Камора
05.03.2013
На аўтобусным прыпынку каля дзевятай школы падслухала размову паміж мужчынам з рукзаком і вудамі і жанчынай з вялікай сумкай:
– Чалавеча, ты далёка?
– Не, на Камору.
– На Камору?!
– Не здзіўляйся, цётачка. Гэта не тая камора, дзе запасы ежы, адзення захоўваюцца, а вадаём так называюць, у якім рыбка водзіцца. Ты, відаць, нетутэйшая, мясцовыя пра вадаём і вёску з такой назвай ведаюць. За Вясеяй... Два кіламетры ад шашы...
Марозны ранак. З канца ў канец роўнай стрункай ляжыць вясковая вуліца, а паабапал яе – 13 хат. З-за мноства гаспадарчых пабудоў вёска не здаецца зусім маленькай.
Высока ўверх цягнуцца голымі галінамі старыя таўшчэзныя ліпы – сведкі, што жытло тут заснавана не адзін дзесятак гадоў назад.
Першае ўражанне, што заснежаная вёска заснула: анікога на вуліцы, у дварах. І толькі прачышчаныя ў снезе сцяжынкі-тунэлі, што вядуць да некалькіх хат, і брэх разбуджаных чужым чалавекам сабак пацвярджаюць, што вёска не пустуе.
Проста клопатаў у нешматлікіх жыхароў зімой менш, на грады спяшацца не трэба...
А як пазней высветлілася, і пры жаданні не вельмі паспяшаешся, бо жывуць тут чатыры пажылыя жанчыны (калі не лічыць наязджаючага час ад часу дачніка і прыехаўшую нядаўна ў матуліну хату жанчыў).
Камора... Што ў назве тваёй? Хто першым тут выбраў мясціну для жытла свайго і заклаў першы падмурак? Маўчыш? Што ж, тое, што адышло ў нябыт, не вернеш. Дык паспрабуем занатаваць хоць тое, што памятаюць старажылы вёскі.
Сядзіба Яўгенні Кузьмінічны Заяц. Аб маім прыходзе дружным брэхам папярэджвалі сабакі па клічках «Дзядуля» (вельмі калматы) і «Лізун» (ласкавы). Сама ж гаспадыня, абапіраючыся на палачку, ветліва запрасіла ў хату. У печы-ляжанцы толькі пачалі разгарацца дровы, ля якіх стаяў вялікі чыгун. Першае, што асабліва ўразіла ў чыстай палавіне хаты, гэта намаляваныя партрэты, іконы. I не які там «шырпатрэб», а адчуваецца рука майстра.
– Дачка Валянціна – мастак, – не без гонару сказала жанчына.
І слова за словам паплылі ўспаміны.
– Я ў Камору замуж выйшла. А было так: да нас у Гарадзішча Анатоль, мой будучы муж, да цёткі прыязджаў На танцах пазнаёміліся. А праз два гады, 26 лютага 1956 года, вяселле было, на конях у санях, з песнямі мчалі ад вёскі да вёскі. Страшнавата было ўвайсці ў новую сям'ю, яна была хоць і мнагадзетная, але не з простых. Фельчара Пятра Зайца (хоць ён ужо памёр на той час) ведалі ва ўсёй акрузе як лепшага спецыяліста, ды і дзеці ў гэтай сям'і былі адукаваныя, а я малаграматная...
Ды нядоўга жылі маладыя ў агульнай хаце. Вывезлі лес, пабудавалі хату, тут выраслі дзве дачкі і сын. Яўгення Кузьмінічна каля 30 гадоў працавала ў калгасе, 19 з іх – у жывёлагадоўлі. Усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю. Валянціна (цяпер прозвішча Безына) скончыла мастацкае вучылішча імя Глебава, сам вядомы беларускі мастак Савіцкі на ўступных экзаменах распазнаў у вясковай дзяўчынцы талент. Потым быў педуніверсітэт, Цяпер Валянціна Анатольеўна выкладае ў Вясейскай СШ сусветную мастацкую культуру і выяўленчае мастацтва, Яна – маці траіх дзяцей, цікавіцца сваёй радаслоўнай і гісторыяй вёскі, у якой вырасла, і цяпер яна часты госць у матулінай хаце. Другая дачка, Наталля (цяпер Корзун) пасля Горацкай сельгасакадэміі працуе бухгалтарам у калгасе імя Арджанікідзе. Сын Міхаіл інжынерыць на Любаншчыне.
– Я – простая жанчына, ніколі не ведала, дзе тыя інстытуты, дзеці самі дасягнулі ўсяго сваёй цягай да вучобы, якая, мо, ад дзеда ў спадчыну дасталася. Дай Божа ўсім добрым людзям такіх дзяцей. Хоць адна жыву, але не адчуваю адзінокай. Тэлевізар новы купілі... Унучка Тоня жартуе: «Бабулечка, ты сама з палачкай, у хаце ўсё не сучаснае, затое «тэлік хіповы».
Сямейныя карані сям'і Зайцаў глыбока ўраслі ў каморскую зямлю. Але каб паўней расказаць пра гэту сям'ю, пранікнуць у глыбіню гісторыі гэтага невялічкага куточка зямлі Случчанскай, давядзецца часова пакінуць вёску. Я гутарыла з прадстаўнікамі сям'і Зайцаў розных пакаленняў, разглядвала фотаздымкі... Шмат цікавага даведалася ад Галіны Пятроўны Таран, адной з дачок знакамітага фельчара Пятра Зайца, якая нарадзілася і вырасла ў Каморы, і хоць шмат гадоў пражыла ў Слуцку, кожнае лета пенсіянерка корпаецца на градках у вёсцы свайго дзяцінства.
– Цяпер цяжка нават уявіць, што на месцы кар'ернага вадаёма раслі стромкія елкі на высокіх насыпах, падобных на невялікія горы, а побач, аж да шашы – балота, заросшае алешнікам, – расказвае Галіна Пятроўна.
Сапраўды ўсё гэта было. Нікому невядома, адкуль з'явіліся ў выглядзе гор багатыя залежы першакласнага гравію, які здабываюць і цяпер. Магчыма, «жарты» ледніковага перыяду. Карацей кажучы, яшчэ да рэвалюцыі шумеў лес, побач ляжалі ўрадлівыя землі. Вясейскі хлопец Сідор Заяц выкупіў у памешчыка кавалак зямлі і ляснога масіву (дуброву), яго прыкладу паследавалі яшчэ двое: Голуб і Чэчат. Лес называўся Лясная застава, а ў народзе гаварылі – Вялікі лес (напэўна, таму, што рос на ўзвышшы). Кантрольны пункт Лясной заставы ў той час называўся каморай. Памятаеце радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»:
У той жа дзень, праз час каторы, Прыйшоў сюды Марцін з каморы.
Мабыць і тады, калі хлопцы куплялі зямлю, такі ж самы каморнік – спецыяліст па межаванню зямельных надзелаў выдзяляў ім участкі. Як сцвярджаюць старажылы з Вясеі (настаўніца-пенсіянерка Н.Ф.Пракаповіч і іншыя), спачатку не вёска, а кар'ерныя землі называлі Каморай і толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны так назвалі вёску.
Так у прылеску з'явіліся тры дамы. Жонка Сідора Зайца нарадзіла трох сыноў: Змітрака, Данілу і Пятра. Разрасталіся і іншыя сем'і. Пасяленцы, якія, як той коласаўскі Міхал, марыўшыя аб тым, «каб кідаць зерні ў свае ролі», працавалі з рання да змяркання. Яны сталі сапраўднымі гаспадарамі, развялі жывёлу. Паступова хутар стаў разрастацца. У Сідора Зайца здатным да навукі быў Пятро, меў вялікую цягу да медыцыны. Аднойчы хлопец пасвіў каровы і ўбачыў дзяўчыну, якая пасвіла вясейскі статак. Насця была сапраўднай прыгажуняй: высокая, зграбная, вачэй не адвесці. Вось Пятрусь і не адвёў ад дзяўчыны вачэй. Ажаніўся з Анастасіяй і ў 1915 годзе ў іх нарадзілася першая дачка Вольга, якой цяпер 88 гадоў і жыве яна ў Мінску. Маладому фельчару давялося паслужыць і ў царскай арміі, але набліжалася рэвалюцыя і бацька настойліва клікаў яго вярнуцца з Яраслаўля ў Вялікі Лес, бо ён пачаў падзел гаспадаркі паміж трыма сынамі. Праўда, Пятру, як вучонаму, дасталася меншая доля. Затое быў добры «прыбытак» у сям'і Пятра, які пачаў працаваць вясковым фельчарам. Пяць дзяўчынак і шэсць хлопчыкаў нарадзіла Анастасія, «Доктарам» Пётр Сідаравіч быў выдатным, «ад Бога», меў шырокі прафесійны профіль: і роды прымаў, у тым ліку і ў сваёй жонкі, лячыў і прастудныя хваробы, і інфекцыйныя... Слава пра яго ішла па ўсёй акрузе. Пажылыя людзі і цяпер кажуць: «Нам бы сёння такога доктара, як Пётр Заяц». Дзеці ў гэтай мнагадзетнай сям'і раслі здаровымі, паслухмянымі, добра вучыліся.
Вайна... Яна не абмінула і маленькую вёсачку, якая раздзяліла лёс усіх вёсак, што знаходзіліся непадалёку ад лесу. Хто з мападых разгубіўся і не паспеў пайсці ў партызаны, прымушалі ісці ў «самаахову», хто спрабаваў збегчы, кідалі ў турмы. Многія хлопцы пазней нямецкі прымус змывалі крывёю на фронце. Вайна забрала і трох сыноў Пятра Зайца. Нават не пашкадавала 13-гадовага Шуру, які пайшоў у лес, каб адшукаць каня. Сам фельчар не раз перадаваў лекі партызанам. На помніку загінуўшым воінам-землякам у Вясеі высечаны імёны двух сыноў Пятра і Анастасіі Зайцаў.
Даўно няма ў жывых вясковага фельчара і яго жонкі, з 11 дзяцей, якіх лёс раскідаў па розных мясцінах, у жывых засталіся чацвёра. Але сямейнае дрэва разрастаецца. Унукі і праўнукі прыязджаюць у невялікую вёсачку, дзе, паліваючы потам зямлю, будавалі сваё жыццё іх дзед і прадзед.
Хочацца адкрыць яшчэ адну, не менш цікавую старонку жыцця жанчыны, лёс якой цесна звязаны з вёскай, у якой яна нарадзілася і жыла да старасці. Цяпер Таццяна Іванаўна Голуб стала гараджанкай па месцы жыхарства, але жоўты каморскі домік усё роўна сніцца ёй па начах.
У гэтым годзе жанчыне споўніцца 85 гадоў Яна жвавая, з гумарам, і яе старасць у прыгожым утульным доме дачкі Ларысы, сярод блізкіх людзей, якія яе любяць, быццам падарунак за цяжкае дзяцінства і юнацтва.
– Нарадзіла мяне мама ў акопе ў час нямецкай навалы ў 1918 годзе. Бацька мой быў заможным гаспадаром, працаваў з рання да змяркання. Вакол вёскі былі балота і лес. Лес падступаў блізка, дзеці бегалі па суніцы, а падсвінкі ўцякалі, каб жалудамі паласавацца. Сустракаліся курганы з напалеонаўскай вайны. Калі ж пачалі ствараць калгас, то з нашай Лясной заставы (так наш засценак звалі, а некаторыя – Вялікім лесам), дзе было ўжо 12 дамоў, згадзіліся ўступіць у калгас толькі тры сям'і. Сапраўдным гаспадарам, што ўласным потам наладзілі свае гаспадаркі, цяжка было ўсё «пакласці» ў агульны кацёл. Вось і трапілі ў няміласць. Маіх бацькоў прымушалі адпрацаваць на вывазцы лесу (трудгуж). Маці падарвалася, паднімаючы калоды, і памерла. Я яе не памятаю, бо мне было ўсяго чатыры гады. А калі прапалі коні з лесанарыхтовак, то нехта сказаў, што гэта Іван Голуб іх звёў і прадаў. Бацьку арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў, саслалі кудысьці, а гаспадарку «раскулачылі». Пакінулі нам, чацвярым дзецям, толькі хату. Бульбу і тую з капца выгрузілі, нам адзін кош пакінулі. Так зрабілі не толькі з намі. Але ж як на жыццё, то й выжылі. Старэйшыя свае сем'і займелі, а я, «дачка ворага», з 13 гадоў працавала ў калгасе. Потым замуж выйшла, двух хлопчыкаў нарадзіла, адзін памёр. Не паспелі абжыцца, як вайна пачалася…
Пра ваенныя жахі Таццяна Іванаўна ўспамінае з болем у сэрцы. З сынам Колем яна ледзь не загінула. Ля шашы стаяў нямецкі бункер, якому часта дапякалі партызаны. То сувязь сапсуюць, то слупы спілуюць. Тады карнікі пачыналі сваю чорную справу. У Махортах дзетак аб колы забівалі, лютавалі ў Набушаве. А пасля адной партызанскай аперацыі пачалі засыпаць снарадамі і трасіруючымі кулямі маленькую лясную вёску. Таццяна Іванаўна з сынам у разору на агародзе легла, іншыя людзі таксама з хат паўцякалі. Снарад трапіў у сенцы хаты Т.І.Голуб, у суседскую хату – прама ў печ. Згарэлі толькі тры хаты. Жыхары вёскі дзякавалі Богу, што абараніў астатнія хаты. Так жанчына засталася без жытла, вопраткі, іншых рэчаў. Добра, што карову завяла ў Вясею, а то немцы і яе забралі б. Пайшла пешшу Таццяна Іванаўна па справах у Слуцк, а вярнулася, дык і «кнопачкі» (так. звалі свінку) не стала. Жыла з сынам і сястрой у гаражы, потым з недагаркаў, што з хаты засталіся, хатку зляпілі, а пасля вайны лесу далі і вырасла новая хата. Да старасці працавала жанчына сумленна і старанна на ферме, у полі, нават у пенсіённым узросце брала норму буракоў у паўтара гектара. Цяпер у яе восем унукаў і шэсць праўнукаў. А жоўценькі дамок у Каморы стаў дачай для дачкі і ўнукаў, куды летам наведваецца і сама Таццяна Іванаўна.
Заяц, Чэчат, Голуб... У Каморы пераважалі заўсёды гэтыя прозвішчы, бо тут жылі амаль усе сваякі. Ды пара вярнуцца ў вёску да тых хат, да якіх вядуць пратаптаныя ў снезе сцяжынкі.
Таццяна Мінаўна Чэчат сама з Гомельшчыны. Пакахалася са сваім Віктарам у час вучобы ў Бабруйскай школе будаўнікоў. Прывёз хлапец маладую жонку ў маленькую хаціну, у якой жылі бацькі і меншая сястра.
– Вось у гэтай спальні стаялі адзін пры адным тры ложкі. I толькі калі бацькі засыналі, тады і пацалавацца можна было, – успамінае Таццяна Мінаўна.
– А потым гарэла хата ад маланкі. Свякроў, царства ёй нябеснае, з металічным грэбнем у валасах была, дык нават не войкнула, а нас аглушыла... Вось так і пражылі ўсё жыццё ў гэтай хаціне, трох сыноў вырасцілі, працавітыя, спецыяльнасці маюць. Анатоль і Васіль – у Слуцку, Аляксандр – у Мінску, паважаны чалавек, выкладчыкам у каледжы працуе. Мяне не пакідаюць ні дзеці, ні ўнукі.
Сама ж Таццяна Мінаўна працавітая, агарод у яе на здзіў, ніводнай зялінкі пустазелля не знойдзеш.
Наогул трэба сказаць, што ў кожным з гэтых дамоў сустракаюць ветліва, ахвотна дзеляцца ўспамінамі, запрашаюць пасядзець, пагутарыць, хоць жыццё жанчын не балавала. У спрацаваных руках кіёчкі, а ў вачах нязгаслае жыццялюбства, гонар за дзяцей і ўнукаў, якія не забываюць матуль. А пра добрае заўсёды хочацца расказаць знаёмаму ці незнаёмаму чалавеку, падзяліцца радасцю і нават клопатамі. Напрыклад, аб тым, як кароўка і парасяты прапалі...
Бадай праз вуліцу ад Таццяны Мінаўны жыве самая малодшая з цяперашніх жыхарак Каморы Зінаіда Філіпаўна Чэчат. У двары – калодзеж з «жураўлём». Хата – на дзве палавіны. Чыста, утульна. Сама ж гаспадыня ветлівая, з усмешкай канстатуе: «Некалі як пажаніліся з Валодзем, то падзяліліся з бацькамі, жылі асобныя сем'і, каб кожны меў свой надзел зямлі. А цяпер бяры і засявай колькі хочаш, ды сілы няма». Зінаіда Філіпаўна сама родам з Васількова. У Красным Сяле на танцах пазнаёмілася з Валодзем і так закахалася, што ніякія ўгаворы бацькоў пачакаць з замужжам слухаць не стала і пасля дзесяцігодкі ў Камору замуж пайшла. Муж працаваў шафёрам у сельгасхіміі, а жонка спраўлялася і дома, і дзень у дзень працавала ў калгасе. Чацвёра дзяцей вывелі ў людзі. Ірына стала педагогам, Валодзя і Сяргей – будаўнікамі, Вольга – закройшчыцай, яе партрэты, як лепшай працаўніцы, былі і на старонках нашай раёнкі.
– Добрыя, шчырыя ў мяне дзеці, прыязджаюць, дапамагаюць. I таму хочацца жыць. Я да гэтага года, хоць і на пенсіі, на працу хадзіла ў калгас. У нас тут жыць можна. Летам на наш вадаём многа людзей прыязджае, адпачываюць, весяляцца. Раз у тыдзень аўталаўка хлеб, малочныя прадукты, гаспадарчыя тавары прывозіць. Я яшчэ і сваю кароўку трымаю, адзіную ў вёсцы. Есць у нас тэлефоны, раёнку выпісваю і чытаю. Прашу ад усіх нашых жыхароў падзякаваць мілай і сардэчнай жанчыне, паштальёну Маі Гушчынай.Такіх бы людзей паболей. I пенсію, і пошту, і ўсё, што ні папросім, даставіць. Старшыня Вясейскага сельскага Савета М.М.Губчык да нашых просьбаў таксама прыслухоўваецца, з палівам няма праблем. Вось толькі б лямпачку адну на вуліцу ў нашу Камору павесіць...
Маленькая беларуская вёсачка стала пастаянным месцам жыхарства і для Ганны Якаўлеўны Алешка. Прывёз яе Афанасій з Архангельска, дзе служыў у арміі. Ганна працавала ў порце брыгадзірам грузчыкаў. Хату пабудавалі, пяцёра дзяцей выгадавалі. У свой час Ганна Якаўлеўна была баявой і рухавай жанчынай, Цяпер, калі памёр Афанасій, на 80-м годзе жыцця занядужала, але хату сваю пакідаць не хоча. Па магчымасці прыязджаюць дзеці. Вось і ў гэты дзень зяць Віктар і ўнук Саша прыехалі да цешчы і бабулі, прывезлі прадукты, напілавалі і насеклі дроў.
Лясная застава – Вялікі лес – Камора… Маленькая трохімённая вёсачка, у якой ніколі не было больш за 13 хат, стаіць амаль стагоддзе. Палілі, рабавалі яе белапалякі, двойчы – нямецкія акупанты, мянялася ўлада на ўладу. А яна стаіць! Нельга не пакланіцца памяці ветэрана вайны Сцяпана Іванавіча Чэчата і яго жонкі Мар'і, якія жылі тут да скону, іншых вяскоўцаў. Не засталося следу ад вялікага лесу, замест насыпаў – кар'ер, з якога і сёння бяруць дарожна-будаўнічы пясок. А вёска стаіць! Можа, аберагалі яе іконы, якія заўсёды віселі і цяпер вісяць у хатах на покуці пад вышыванымі ручнікамі, а таксама вера людзей ва Усявышняга. З гэтых невялічкіх хат выйшлі працавітыя, як і іх бацькі, дзяды, прадзеды, нашчадкі. Ёсць вядомыя медыкі, педагогі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, інжынеры, рабочыя, хлебаробы... I калі Камора замірае зімой, то летам тут кіпіць жыццё. I думаецца, што так будзе заўсёды. Я рада знаёмству з жыхарамі вёскі, дзякую ўсім за ўспаміны, добразычлівасць і жадаю здароўя.
Н. СЕЛЯЗНЁВА
Фота А. ЖОГЛЫ