Сахалін

Сахалін

18.02.2013

Навошта ў цябе сабака і певень прывязаныя? – пытаюся ў гаспадара.
У нас на Сахаліне ўсё на ланцугу, – жартуе ён у адказ. – Зямля ўжо такая.

Антон ЧЭХАЎ «Востраў Сахалін».

Вёска Сахалін, што ў Слуцкім раёне, працягнулася амаль на паўкіламетра, налічвае роўненька трынаццаць хат. Жывуць у вёсцы ўсяго чатыры бабулькі і тры дзяды. За той час, што былі на Сахаліне, мы перазнаёміліся амаль з усёй вёскай.

Прыкладны маршрут да гэтай вёскі быў акрэслены ледзь не да метраў, а вось пры больш дэталёвым разглядзе аказалася не ўсё так проста. Блытаніна атрымалася з-за таго, што побач з Сахалінам (літаральна метраў за трыста) ёсць яшчэ адна вёсачка, якую наўрад ці хто здолее адшукаць на карце. Назва яе Свабодны. Некалі, кажуць, гэта быў пасёлак, таму і назва мужчынскага роду. Вось у гэты Свабодны, ад"ехаўшы мо з кіламетр ад гравейкі, што злучае больш буйныя вёскі Знамя і Барок, мы спачатку і накіраваліся. Але першы сустрэчны папулярна растлумачыў: ехаць трэба прама, нікуды не збочваць і на нашым «уазіку» да Сахаліна літаральна хвіліна-другая ходу. «А то да мяне на драбіны сядайце, – весела запрасіў нас «гід», – я таксама туды еду, да маці...»

Дарэчы, ягоная маці – 66-гадовая Надзея Маркаўна Доўбік і стала нашым першым «рэспандэнтам». Ад яе мы пачулі першую версію ўзнікнення назвы вёскі: маўляў, усё было пасля вайны, прыязджалі нейкія ці то з Мінска, ці то са Слуцка. Да суседняй вёсачкі яны даехалі і сказалі: «Тут няхай Свабодны будзе». А да наступнага «населенага пункта» не змаглі прабрацца: разводдзе. Таму прыезджыя рукой уперад махнулі «Ну во, Сахалін нейкі». Так і пайшоў Сахалін.

Пэўна, у старой гэта «самастойная» версія, паколькі жыве яна тут «нядаўна» – з 1977 года, калі пераехала з Малінаўкі. Хата, відаць, у Надзеі Маркаўны яшчэ даваеннай забудовы – дыхтоўная, але з «адмецінамі» часу. «Добра, што васьмярых дзяцей узгадавала, – уздыхае старая, – а сама неяк дажыву».

У Маркаўны пенсія невялікая – 63 тысячы рублёў. Больш не зарабіла – працавала на свінарніку, паўтара гады да пенсіі не «дацягнула» – моцна ногі балелі. Няма здароўя і гаспадарку мець вялікую – куры ды свінчо. Трымаецца. Унукі на лета прыязджаюць, дапамагаюць.

–    Аўталаўка прыязджае?
–    А як жа, кожную сераду «гудзе». Прыязджае з таварам са Слуцку.
–    I што за тавар?
–    Ды ўсё, што трэба, прывозяць: хлеб, крупы, макароны, пячэнне, пернікі, калі-небудзь – і каўбасу, маргарын, маянэз, бутэльку з гарэлкай, віном, парашок «сцірацельны» (гэта слоўца Маркаўны – М.Л.). А што нам трэба, хоць і даражэй крыху, чым у краме, але ж і за дастаўку трэба плаціць.


Да Сахаліна са Слуцка можна і аўтобусам дабірацца – тры разы на дзень ходзіць аўтобус «Слуцк Шалавічы», ёсць прыпынак «Сахалін».

Праз пару хат – паварот налева, якраз на павароце сядзіба Лявона Падліпскага. Вось хто нам расказаў сапраўдную гісторыю беларускага Сахаліна і яго першых жыхароў. Дзядзька Лявон нарадзіўся ў гэтай вёсцы ў 1929 годзе. Як ён расказваў, яшчэ да рэвалюцыі зямля тутэйшая належала пану Валажынскаму. Засяваліся тут плошчы ў той час раз у пяць гадоў, паколькі неўрадлівая глеба – пясочак, ды дрыгва наўкола. Маёнтак панскі быў у суседнім Барку – прыгожая пабудова. «Я яшчэ памятаю, як яе «на калгасныя патрэбы» разбуралі, – уздыхае Лявон Самуілавіч, – цагліны літаральна па адной выбівалі да таго ўсё дыхтоўна было зроблена. А чаго здзіўляцца, вы паглядзіце царква ў гэтай вёсцы прыкладна таго ж узросту, без даху, пэўна, з паўстагоддзя прастаяла, а хоць адна цаглінка высыпалася?» Як расказаў дзядзька Лявон, раней у гэтых мясцінах у аднаго гаспадара быў цагляны завод. Дык ён такія вырабы майстраваў – дзіву даешся. Да прыкладу, якой формы закажуць цэглу – такой і робіць. А яшчэ кажуць, што кожная цагліна ў паперку была закручана. Вось як! Але ўсё гэта было да рэвалюцыі. Тады бацька Лявона Самуілавіча жыў у Лучніках (таксама ў Слуцкім раёне). Прыйшлося ў той час Самусю (як усе яго звалі) нават цара пабачыць, і не адзін раз. Як расказаў дзядзька Лявон, ягоны бацька служыў якраз у 1917-м у Царскім Сяле. Цара неаднойчы бачыў, жонку яго – таксама.

Пасля сыну расказваў, што царыца хворая была – яе прыслуга па парку вадзіла. Адразу пасля рэвалюцыі (так распарадзіўся лёс) ахоўваў Самуіл Іванавіч, паколькі перайшоў на бок «чырвоных”, ужо арыштаванага цара. I пасля ўвесь час пераконваў сына, што Ленін быў супраць таго, каб Мікалая II забівалі: маўляў, адпусціць Уладзімір Ільіч таго хацеў.

Але рэвалюцыя – рэвалюцыяй, а зямля, як было абвешчана спачатку – сялянам. Вось і Самусь зямелькі прыкупіў – якраз з палеткаў пана Валажынскага нарэзалі. А паколькі вакол дрыгва была непралазная, таму і назваў нейкі вучоны землямер (які, пэўна, Чэхава начытаўся) гэты куточак Сахалінам.

Як пісаў Антон Паўлавіч, «тая частка сельскай гаспадаркі, поспех якой залежыць не столькі ад натуральных умоў, колькі ад асабістых намаганняў і ведаў кожнага гаспадара – агародніцтва, дае на Сахаліне добрыя вынікі». У беларускім Сахаліне зямля таксама не адрозніваецца асаблівай урадлівасцю, аднак працай сялянскай аднойчы літаральна акрыяла. Пасля доўгіх гадоў працы на пана той жа Самуіл Іванавіч Падліпскі адчуў усе перавагі працы на сябе, на сваю сям"ю.

Таму супраць аб"яднання ўсіх сялян (прынамсі, сябе) у калектыўную гаспадарку ён, зразумела, выступіў. І атрымаў «пяцёрку» пяць гадоў зняволення.

Адбыў бы іх у Слуцку, ды не пашчасціла – убачыў аднойчы ў двары камендатуры машыну, брызентам накрытую, з якой кроў цурчэла. Заглянуў ён туды з цікаўнасці, а нейкі «пісар» праз акно гэта заўважыў і раніцай Самусь «пайшоў па этапу» – на Беламорканал. «Гэта яны людзей паназабівалі, а закапаць не паспелі, расказваў ён пасля сыну, доўга я не мог гэты малюнак з памяці сцерці: кожную ноч тыя людзі мне сніліся».

Але Самусю пашчасціла – жонка з Сахаліна сала ў лагер прыслала, дык ён даў яго ў выглядзе хабару «нейкаму доктару» (так казаў дзядзька Лявон) – прызналі Самуіла Іванавіча «сардэчнікам». Вярнуўся ён дадому і да самай смерці расказваў сынам, што, маўляў, гэта Ленін рабіў пасёлкі, а Сталін лепшых сялян знішчыў.

–    Зайдзіце на агарод да мяне, – махае нам рукой дзядзька Лявон.
–    Можа, дапамагчы што трэба, дык мы ў адно імгненне...
–    Ды не, дзякуй, я сам усё раблю – карову пакуль трымаю, трох парсючкоў, курэй у мяне дваццаць пяць разам з пеўнем. Трэба жыць.
Хоць пенсія і прыстойная па вясковых мерках – 104 тысячы рублёў, але ж не прывык я сядзець рукі склаўшы. Лічыце 35 гадоў бесперапыннага стажу механізатарскага ў калгасе зарабіў. Па 120 гектараў цукровых буракоў абрабляў. Нездарма ж і ўзнагароды маю – ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга і Працоўнай Славы трэцяй ступені. А падзяк – не пералічыць... Шкада толькі, за працай футбол некалі паглядзець, – нечакана пераключыўся дзядзька Лявон, – а так я за бразільцаў балеў.
–    Дык яны і выйгралі.
–    Вось дык навіна, – Лявон Самуілавіч задаволена ўсміхаецца, – а то да мяне якраз сын прыязджаў на выхадныя, дык мы смародзіну абіралі, а пасля касіць пайшлі. Трэба ж рагулі сена назапасіць.


Кароў у Сахаліне тры. Рагуль зганяюць разам са «свабодаўскімі» – так лягчэй, пасвіць прыходзіцца дзесьці праз тыдзень. Якраз у той дзень, калі мы «прыплылі» на Сахалін, чарга пасвіць кароў падышла да старэйшага брата Лявона Самуілавіча – Мікалая (ён жыве побач). Рагуля для сахалінцаў – надзейная крыніца даходаў. Той жа дзядзька Лявон, па яго словах, за май атрымаў «за малако» каля 60 тысяч рублёў. Так што хоць і цяжка на старасці карову трымаць, але ж жыццё прымушае.

А як не будзеш здаваць, калі малаказборшчыца, што называецца, з сахалінцаў. Зінаіда Лявонцьеўна Храловіч жыве ў канцы вёскі. «Побач з маёй аднагодкай – бярозкай (яе мой бацька ў 1933-м, якраз як я нарадзілася, пасадзіў) жыву, – кажа Зінаіда Лявонцьеўна. – Дрэва засохла, але я яго пілаваць не дазваляю – як так, сэрца хіба кавалак у мяне ўзяць і адрэзаць. Я з маёй бярозкай нават размаўляю калі-небудзь, асабліва, калі бідонаў за дзень нацягаюся».

Лявонцьеўна, па яе словах, сабрала за чэрвень 30 тон малака. Гэта ж усё трэба на руках выцягаць! Але зноў жа «прыбаўка да пенсіі». Акрамя таго сярод сахалінцаў у яе, пэўна, самая вялікая гаспадарка есць свой конь, жарабятка, карова, трое парсючкоў.

А як жа інакш, усміхаецца Лявонцьеўна, трэба ж «восьмаму паверху» дапамагаць. Гэта сын у мяне ў Слуцку на восьмым паверсе кватэру мае, самі ведаеце, як зараз жыць цяжка стала. Вось і трымаешся з апошніх сіл, каб дапамагчы роднаму дзіцяці. Ды вы не здымайце мяне, – закрываецца рукамі Лявонцьеўна, убачыўшы фотааб"ектыў. – Я ж па-рабочаму апранута, а ў газеце трэба, каб усё прыгожа было...

Праводзіць нас выйшлі амаль усе сахалінцы. Азірнуўшыся, я заўважыў, як старыя яшчэ доўга махалі нам услед...

 

М. ЛІТВІНАЎ
Газета «Слуцкі край», 21.08.2002

Использованиы фото с сайта  «Інфа-Кур"ер»