Януш VI Радзівіл (2.07.1579–3.12.1620)
У 1612 г. пасля смерці княгіні Слуцкай Сафіі, усе ўладанні Алелькавічаў адышлі да Януша Радзівіла.
Прадстаўнік біржанскага адгалінавання роду Радзівілаў, ён меў падставу ганарыцца славай сваіх продкаў. Дзед Януша Мікалай «Рыжы» (1512-1584) займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасты, з 1570-х гг. быў фактычна неафіцыйным правіцелем Вялікага княства Літоўскага. Разам з дваюрадным братам Мікалаем «Чорным» ён спрыяў пашырэнню пратэстантызму ў ВКЛ, іх уладанні станавіліся цэнтрамі рэфармацыі. Родная сястра Мікалая «Рыжага» Барбара стала жонкай караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Усім быў вядомы бацька Януша Крыштоф-Мікалай «Пярун»(1547-1603) – з 1572 г. польны, а з 1589 г. Вялікі гетман ВКЛ, удзельнік усіх войнаў караля Стэфана Баторыя.
Нарадзіўся Януш у Вільні. Яго маці княгіня Кацярына паходзіла са знакамітага праваслаўнага роду Астрожскіх. Адукацыю княжыч атрымліваў у езуіцкай акадэміі ў Вільні, а потым у вышэйшых навучальных установах Германіі.
У разглядаемы перыяд рэфармацыйная хваля ў краіне ўжо ішла на спад, пазіцыі каталіцызму мацнелі. Таму Януш як кальвініст значных дзяржаўных пасадаў не атрымліваў. Быў ён падчашым ВКЛ. А калі нарэшце кароль Жыгімонт Ваза дзеля прымірэння з іх домам прапанаваў пасаду кашталяна Віленскага, то ганарлівы Януш ад яе высакамерна адмовіўся. Яго лёс – гэта фактычна суцэльная вайсковая эпапея. Ужо вандруючы пасля вучобы па Еўропе, ён прымаў удзел у міжусобных разборках венгерскіх і аўстрыйскіх арыстакратычных дынастый.
Напрыканцы 1599 г. Януш вярнуўся ў Літву, у 1600 г. уступіў у шлюб з князёўнай Слуцкай Сафіяй. Гэтая справа, як вядома, ледзь не завяршылася вайной паміж літоўскімі магнатамі. У хуткім часе пасля вяселля разам з бацькам Януш адправіўся на Лівонскую вайну, дзе вызначыўся ў якасці камандзіра палка ў бітве супраць шведаў пад Кокенгаўзенам.
Да каралеўскай улады Януш ставіўся апазіцыйна. Таму ў 1606 г. далучыўся да мецяжу (рокашу), што падняў супраць караля польскі магнат Жабрыдоўскі, і быў абраны ракашанамі адным са сваіх кіраўнікоў. Януш кіраваў правым крылом мяцежнікаў падчас галоўнай бітвы з каралеўскімі войскамі – 15 ліпеня 1607 г. пад Гузавам. Мяцежнікаў разбілі. Неўгамонны Януш з каронных земляў вярнуўся ў Літву і зноў пачаў збіраць войскі, але быў разбіты гетманам Хадкевічам.
Цераз год пасля смерці Сафіі Алелькі, у 1613 г. у Берліне Януш пабраўся шлюбам з Эльжбетай-Сафіяй Брандэнбургскай (?-1629), ад якой нарадзіліся дзеці: дочкі Эльжбета (1615-1633), Сафія (1618-1637), сыны Януш XII, які памёр малалетнім, і Багуслаў (1620-1669).
Сам князь памёр у Чарліне, непадалёку ад Гданьска, па некаторых звестках быў ён па-здрадніцку забіты ўласным гайдуком. Пахавалі Януша VI Радзівіла 16 лютага 1621 г. у радавым маёнтку ў Дубінках (цяпер – Дубянгай у Літве). Другая яго жонка Эльжбета-Сафія пражыла яшчэ дзевяць гадоў, у другі раз стала жонкай князя Саксон-Лагенбургскага Генрыка. Памерла ў Франкфурце-на-Одэры. Яе сын ад першага шлюбу Багуслаў застаўся на папячэнні малодшага брата Януша князя Крыштофа Радзівіла.
Што можна сказаць пра наш край у разглядаемы перыяд? Па-першае, адзначым, што Януш застаўся верны свайму слову і ўзятым на сябе абавязкам. Пасля смерці Сафіі Алелькавіч, у якасці паўнапраўнага гаспадара Случчыны, ён пацвердзіў усе раней дадзеныя прывілеі і фундушы слуцкім манастырам. Сам, дзеля недапушчэння пераменаў у справах духоўных, выдаў граматы, якімі забяспечваў у межах сваіх уладанняў захаванасць праваслаўных цэркваў і манастыроў, свабоду іх богаслужэнняў. Такая пазіцыя князя ў часы, калі ў іншых месцах актыўна набіраў моц каталіцызм і пашыралася ўніяцтва, спрыяла таму, што Случчына ў Рэчы Паспалітай заставалася адным з буйнейшых праваслаўных рэгіёнаў.
Не адыйшоў Януш і ад ідэй, якімі кіраваліся яго продкі. Дапамагаў пратэстантам, што для апошніх у часы Контррэфармацыі значыла вельмі многа. Для іх князь даваў прытулак у сваіх уладаннях, у тым ліку і ў Слуцку. У Зарэччы на беразе Случы па яго загаду ў 1617 г. быў закладзены кальвінскі храм, а пры ім пачалі арганізацыю рэфармацкай гімназіі. Гімназія адкрылася ўжо пасля смерці фундатара, а адразу пры храме пачаліся заняткі ў невялічкай школе, якая і дала пачатак Слуцкай гімназіі.
Звернем увагу і на наступную акалічнасць. Нягледзячы на змену правячых дынастый, па волі ўладароў, якія адчувалі сябе неабмежаванымі ўдзельнымі правіцелямі, Слуцк заставаўся ў краіне адным з галоўных цэнтраў апазіцыйных настрояў да цэнтральнай дзяржаўнай улады.