Весея

Па абодва бакі старога маскоўскага шляху размясцілася прыгажуня-вёска Вясея.

Па традыцыі, у пачатку кожнай вёскі стаіць крыж. Ён з"яўляецца абярэгам вёскі. Вясея – не выключэнне.

На жаль, дакладная дата ўзнікнення назвы невядома, але вось што захавалася з тых далёкіх часоў. Існуе некалькі версій паходжання назвы вёскі. Ёсць меркаванне, што назва вёскі пайшла ад назвы ракі Вясея (Вясейка, Вясея — рака ў Слуцкім раёне Мінскай вобласці, левы прыток ракі Случ (басейн Дняпра). Даўжыня 28,1 км. Плошча вадазбору 307 кв. км. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 %. Пачынаецца каля вёскі Шантароўшчына і цячэ па паўднёва-заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Упадае ў Случ за 2,5 км на ўсход ад Слуцка).

А вось яшчэ. Паводле тапанімічнага слоўніка, слова wesi азначае «паселішча» чалавека.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гісторыя вёскі пачынаецца прыкладна з канца I тысячагоддзя. Дакладна вядома, што продкамі жыхароў Вясеі з"яўляюцца дрыгавічы, старажытнае племя, якое пасялілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзесьці ў VII – VIII стагоддзях. Прыкладна каля X стагоддзя пасяліўся і першы жыхар Вясеі ва ўрочышчы Махорты. І калі купцы ехалі міма паселішча, то паказвалі ў бок чалавечага жытла, кажучы пры гэтым: «Весі вось».
У хуткім часе пачалі побач сяліцца і свабодныя сяляне, якія атрымлівалі вольныя граматы. Стваралі гаспадарку, абжываліся. Вядома, што ў XII стагоддзі вёска знаходзілася на тэрыторыі Тураўскага княства, як і горад Слуцк. У 1149 годзе Юрый Даўгарукі перадаў Слуцк чарнігаўскаму князю Светаполку Ольгавічу. Затым Слуцк быў далучаны да Тураўскага княства, якое ў XIII стагоддзі ўвайшло ў склад Вялiкага Княства Літоўскага.

Уваход Слуцкага княства ў склад Вялікага Княства Літоўскага адносіцца да XIV стагоддзі. У 1395 годзе вялікі князь літоўскі Вітаўт адабраў багатае Кіеўскае княства ў Уладзіміра Альгердавіча, брата польскага караля Ягайлы, і ўзамен перадаў гэтаму князю ў спадчыннае ўладанне Слуцкае княства. Так Слуцкае княства стала ўдзельным уладаннем літоўскай велікакняжацкай дынастыі Гедзімінавічаў. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча – князі Алелькавічы – валодалі княствам да 1612 года. Такім чынам, і вёска Вясея падпарадкоўвалася слуцкім князям.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

У грамаце вялікага князя літоўскага Аляксандра (1499) пералічаны найбольш буйныя населеныя пункты княства – г. Слуцк, двары Івань, Пагост, Амговічы, г. Капыль, двары Баслаўцы (сучасны Барок), Сыравадчыцы, Старыца, Цімкавічы, Скеб'ева, Старое Сяло. У XVI стагоддзі да Слуцкага княства адносіліся таксама Урэчча, Любань, частка Палесся з Петрыкавічамі, або Петрыкавам, Пясоч нае, Раманаў, Дарогі (Старыя Дарогі), Ленін (на Случы), Бялевічы, Семежа ва, Язы, Бранавічы, Лучнікі, Баркавічы, Бязверхавічы, Селішча і іншыя. Уладанні княства ахоплівалі тэрыторыі сучасных Слуцкага, Капыльскага, Салігорскага, Любанскага, Старадарожскага і частак Уздзенскага, Глускага, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў. На жаль, Вясея не ўпамінаецца, бо, трэба мекркаваць, не была вялікім населеным пунктам.

Вядома, што ў 1612 годзе памерла княгіня Соф"я Алелькавіч-Радзівіл, і ўлада перайшла да яе мужа Януша Радзівіла. Вясея апынулася пад уладай караля Польшчы і таму палякі хацелі ўвесці каталіцкую веру. Жыхары ўзнялі бунт супроць і нават далучыліся да атрада Налівайкі.

У перыяд Паўночнай вайны вёска была занята шведамі. Рускія войскі вызвалілі вёску. У 1793 годзе Радзівіл указальнай граматай перадаў Вясею князю Вітгенштэйну.

1812 год. Напад французаў. Прыкладна паміж вёскамі Вясея і Краснае Сяло адбыўся жорсткі бой. Рускія войскі падпарадкоўваліся Дзянісу Давыдаву. У лістападзе 1812 года французаў ужо не было на тэрыторыі вёскі. Месца, дзе было пабоішча, пачало насіць назву ўрочышча Касцянёўка, бо ўслана было людскімі касцьмі.

З 1846 года вясейскімі землямі валодалі памешчыкі Пясляк і Кандратовіч. Пасля смерці Песляка стаў Бараноўскі (Кандратовіч эксплуатаваў заходнюю, а Бараноўскі – усходнюю частку вёскі), які адрозніваўся жорсткасцю. Неаднойчы ўзнікалі стыхійныя бунты, але яны былі падаўлены царскімі войскамі.

Звесткі пра памесце Кандратовіча зафіксаваны у наступным матэрыяле «Весея, усадьба Кондратовичей Минская область, Слуцкий район. Статья А. Т. Федорука в книге "Старинные усадьбы Минского края" 2000 г.».

Вакол школы і да гэтага часу стаяць прыгожыя ліпы.

План Вясеі, складзены ў 1864 годзе (захаваўся ў жыхара Вясеі Прохара Чэчата) дае магчымасць сцвярджаць, што ў гэты час было ў вёсцы 34 гаспадаркі. З іх 23 належалі памешчыку Канратовічу і 11 – памешчыку Песляку. Ім належала 919 дзесяцін зямлі, непрыгоднай для пасеву (было шмат балот і тарфянікаў).

На тэрыторыі ў кожнага з гэтых памешчыкаў у Вясеі было дзве карчмы. Да 1917 года на тэрыторыі Вясеі былі кузня, ветраны млын, капліца, хлебасклад, асабістая майстэрня, дзе шылі абутак і адзенне. Была і школа. Добра вядома таксама, што школы існавалі толькі пры манастырах. Магчымасць вучыцца там маглі толькі дзеці заможных людзей. Вывучаліся прадметы, якія навязвала царква, пераважна духоўнага характару.

Як ужо адзначалася, кожная вёска была прыходам царквы. І вось што ўдалося даведацца ў Мінскай епархіі.

Вёскі, пералічаныя ў дакуменце, лёгка можна знайсці на карце, дзе адзначаны населеныя пункты.



Вядома, што школа – гэта храм навукі. У Вясеі таксама з"явілася такое месца. Дакладная дата, калі пачала дзейнічаць школа на тэрыторыі вёскі, была доўга невядома. У архіўным дакуменце №1724 ад 15.06.1965 года «История Весеи» гаворыцца: «Задолго до революции 1917 года в Весее существовала передвижная школа, т.е. из избы в избу, а затем был нанят частный дом».
Дайшлі звесткі, што першай настаўніцай у гэтай школе была дачка протаіерэя Шамяцілы.

Галоўная ўвага надавалася вывучэню «Закона божьего», малітваў і царкоўных песняў. Вучні вялікімі ведамі не валодалі, але маглі больш-менш пісаць, чытаць, ведалі арыфметыку. Існавала такая школа на сродкі насельніцтва. Выкладанне на роднай мове было забаронена, выданне кніг таксама. Першым жыхаром, які скончыў адзіную на ўсю Лучнікоўскую воласць 2-класную школу, быў Прохар Яфімавіч Чэчат.



Трэба адзначыць, родная мова жыла ў вуснай народнай творчасці: казках, песнях, прымаўках, прыказках, паданнях. Да нашых часоў дайшлі ўспаміны пра вясейскага скрыпача Самсона Фурсевіча, казачніка Юрыя Зайца, якія ўдала выконвалі розныя мастацкія нумары. Старыя людзі расказвалі аб цяжкім лёсе, рэкруцкай 25-гадовай службе. Расказы суправаджалі песняй:

 

Прослужил я солдатом многие лета,
И получил я под нос кукиш за это…
Отслужил я у пана лето,
Получил от пана курочку за это…

 

А ўжо ў 1920 годзе ў былым маёнтку Кандратовіча пачала існаванне пачатковая школа, у якой маглі займацца (і займаліся!) дзеці сялян. Была створана першая бібліятэка. У 1932 годзе пачатковая школа стала сямігодкай. А ў 1938–1939 гадах сямігодка стала дзесяцігодкай. Вялікая роля адводзілася ў гэты час настаўніцтву. Перад настаўнікамі ў прамым сэнсе ўсе здымалі шапкі. Ходзяць чуткі, што настаўнікам забаранялася весці хатнюю гаспадарку. Іх задача – вучыць і выхоўваць дзяцей. Захаваліся ў школьным музеі Пахвальныя граматы ад 1937 і 1938 гадоў (Дадатак 2). Таксама знаходзіцца дакумент , які пацвярджае афіцыйна тое, што школа дзейнічае з 1922–1923 навучальнага года (Дадатак 3). У 1966 годзе быў ўзведзены сучасны будынак школы.

Вернемся да гісторыі вёскі. У сакавіку 1920 года пры дапамозе польскіх здраднікаў былі ўзяты ў палон 14 партызан. Яны былі расстраляны. Жыхара Вясеі Якава Бандарэвіча таксама арыштавалі, але ён цудам (польскі пісар зрабіў памылку пры напісанні яго прозвішча) уцалеў. У гэтым жа годзе палякі адступілі. З"ехала за мяжу і сям"я Кандратовіча.

У 1929 годзе ў Вясеі пачала стварацца сельскагаспадарчая камуна «КІМ». У 1931 годзе ў вёсцы быў створаны калгас «Чырвоная Вясея». Першымі калгаснікамі былі Якаў Бандарэвіч (старшыня), Канстанцін Сініца, Прохар Чэчат, Пятро Бандарэвіч, Антон Карцель, Афанасій Губчык. Вялікую дапамогу ў станаўленні калгаса аказвала Слуцкая машынна-трактарная станцыя і яе кіраўнік Бангайціс.

У пачатку ХХ стагоддзя вёска ўвайшла ў склад Слуцкай воласці, у ёй былі 83 двары, 645 жыхароў.

На 01.01.1998 года – 486 двароў, 1500 жыхароў, ААТ «Слуцктэхсервіс», сярэдняя і дзіцячая музычная школы, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, аддзяленне паштовай сувязі, тры крамы, сталовая.

Помнікі: на ўшанаванне памяці 150 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна; бюст Р.К. Арджанікідзе, імя якога носіць калгас. Радзіма вучонага С.С. Абрамцава.

Калгас з 1931 года называўся «Чырвоная Вясея». У 1944 годзе быў перайменаваны ў калгас імя Арджанікідзе ў гонар Рыгора Канстанцінавіча Арджанікідзе, які ў час савецкай індустрыі быў народным камісарам цяжкай прамысловасці. Бюст Р.К. Арджанікідзе знаходзіцца каля дзіцячай школы мастацтваў. У 2003 годзе калгас пераўтвораны ў сельскагаспадарчы вытворчы каператыў «Вясейскі Пакроў». З 2011 года вёска стала аграгарадком Вясея.

 

 

Дадатак 1

 

 

Мікратапонімы вёскі Вясеі

 

Махорты
Самае вялікае ўрочышча, якое знаходзіцца непадалёку ад вёскі, – гэта Махорты.

У наступным фрагменце спіса вёсак, якія ўваходзяць у Слуцкі Свята-Міхайлаўскі прыход, вёскі Вясея няма. Нумар апошні 49 займаюць Махорты.

Урочышча акружае вёску Слабада, цягнецца паўз рэчку ў бок вёскі Малая Падзер і праходзіць ад Слабады да шашы Слуцк – Масква. Паводле ўспамінаў, назва Махорты пайшла ад прозвішча яе першага пасяленца Махора. Паводле ўспамінаў, хата яго стаяла там, дзе зараз знаходзіцца помнік ахвярам фашызму. У пачатку XX стагоддзя на гэтым месцы быў пабудаваны панскі маёнтак, які абсадзілі вялікім пладовым садам.
У 1929 годзе ў Махортах быў арганізаваны саўгас, які так і называўся – «Махорты». Паводле ўспамінаў, туды сілком звозілі хлявы вяскоўцаў і зганялі ўсю жывёлу. але побач з адмоўнымі рысамі былі і дадатныя. Працаваў у «Махортах» аграном Раманенка, які меў ад прыроды ціавую здольнасць – спрабаваць зямлю на смак. І калі, напрыклад, хацелі ў адным месцы садзіць капусту, то ён браў у пальцы зямлю, клаў яе ў рот, смакаваў, а затым даводзіў да кіраўніцтва саўгаса, што тут саджаць капусту нельга. Тады капусту саджалі на другім полі. І так было з любой культурай.

А яшчэ Махорты знакаміты тым, што былі тут укопаны гліняныя чаны, памерам з дом. У іх квасілі капусту, а зімой яе прадавалі за вялікія грошы.

У 1931 годзе «Махорты» ўвайшлі ў склад калгаса «Чырвоная Вясея».

У 1942 годзе ва ўрочышчы адбылося страшнае здарэнне. Яно звязана з расстрэлам слуцкага гета. З горада людзей на машынах прывозілі і разгружалі ва ўрочышчы Дворнае. Там людзей распраналі і ў адной бялізне гналі ў Махорты. Калону яўрэяў суправаждалі карнікі з сабакамі. Па ўспамінах людзей, гэта быў канец свету. Людзі разумелі, што гэта канец, і спрабавалі ўратавацца. Збіўшыся ў натоўп, яны кідаліся гуртам на немцаў. Але выратавацца ўдалося толькі аднаму маладому яўрэю, які прабег па імшарыне і схаваўся ў хляве Таццяны Філіпені. Гаспадыня, прыйшоўшы ў хлеў і ўбачыўшы чалавека, адчула страх і расказала пра яго паліцаям.

Людзей пагналі да ямы. У ёй былі ўкапаны слупы, на якіх ляжала дошка. Людзей заганялі на кладку. З боку рэчкі стаялі кулямёты… Людзі жывыя і мёртвыя падалі ў яму. Затым сюды сагналі жыхароў Вясеі, якія пад прымусам смерці звозілі забітых яўрэяў у яму. Калі яма была запоўнена, яе засыпалі, але праз дзень яна ўзнялася амаль на метр, нібы дыхаючы. Тады фашысты прыгналі са Слуцка танк і пачалі ім таптаць яму…

Пасля вайны ў Махортах быў сад, які даваў «Чырвонай Вясеі» неблагі прыбытак, але ў 1954 годзе паблізу пасяліўся цыганскі табар, які вынішчыў сад. Старшыня калгаса выгнаў цыганоў.

Урочышча Хрыста
Урочышча знаходзіцца за балотцам, якраз пасярэдзіне шляху паміж райаграпрамтэхнікай і вёскай Камора. Гэта ўзвышша каля балотца. Паводле падання, гэта было самае высокае месца ў наваколлі Вясеі. Праваслаўныя на вялікія святы ішлі на горку, каб памаліцца Ісусу Хрысту.

Замох
Знаходзіцца адразу за ўрочышчам Хрыста. Цяпер тут праходзіць дарога да вёскі Буслаўка. Назва тлумачыцца тым, што ў гэтым месцы было вялікае балота, дзе людзі дралі сабе мох для будаўніцтва хат. А лес, які акружаў балота, называўся Вялікі лес.

Муцьвіца
Знаходзіцца непадалёку ад таго месца, дзе працякала рэчка Муцьвіца (непадалёку ад бярозак). Назва ўрочышча пайшла ад таго, што тут з зямлі выбілася крынічка, якая ў гарачы дзень наталяла смагу, але вада была мутнаватай.
Дарога, якая ішла ад сучаснага маладога саду ў вёску Прошчыцы, называлася «Прыдаткі» – прыдатная да язды і хадзьбы.

Шырокае поле
Зараз гэта поле знаходзіцца паміж механізаваным дваром і рэчкай. Самае глыбокае месца на ім – Рыгорава яма. Яна знаходзілася на адлегласці 150 – 170 метраў ад месца цячэння ракі. Назва пайшла ад імя Рыгора (прозвішча невядома), які штогод касіў траву.

Мелкае
Так называецца месца адразу за мастом. Паходзіць назва ад таго, што калі не было моста, то людзі ў гэтым месцы пераходзілі рэчку ўброд.

Праходцы
Знаходзіцца за Вялікім полем і цягнецца да канавы, якая бярэ пачатак ад вёскі Ізбудзішча. Праходцы – ад слова «хадцы», «хадзіць». У Праходцах была дарога, якая цягнулася ад прыдаткаў да Ізбудзішчаў, праходзіла па Вялікім полі.

Дворнае
Цягнецца ад урочышча Махорты па шашы да прыпынка, дзе паварот на Бярозаўку. Урочышча Дворнае было славута тым, што на яго тэрыторыі знаходзіўся вялікі сад, у якім быў пастаялы двор. Адсюль і пайшла назва ўрочышча. Пастаяльцы жылі ў вялікім доме (на месцы дарожнага доміка каля выезду з Жураўкі). Там жа, у садзе, была вялікая канюшня, дзе падарожны мог памяняць каня.

Гай
Знаходзіцца па левы бок ад дарогі, якая вядзе на Бярозаўку. Назва пайшла ад таго, што да 1942 года тут быў спрадвечны дубовы гай, цёмны і непралазны. У ім нават вадзіліся дзікі. У 1942 годзе ўвесь гай быў выразаны нямецка- фашысцкімі захопнікамі, перавезены на станцыю Слуцк, а адтуль адпраўлены ў спешным парадку ў Германію. Другая назва Гаю – Панскі Лес.

Падліп"е
Урочышча Падліп"е – так называўся вялікі ўчастак поля, які займаў тэрыторыю сучаснай вуліцы Крылова. Назва пайшла ад таго , што гэты ўчастак быў засаджаны ліпамі. Амаль усе хрысціянскія святы ў цёплую пару года аддзначаліся ў гэтым урочышчы.

Верамееў імшок
Знаходзіцца ўрочышча на месцы сучасный падстанцыі. Назва пайшла ад таго, што на гэтым месцы жыў Верамей. Хата Верамея стаяла каля балотца, якое было пакрыта мохам. Верамей быў продкам сучаснага роду Верамейчыкаў, які насялялі вёску Вясею.

Асова
Урочышча Асова знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай дарогі на Бярозаўку. Славутае яно тым, што там раслі асіны, у якіх было безліч восаў. У цеплае надвор"е гэты ўчастак быў вельмі бяспечны. Былі выпадкі масавых пакусаў восамі людзей.

Вялікае поле
Знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай райаграпрамтэхнікі. Пасля Махортаў – другое па велічыні ўрочышча. Яно было славута тым , што ў часы існавання калгаса «Чырвоная Вясея» там заўсёды былі добрыя ўраджаі морквы і турнэпсу. Вялікае – значыць вялікае ва ўсім: і ва ўраджаі, і па плошчы.

Каменны масток
Каменны масток размешчаны, дзе пабудаваны масток праз канаву за тэрыторыяй райаграпрамтэхнікі. Славуты Каменны масток тым, што ён быў пабудаваны пры Кацярыне II. Масток быў не просты, а з часанага каменю – шасцігранніка.

 

Дадатак 2

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Дадатак 3

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Даведнікі:

1.Блакiтная кнiга Беларусi. - Мн.: БелЭн, 1994.
2.История Слуцка в XIV – XVII в.
3.Памяць: Слуцкі раён. Слуцк: у 2 кн. / уклад. В. С. Відлога; рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БЕЛТА, 2000—2001.
4.Слуцк // Бел. энцыкл. у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 25 – 27.
5.Слуцк // Энцыкл. гісторыі Беларусі ў 6 т. Мн.: 2001. Т. 6., кн. 1. С. 345 – 347.
6.Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў. Мінск, 1988, с. 84 – 85.
7.www.belhistory.eu/.../page/3/.
8.Фотаматэрыял узяты з архіва Мінскай епархіі.

 

Алена і Вячаслаў Гушчыны, настаўнікі ДУА "Вясейская сярэдняя школа"