ХІХ стагоддзе
ХІХ стагоддзе
Значэнне Слуцка як эканамічнага і культурнага цэнтра на працягу XIX ст. змяншалася. Колішняя сталіца ўдзельнага княства стала адным са шматлікіх павятовых цэнтраў Расійскай імперыі. Горад паступова ператвараўся ў патрыярхапьную глыбінку. Узмацняўся ўплыў расійскай культуры. Як альтэрнатыва яму, захоўвалася і ўздзеянне заходнееўрапейскага культурнага вектару, які набываў яскрава выказаны «польскі акцэнт».
Іканапіс
На пачатку стагоддзя заказы праваслаўнай царквы забяспечвалі працай мясцовых мастакоў. Пра работу ў 1820-я гг. арцеляў іканапісцаў над іканастасамі слуцкіх цэркваў ўспамінаў мастак Карсалін. Аднак мастацтва мясцовых багамазаў з часам пачало выглядаць архаічным у параўнанні з творамі мастакоў, якія атрымлівалі прафесійную падрыхтоўку ў мастацкіх цэнтрах Расіі. Змена густу заказчыкаў прымушала мясцовых аўтараў перанімаць прыёмы акадэмічнага жывапісу. Але іх творы былі менш дасканалымі, не вытрымлівалі канкурэнцыі з работамі прафесійных мастакоў. Сферай выкарыстання іх таленту станавіліся пераважна вясковыя храмы і прыватныя заказы. Запрашэнне ўкраінскага мастака Сцяпана Катлярэўскага, які ў 1804 годзе зрабіў іканастас адноўленага сабора Троіцкага манастыра і напісаў для яго абразы ў «венецыянскай» манеры, з"яўляецца яскравым прыкладам адхілення мясцовых іканапісцаў ад выканання значных заказаў. У тым жа шэрагу стаіць прыклад, калі для галоўнага храма Зарэчча-Юр"еўскай царквы - новы іканастас з абразамі, напісанымі ў «новым стылі», увогуле быў выпісаны з Масквы. З гэтага часу іканапіс як бы раздзяляўся на дзве часткі. Адна - творчасць мясцовых «непрафесійных» майстроў, дзе ў рознай меры сумяшчаюцца мясцовыя старадаўнія традыцыі і прыёмы новага жывапісу. У будучым такі жывапіс ператворыцца ў разнавіднасць народнага мастацтва (наіўны, інсітны жывапіс). Верагодна, пра такіх мастакоў успамінаў К. Карсалін, калі пісаў, што ў дзяцінстве ён працаваў з мастакамі, нязначнымі па свайму майстэрству, ад якіх не было чаму навучыцца. Другая група - тыя, хто меў прафесійную акадэмічную падрыхтоўку, аднак, гаварыць праіх як пра іканапісцаў у класічным разуменні нельга, звычайна яны працавапі і ў іншых жанрах. Такім быў, напрыклад, заснавальнік і кіраўнік Віленскай малявальнай школы Іван Трутнеў, які для Слуцкага Троіцкага манастыра напісаў абраз «Святы Гаўрыіл Заблудаўскі».
Партрэтны жанр
Слава Слуцка як цэнтра партрэтнага мастацтва была ўжо ў мінулым. Канкурэнцыю мастакам з другой паловы XIX ст. пачалі ствараць фатографы, прадукцыя якіх абыходзілася значна танней. Тым не менш, захаваліся звесткі, што ў 1830-я гг. партрэты жыхароў Слуцка рабіў Кандрат Карсалін, будучы акадэмік партрэтнага жывапісу. Да партрэтаў звяртаўся выкдадчык малявання Слуцкай гімназіі Тамаш Гесэ.
Манументальны жывапіс
З твораў манументальнага жывапісу можна ўзгадаць роспіс драўлянага Успенска-Мікалаеўскага сабора, узведзенага ў 1816 г. На змену яму ў 1889 годзе быў пабудаваны мураваны Мікалаеўскі сабор, які таксама меў распісаны інтэр"ер. Акцэнтам яго была выявана св. Мікалая ў галоўным купале.
Скульптура
Скульптурных твораў вядома не многа. Гэта адліты з бронзы рэльефны паясны партрэт генерала Міхаіла Крачэтнікава ў Троіцкай манастырскай царкве, мемарыяльная скульптура на каталіцкай частцы гарадскіх могілкаў. Хутчэй за ўсё, яны былі не мясцовага паходжання.
Мастацкае навучанне
Прафесійнаму мастацтву таленавітыя юнакі са Случчыны вучыліся ў адпаведных навучальных установах Полацка, Вільні, Пецярбурга, Масквы. Маляванню з 1833 г. пачалі вучыць у мужчынскай гімназіі. Але да 1890 г. яно было неабавязковым. З 1874 г. дзейнічаў бясплатны нядзельны клас малявання. З 1890 г. маляванне стала абавязковым у падрыхтоўчым і ніжэйшых класах. Як сведчыла афіцыйныя даведка канца стагоддзя, навучанне маляванню ў Слуцку было наладжана добра.
Мастакі XIX стагоддзя
Вяроўскі Васіль (?-?)
Слуцкі мастак і іканапісец 2-й паловы XIX ст. Прымаў удзел у роспісе слуцкага Мікалаеўскага сабора. Займаўся таксама зборам фальклора Случчыны.
ГесэТамаш (Гесэ Іван (Ян) Хрыстафоравіч) (1807 – 1876)
Мастак-партрэтыст і педагог. Тытулярны саветнік. Выхаванец Віленскай мастацкай школы, дзе вучыўся ў Я.Рустэма і Я.Дамеля. У Слуцку жыў з сярэдзіны 1830-х гг. З 1837 па 1868 г. выкладаў маляванне ў Слуцкай мужчынскай гімназіі. Зрабіў значны ўклад ва ўдасканаленне методыкі навучання маляванню і чарчэнню. Пад яго кіраўніцтвам зрабіў першыя крокі па засваенню партрэтнага мастацтва будучы акадэмік партрэтнага жывапісу К. Карсалін. Творчая спадчына мастака на сёння амаль невядома. Яго малюнкі на пачатку XX ст. захоўваліся ў музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. У самога Гесэ ў Слуцку быў значны збор малюнкаў Я.Дамеля. Займаўся таксама музыкай, вядомы як флейтыст і віяланчаліст. Цікавіўся краязнаўствам, праводзіў археалагічныя даследаванні ў ваколіцах Слуцка. Сабраў цікавую археалагічную калекцыю, многа прадметаў слуцкай старасвеччыны, аднак яго калекцыя загінула ў пажары 1860 года.
Залескі Браніслаў Францавіч (21.06.1820-2.01.1880)
Беларускі і польскі мастак і пісьменнік, прадстаўнік акадэмічнага накірунку. Нарадзіўся ў небагатай шляхецкай сям"і ў мястэчку Вызна Слуцкага павета (раней лічылася - у маёнтку Рачкавічы Чапліцкай воласці Слуцкага павета).
Пачатковую агульную і мастацкую адукацыю атрымаў, верагодна, у Вільні. У 1840 г. скончыў гістарычны факультэт Дэрпцкага універсітэта. У 1847 г. арыштаваны і сасланы ў салдаты ў Арэнбург за ўдзел у нелегальных рэвалюцыйных гуртках. Там пазнаёміўся і пасябраваў з Т.Шаўчэнкам. Як рысавальшчыкі, яны разам удзельнічалі у экспедыцыях: па Аральскім краі (1849), у горы Каратау (1851).
Пасля вызвалення з 1856 г. жыў у Рачкавічах, падарожнічаў па Беларусі. У пачатку 1860-х гг. падтрымаў паўстанне К.Каліноўскага, пазней ад"ехаў у эміграцыю. З 1873 г. - член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук. Жыў у Парыжы, Дрэздэне, Рыме. Пахаваны ў Ментэне.
Аўтар жывапісных і графічных пейзажаў і сюжэтна-тэматычных кампазіцый.
Зрабіў малюнкі пра паўстанне 1863-64 гг. Выпусціў ілюстраванае (з 22 афортамі) «Жыццё кіргізскіх стэпаў». Напісаў шэраг публіцыстычных твораў і мемуараў, захавалася яго перапіска з Т.Шаўчэнкам.
Карсалін Кандрат Ільіч (09.03.1809-1883)
Жывапісец, майстар партрэтнага жанру. Пісаў таксама абразы, пейзажы, кампазіцыі на бытавыя і біблейскія сюжэты. Працаваў у тэхніках алейнага жывапісу і акварэлі.
Нарадзіўся ў Слуцку ў небагатай мяшчанскай сям"і. Удзяцінстве пачатковай адукацыі не атрымаў. З 12 гадоў пачаў самастойна займацца іканапісам, з 14 гадоў быў памочнікам у іканапісцаў, з імі працаваў над іканастасамі гарадскіх цэркваў. Калі было прыблізна 25 гадоў, пазнаёміўся з выпускніком Віленскай мастацкай школы Тамашам Гесэ, ад якога атрымаў першыя ўрокі па партрэтнаму мастацтву.
З сярэдзіны 1830-х гг. жыў у горадзе Арол, дзе галоўным чынам займаўся партрэтным жывапісам, якім зарабляў на жыццё. Прымаў удзел у мастацкіх выстаўках.
З 1837 г. стаў вольнаслухачом Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У 1839 г. атрымаў званне пазакласнага мастака. Звярнуў на сябе ўвагу як здольны студэнт, але, з-за адсутнасці сродкаў на пражыванне ў сталіцы, не змог працягваць вучобу далей. Па рэкамендацыі Савета Акадэміі атрымаў месца мастака пры Рускай духоўнай місіі ў Пекіне.
У Кітаі мастак прабыў каля трох гадоў. Рабіў замалёўкі краявідаў, тыпы мясцовых жыхароў, партрэты знатных кітайцаў. У 1843 г. вярнуўся ў Расію. Спачатку жыў у Іркуцку, з 1850-х гадоў - у Пецярбургу. У 1854 г. за партрэт оберсвяшчэнніка арміі і флатоў Васіля Кутневіча атрымаў званне акадэміка партрэтнага жывапісу. Пазней стаў членам Савета Акадэміі мастацтваў. У 1866 годзе звольніўся са службы пры Акадэміі мастацтваў, у 1872 г. пакінуў Пецярбург. З 1879 па 1883 г. жыў у Слуцку, дзе з"яўляўся домаўладальнікам і пенсіянерам грамадзянскага ведамства. Памёр і пахаваны, верагодна, у Слуцку.
У рускім мастацтве Карсалін вядомы пераважна як майстар камернага партрэта, лічыцца адным з пачынальнікау партрэтнага мастацтва у Сібіры. Творы мастака захоўваюцца ў Іркуцкім мастацкім музеі, Рускім музеі ў Пецярбургу, Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску. Аднак лёс значнай часткі творчай спадчыны мастака невядомы.
Катарбінкі Вільгельм (30.11.1849 – 04.09.1921)
Мастак-жывапісец. Нарадзіўся непадалёку ад Варшавы. Вучыўся ў акадэміі мастацтваў у Рыме. Прымаў удзел у роспісе інтэр"ера Уладзімірскага сабора ў Кіеве. Нейкі час жыў у маёнтку Устронь, што непадалёку ад Старчыц (цяпер вёска Акцябар Салігорскага раёна). У пабудаваным у Старчыцах новым касцёле зрабіў выявы чатырох евангелістаў. У 1920-я гады яго малюнкі знаходзіліся ў Слуцкім краязнаўчым музеі, адкуль пазней трапілі ў збор Беларускага Дзяржаўнага музея ў Мінск.
Катлярэўскі Сцяпан (? – 31.01.1803)
Украінскі іканапісец. Аўтар абразоў іканастаса кафедральнага сабора ў Екацерынаслаўлі. Быў запрошаны ў Слуцк з Кіева і да 1804 года стварыў іканастас манастырскага мураванага Троіцкага сабора - канструкцыю з разьбой па дрэву і напісаў абразы (жывапіс «венецыянскай школы» алейнымі фарбамі на дошках, пакрытых гіпсам) - які паўтараў іканастас сабора ў Екацерынаслаўлі.
Кулеша Міхаіл (1800-03.11.1863)
Мастак-жывапісец і графік. Нарадзіўся ў Лідскім павеце. Вучыўся ў Віленскім універсітэце. З 1829 г. выкладчык малявання, з 1845 г. - прафесар. Адзін з першых, хто ў творчасці звяртаецца да нацыянальнай гістарычнай спадчыны. Аўтар твораў гістарычнага, батальнага і пейзажнага жанраў, якім уласцівы рысы рамантызму. Ствараў пейзажы, у тым ліку віды Слуцка і Слуцкага павета. Многія яго работы, пераведзеныя ў літаграфію, выдаваліся асобнымі альбомамі. Сярод іх - выдадзены ў Львове «Альбом ломнікаў і відаў Навагрудскага і Слуцкага паветаў».
Кранікоўскі (?-?)
Мастак-жывапісец. Напісаў (хутчэй за ўсё ў сярэдзіне 1830-х гг.) абразы для іканастаса слуцкай Мікалаеўскай саборнай царквы.
Орда Напалеон (11.02.1807-26.04.1883)
Музыкант, кампазітар, педагог, мастак. Нарадзіўся ў маёнтку Варацэвічы на Брэстчыне. У 1823-1827 гг. вучыўся ў Віленскім універсітэце. З 1832 г. быў у эміграцыі. У 1840-я гг. дырэктар Італьянскай оперы ў Парыжы, там жа ў студыі П.Жэрара атрымаў мастацкую адукацыю. У 1856 г. вярнуўся на радзіму. Вандруючы па Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, рабіў замалёўкі вядомых мясцін і помнікаў. Больш 200 прысвечаны Беларусі. Яго замалёўкі вызначаюцца дакументальнасцю і маюць вялікую гістарычную каштоўнасць. Сярод іх - малюнак Слуцкага Троіцкага манастыра, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве (Польшча).
Петрыкель Караль (?-?)
Слуцкі жывапісец, уладальнік зямлі ў Слуцку.
Смакоўскі Вінцэнт (1797 ?-1876)
Жывапісец, скульптар, мастацтвазнаўца і педагог. Вучыўся ў Віленскім універсітэце і Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Выкладаў у Віленскім універсітэце. Пасля закрыцця ў 1826 г. скульптурнага класа Віленскага універсітэта нейкі час займаўся выкладаннем малявання ў Слуцку.
Стралкоўскі Павел (?-?)
Слуцкі іканапісец 2-й паловы XIX ст. Жыў, верагодна, на прадмесці «Востраў». Ім у 1889 г. напісаны абразы прасвятой Багародзіцы і св. Тройцы, якія цяпер знаходзяцца ў слуцкай Варварынскай капліцы.
Струкаў Дзмітрый (1828-1899)
Рускі мастак, архітэктар і педагог. Скончыў Строганаўскае мастацка-прамысловае вучылішча ў Маскве. Заснаваў вучылішча малявання пры Тройца-Сергіевай лаўры. У 1864-66 гг. ажыццявіў экспедыцыю па Беларусі з мэтай вывучэння, даследавання і фіксацыі старажытных помнікаў драўлянага дойлідства, узораў дэкаратыўнага ўбранства мураваных пабудоў, тыпаў крыжоў, абкладаў абразоў, кніг і іншага царкоўнага начыння. Яго дзённікі, запісы і малюнкі, якія цяпер захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Вільнюскага ўніверсітэта, гістарычнага музея ў Маскве, Пецярбургскім аддзяленні інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук, з"яўляюцца каштоўнымі крыніцамі для вывучэння беларускага мастацтва і дойлідства. У іх ліку 16 альбомных малюнкаў, прысвечаных Случчыне. Гэта малюнкі драўляных цэркваў св. Ганны з Крысава, Петрапаўлаўскай з в. Галынкі, Петрапаўлаўскай з в. Грыцэвічы, Петрапаўлаўскай з в. Бубнава, Юр"еўскай з в. Круговічы, Юр"еўскай з м. Раманава, царквы ў в. Касарычы. Зрабіў замалёўкі плана мястэчка Раманава, храмавых крыжоў у в. Старчыцы. У Слуцкім Троіцкім манастыры зрабіў малюнкі паціра і рукапіснага Евангелля Юрыя Алелькавіча і іншых рукапісаў, рэзанай з косці панагіі (абраз Маці Божай, што носіцца на грудзях іерархаў), сярэбранага ланцуга з шырокіх пласцін, упрыгожаных чаканным арнаментам. Замаляваў напрастольны сярэбраны крыж Юрыя Алелькавіча, які знаходзіўся ў Петрапаўлаўскім саборы Мінска.
Сядоў Уладзімір Якаўлевіч (?-01.01.1901)
Мастак-педагог. Меў тытул надворнага саветніка. Выкладаў маляванне ў Слуцкай класічнай мужчынскай гімназіі з 1894 па 1901 г. Выкананыя пад яго кіраўніцтвам работы гімназістаў за перыяд 1897-1900 гг., прадстаўленныя на XVIII конкурс па маляванню, чарчэнню і мадэліраванню ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, атрымалі добрую адзнаку. З гэтых работ сем атрымалі пахвалу з выдачай пасведчанняў, а выкладчык быў прадстаўлены да ўзнагароды.
Тарасевіч Адам (?-?)
Слуцкі іканапісец 1-й паловы XIX ст. У 1825 г. напісаў абразы для іканастаса Уваходаіерусалімскай царквы Слуцкага Ільінскага манастыра.
Юневіч Казімір Давыдавіч (?-?)
Іканапісец. У1838-39 гг. зрабіў залачэнне і серабрэнне іканастаса драўлянай Мікалаеўскай царквы, пабудаванай ў 1822 г. у мястэчку Раманава (цяпер вёска Леніна) Слуцкага павета і напісаў для іканастаса гэтай царквы абразы.