Легенды і паданні пра Грэск

12.12.2012

Колі б ды так! Колі б ды кожны
З маленства думаў, з першых лет:
Які – ці светлы, ці прыгожы –
Пакіне ў памяці ён след?
   

Ніл Гілевіч


 

Мы з ахвотай і цікавасцю працавалі над гэтым альбомам.
У яго ўвайшлі легенды і паданні пра родны Грэск.
Ужо больш, чым пяць стагоддзяў існуе наша вёска. Калі падрабязна апісаць яе гісторыю, гэта зойме дзесяткі тамоў.
Шмат у нас незвычайных мясцін, ёсць і свае помнікі гісторыі. А колькі цікавых людзей! Яны шчыра і з захапленнем спавядалі нам пра родную вёску. А мы радаваліся, што выканаем святую міссію: захаваем і прадоўжым гісторыю Грэска, для сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў...

 

Адкуль рака Сава ўзялася
От, цячэ ў нас у Грэску рэчка Сава. Раней большая яна была, а цяпер мелкая стала.
А з"явілася вось як:
Жыў кузнец у вёсцы, жонка ў яго была. Ну, дык аднойчы жонка здрадзіла яму. Страшна засумаваў ён і крэпка напіўся. Ішоў дадому, упаў і памёр. А бутэлька, што ў кішэні была, разбілася. I пацякла рэчка, якую людзі назвалі Савай, бо кузняца таго звалі Сава.
А яшчэ гавораць, што гэта слёзы яго жонкі цякуць. I асабліва шмат вады вясной, бо вясной гэта няшчасце і здарылася.
 

Вітко Васілій I. 1921 г.н., в. Грэск

 

Адкуль з"явілася вёска Сцяпкова
Прыйшлі некалі і пасяліліся недалёка ад Грэска людзі, якія шмат хадзілі на свеце, шукалі шчасця. Усюды давялося ім пажыць: у лесе, у пустыні, у стэпах. А спыніліся вось недалёка ад Грэска. Сталі зямлю адрабляць, дамы будаваць. Сталі называць іх сцяпкоўцамі, а вёску іх Сцяпкова. I твары ў гэтых сцяпкоўцаў чырвоныя, нібы абветраныя сцяпным ветрам.
 

Кудзелка В.Я. 1924 г.н., в. Грэск

 

Адкуль назва вуліцы Лава
Некалі даўным-даўно на вуліцы, якая цяпер называецца Камсамольскай, стаяў невялікі будан, ці, як яшчэ яго называлі Лава. Тут продалі заўсёды хлеб. Казалі людзі: «Схадзіць у лаву па хлеб». З таго часу ў вуліцы і засталася такая назва.
 

Сыцько Н.А. 1928 г.н., в. Грэск

 

Адкуль назва вуліцы Пабялянка
Есць у Грэску вуліца, якая цяпер называецца Пралетарскай. Дык вось раней называлі яе Пабялянкай. А назву такую атрымала таму, што знаходзілася ў «белым свеце», – гэта значыць – вельмі далёка.
Старыя памятаюць гэтую назву, а вось маладыя пра яе ўжо і не ведаюць.
 

Лосік Г.А. 1932 г.н., в. Грэск

 

Кіндзюк
Сталі людзі вясковыя сабе дамы будаваць. Ніхто не хацеў жыць далёка ад цэнтра вёскі. Вуліцу не прадоўжылі, а пабудавалі дамы неяк наўкруг. Атрымалася не вуліца, а тупік. I сталі называць яе кіндзюком. Цяпер гэта вуліца Агародная.

 

Калінка
Жыў на хутары, што недалека ад Грэска, пан Бакрэўскі. Быў у яго вялікі сад: яблыні, грушы, слівы, вішні раслі там, розныя ягадныя кусты. А яшчэ насадзіў пан шмат каліны ў тым садзе. Гэтыя лячэбныя ягады вадзіў продаць на кірмаш і меў ад гэтага немалы даход.
З тых часоў месца тое, дзе быў маёнтак, сталі называць Калінкай.

 

Адкуль Лысуха з"явілася
Тое даўно было, каля цяперашняй вуліцы мінскай возера стаяла. Ніхто дакладна і не ведаў, адкуль яно з"явілася. Чыстае і глыбокае было, шмат рыбы вадзілася, нават, шчукі з уюнамі. Але, як пабудавалі калгас і на беразе возера паставілі кароўнікі і свінарнікі, возера стала забруджвацца. Усюды быў непрыемны пах, рыба звялася, людзі перасталі хадзіць сюды. З раслін асталіся толькі калючкі і ваўчкі. Потым на гэтым месцы зрабілі вясковы сметнік. Так вось і загінула самае лепшае возера ў Грэску. А месца, дзе яно было раней сталі называць Лысухай.
А яшчэ выдумляюць, што там жыве кот са сінячай галавой, таму людзі баяцца тудэй хадзіць.
 

Макаранка Фёдар Іванавіч 1930 г.н., в. Грэск

 

Вуліца Спартыўная
Жыў на хутары Калінка пан Бакрэўскі. I вельмі любіў ён усякія спартыўныя спаборніцтвы і кулачныя баі. Часта арганізоўваў ён спаборніцтвы на той тэрыторыі ў Грэску, дзе зараз знаходзіцца вуліца Войчыка. А раней гэту вуліцу называлі Спартыўнай. Кажуць, што тут некалі быў сапраўдны стадыён.
 

Макаранка Ф. I. 1930 г.н., в. Грэск

 

Запечная вуліца
Вуліца Садовая раней была Запечнай вуліцай, Называлася яна так, бо некалі тут стаялі печы, у якіх адпальвалі вапну, што дабывалі на Пабялянцы (некаторыя сцвярджаюць, што Пабялянка таму і атрымала сваю назву).
А некаторыя сем"і, што жылі на Запечнай вуліцы, таксама сталі называцца Запечнымі.
I зараз сем"і: Вітко, Макаранка, Кудзелка, Шэршань называюць так.
 

Макаранка Ф. I. 1930 г.н., в. Грэск

 

Адкуль назва вуліцы Крывой
Калгасную вуліцу некалі называлі Крывой.
Даўно, кажуць, жыў тут цырульнік, які накульгваў на адну нагу. Шмат людзей хадзіла да яго, каб падстрыгчыся і пагаліцца. Сяляне казалі: «Пайшлі да «крывога»!». I адразу было зразумела, куды ісці і чаго. Пазней і вуліца тая стала называцца Крывой.
 

Душэўская Ю.А. 1926 г.н., в. Грэск

 

Папоў Канец
Канец вуліцы Камсамольскай называецца Паповым Канцом.
Раней у некалькіх дамах на той вуліцы жылі папы. Гэта яшчэ, калі ў Грэску была царква.
Вось так з"явіўся і ёсць па сённяшні дзень Папоў Канец.
 

Давідоўскі М.Ф. 1925 г.н., в. Грэск

 

Замкавая гара
Жыў у Грэску пан, звалі яго Каранеўскім. Хата яго стаяла на тым месцы, дзе зараз пажарная ахова знаходзіцца. А на Замкавай гары (на Замку, як часта кажуць), стаяў у яго маёнтак, нібыта для гасцей.
Землі гэтыя належылі князю Радзівілу. Каранеўскі верай і праўдай служыў яму. Пан загадаў, каб сяляне насыпалі вышэй Замкавую гару. А потым на насыпаным месцы і быў пабудаваны маёнтак, дзе пан прымаў гасцей. Яшчэ былі выкапаны ў гэтай гары падземныя тайныя хады, якія, як казалі, вядуць аж да Нясвіжа.
Калі прыйшла савецкая ўлада, маёнтак разбурылі. Цагліны ад маёнтка людзі забіралі на печы. Недалека ад гарышча правалілася ў зямлі яма. Мабыць, надта патрывожылі гарышча. Узялі людзі палку, каб дастаць дно ямы, але не дасталі. Тады звязалі тры аглоблі, – дна таксама не памацалі. Вось які вялікі і глыбокі быў той ход. Цяпер мала, што засталося ад усяго, што загадаў пабудаваць пан. Засталася гара, калодзеж панскі, ды засыпаныя хады. Але наш Замак з"яўляецца помнікам гісторыі.

 

Грэскі клад
Некалі, як уцякаў пан, што на Замку жыў, то сабраў усе свае багацці, паклаў у жалезны куфар і закапаў іх на дне возера, што каля Замка. Многа хто шукаў той клад. I цяпер, мабыць, шукаюць. Усё возера пералазілі, але не чула, каб знайшлі. А можа і знайшоў хто, ды не кажа. А можа і цяпер ляжыць на дне закопаны.

 

Калодзеж
Быў каля гары Замкавай калодзеж, таксама панскі. Цяпер ужо няма яго, засыпалі. Дык, ужо як не стала пана, і калодзеж высах, а глыбокі ён быў, вырашылі яго праверыць. Аднойчы ўзялі дзеці нейчыя прывязалі ката на вяроўку, ды апусцілі яго ў калодзеж. А, калі дасталі, дык кот той нежывы быў і ў крыві. Казалі, нячыстая сіла там водзіцца. Людзі і засыпалі калодзеж.
 

Заяц Г.А. 1926 г.н., в. Чапаева

 

Раманава копанка
Жыў на ўскрайку Грэска адзін селянін яго звалі Раманам.
Прысніўся аднойчы Раману яго дзядзька, які памёр некалькі гадоў назад. Дзядзька расказаў у сне, што за агародам Раманавым закапаны клад.
Прачнуўшыся, Раман доўга думаў і разважаў. Потым узяў ён рыдлёўку і пайшоў капаць.
Вельмі ўжо паверыў селянін у свой сон.
Некалькі месяцаў шукаў ён той скарб. Паступова надзея пакідала яго. Хутка, зусім разачараваўся, пакінуў свае пошукі. А яма, якую выкапаў, так і засталася за агародам.
Копанку гэтую запоўніла вада. Людзі назвалі яе Раманавай копанкай.
Ёсць яна і зараз. Вада тут чыстая-чыстая, нават рыба водзіцца.

 

Гайкоўскае возера
Пасцілі мужык і жонка кароў каля лесу. Хворы быў мужык, балелі ў яго ногі. А тут яшчэ нахадзіўся басяком па полі. Як прыйшоў вечар, і трэба было кароў гнаць дадому, жонка і кажа мужыку: «Пайдзі, ты, крыху абмый ногі ў возеры, ды адзень лапці, усё ж лягчэй ісці па дарозе будзе». Пайшоў мужык да возера, што недалека ад лесу было, спусціў у ваду ногі, абмыў іх, абкруціў анучамі і адзеў у лапці.
Праз некалькі дзён ён заўважыў, што не баляць яго ногі. Расказаў аб гэтым жонцы. Хутка аб чароўным выздараўленні ведала ўся вёска. I яшчэ людзям многім вылячыла і загаіла раны вада тая.
З таго часу сталі возера называць Гайкоўскім, а лес каля яго Гайком.
 

Сыцько Н.А. 1928 г.н., в. Грэск

 

Рэчка Сава
Была ў памешчыка Каранеўскага дачка прыгожая. Закахаўся ў яе хлопец, што Савам звалі. Дзяўчына таксама пакахала яго. Зрэдку сустракаліся яны, каб ніхто не бачыў, пад Замкавай гарой. Але аднойчы памешчык падпільнаваў іх. Схапіў ён дзеўку, завалок у маёнтак і зачыніў у няволі.
Нашто яму такі зяць-басяк!
Не вытрымала дзяўчына ў няволі і цяжка захварэла. А Сава прыходзіў на месца іх сустрэчы і плакаў.
Хутка аддаў пан хлопца ў рэкруты, а дзяўчына памерла.
А на месцы іх сустрэч з'явілася крынічка, якая потым стала невялікай ракой Савай.
 

Кудзелка Вольга Яфімаўна 1924 г.н., в. Грэск

 

Адзінокі лебедзь
Некалькі гадоў падрад прылятаў на возера, што знаходзіцца каля Замка, адзінокі лебедзь. Амаль уся вёска збіралася паглядзець на яго. А тыя людзі, што ведалі легенду пра Саву і яго каханую, гаварылі, што гэта хлопец той ператварыўся ў лебедзя і прылятае цяпер наведаць жалобнае месца. Ен адзінока плаваў па возеры, а праз некалькі дзён знікаў. Людзі вельмі здзіўляліся, калі ён зноў і зноў прылятаў на возера. Тым больш, што возера тое стала бруднай лужай.
 

Лосік Ганна Андрэеўна 1932 г.н., в. Грэск

 

Грэская традыцыя
Зараз ёсць у Грэску традыцыя, што калі едзе вяселле, то машыны павінны некалькі разоў аб"язджаць вакол парка. Калі хаваюць каго-небудзь, то таксама абносяць пакойніка вакол парка.
Не ўсе ведаюць адкуль з"явілася такая традыцыя.
А некалі ў парку стаяла царква Святой Багародзіцы. Вянчаліся, хрысціліся, адпявалі людзей у ёй. Пасля таго, як разбурылі царкву, і ў парку застаўся толькі фундамент, людзі сталі лічыць парк святым месцам. Таму і ўзнікла традыцыя – аб"язджаць і абыходзіць парк.
Хутка ў вёсцы будзе ўзведзена царква на тым жа месцы.
 

Душэўская Ю.А. 1926 г.н., в. Грэск

 

Спаленая царква
Была некалі і ў нашым сяле царква. Хадзілі людзі маліцца Богу, адпявалі, вянчаліся там.
Калі прыйшлі немцы ў Грэск, яны спалілі царкву. Чырвоныя кругі з'явіліся ў небе, якія доўга яшчэ і пасля пажару свяціліся.
Няможна было рабіць так немцам. Бога яны гнявілі.
I цяпер яшчэ на тым месцы, дзе стаяла гэтая царква, засталіся раўчукі, якія зорку ўтвараюць.
 

Заяц Г.А. 1926 г.н., в. Чапаева

 

Пракляты дуб
Дубу гэтаму ўжо больш за сто гадоў, а можа, болей за дзвесце. Стаіць ён адзінока на беразе возера і глядзіцца ў ваду. Крона яго ўжо прыгнулася, нібы просіць прабачэння ў некага.
Некалі ў маёнтку, што стаяў на гэтым месцы, жыў пан. Жорсткі ён быў і несправядлівы. Не паважаў ён, нават, жонку сваю і дзяцей.
Аднойчы прыйшла ў маёнтак той цыганка з сынам. I пакуль не было пана дома, жонка накарміла цыганоў і дазволіла адпачыць. Калі ад гэтым даведаўся пан, то крэпка набіў жонку і дзяцей. Цыганку з сынам высеклі на канюшні і прагналі. Спынілася яна каля варот двара і крыкнула: «Крэпкі і непрыхільны ты, пан, як дуб, што стаіць у полі. Але б"юць на ім маланкі, бо стаіць ён адзін. Праклінаю я і цябе!».
Цыганка пайшла, і пан ад гэтым усім забыў. А пасля яго смерці, вырас на беразе возера дуб. Так і зараз стаіць, а маланкі б"юць на ім. Верхавіна ў дрэва спалена і прыхілена. Людзі кажуць, што гэта пан той.
Не рабі зло, бо злом яно табе і абернецца!
 

Кудзелка Вольга Яфімаўна, 1924 г.н., в. Грэск вул. Някрасава, 4

 

Кара божая
Яшчэ некалі царква была ў Грэску. Як савецкая ўлада прыйшла, сталі разбураць тую царкву. А пачалі з таго, што адзін малады настаўнік залез на званіцу і скінуў колакал. Царкву разбурылі. Потым доўга яшчэ жыў той чалавек, але вельмі ж скурожыла яго жыццё: вырас на спіне горб, павыкручвала рукі і ногі.
А калі памёр, не маглі яго ў труну пакласці.
Людзі казалі, што бог пакараў гэтага смельчака.
 

Давідоўскі М.Ф. 1925 г.н., в. Грэск

 

Кара божая
А яшчэ ёсць паданне, якое зусім інакш расказвае ад тым, як Бог пакараў чалавека, што скінуў звон з царквы.
Ніхто не хацеў лезці і скідаць званы з царквы. Знайшоўся адзін дабраволец, які і зрабіў гэтую справу. А калі ён ажаніўся, і ў яго нарадзілася дзіця, то было яно без рукі.
Вось якой страшнай была кара божая.
 

Вітко В.I. 1921 г.н., в. Грэск

 

Грэская ведзьма
Так, як бывае гэта ў іншых вёсках, жыла ў Грэску ведзьма. Чорным сілам служыла яна, і звалі яе людзі Палашкай.
Была яна скрытнай i нелюдзімай. А людзі баяліся ведзьму i расказвалі пра яе шмат страшных выпадкаў.
Аднойчы бачылі Палашку ноччу каля чужой хаты, у чужым двары, яна нешта там хавала ў скрутку. Былі выпадкі, як назіралі, што ведзьма на развілцы дарог кастры паліла. А бывалі дні, калі цэлымі днямі на могілках сядзела.
Як у сенакос ішоў дождж, або бура якая, ці маланка хату спаліць чыю, усе ведзьму вінілі.
А, калі прыйшоў час ёй паміраць, то ўсхадзілася бура вялікая. Дрэвы падалі на дарогу, дахі ўздзіраў вецер, сабакі страшна вылі.
Шмат урону ўсякага было ў вёсцы. А, калі ўсё скончылася, сабраліся людзі, узялі вілы i палкі, дый пайшлі да Палашкі ў хату.
Нежывая ляжала яна на падлозе. Людзі пахавалі яе, але не на могілках, а за могілкамі. Магілу прывалілі валуном, які і зараз ёсць каля старых могілак.
Некаторыя i цяпер камня таго баяцца.
 

Кудзелка Вольга Яфімаўна 1924 г.н., в. Грэск

 

Адкуль у Грэску калдуны
Раней, калі яшчэ хто мала жыў на гэтай тэрыторыі, кругом было балота. Дарэчы, у многіх месцах на Беларусі было непралазнае балота, бо нізіны кругом.
А у багне толькі нечысць і водзіцца злая. Вось зло накаплялася і ўсялялася ў людзей, якія прыходзілі сюды жыць, асушаць балотныя землі.
Ад гэтага ў Грэску з"явілася шмат калдуноў, якія толькі зло і няшчасці прыносілі.
 

Давідоўскі М.Ф. 1925 г.н., в. Грэск

 

Праклятае месца
На развілцы, дзе перакрыжоўваюцца вуліца Замагільная і дарога на калгасны стан, ёсць закалдаванае і праклятае месца. Шмат на гэтай развілцы разбілася машын, шмат людзей загінула. А справа ўся ў тым, што жыў недалека ад гэтага месца калдун. Ён часта хадзіў туды рабіць і адрабляць чары. Бывала і дапамагаў некаторым. А тыя, супраць каго былі зроблены чары, праклялі яго і ўсё тое, да чаго ён дакранаецца.
Так і з"явідася гэта праклятае месца – «анахмальная зона», як кажуць. Людзі і зараз гібнуць там.
 

Душэўская Ю.А. 1926 г.н., в. Грэск

 

Чаму нашу вёску Грэскам завуць
Шмат стагоддзяў назад была тут невялічкая вёсачка. I не мела яна ніякай назвы. Людзі, што жылі тут, падумалі: «Трэба нам вёску сваю назваць». А паколькі, тут грэчку сеялі, то і месца сваё Грэскам назвалі.
Вось і ёсць цяпер Грэск.
 

Сыцько Н.А. 1928 г.н., в. Грэск

 

Другая версія. Чаму вёску Грэскам завуць
Некалі даўно-даўно ў вёсцы нашай людзі займаліся розным вырошчваннем. Але нішто не было так даходна, як садзіць грэцкія арэхі. Шмат было ў вёсцы такіх дрэў. Як паспелі арэхі, іх страсаюць і сушаць. На кірмашы іх хутка разбіралі.
Цяпер такіх дрэў амаль няма: адно-два на ўсю вёску. Але назва ад іх засталася – Грэск...
 

Давідоўскі М.Ф. 1925 г.н., в. Грэск

 

Чаму жанчына больш працуе
Перадзеўся некалі Бог і пайшоў па свеце хадзіць, глядзець, як жывуць людзі. Ідзе па дарозе і бачыць, што працуюць у полі мужык з бабай. Падыходзіць ён да бабы і пытае: «А скажы мне, жанчына, як у вёску папасці?». А жанчына яму і кажа: «Ды адчапіся ты ад мяне, няма часу гаварыць з табой, бачыш, шмат работы!». Спытаў Бог тады ў мужыка. Мужык усе растлумачыў, яшчэ і вады прапанаваў папіць.
Вырашыў Бог, што пакарае жанчыну, а мужыку палепшыць жыццё. З той пары працуе жанчына спіны не разгібаючы. I таму глядзіць, і дзяцей, і гаспадарку. А мужчына, калі захоча, можа і адпачыць.
 

Давідоўскі М.Ф. 1925 г.н., в. Грэск

 

Чаму жыхароў Грэска завуць «крумкачамі»
Здаўна жыхароў вёскі Грэск завуць «крумкачамі». Не ўсе ведаюць чаму. А калі і ведаў хто, то забылі. Паспрабуем аднавіць гісторыю.
Пасля таго, як прыйшлі сюды людзі, пачалі яны лес высякаць, расчышчаць палі, будаваць дамы. Зніклі лясы вакол вёскі. Разам з лесам зніклі птушкі і звяры лясныя. Засталіся толькі крумкачы.
Кружацца крумкачы над вёскай і каркаюць. Шмат развялося іх у вёсцы. Вось і жыхароў грэскіх сталі зваць «крумкачамі»!
 

Кудзелка Вольга Яфімаўна 1924 г.н., в. Грэск

 

Чаму ў Грэску варон шмат
Кожны, хто бывае ў Грэску, заўсёды здзіўляецца, што тут так шмат варон. Розные людзі тлумачаць гэта па-рознаму. Існуе і такая легенда...
Калісьці ў парку стаяла царква. Яна была вельмі прыгожая і ўсіх захапляла сваім хараством. Многія гады людзі маліліся ў ёй. Але прыйшлі ліхія гады, калі вынішчалася рэлігія, вера ў бога. Царкву разбурылі, а на тым месцы пасадзілі парк. На дрэвах у парку пачалі віць гнёзды вароны. Казалі, што бог ператварыў душы тых, хто разбураў царкву і вынішчаў рэлігію, у варон. Яны павінны жыць вечна ў гэтым месцы і напамінаць людзям аб вялікіх грахах. Гэта не вароны - гэта душы грэшнікаў!
 

Макаранка Фёдар

 

По материалам, собранным учащимися ГУО «Греская средняя школа»