СЛУЦК, 1937-ы... Часть 5

Тайны схаваны ў лесе?

А пошукі «ворагаў народа» набіралі ўсё большы размах. Калі меркаваць па назвах публікацый у «Праўдзе на рубяжы», то можа скласціся ўражанне, што ў большасці працоўных калектываў заселі ворагі, шпіёны, шкоднікі, дыверсанты: «Навесці парадак у акруговым тэатры», «Варожая дзейнасць у Слуцкай МТС», «Ачысціць бібліятэкі ад контррэвалюцыйнай літаратуры». Такія ж сігналы аб неабходнасці прыняць самыя строгія меры супраць «ворагаў народа» паступалі з леспрамгаса, Іграеўскай няпоўнай сярэдняй школы, калгаса «Магутны» Ленінскага сельсавета і іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Сігналы не былі бяскрыўднымі, наадварот, мелі злавесны рэзананс: летам і восенню НКУСаўцы арыштавалі амаль тры чвэрці пацярпеўшых ад рэпрэсій у 1937 годзе. Хваля арыштаў пракацілася па ўсім раёне: Слуцк, Агароднікі, Вынісцы, Сорагі, Сераднякі, Хорашава… У вёсцы Заграддзе, напрыклад, супрацоўнікі НКУС арыштавалі сямідзесяцідвухгадовага калгасніка Саву Мікалаевіча Чаркоўскага і яго сыноў Антона, Івана і Мікалая,якім было 39,38 і34 гады адпаведна (Мікалай жыў у вёсцы Вялікая Сліва). Прыкладна два месяцы ішло следства, якое закончылася тым, што 18 кастрычніка 1937 года ўсіх чацвярых расстралялі,як сказана ў кнізе «Памяць», у Слуцку. Але дзе канкрэтна ?
Абсалютная большасць спраў «ворагаў народа» не дае адказу на гэта пытанне. У лепшым выпадку, і то не заўсёды, можна знайсці ўказанне на тое, што смяротны прыгавор прыведзены ў выкананне ў тым ці іншым населеным пункце. У Мінскай вобласці такіх населеных пунктаў было пяць: Мінск, Барысаў, Слуцк, Чэрвень і Вілейка. А вось у якім месцы знайшоў вечны спачын расстраляны, забіты на допыце (нярэдка было і такое) або памёршы ў турэмнай камеры – невядома.
У канцы 1988 года тагачасны Слуцкі гарадскі камітэт камуністычнай партыі Беларусі стварыў камісію па дадатковаму вывучэнню матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930-1940-х і пачатку 1950-х гадоў. Камісіі было даручана сумесна з міжраённай пракуратурай, раённым аддзелам упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Мінску і Мінскай вобласці пры шырокім удзеле грамадскасці правесці работу па выяўленню месцаў пахавання рэпрэсіраваных. Меркавалася, што па выніках работы камісіі ў гаркам партыі будуць унесены прапановы аб устаноўцы памятных знакаў на месцах масавых расстрэлаў і асобна – у Слуцку. Але спачатку трэба было знайсці месцы расстрэлаў рэпрэсіраваных, каб абгрунтавана сказаць: «Гэта было тут…».
Неяк жыхарка Слуцка Надзея Мітрафанаўна Яфімава расказала, што яшчэ ў 1934 годзе, калі яна вучылася ў чацвёртым класе, арыштавалі іх настаўніка. Пазней ёй стала вядома, што яго расстралялі ў Глінскім лесе.
– Мая сяброўка Саша ішла ў школу з Гуткова і чула стрэлы ў Глінскім лесе. А дарожны майстар з Кашаркі, што каля Васількова, расказваў пасля вайны, як ён у Глінскім лесе залазіў на дрэва і адтуль назіраў, як расстрэльвалі людзей. Было гэта ў 1937 і 1938 гадах…
Праверыць бы гэтыя словы, мо тут і ёсць нітачка, пацягнуўшы за якую можна разблытаць увесь клубок. З надзеяй на гэта мы, некалькі членаў камісіі, паехалі ў вёску Амговічы, каб сустрэцца з Пятром Сямёнавічам Пенязем, як нам параіла Н.М. Яфімава. П.С. Пенязь некалі працаваў у Амговічах старшынёй калгаса, потым настаўнічаў у мясцовай школе, выкладаў гісторыю, а яшчэ – цікавіўся мінуўшчынай роднага краю. Пётр Сямёнавіч таксама чуў пра чалавека, які з дрэва назіраў за расстрэламі людзей, і сказаў, што гэта быў Майсей Максімавіч Пенязь з суседняй вёскі Васількова.
Разам з П.С. Пенязем паехалі ў Васількова, знайшлі дзеда Майсея, якому ішоў тады восемдзесят першы год. Майсей Максімавіч не пацвердзіў слоў Пятра Сямёнавіча:
– Не, то быў не я. Гэта Іван Ціткоў лазіў на дрэва і бачыў тыя расстрэлы. Ціткоў – вулічнае прозвішча Івана Пенязя, але ён ужо памёр. А я ведаю, дзе расстрэльвалі людзей у Глінскім лесе, бачыў тыя месцы. Там яшчэ кроў на зямлі была…
Пакуль едзем да таго месца, Майсей Максімавіч расказаў, што Глінскі лес атрымаў сваю назву ад прозвішча хутараніна Глінскага. Яго хутар некалі стаяў каля лесу, непадалёку ад шашы са Слуцка на Бабруйск. Прайшоўшы за М.М. Пенязем па лесе метраў мо трыста ці крыху больш, натрапілі на некалькі паглыбленняў у зямлі. Не было ні малейшага сумнення ў тым, што яны штучнага паходжання, а не прыродныя. Аб гэтым сведчыла іх размяшчэнне на адной лініі, быццам адно за другім. Майсей Максімавіч прыпомніў, што раней,калі паглыбленні не былі так зацягнутыя мохам і зарослыя дрэвамі, можна было бачыць, што яны метраў на чатыры ў даўжыню і метры два ў шырыню. Па яго словах, гэта і ёсць магілы расстраляных у 1937 годзе людзей. Пахадзіўшы па лесе, непадалёку ад паказаных М.М. Пенязем магіл звярнулі ўвагу на доўгія ямы, падобныя на траншэі. Дык што гэта – брацкія магілы ці сапраўды траншэі? Пытанне зусім не лішняе, калі ўспомніць, што ў гэтых месцах у 1941 годзе ішлі моцныя баі, і магло стацца, тут трымалі абарону нашы войскі.
Пабывалі мы і ў вёсцы Сорагі, дзе нашым правадніком быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік мясцовай школы Фёдар Адамавіч Сеўрук. Па ўласнай ініцыятыве ён нямала зрабіў, каб аднавіць у памяці аднавяскоўцаў імёны неабгрунтавана рэпрэсіраваных у гады сталінскай дыктатуры землякоў. Жыцці дваццаці чатырох сорагаўцаў абарваў сталінскі «меч» у трыццатых гадах. Некаторыя з рэпрэсіраваных, на думку Фёдара Адамавіча, маглі быць расстраляны ва ўрочышчы Смурошчына, што прыкладна ў двух кіламетрах ад вёскі Сорагі. Яшчэ і цяпер не забылі вясковыя старажылы страшную «славу» ўрочышча, якую яно набыло ў другой палове 1930-х гадоў. Па начах адтуль даносіліся стрэлы, крыкі людзей. Хоць услых аб гэтым між сабой амаль не гаварылі, у вёсцы ведалі: там расстрэльваюць «ворагаў народа». Ды што казаць, многія лічылі, што «туды ім і дарога», што невінаватых не караюць.
Але вось і ўрочышча Смурошчына, куды правёў нас Ф.А. Сеўрук: гонкія сосны, густы, незвычайна высокі чарнічнік. А гэта што? Па ўсім відаць, што тут некалі жылі людзі, бо раслі кусты бэзу, ды і калодзеж (цяпер закінуты, паўзасыпаны) каму патрэбен сярод лесу? «Хутар Дайняка тут быў калісьці, яшчэ да калектывізацыі», – кажа Фёдар Адамавіч і паказвае на прадаўгаватае, зарослае мохам паглыбленне ў зямлі. Крыху далей – яшчэ адно такое ж. Што там, на глыбіні, якія тайны схаваны пад зямлёй?
Як расказаў наш праваднік, яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны ад некага ён чуў, што міма хутара (дакладней – міма месца, дзе хутар быў раней) неяк на досвітку ехала на падводзе жанчына з вёскі Круглае. Яна везла на млын у Кучына зерне і стала міжвольнай сведкай расстрэлу. Людзі, якія спынілі жанчыну, строга-настрага наказалі ёй нікому нічога не гаварыць пра тое, што бачыла. А яшчэ, быццам, даваў падпіску «аб неразглашэнні» мясцовы ляснік Адам Няронскі. На жаль, гэта ўжо нельга праверыць. А ямы-магілы ў лесе паказаў Фёдару Адамавічу Сеўруку ў 1959 годзе другі ляснік – Мікалай Гурыновіч. Ён жа і падказаў настаўніку, што ў 1937 годзе «ворагаў народа» расстрэльвалі і каля вёскі Каліта.
Не пабыць там мы, зразумела, не маглі. На вуліцы Каліты сустрэлі мясцовую жыхарку Стэфу Філімонаўну Макоўскую, сказалі пра мэту свайго прыезду.
– У тым ельніку расстрэльвалі людзей, – паказала Стэфа Філімонаўна на лес метраў за трыста ад вёскі. Як надыдзе ноч, так і даносілася адтуль «бах-бах,бах!», чулі, як галасілі жанчыны. Там жа і засыпалі ў ямах няшчасных. І магілы засталіся, праўда, зараслі ўжо, бо часу мінула нямала. Сяргей, правядзі людзей, пакажы, дзе тое месца.
Сын Стэфы Філімонаўны, Сяргей Уладзіміравіч Макоўскі, правёў нас у густы ельнік, да якога падступаюць сядзібы жыхароў суседняй вёскі Кучына. У трох месцах добра былі бачны прамавугольныя, памерамі прыкладна два на чатыры метры, паглыбленні ў зямлі. «Гэта і ёсць тыя магілы, пра якія казала маці», – гаворыць наш праваднік.
Сваімі ўспамінамі падзялілася жыхарка вёскі Папоўцы Агаф"я Сямёнаўна Карцель: «Я працавала ў ваеннай падсобнай гаспадарцы. Днём саджалі бульбу, убачылі, што ў лесе недалёка ад шашы ваенныя капалі яму. Ноччу мы, некалькі чалавек, пайшлі ў лес. Убачылі, як прыехала машына, адтуль высадзілі людзей, падвялі іх да ямы і пачалі ў іх страляць. Да канца мы не вытрымалі, уцяклі з гэтага страшнага месца. Праз некалькі дзён зноў схадзілі туды. Яма была няпоўнасцю засыпана, бачылі на кустах жаночыя хустачкі. Пазней ваенныя засыпалі яму да канца. Яма была прыкладна шэсць на восем метраў. А потым мы бачылі, што ў лесе паблізу Каліты з"явілася яшчэ некалькі такіх ям».
Зрабілі мы яшчэ адну паездку ў лес. Калі былі ў Сорагах, то Ф.А. Сеўрук расказаў, быццам яму вядома, што савецкіх людзей, пераважна вайскоўцаў, у трыццаць сёмым расстрэльвалі і ў лясным масіве каля вёскі Краснае. Калі такое было, падумалася, то мясцовыя жыхары павінны хоць нешта ведаць, і мы ўзялі кірунак на Краснае – невялікую вёску на мяжы Слуцкага і Старадарожскага раёнаў. Самы старэйшы мясцовы жыхар Павел Сямёнавіч Лапец ахвотна расказаў:
– Ёсць, ёсць у нашым лесе магілы бязвінна забітых, любы са старэйшых вяскоўцаў можа паказаць іх. Ды я і сам ледзьве не трапіў у адну з тых ям.
– Як гэта, Павел Сямёнавіч? – зацікавіліся мы.
Дзядуля, а было яму ўжо восемдзесят гадоў, расказаў, як яго арыштавалі ў 1937 годзе, завезлі ў Слуцк і кінулі ў мясцовую турму. Днём і ноччу – допыты, здзекі, а тут яшчэ па начах пачалі выводзіць з камеры вязняў, назад яны ўжо не вярталіся. Хоць ніхто аб гэтым нічога не гаварыў, але пра лёс выведзеных здагадваліся. А жонка Паўла Сямёнавіча чула, як з недалёкага ад вёскі лесу па начах даносіліся стрэлы. Неяк яна схадзіла ў лес і ўбачыла свежы пясок, утрамбаваны ботамі. «А што, калі і мой Павел там?» – падумала жанчына і адважылася на смелы крок. Падгаварыла суседку Ганну Баравік і, хоць і страшна было, уначы раскапалі адну з магіл. Ля сценкі ямы ляжаў, нават не ляжаў, а як бы сядзеў нежывы чалавек. Жанчынам падалося, што гэта Павел, выцягнулі яго з ямы. Але ж не – чужы, незнаёмы чалавек. Раскопваць далей ужо не было сіл, ды і сумненні нарасталі, ці знойдуць таго, каго шукаюць. Паклалі чалавека назад у яму, прысыпалі пяском, як было да гэтага, і вярнуліся дамоў. А праз некалькі дзён Павел Сямёнавіч быў ужо дома, пашчасціла, як ён казаў, і пачуў ад жонкі пра яе начныя пошукі.
Прайшлі з Паўлам Сямёнавічам углыб лесу. Вось адно, крыху далей – другое, трэцяе паглыбленне, а ўсяго мы налічылі іх адзінаццаць.
– Тут іх, няшчасных, і пускалі ў расход, – дрыжачым ад хвалявання голасам вымавіў дзядуля …
На жаль, камісіі гаркама партыі ў той час удалося зрабіць не вельмі многа. Сведчанні вяскоўцаў трэба было нейкім чынам праверыць і, адпаведна, пацвердзіць або абвергнуць. На дакументы органаў дзяржбяспекі, як было ўжо бачна, спадзявацца не мела сэнсу, бо ў іх канкрэтныя месцы расстрэлаў «ворагаў народа» не называліся. Заставаўся іншы шлях – у тых месцах, пра якія гаварылі нашы суразмоўнікі, правесці раскопкі. Гэта наўрад ці дапамагло б устанавіць канкрэтныя прозвішчы пахаваных тут людзей, але месцы расстрэлаў былі б дакладна вызначаны, калі б пацвердзіліся словы вясковых старажылаў.
Але ж – надышоў 1991 год, спынілі сваю дзейнасць партыйныя камітэты, а іншым установам было не да пошукаў трагічных месцаў. І ўсё ж да гэтага балючага пытання трэба вяртацца. Каб аднавіць гістарычную справядлівасць і аддаць даніну памяці бязвінна забітым. Каб чыстым было сумленне перад самімі сабой і нашымі нашчадкамі. Каб страшнае мінулае ніколі не паўтарылася. І зацягваць з гэтым нельга, бо вельмі шмат часу ўжо беззваротна страчана. Калі камусьці ў 1937 годзе было, напрыклад, пятнаццаць гадоў, то цяпер яму ўжо за восемдзесят. Старажылы ўсё часцей пакідаюць нас і забіраюць з сабой тое, што ведаюць. Хто пасля іх і пра што раскажа?
Згадзіцеся, часы цяпер у нас не вельмі грашавітыя. Але каб увекавечыць памяць ахвяр сталінскага тэрору (разумею, што многім не падабаецца такое словазлучэнне), не абавязкова ўзводзіць пампезныя мемарыялы і абеліскі. Дастаткова будзе паставіць крыж, сціплы помнік ці невялікую каплічку на месцы расстрэлаў і адзін, агульны на ўсіх ахвяр, помнік у Слуцку. Падабраць месца для яго не складана, было б толькі жаданне.
Дарэчы, на Случчыне ўжо ёсць помнік загінуўшым ад рэпрэсій у 1937-1938 гадах. Узбоч шашы каля вёскі Кучына невялікі бетонны помнік-абеліск нагадвае пра злачынствы сталінскага рэжыму, якія тварыліся ў бліжэйшым лясным масіве. Няма на помніку прозвішчаў забітых, але было б вельмі добра, каб менавіта з гэтага месца пачалася работа па ўстанаўленню дакладных месцаў пахавання расстраляных. А чаму і не?
Будзе несправядліва не сказаць, што помнік каля Кучына ўстанавіў за свой кошт ураджэнец вёскі Падлошыца нашага раёна, былы супрацоўнік Міністэрства замежных спраў СССР Аляксандр Рыгоравіч Ралько. Нічога не скажаш – высакародны ўчынак нашага земляка, які заслугоўвае шчырай удзячнасці і прызнання.

Читать далее