Юрый II Юр`евіч Алелькавіч (1530–09.11.1578)
Князем Слуцкім Юрый Юр'евіч стаў ва ўзросце 12 гадоў. А з 1560 г., калі, не пакінуўшы па сабе нашчадкаў, памёр яго малодшы брат Сімяон, меў тытул князя Слуцкага і Капыльскага. Быў князь Юрый адным з багацейшых магнатаў краіны. Акрамя Слуцкага княства, яму належалі шэраг маёнткаў у іншых частках Літвы і на тэрыторыі Кароны Польскай.
Разам з братам Сімяонам князь Юрый удзельнічаў у Інфляндскай (Лівонскай) вайне. У 1556 г. Алелькавічы ўласным коштам узброілі на вайну 4 тысячы рыцараў. У 1564 г. Юрый Юр'евіч сам камандаваў вялікім войскам: у Лівонскі паход ён выставіў 1200 гусараў і казакоў, 900 драбаў і 100 стральцоў. У попісу войска Вялікага княства Літоўскага 1567 г., у раздзеле, дзе прыводзяцца звесткі пра буйных феадалаў, князь Юрый Слуцкі займае другое месца. Са сваіх маёнткаў ён ставіў у лік войска літоўскага 478 коней (конных вершнікаў) і 300 драбаў (салдатаў-пехацінцаў). Пераўзыходзіў яго толькі князь нясвіжскі пан Мікалай Крыштоф Радзівіл, які ставіў 559 коней і 386 драбаў.
Слуцк пры Юрыі II пачынае пераўтварацца ў горад-крэпасць. Акрамя Верхняга і Ніжняга замкаў, што ляжалі ў цэнтры Старога Слуцка, на ўсходняй ускраіне Зарэчча з'явіўся Новы замак (цытадэль). Узводзілі цытадэль у адпаведнасці з навейшымі абарончымі прынцыпамі. Была яна прамавугольнай у плане, абнесена земляным валам з бастыёнамі, дзе размяшчалася агнястрэльная зброя. Земляным валам з бастыёнамі была абнесена па вонкаваму перыметру і тэрыторыя Старога Слуцка.
Як і продкі, быў князь Слуцкі членам Рады (Сейма) ВКЛ. Аднак пасля Люблінскай уніі 1569 г., калі Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб'ядналіся ў адзіную Рэч Паспалітую і стварылі агульны Сейм, ён у лік сенатараў навастворанага Сейма не трапіў. Адной з прычын была прыналежнасць да праваслаўнага веравызнання. Юрый Юр'евіч неаднойчы ставіў пытанне аднаўленння членства ў Сенаце. Гэта пытанне станавілася прычынай бурных спрэчак на сеймах, асабліва ў часы бескаралеўя (1572, 1573, 1576). Ад караля Стэфана Баторыя князь Юрый нарэшце дамогся месца ў Сенаце, аднак адбылося тое ўжо незадоўга да смерці.
Жонкаю Юрыя II у 1558 г. стала дачка Кракаўскага ваяводы Станіслава Тэнчынскага Кацярына. У іх нарадзіліся дзеці – сыны Юрый III, Ян-Сімяон і Аляк- сандр. Княгіня Слуцкая была каталічкай. Княжычы выхоўваліся ў праваслаўі.
У часы Юрыя II у Слуцку павялічваецца колькасць пратэстантаў. Акрамя лютэранаў, з'явілася суполка кальвіністаў. Большасць пратэстантаў былі, верагодна, выхадцамі з Германіі, пра што сведчыць назва плошчы, вакол якой сяліліся лютэране – Саксонская.
Да яго часоў адносяцца і першыя звесткі аб з'яўленні ў Слуцку яўрэяў. Для размяшчэння іх абшчыны быў вылучаны пляц паміж вуліцай Капыльскай і ручаём Бычок.
Княгіня Кацярына і яе акружэнне, якія прыбылі з польскай сталіцы, спрыялі ўзмацненню ў шляхецкім асяроддзі Слуцка заходнееўрапейскага культурнага ўплыву.
Пры Юрыі II Слуцк становіцца адным з буйнейшых культурных і мастацкіх цэнтраў краіны.
Неабходнасць забяспечыць храмы горада і краю мастацкімі творамі спрыяла развіццю іканапісу, разьбе па дрэве, апрацоўцы металу, ткацтву і залаташвейству. Пачынаюць праяўляцца рысы мясцовай архітэктурнай школы. Па замове князёў пісаліся партрэты, з часам Слуцк стаў значным цэнтрам партрэтнага мастацтва. Працавалі перапісчыкі кніг, мастацкае аздабленне якіх рабілі мастакі і ювеліры. У Троіцкім манастыры і пры княжацкім двары меліся вялікія кнігазборы. Вёўся летапіс. Кнігамі і дакументамі, што захоўваліся ў Слуцку, карыстаўся гісторык і паэт Мацей Стрыйкоўскі, калі пісаў «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі». Ён жа прысвяціў слуцкаму князю і сваю хроніку «Пра пачатак, паходжанне, мужнасць, рыцарскія і грамадзянскія справы слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага». Слуцк даў прытулак збегшаму з Маскоўскай Русі царкоўнаму дзеячу, прыхільніку несцяжацельства Арцемію, які тут вёў пісьмовую палеміку з ідэолагамі каталіцызму і пратэстантызму. Князь Юрый разам з Канстанцінам Астрожскім заснавалі пры слуцкім княжацкім двары школу.
Памёр Юрый Юр'евіч 9 лістапада 1578 г. у Слуцку. Перад тым, 15 кастрычніка, ён у сваім маёнтку Новы Двор зрабіў завяшчанне. У адпаведнасці з завяшчаннем горад і княства дзяліліся на тры часткі, і кожная частка аддавалася аднаму з сыноў. На іх агульным утрыманні заставаўся Троіцкі манастыр. Паколькі сыны былі яшчэ малалетнімі, то да іх паўналецця кіраваць краем заставалася княгіня Кацярына. Пахаваць сябе князь завяшчаў у Кіева-Пячэрскім манастыры, дзе пакоіўся і прах яго продкаў.