германіі была прывезена будаўнічая тэхніка: вежавыя і аўтамабільныя краны, бульдозеры, пад"ёмнікі. На машынах і механізмах працавалі ў асноўным былыя нямецкія ваякі. Нас, студэнтаў, былых партызан і салдат, часта выкарыстоўвалі ў ролі ахоўнікаў. Аднойчы я ператварыўся ў канваіра, атрымаў вінтоўку з абоймай патронаў.

Жылі ваеннапалонныя ў бараках, спалі на нарах, засцеленых саломай. Гэта былі іхнія пасцелі. Групу палонных я завёў на будаўнічую пляцоўку, дзе яны абгароджвалі ўчастак (здаецца, на тым месцы цяпер узвышаецца будынак універмага). Цвікі часта гнуліся. Немцы скардзіліся:

– Калі б у нас выраблялі такія цвікі, дык фабрыкант зняславіўся б і разарыўся!

Ваеннапалонныя выглядалі дахадзягамі, працавалі вельмі марудна. Сапраўды адпавядае ісціне гістарычны пастулат: «Рабская праца непрадукцыйная».

Кармілі ваеннапалонных толькі два разы – раніцай і вечарам. Раніцай – дзвесце грамаў хлеба і конаўка «баланды», а вечарам – суп і чай з цукрам. На маю заўвагу, што савецкіх ваеннапалонных кармілі ў сто разоў горш, немец запярэчыў:

– Гэта віна не нямецкага народа, а Гітлера. Ды вашых палонных было столькі, што Германія не ў стане была іх пракарміць.

Які цынізм, ці няпраўда?

Неяк у абедзенны перапынак я вырашыў падсілкавацца. У партфелі быў добры кавалак хлеба і паўбанкі кансерваў. Пажылы немец прапанаваў мне абмяняць абед на вельмі прыгожы складанчык. Ён глядзеў на бляшанку тушонкі, як тапелец на выратавальны круг. Я працягнуў яму адкрытую бляшанку і лусту хлеба і ён прагна накінуўся на ежу. Суайчыннікі глядзелі на яго з непрыхаванай зайздрасцю. Міжволі прыгадалася хрысціянская запаведзь: «Возлюби врага своего, яко ближнего». Я вярнуў яму падораны сцізорык з надзеяй, што ён яшчэ хоць раз выкарыстае яго і падсілкуецца. Былы вораг разгублена замямліў:

– Данкэ шон! Данкэ шон!

I міжволі падумалася мне, што, мабыць, вось гэты немец застрэліў на фронце майго бацьку ці сябра дзяцінства, ці якога-небудзь сваяка, якіх так многа засталося ляжаць у сырой зямельцы. А я вось падкормліваю супастата студэнцкім пайком. Неспазнаныя шляхі твае, Госпадзі!

А летам сорак сёмага года я быў сведкам таго, як адпраўлялі ў Германію першую партыю ваеннапалонных. Гэта былі пераважна людзі сталага ўзросту. На сцяне таварнага вагона нейкія дзівакі вывесілі кумачовы плакат: «Мы прыйшлі да вас як ворагі, а ад"язджаем як сябры!»

Парадокс!



Сцяпан Жук і Жукаў
Даўным даўно, яшчэ у далёкім трыццаць пятым годзе, мы, іграеўскія хлопцы, на падводзе паехалі ў Слуцк паглядзець ваенны парад, прысвечаны Міжнароднаму дню працоўнай салідарнасці. Тады, у перадваенныя гады, у Слуцку была раскватаравана Данская казацкая дывізія. Кавалерысты – удзельнікі парада – былі апрануты ў экзатычную форму: нязвыклыя цёмна-сінія мундзіры, шаравары з чырвонымі лампасамі і фуражкі з чырвонымі аколышамі. Іграў духавы аркестр, які выконваў ваенныя маршы і, вядома, пралетарскі гімн «Інтэрнацыянал». Кіраваў парадам чырвонаармейцаў камандзір дывізіі з двума ромбамі ў пятліцах і некалькімі ордэнамі на грудзях, ён аддаваў каманды гучным голасам. Саскочыўшы з каня, сярэдняга росту дужы вайсковец пашыбаваў да трыбуны, дзе стаяла партыйна-савецкае кіраўніцтва. Здалёк я заўважыў, што ён выціраў узмакрэлы твар і дужа спяшаўся, як быццам тая трыбуна з людзьмі збіралася ад яго ўцякаць. Я ўпершыню ў сваім жыцці ўбачыў гістарычную асобу – будучага палкаводца і маршала Георгія Канстанцінавіча Жукава.

Пазней, калі пасля вайны я працаваў у вёсцы Паўстынь дырэктарам школы (а там большасць жыхароў маюць аднолькавае прозвішча), мне давялося гутарыць з селянінам Сцяпанам Жуком. У грамадзянскую вайну Сцяпан Жук быў чырвонаармейцам, удзельнічаў у баях супраць белагвардзейскага генерала барона Врангеля. Камандаваў іхнім кавалерыйскім узводам былы салдат царскай арміі Георгій Жукаў. Байцы і камандзіры ў паўсядзённым жыцці адносіліся адзін да аднаго па-сяброўску, дружалюбна. Паколькі былі ўсе маладымі, любілі пажартаваць, а ў часы адпачынку ці на прывале – падужацца. Аднойчы на прывале чырвонаармейцы завялі паміж сабой спрэчку – хто акажацца мацнейшым: радавы Сцяпан Жук ці камузвода Георгій Жукаў. Пачалі дужацца. Мацнейшым аказаўся Сцяпан Жук. Гэта развесяліла байцоў. Але пераможаны камандзір не разгубіўся:

– Вось табе, Сцяпан Жук, за тое, што падужаў Георгія Жукава, мая ўзнагарода – казацкая нагайка!

Гэта была каштоўная для кавалерыста рэч – нагайка.

Выпадкова з раённай газеты Сцяпан Жук даведаўся, што ваенны парад у Слуцку прымаў камдыў Гергій Канстанцінавіч Жукаў. Паколькі імя па бацьку былога свайго ўзводнага не ведаў, ён засумняваўся, што гэта яго былы таварыш па грамадзянскай вайне. Аднак карцела высветліць дакладна – ён гэта ці не? Неяк адважыўся, паехаў у Слуцк і наведаўся да ваенных. Жукава не застаў, а дзяжурны па часці параіў:

– Значыцца, вы дужаліся на прывале з Жукавым, і ён вам падарыў нагайку? Я далажу камдыву аб гэтым, калі вернецца з Мінска. Чакайце…

Тыдні праз два Сцяпан Жук сядзеў з жонкай раніцай на ганку і перабіраў прынесеныя з лесу грыбы – аж два кашы баравікоў. Раптам на вуліцы затарахцеў легкавы аўтамабіль. Сэрца затахкала ў прадчуванні радаснай весткі. Усімі фібрамі душы ён адчуў, што едуць ад Георгія Жукава. З аўтамабіля выйшаў сяржант.

– Мне сказалі, што тут жыве Сцяпан Жук. Гэта так?

– Ага, так. Гэта – я!

– Георгій Канстанцінавіч хоча з вамі сустрэцца. Вас адвязуць і прывязуць на аўтамабілі. Збірайцеся!

Праз гадзіну яны былі ў Слуцку. Спачатку Сцяпан пасядзеў крыху ў прыёмнай, бо Жукаў размаўляў з кімсьці па тэлефоне. Затым яму было прапанавана зайсці. Жукаў выглядаў вельмі гожа. Калі б яму на плечы прымацаваць пагоны – ну выліты белагвардзейскі генерал! Аднойчы яны ўзялі такога ў палон. Жукаў заўсміхаўся і крочыў з-за пісьмовага стала свайму госцю насустрач. Паціснулі рукі, не вытрымалі і абняліся.

– Я б цябе не пазнаў, калі б сустрэў дзе-небудзь у іншым месцы, – прамовіў Георгій Канстанцінавіч усхвалявана. – Ты вельмі змяніўся, пастарэў. А што гэта ў цябе ў руках за кош? Прывёз мне грыбы ў падарунак? Вялікае дзякуй! Цяпер я рэдка калі грыбы спажываю, а ў дзяцінстве любіў збіраць. Памятаеш, якія мы былі на грамадзянскай? Як браты. Давай будзем звяртацца адзін да аднаго на «ты».

– Вось бачыш, – працягваў камдыў, – я цяпер у ваеннай казачай форме, а тады мы змагаліся супраць казакаў, называлі іх «золатапагоннікамі». А цяпер я стаў камандзірам Данской казачай дывізіі. Хаця па крыві звычайны рускі мужык…

З гадзіну яны пагутарылі. Затым у буфеце ім паднеслі пачастунак: графін гарэлкі, закусь. Георгій Канстанцінавіч наліў Сцяпану чарку, а сам адмовіўся выпіваць. Спаслаўся на маючую адбыцца сустрэчу з камандзірам корпуса.

– Ды да вечара пах вытхнецца. Камандзір не заўважыць, што ты выпіваў!

Жукаў засмяяўся і наліў сабе чарку. Ён ведаў, як гэта важна для Сцяпана.

– Ну, за сустрэчу! Пагутарыў з табой і быццам памаладзеў гадоў на дзесятак. – Якой была цяжкай і адначасова вясёлай наша бурная маладосць!.

Жукаў прасіў на развітанне наведвацца, звяртацца па дапамогу. Свайго госця адправіў дадому на аўтамабілі.

Вярнуўся дамоў Сцяпан у прыўзнятым настроі, на добрым падпітку.

…Ужо даўно спяць вечным сном абодва ледзь не цёзкі па прозвішчы, ваенныя пабрацімы. Адзін дасягнуў сусветнай славы, прызнання, а другі пражыў свае гады ў паўсядзённых клопатах, сціпла, як звычайны грамадзянін.



«Прэзідэнт» Радось Астроўскі
Пасля забойства ката беларускага народа Кубэ, смяротны прысуд якому выканалі падпольшчыцы, захопнікі ажыццявілі акцыю помсты. Акрамя мноства бязвінных ахвяр, немцы расстралялі больш за тысячу жонак савецкіх афіцэраў, якія засталіся на акупіраванай тэрыторыі.

Гаўляйтарам Беларусі стаў генерал Готберг. Барацьба беларускага народа прымусіла яго пайсці на некаторую лібералізацыю акупацыйнага рэжыму. Была ўведзена ў сорак трэцім годзе пасада прэзідэнта краіны. «Кіраваць» краем стаў Радось Астроўскі – ураджэнец вёскі Паўстынь Слуцкага павета. У акупацыйным друку быў змешчаны зварот «прэзідэнта» да народа Беларусі: «1. Нямецкія ўлады, якія вызвалілі беларусаў ад бальшавіцка-жыдоўскага прыгнёту, далі шанец пабудаваць самастойную дзяржаву Беларусь. Верагодна, яе далей назавуць «Крывіччына» – ад назвы славянскага племені крывічоў, ад якога вядзе паходжанне беларускі народ.

2. Неабходна аказаць дапамогу нямецкім уладам ва ўсталяванні ў краіне еўрапейскага парадку і культуры і спрыяць рашучай барацьбе са сталінскімі бандытамі – партызанамі.

3. Неабходна прызнаць як бясспрэчны факт, што нямецкія карныя інстанцыі зачастую залішне сурова абыходзіліся з палоннымі партызанамі, іх сем"ямі.

Я ўвайшоў у хадайніцтва адносіцца да палонных партызанаў лаяльна, не прымяняць рэпрэсій да іх сем"яў і цывільных людзей. Гэта будзе садзейнічаць стварэнню спрыяльных умоў для іхняга вяртання дамоў…»

Адразу з устанаўленнем «прэзідэнства» адносіны да лясных змагароў, іх сем"яў, да мірных жыхароў змяніліся. Звычайна палонных партызан падвяргалі здзекам і экзекуцыям, а потым расстрэльвалі або вешалі. Часта каралі і іхнія сем"і. Пасля звароту «прэзідэнта» ўзятых у палон партызан пачалі адпускаць дамоў, выдавалі пашпарты. Вынікам гэтай «шчодрасці» стала тое, што некаторыя «змагары», асабліва хворыя і сталага ўзросту, слабыя духам, якія не вытрымалі цяжкасцей ляснога побыту, пацягнуліся дамоў, дзе іх чакала «амністыя».

Вяртаннікаў запрашалі на службу ў паліцыю ці ў БАКС. Спачатку партызаны дэзерціраў расстрэльвалі. А потым Штаб партызанскага руху забараніў выносіць ім смяротны прысуд.

Акупацыйныя ўлады пачалі арганізоўваць у вялікіх вёсках атрады самаабароны. Добраахвотна ніхто не хацеў запісвацца. Маладых хлопцаў гвалтоўна мабілізоўвалі ў атрады «баксаў», аднак большасць «мабілізаваных» потым са зброяй пераходзіла ў партызанскія атрады. Астатнія нясмела ўхіляліся ад сустрэч з ляснымі салдатамі або з імі сябравалі.

Нічога талковага з арганізацыяй БАКСа ў акупантаў не атрымалася. Наадварот, партызаны атрымалі магчымасць забяспечваць сябе зброяй: вінтоўкамі, гранатамі, боепрыпасамі.

Астроўскі ў суровы час сыграў станоўчую ролю. Многія жыхары выратаваліся, збераглі сябе і жыццё сваіх блізкіх. Захопнікі ўжо не палілі вёскі, не праводзілі карныя аперацыі, не ўчынялі масавых расстрэлаў, як было дагэтуль, змякчылі акупацыйны рэжым.

Аднойчы камісар нашага атрада Змітровіч запрасіў мяне і яшчэ аднаго былога настаўніка па прозвішчы Козел у штабную зямлянку. Ён прапанаваў нам напісаць зварот да «прэзідэнта» для партызанскай газеты «Народны мсцівец».

– Вы, хлопцы, адукаваныя, валодаеце пяром, напішыце пану Астроўскаму адкрытае пісьмо ад байцоў атрада «Імя 14 слуцкіх партызан». Пан выступаў у Слуцку на рыначнай плошчы, прасіў дазволіць яму пасля вайны атрымаць дзесяць гектараў зямлі ў роднай вёсцы Паўстынь. Вы яму паабяцайце два аршыны, але не раллі, а на могілках…

Напісалі «зварот», як раіў палітработнік. Ён быў апублікаваны ў газеце «Народны мсцівец». Мала што было зменена ў тэксце, але многа скарочана.

У музеі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца гэты нумар газеты.

Стаяў я задуменны перад стэндам і ўспамінаў векапомныя дні…

Калі працаваў дырэктарам сямігодкі ў вёсцы Паўстынь, зацікавіўся асобай Р. Астроўскага. Пажылыя людзі добра ведалі яго і нават помнілі яго бацьку. Міхаль Жук працаваў у фальварку паноў Астроўскіх.

Вось што я даведаўся пра гэтага нямецкага паслугача. Бацька Р. Астроўскага займаў пасаду эканома ў маёнтку Радзівіла. За верную службу атрымаў 40 дзесяцін зямлі, палову з якіх займаў лес. Малады паніч вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Вільні, захапляўся забароненай царскімі ўладамі літаратурай і газетамі. Часта наведваўся на канікулы з сябрамі-аднадумцамі да бацькоў. Аднойчы яго спрабавалі арыштаваць царскія жандары, але ён уцёк у лес. Бацька адносіўся да яго захаплення рэвалюцыйным рухам непрыхільна. Потым былы паніч прымкнуў да партыі эсэраў. Царскія ўлады двойчы яго арыштоўвалі, але суд прысяжных яго апраўдваў.

Ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі спадар Р. Астроўскі займаў пасаду міністра асветы.

Вось такой асобай аказаўся наш суайчыннік першы «прэзідэнт» Беларусі Радось Астроўскі.