Качалава
24.01.2013
Назва гэтай вёскі ў Сяражскім сельсавеце, як сцвярджаецца ў кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк», паходзіць ад слова «качаць». Паводле расказаў жыхароў, даўней у гэтых мясцінах былі вялікія сенажаці. Сяляне нарыхтоўвалі (качалі) сена. У пачатку ХХ стагоддзя гэта быў засценак, у якім налічвалася восем двароў, 50 жыхароў, упамінаецца пра фальварак, адзін двор і шэсць жыхароў. Да 1917 года тут працавала народнае вучылішча. Па дадзеных на 1 студзеня 1998 года пазначана пяць двароў і дзевяць жыхароў. А што зараз?
З дарогі зварочваем налева і трапляем у палон спакою і цішыні – ні табе гарадскога тлуму, ні мітусні. Уздоўж кароткай вуліцы – іншых і няма – уладкаваліся восем дамоў. А пастаянных жыхароў у вёсцы толькі два – Уладзімір Аляксандравіч Шкода (на здымку) і Соф"я Сцяпанаўна Бартошык.
– Дачка сказала, што не пакіне больш мяне на зіму ў Качалаве, – разважае Соф"я Сцяпанаўна. – Хопіць, кажа, нацярпелася, такая зіма лютая была.
– От я адзін застануся, будзеце мяне за вартаўніка наймаць, – сумна жартуе Уладзімір Аляксандравіч. – Цяпер дачнікі толькі на лета прыязджаюць, няма былой завядзёнкі.
– А колькі ж раней вяскоўцаў тут жыло? – пытаюся. – Як вёска выглядала?
– О, менш за пяцёра ці трое дзяцей ні ў адной хаце не было. Двары не пуставалі, як цяпер, вяскоўцы агароды даглядалі, гаспадарку трымалі – кароў, свіней, гусей, курэй, хатніх жывёл. Восем кароў жыхары Качалава заўсёды далучалі да сяражскай чарады. Вам бы Кадзя (Аркадзь Скараход) лепш чым хто расказаў, але няма ўжо яго… А мы што? Перазімавалі – ды й добра!
– А ці ведаеце, як продкі вашы тут пасяліліся?
– А чаму ж не? Як у Расіі прыгоннае права адмянілі, жыхары з заходніх раёнаў Беларусі паехалі сюды, на ўрадлівыя землі. Лес вакол быў, лугі. Людзі будаваліся, працавалі на зямельцы. Лічылася, багатыя былі. Ды толькі раскулачылі іх потым, саслалі, пасля вайны так ніхто з мужчын і не вярнуўся. І мой бацька таксама ў высылку трапіў. У горадзе Зея пад Архангельскам золата здабываў, так і не прыехаў дадому, там ажаніўся. А нас, чацвярых сыноў, маці гадавала, ды яшчэ дзед з бабаю з намі жылі. Цяжка было – не выказаць!
– Але ж весела, з настроем жылі, – безапеляцыйна сцвярджае Соф"я Сцяпанаўна. – Не тое, што цяпер, усе толькі на гэтых грашах замарачыліся. А мы некалі «бабкі» бульбяной пад"ядзім – ды на фэсты ідзём у Сярагі ці ў іншыя вёскі. Клёцы (музыканты былі з Лучнікоў) як зайграюць – ногі самі ў танцы вядуць. А ў Сярагах песні як спявалі! Усе галасістыя, спраўныя – і да работы, і да адпачынку. З граблямі па дарозе ў поле ідзём – і песню зацягваем. Птушкі нам, мабыць, і тыя зайздросцілі. Волька Семкава сасмагне, праз хусцінку вады з канавы начэрпае – і хвароба не прыставала. А цяпер усё стэрыльнае, а здароўя няма. Адзення цяпер – якога хочаш, а раней маці спрадзе, пафарбуе ніткі, вытча палатно – з яго спраўнае адзенне было. У школу хадзілі ў Сярагі – басанож! А ўжо як штапель і саржа з"явіліся, то самымі фарсовымі мы сябе адчувалі.
Успаміны настроілі маіх суразмоўцаў на лірычную хвалю, але пра клопаты свае яны не забылі. Соф"я Сцяпанаўна накіравалася карміць куранят, а Уладзімір Аляксандравіч паўшчуваў гусей ды курэй – да суседскага плоту наблізіліся.
– Да вайны ў нас такія сады раслі – яблыні ды грушы ўраджайныя, плады – «моцныя», захоўваліся добра. А ў саракавых гадах дрэвы павымярзалі... Цяпер, як і ва ўсіх – растуць штрыфель, пепінка, антонаўка, белы наліў, – Уладзімір Аляксандравіч з відавочным шкадаваннем пазірае на састарэлыя сядзібы. – Мясціны тут – прыгожыя: і само паселішча, і палі вакол, да таго ж вадаём побач, дарога. Але раней яе не было, мінскі шлях за нашымі агародамі цягнуўся, выходзіў пад вёскай Хранова (цяпер Ветка).
– А што помніцца з дзяцінства?
– Як пяклі хлеб. У вялізнай дзяжы замешвалі цеста – з таркаванай бульбы, якой ішоў цэлы кош, гарбузоў, мукі. На драўлянай лапаце «саджалі» хлеб у печ, а потым гарачыя боханы такім водарам хату напаўнялі!
Выпечкі на тыдзень хапала. Калгаснага мізэрнага заработку не хапала, увосень нам не было чым за падаткі разлічыцца. Кожны дзень мы раніцай да школы і пасля ўрокаў дапамагалі дарослым у іх справах. Я з дзедам пасвіў авечак, цялят. Памятаю, прыгрэюся на сонцы, засну, а дзед сварыцца што ёсць моцы. На час заняткаў мяне падмяняла маці, а калі вяртаўся, бегла ў «нормы». Дзед Антон Іосіфавіч Шкода, дарэчы, 103 гады пражыў, разам з бабуляй яны выгадавалі пяцярых сыноў і чатырох дачок.
– Як склаліся лёсы вашых братоў?
– Старэйшы брат Шура (ён з 1922 года) да вайны лётнае вучылішча закончыў, загінуў у 1944 годзе і пахаваны на Томскіх могілках. Віктар – з 1925 года, наш ардэнаносец, узнагароджаны шматлікімі медалямі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: ведама ж, да Берліна дайшоў. Зараз ён жыве ў Сярагах. Аркадзій, малодшы з нас, з 1930 года, «падымаў» цаліну, потым вярнуўся ў Беларусь, жыў у Салігорску. А я – з 1927 года, у кастрычніку 1944-га мяне прызвалі ў армію, адправілі ў Мінск – у вучэбны полк. Пакуль навукай авалодвалі – вайна і закончылася. Служыў у Балтыйскім флоце. Старшым матросам на лінкоры «Кастрычніцкая рэвалюцыя» кожны год хадзіў з Кранштата ў Талін, удзельнічаў у вучэннях. З Балтыкі вярнуўся ў родныя мясціны, уладкаваўся на работу ў Слуцку. Кавалём працаваў на заводзе «Пралетарый» (цяпер – прадпрыемства «Металіст»). На што заказ прымалі – тое і каваў. Колы да вазоў жалезам акоўвалі, выраблялі розны «шырпатрэб», баронкі. Мог усё выкаваць, што толькі пажадаеш, у доме ўсё сваімі рукамі парабіў. Гэты дом пабудавалі ў 1953 годзе, да таго часу была маленькая хатка. Агарод апрацоўваем, вось вінаград расце, вулей пчол ёсць – праўда, ліха на яго, гнілец уваліўся, прападаюць.
З дарогі ў вёску звярнула легкавушка: едзе ўнук Глеб, абрадаваўся дзед. Тры дачкі, сем унукаў і адзін праўнук у Уладзіміра Аляксандравіча. А жонка Лілія Аляксандраўна, на жаль, пайшла з жыцця.
Глеб працуе фельчарам у гарадской паліклініцы, наведваецца да дзядулі часта. Ды і іншыя не забываюць: дачка Наталля з Ліды тэлефануе – добра, тэлефон у хаце ёсць. Таіса з Ірынай амаль побач – у Слуцку і Сярагах жывуць.
– Ну, ужо ты расказвай, як калгас «паднімала», – загадвае У.А. Шкода суседцы, якая справілася пакарміць птушку і рыхтавалася да прагляду серыяла па тэлевізары.
– Якое там! – абураецца Соф"я Сцяпанаўна, – мне на пачатак вайны толькі тры гадкі было. Памятаю, як у жыце хаваліся ад немцаў, як палілі яны ўсё наўкола пры адступленні. Як і ўсе жыла, ніякіх заслуг у мяне няма. Галытва, адным словам. Ледзь агоралі веласіпед купіць. Цёплага адзення не было, вось маці застудзілася і ад цяжкай хваробы памерла, калі мне 22 гады споўнілася. Верай Адамаўнай яе звалі, настаўніцай была, закончыла Бабчынскую духоўную семінарыю, акрамя мяне яшчэ і двух сястрыных дзетак гадавала. Вельмі адукаваная жанчына. А бацька Сцяпан Сцяпанавіч Князюк (такое ж і маё дзявочае прозвішча) працаваў у калгасе.
– У нас жа ў канцы вёскі школа стаяла, – дадае Уладзімір Аляксандравіч, – некалі ў тым доме Русецкія жылі. А калі іх раскулачылі, то школу адкрылі. Потым будынак перавезлі ў Сярагі і прыстасавалі пад клуб. На тым месцы толькі хлевушок застаўся пад дрэвам (на здымку), дачнікі агародніну захоўваюць.
– Маці мне расказвала, што раней, да рэвалюцыі, тут шляхта жыла – ого-го! Нібыта памешчык Качалаў жыў, таму і вёску так назвалі, – прыгадала С.С. Бартошык. – Ніхто з простых людзей падступіцца да іх не мог, па словах мамы, на такіх брычках шыкоўных прыязджалі, конях запрэжаных – дзіва. Такія важныя ды ганарыстыя былі – да сябе толькі роўню дапускалі. Такія гаворкі чула я, калі Кадзя – добры чалавек – мяне малую калыхаў.
Побач з маім домам хата Аўсяннікавых стаіць – ёй мо больш за сто гадоў (на здымку). Тут мамін стрыечны брат жыў, жонку заможную ўзяў з Муравішчына. А цяпер, паглядзіце, збудаванне вокнамі ў зямлю ўрасло, страціла гаспадароў. Давідовічы, Рускевічы, Ціхановічы, Вароніны… Іх дзеці таксама параз"язджаліся, пра якіх мы мала што ведаем.
– Соф"я Сцяпанаўна, з мужам будучым як пазнаёміліся?
– З Прошчыц іх сям"я, – расказала С.С. Бартошык, – а бацька яго ў будаўнічай брыгадзе працаваў у Сярагах, я – даяркай. Ён і прысватаў мяне сыну. Пасля ўжо я ў паляводчую брыгаду перайшла, бо трэба было дзяцей гадаваць. Восем гадоў таму майго Міхаіла Паўлавіча не стала. У дачок Галіны, Кацярыны і Таццяны ўжо дарослыя дзеці. Адна мая ўнучка таксама, як і прабабуля, будзе настаўніцай, яна вывучае замежныя мовы. А да нас два разы на тыдзень прывозяць прадукты, рэгулярна дастаўляюць газеты. Па тэлевізары глядзім, што ў свеце адбываецца. З дзецьмі і ўнукамі па мабільнаму тэлефону сувязь падтрымліваем.
…Дзень завяршаўся, аднекуль наляцела хмарка — кроплі дажджу ўпітвала зямля, якая захоўвае нябачную памяць пра ўсіх, хто некалі так апантана клапаціўся аб яе ўрадлівасці, упрыгожваў і даглядаў родны сэрцу куток.
Валянціна РАЖАНЕЦ
Газета «Слуцкі край»