Векавы дуб як сімвал нязломленай веры ў Перамогу

Векавы дуб як сімвал нязломленай веры ў Перамогу

Частка 1. Кароткія старонкі нядоўгага лёсу. Гістарычная даведка.

Шмат на Беларусі сямей, дзе дагэтуль не ўціхае боль страты родных і блізкіх. У гэтыя сем’і прыйшлі не пахаванкі, а ўсяго толькі паведамленні: “Прапаў без звестак”. Такіх сотні тысяч. У першыя дні ваеннага ліхалецця, іх, прапаўшых без звестак, загінула болей, чым тых, каго пахавалі пасля бою, тых, чыя канчына засведчана па ўсіх правілах у спісе беззваротных страт.   

З чэрвеня 1941 года лічыўся прапаўшым без звестак і мой стрыечны прадзядуля Гудкоўскі Аляксандр Уладзіміравіч, але ў ходе пошукавай работы, пачатай у 2014 годзе маёй сям’ёй, а потым ужо і з маім удзелам, ўдалося не толькі аднавіць звесткі пра нашага Героя, але і даведацца пра новыя факты яго баявога шляху.   

Гудкоўскі Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Забелы Грэскага раёна (у сучасны час – Слуцкі раён) Мінскай вобласці ў сям’і селяніна-бедняка. Аляксандр быў старэйшы з чацвярых дзяцей. Маці, Гудкоўская Таццяна Матвееўна, працавала ў калгасе “Прамень”, з’яўлялася пеўчай пры царкве ў вёсцы Забелы. Бацька, Гудкоўскі Уладзімір Уладзіслававіч, працаваў у калгасе “Прамень”, з’яўляўся званаром пры царкве ў вёсцы Забелы. Аляксандр скончыў пачатковую школу ў вёсцы Забелы ў 1931 годзе і па лістапад 1939 года працаваў рабочым-калгаснікам калгаса “Прамень”. З 1938 года з’яўляўся членам ВЛКСМ. У лістападзе 1939 года прызваны ў рады РККА у 2-гі батальён 89 стралковага палка (далей – СП) 23 стралковай дывізіі (далей – СД) 14 стралковага корпуса ў г.Харкаў. У чэрвені 1940 года ў складзе 23 СД прыбыў г.Каўнас Прыбалтыйскай ваеннай акругі, дзе скончыў Палкавую школу і да чэрвеня 1941 года з’яўляўся камандзірам аддзялення.   

З дакументаў: “23 СД 17.06.1941 выступила в поход для сосредоточения в лесах юго-восточнее города Каунас”. “К утру 22.06.1941 23 СД сосредоточилась в 10 км от Каунаса, где подверглась бомбардировке с воздуха... 23 СД вела упорные бои на переправах через реку Неман …и только 28.06.1941 соединились с войсками 11-й армии".   

У ліпені 1941 года знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі 1186 у г.Волагда. З архіўнай спраўкі: “07.07.1941 упал с машины на полном ходу, а сверху придавило ящиком с патронами. Травма не боевая”.   

З дакументаў: “23 СД 08.07.1941 продолжала отходить в район Погорелово. 11 июля противник прорвался к Новоржеву и захватил Опочку”.   
Жнівень 1941 года – студзень 1942 года – малодшы сяржант,  камандзір аддзялення, 995 СП, 263 СД (г.Архангельск, Архангельская ваенная акруга).   

З студзеня па сакавік 1942 года – сяржант, камандзір аддзялення, асобны 2-гі стралковы батальён (далей - СБ), 2-ая гвардзейская брыгада 1-ай Ударная армія ў складзе Дзейная арміі (Паўночна-Заходні фронт).    

28 лютага 1942 года прыняты кандыдатам у члены УКП/б/, загад №37, палітаддзел асобнага 2-га СБ, 2-ая гвардзейская брыгада 1-ая Ударная армія Паўночна-Заходняга фронта.    

У красавіку 1942 года знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі 3370 (г.Архангельск). З архіўнай спраўкі: “20.03.1942 получил околочное ранение теменно-затылочной области, контузию. Ранен на Северо-Западном направлении во время взрыва авиабомбы, был присыпан землей”.   
З красавіка па чэрвень 1942 года –  курсант Ваеннага палітвучылішча, а з чэрвеня па верасень 1942 года – малодшы лейтэнант, палітрук, 126 СБ.   

Загадам 11 Арміі №0144 ад 22.09.1942 года сяржанту Гудскоўскаму А.У. прысвоена воінскае званне “малодшы лейтэнант”.   
З верасеня па лістапад 1942 года – малодшы лейтэнант, палітрук асобнага лыжнага батальёна (далей – АЛБ), 1272 СБ, 384 СД (Паўночна-Заходні фронт).   

15 кастрычніка 1942 года прыняты ў члены УКП/б/, загад №78, палітаддзел АЛБ 1272 СБ 384 СД, як асоба, якая асабліва вызначылася ў баях за Радзіму.   

Лістапад 1942 года – люты 1943 года – малодшы лейтэнант, намеснік камандзіра роты, 1272 СБ, 384 СД, а з лютага па сакавік 1943 года – знаходзіўся на курсах перападрыхтоўкі каманднага састава Паўночна-Заходняго фронта.   
Загадам Паўночна-Заходняга фронта №0214 ад 09.03.1943 года малодшаму лейтэнанту Гудскоўскаму А.У. прысвоена воінскае званне “лейтэнант”.   

Будучы лейтэнантам гвардыi, камандзірам стралковага ўзводу 14 гвардзейскага СП, 7 гвардзейскай СД, забіты 08.03.1944 у баі каля вёскі Малое Цімоніна Пустошкінскага раёна Калінінскай вобласці (у сучасны час – Пскоўская вобласць Расійскаё Федэрацыі) і Загадам ГУК НКО №01561 ад 06.05.1944 года выключаны са спісаў афіцэрскага састава.   

З дакументаў: “В бою… южнее Малое Тимонино… на участке 14 Гв.СП  противник бросил в атаку до 2-х взводов пехоты при поддержке танков и самоходных орудий. После того, как пехота 7 Гв СД начала отходить с занимаемого рубежа, артиллеристы 14 Гв СП оставались на прежних огневых позициях и вели огонь прямой наводкой по танкам и живой силе противника. Несмотря на то, что отошла пехота, артиллеристы удерживали занимаемый рубеж и погибли смертью храбрых, не пропустив противника”.

 

Частка 2. З успамінаў прабабулі

Быў лістапад 1939 года. Маёй прабабулі Сафіі было 12 гадоў. Акрамя яе, у матулі, Таццяны Мацвееўны, былі старэйшыя дзеці – Анюта і Аляксандр, а таксама самы малодшы хлопчык – Валодзька. Бацька Уладзімір быў на многа гадоў старэйшы і, на той момант, ужо памёр. Уся сям’я і гаспадарка трымаліся на Аляксандры: працавіты, такі ладны і прыгожы хлопец, на ўсе рукі майстар, сапраўдны гаспадар. Усе суседзі зайдросцілі Таццяне: з такім сынам і мужыка не трэба.   

Бацькоўская хатка ўжо была крыху нахілена ды і вельмі маленькая для такой сям’і. Аляксандр без аніякай дапамогі за некалькі месяцаў пабудаваў для матулі такую прыгожую хату! Яна размяшчалася побач са старой, якую вырашылі перарабіць у хлеў. Насупраць новай хаты рос малады дубок, а некалькі аконцаў “глядзелі” на жытняе поле.    

“Вось, Сонечка, заходзь, глядзі якая хатка ў нас, а печ…, а аконцы… паглядзі!” – трымаючы за ручку маю прабабулю, Аляксандр завёў яе ў новую хату. “Трымай цукеркі”, – ён заўсёды частаваў сваю любімую сястру ласункамі. Але пераначаваць у пабудаванай ім хаце ён так і не паспеў: прыйшла павестка на прызыў у армію.    

“Сонечка, хутка вярнуся, ты чакай мяне! Абяцаеш? Я цябе яшчэ і замуж аддам!”. Так Сонечка і чакала яго. І яе чаканне працягнулася на ўсё жыццё. Адразу ён пісаў пісьмы, нават фотаздымкі адсылаў. На адным з іх ён быў такі сур’ёзны, у прыгожай форме ды вярхом на трохмасным кані. Уся сям’я чакала гаспадара дамоў.    

Надзеі парушыў чэрвень 1941 года. З таго часу ніводнага ліста ад Аляксандра не прыйшло. Маці, Таццяна Мацвееўна, звярталася і ў ваенны камісарыят, і ў сельскі савет, але ніхто нічога не мог паведаміць ёй пра старэйшага сына. Вельмі доўгі час вёска Забелы, у якой яны жылі, знаходзілася пад кантролем немцаў (з першых дзён вайны і да ліпеня 1944 года). Але потым, калі савецкія салдаты зайшлі ў вёску, то старшыня сельскага савета пачаў збіраць вяскоўцаў і агучваць усе паведамленні з фронта. Так кожны раз гаварыў: “Гудкоўскі Аляксандр Уладзіміравіч прапаў без звестак у чэрвені 1941 года, аніякіх лістоў ваенкамат не дасылаў”. Калі скончылася вайна, звесткі пра Аляксандра так і не змяніліся. Маці, Таццяна Мацвееўна, страціла ўсе надзеі ўбачыць сына, старэйшая сястра і брат – таксама. І толькі Сонечка верыла і чакала, за гэта маці яе вельмі не ўзлюбіла, бо ўжо пара было і забыць, столькі часу прайшло.   

Сонечка выйшла замуж, выгадавала 6 дзяцей, атрымала медалі “За мацярынства”, “Ветэран працы”. Вельмі цяжкі лёс ёй застаўся. Яе маці, старэйшая сястра і малодшы брат памерлі ў вельмі паважаным узросце. Сонечка засталася адна і распавядала гісторыю свайго брата маёй маме. Так саўпала, што у 2014 годзе з’явілася магчымасць даведацца пра сваіх родных на АБД “Мемарыял”. Мая сям’я знайшла такія дарагія 87-гадоваму сэрцу прабабулі звесткі. І мы дазналіся, што яе брат Аляксандр не прапаў, ён прайшоў амаль усю вайну, ён быў на Курскай дузе, ён насіў лейтэнанцкія пагоны, ён столькі пабачыў, ён столькі адчуў, ён так марыў абняць сваіх родных, ён так стараўся вярнуцца, каб аддаць сваю Сонечку замуж, але не паспеў… 8 сакавiка 1944 года падчас прарыву мяжы лініі “Пантэра” лейтэнант гвардыі Гудкоўскі Аляксандр Уладзіміравіч загінуў.    

Мая прабабуля не памятала свайго дня і месяца нараджэння. Таму заўсёды мы яе віншавалі с Днём нараджэння ў Жаночы дзень 8 сакавіка. Вось такое супрацьлеглае жыццёвае супадзенне… Але лёс, быццам за яе любоў да загінуўшага брата, надзяліў маю прабабулю Сафію Уладзіміраўну доўгімі гадамі. Яна памерла ў жніўні 2017 года ў 90-гадовым узросте, але наша сям’я верыць ў тоё, што яна недзе там нарэшце сустрэла свайго любімага брата, свайго Аляксандра… А ён змог яе абняць і паведаміць, як доўга сумаваў па сваёй Сонечцы…   
Хаты той ужо даўно няма, маленькага маладога дубка таксама… На яго месцы расце разгалісты, магутны і прыгожы дуб, як сімвал Перамогі Героя маёй сям’і – гвардыі лейтэнанта Гудкоўскага Аляксандра…   
 

Частка 3. Даніна павагі

Да 2014 года ў нашай сям’і была толькі адрэтушаваная фотакартачка Гудкоўскага А.У. з часоў яго службы ў РККА, надпіс яго прозвішча на помніку тым, хто не вярнуўся з фронта, устаноўленым ў вёсцы Шышчыцы Слуцкага раёна, і ўспаміны прабабулі Сафіі, поўныя пяшчоты да свойго старэйшага брата. Але як толькі мы даведаліся пра кароткія звесткі на АБД “Мемарыял”, якія датычаць лёсу Гудкоўскага А.У., пра раскопкі, якія вяліся на месцы яго гібелі ў 2009-2010 гадах, то ўсё вельмі хутка змянілася. На падставе гэтага мая сям’я накіравала ліст у аддзел ваеннага камісарыята Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, у якім запрасіла ўвекавечыць імя Гудкоўскага А.У. і ў жніўні 2015 года мы атрымалі фотаздымак абеліска цэнтральнага воінскага захавання ў г.Пустошка Расійскай Федэрацыі с нанесеным на ім імем Гудкоўскага А.У. Таксама ўвесь гэты час мы па крупінках збіраем звесткі пра Гудкоўскага А.У. ў розных дзяржаўных установах Рэспублікі Беларусь і Рассійскай Федэрацыі.   

У ходзе пошукавай работы звесткі аб тым, што праз амаль 73 гады быў знойдзены ўдзельнік вайны, у студзені 2014 года апублікавала мясцовая газета “Слуцкі край”. Архіўны экземпляр газеты я адшукаў у Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы.   

Напярэдадні 75-годдзя свята Перамогі я са сваёй сям’ёй прымаў ўдзел у акцыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь “Свята Перамогі” з апавяданнем пра прадзеда. На той момант мне было 7 гадоў.   

На працягу 2023-2024 гадоў мая сям’я супрацоўнічала з расійскімі прыватнымі геніялогамі, якія дапамаглі знайсці для мяне неабходныя дакументы. З “Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі” атрымалі фотакопіі асабістых спраў кандыдата ў члены і члена УКП/б/ на імя Гудкоўкага А.У., а з “Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі” – улікова-партыйныя дакументы і нават франтавую фотакартачку, на якой майму стрыечнаму прадзеду 26 гадоў. З гэтых дакументаў, а потым, дзякуючы звесткам аб месцах службы, і з інтэрнэт-крыніц, я паведаміўся пра яго баявы шлях да верасня 1942 года і знаходжанне ў складзе Дзейнай арміі Паўночна-Заходняга фронта на пасадах камандзіра аддзялення, малодшага палітрука, пра раненні, кантузiю, пра тое, што ён вельмі выдатна характарызаваўся кіраўніцтвам, саслужыўцамі і падчынёнымі: “Кандидата в члены ВКП /б/ Гудковского Александра Владимировича принять в члены ВКП /б/ как отличившегося в боях за Родину”. У меня з’явіліся дакументы з асабістым подпісам Гудкоўскага Аляксандра, з напісанымі ім радкамі: “… Я желаю бить фашистских мерзавцев Большевиком... родители не знаю где находятся”.   

Таксама я атрымаў па звароту маёй сям’і архіўныя спраўкі наконт раненняў з “Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі”. На гэтай аснове ў жніўні 2024 года я накіраваў артыкул у мясцовую газету “Слуцкі край”. Таксама ў верасні 2024 года я выступіў з работай “Векавы дуб як сімвал нязломленай веры ў Перамогу” у Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы, дзе быў узнагароджаны дыпломам і падарункам у выглядзе навукова-папулярнага выдання “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага раёна і горада Слуцка” за імкненні дазнацца пра баявы лёс свайго прадзядулі.   

Звесткі і фотаздымкі Гудкоўскага А.У. накіраваны ў АБД “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”, “Героі.бел”, галерэю памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны “Шлях памяці”, навукова-папулярнае выданне “Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага раёна і горада Слуцка”.   
У дадзены час я з дапамогай матулі шукаю звесткі наконт баявога шляху за перыяд часу з лістапада 1939 года па чэрвень 1941 года, з верасня 1942 года па сакавік 1944 года. А ў маі, напярэдадні свята Перамогі, я з бацькамі планую наведаць цэнтральнае воінскае захаванне ў г.Пустошка Расійскай Федэрацыі.   

Спробы маёй сям’і знайсці хоць якую-небудзь інфармацыю і звесткі пра баявы шлях і лёс нашага Героя падчас ваеннага ліхалецця – гэта даніна павагі, своеасаблівая магчымасць увекавечыць яго бясстрашнасць, адвагу, мэтанакіраванасць, адданасць сваёй Радзіме хоць бы ў рамках нашай сям’і. І я разумею, што наш Герой не быў такі адзін. Мы павінны памятаць: нашы родзічы нездарма аддалі сваё жыццё, цярпелі пакуты, здзекі, а матулі салдат, якія не вярнуліся дамоў, выплакалі ўсе свае слёзы. Наша свабода і дабрабыт каштуюць дорага. Свята Перамогі служыць таксама перасцярогай аб недапушчальнасці ўзнікнення новай вайны.   

Я шмат чытаю літаратуры пра ваенныя падзеі. Мяне вельмі цікавіць гэта тэма. Але, калі знаходзіш звесткі пра свайго роднага чалавека, нават калі ніколі яго не бачыў і не чуў, то зусім па-іншаму ўспрымаюцца тыя падзеі. І дадзеная праца дазволіла мне даведацца яшчэ больш менавіта пра пачуцці людзей, пра іх імкненні. Я трымаў у сваіх руках 82-гадовыя дакументы с асабістым подпісам свайго стрыечнага прадзеда, мама і дзед стаялі побач і плакалі, а мяне ўнутры распіраў такі гонар, што хацелася кожнаму чалавеку, як знаёмаму так і не, паказаць імкненні майго прадзеда любой цаной, нягледзячы ні на што, прынесці Перамогу сваёй краіне, сваёй сям’і, самому сабе і сваёй даражэнькай Сонечцы... І ён сумеў ўсё гэта зрабіць, але не змог адчуць. Таму я і вырашыў захаваць гэты свой гонар за адважнасць свайго прадзядулі ў дадзенай працы, каб як мага больш людзей даведаліся пра майго Героя.    

Памятаю і ганаруся…

аўтар артыкула: Палякоў Уладзіслаў, вучань 6 класа ДУА    
“Гімназія №25 г.Мінска імя Рымы Шаршнёвай”.