Міхайлоўскі Фёдар Якаўлевіч

Міхайлоўскі Фёдар Якаўлевіч

У невялікай вёсцы Шантароўшчына, што на Случчыне, жыў сціплы чалавек, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, інвалід 2-й групы, Міхайлоўскі Фёдар Якаўлевіч. Усё сваё пасляваеннае жыццё ён працаваў сельскім настаўнікам. Юнацтва ж яго апаліла вайна.

Нарадзіўся Фёдар Якаўлевіч 20 жніўня 1923 года ў вёсцы Шантароўшчына. У 1941 годзе скончыў Амговіцкую сярэднюю школу. Адшумеў школьны баль, і юнак чакаў выкліку з ваенкамата: яго хацелі накіраваць на вучобу ў ваеннае вучылішча. Фёдар хацеў стаць танкістам, але яго марам не наканавана было здзейсніцца: пачалася вайна. 

Хутка пачалася нямецка-фашысцкая акупацыя Беларусі. У пачатку вайны Фёдар працаваў у сельскай гаспадарцы ў роднай вёсцы. Неўзабаве пайшлі чуткі, што ў навакольных лясах з’явіліся партызаны. Юнак вырашыў ісці змагацца за вызваленне сваёй Радзімы. І вось 4 красавіка 1943 года яго мара здзейснілася: Фёдар стаў партызанам атрада імя Фрунзэ. Трапіў ён у брыгаду імя Суворава. У час знаходжання ў партызанскім атрадзе ўдзельнічаў у шэрагу баявых аперацый: абстрэл і знішчэнне нямецкай тэхнікі, падрыў мастоў, знішчэнне тэлефоннай сувязі паміж нямецкімі гарнізонамі, падрыў чыгуначнага палатна, баі з фашысцкімі карнымі атрадамі, варта месцазнаходжання партызанскага атрада і іншыя даручэнні. За ўдзел у гэтых аперацыях быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

З 4 ліпеня па 6 кастрычніка 1944 года пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Фёдар Якаўлевіч працягнуў барацьбу на 1-м Беларускім фронце. Служыў у 128-ым гвардзейскім палку, які ўваходзіў у састаў 44-ай гвардзейскай дывізіі, прымаў удзел у шэрагу баёў супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. У адным з такіх жорсткіх баёў на плацдарме за ракой Нарва, што на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі ў горадзе Тбілісі. У студзені 1945 года быў адпраўлены на тры месяцы дадому для канчатковага выздараўлення. Праз два месяцы Фёдара вызвалі ў ваенкамат на камісію, і, хоць рана яшчэ канчаткова не зажыла, ён быў прызнаны годным да службы і адпраўлены ў горад Бабруйск на перасыльны пункт. Там часова працаваў у гарнізоннай хлебапякарні. Са студзеня 1946 года служыў у 120 стралковай дывізіі. У лістападзе 1946 года быў прызнаны непрыгодным да страявой службы і адпраўлены дадому. З красавіка 1947 і да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам.  У 1949 годзе скончыў педагагічнае вучылішча ў горадзе Слуцку. 1 студзеня 1998 года Фёдара Якаўлевіча Міхайлоўскага не стала.

З успамінаў Фёдара Якаўлевіча:
«Першы бой. Дваццацігадовы Фёдар і яшчэ 240 партызан трапілі ў 128 гвардзейскі полк, які быў перапраўлены праз раку Буг на тэрыторыю Польшчы. Ішлі салдаты па польскай зямлі з песняю (такі быў загад). 40 кіламетраў прайшлі маршам да перадавой, увайшлі ў невялікі лясок. З усіх бакоў чулася страляніна…

У партызан запыталі: «Хто хоча быць артылерыстам?» Наперад выйшлі амаль што ўсе. Тады ўдакладнілі: «Хто з вас камсамолец?» І менавіта камсамольцам выдалі ПТРы, у тым ліку і Фёдару. І адразу ў бой! Хутка з’явіліся раненыя. Затым паступіў загад: «Акапацца і далей не рухацца!» 
Ноч. Стральба. Ракеты… Раніцай, на досвітку, – артпадрыхтоўка. І зноў у бой! Наперад добра паўзці з вінтоўкай ці з аўтаматам, а з ПТРам не папаўзеш. І куды паўзці? Сяржант сказаў, што чым далей запаўзеш, тым лепш, і навучыў, як правільна паўзці з ПТРам. Фёдар быў стралком нумар адзін, а Якаў Чумак (з вёскі Ніва Слуцкага раёна) – другім нумарам. На спіну Якаву палажылі ствол ПТРа, а Фёдар узяў прыклад, бо яму трэба было страляць. Упустую страляць не дазвалялася, бо былі перабоі з дастаўкай боепрыпасаў. Паўзлі Фёдар і Якаў па адкрытаму полю. Нарэшце дапаўзлі да аўса і паспрабавалі акапацца, але нічога ў іх не атрымалася: гліністая глеба была нібы цэмент! Выкапалі толькі невялікую ямку, дзе можна было схаваць толькі галаву. Непадалёку, на ўскрайку лесу, былі немцы. Ззаду за Якавам і Фёдарам метрах у пяці поўз сяржант – камандзір аддзялення. Ён крыху прыўзняўся, каб высветліць абставіны, і адразу ж быў паранены. Да сяржанта падпоўз Якаў Чумак і перавязаў яго (Фёдару трэба было страляць). Вяртаючыся назад, Якаў крыху ўзняўся і тут жа загінуў. 

Навокал стралялі. Гарэла збажына. Дзе знаходзіліся астатнія нашы салдаты, было невядома. Сяржант падкінуў Фёдару свой аўтамат і вінтоўку Чумака, а сам папоўз назад. Фёдар застаўся адзін сярод гэтага пекла. Яго ў хуткім часе «засёк» нямецкі снайпер. Спачатку кулі траплялі толькі па ПТРы, а затым пачалі пралятаць каля галавы. Фёдар замаскіраваў ПТР і ўзяў вінтоўку, але яна аказалася разбітай. Аўтамат таксама быў няспраўны. Неўзабаве да Фёдара падпаўзлі трое нашых салдат і пачалі аглядваць мясцовасць. У 10-15 метрах ад таго месца, дзе ляжаў Фёдар, праходзілі нямецкія траншэі. Праз некаторы час немцы пачалі вылазіць з іх. Стала зразумела, што Фёдара і яго таварышаў хочуць узяць у палон. Трэба было адыходзіць. Фёдар застаўся зноў адзін, бо не мог кінуць ПТР, вінтоўку, аўтамат і патроны. 

Бой стаў разгарацца з новай сілай. Пачалася жорсткая перастрэлка, і немцам прыйшлося хавацца ў свае акопы. К вечару пачала абстрэл наша артылерыя. Зусім блізка рваліся снарады. Фёдар схаваў галаву ў сваю «хованку», а ногі – зверху. На гэты раз выручылі артылерысты. Фашысты пачалі адступаць. 

Пасля бою Фёдару далі другога памочніка – Прахарэвіча, былога аднакласніка з Амговіч. Назаўтра Прахарэвіч быў цяжка паранены…
Калі выбілі немцаў з лесу, выйшлі на дарогу. Паступіў загад акопвацца пасярод дарогі, і, калі будуць ісці нямецкія танкі, страляць «па прамой». Фёдар з напарнікам выкапалі вялікую квадратную яму і чакалі танкі. Падбег лейтэнант і запытаў: «Што вы выкапалі?» – «Акоп», – адказаў Фёдар. У партызанскім атрадзе не вучылі капаць акопы, таму лейтэнант быў вымушаны навучыць, як правільна капаць акоп. Але танкі у гэты дзень не пайшлі…

Немцы адышлі за раку. Трэба было фарсіраваць раку. Дывізія ўвайшла ў мястэчка . Усім выдалі па дзве гранаты, прынялі ў камсамол – зноў у бой. Дайшлі з баямі да ракі Нарвы. 4 кастрычніка фарсіравалі раку. Поле за  Нарвай было пакрыта глыбокімі траншэямі. Рэшткі батальёна занялі кругавую абарону. Трэба было ўтрымаць плацдарм на Нарве. Глядзяць – а ў тыле немцы. 

Ноччу прыйшлі палкавыя разведчыкі. Сказалі, што дывізія амаль у акружэнні. Адысці можна толькі па вузенькай паласе. Камбат сказаў цвёрда: «Я адыходжу апошнім!» Гэта значыць –  ні кроку назад… Вялікую ролю ў гэтай бітве сыгралі нашы «Кацюшы», самалёты і «кукурузнікі». Дзякуючы ім батальён застаўся жыць. Раніцай камбат даў загад адыходзіць к Нарве на свае пазіцыі. Пры адыходзе нарваліся на нямецкія танкі. Некаторыя салдаты схаваліся ў гатовыя акопы, іншыя ж пачалі акопвацца. Нашы гарматы пачалі страляць па танках. Адны загарэліся, другія пачалі адыходзіць. Наступнай раніцай пайшлі ў бой нашы танкі. Батальён ішоў уперадзе, каб расшырыць плацдарм. Па загадзе Фёдар з таварышамі падышлі да трох прыгожых хатак, кругом – новы плот. Непадалёку аказаўся фашысцкі танк, які пачаў страляць па гэтых хатах. Салдаты прыціснуліся да зямлі. Думалі, што больш ніколі з яе не ўстануць. Хаты былі зруйнаваны. Танк адступіў. І зноў – наперад. Наперадзе было вялікае сяло. Строчыць кулямёт, але батальён рухаецца наперад. Затым байцы пачалі акопвацца. З аднаго боку сяла былі нашы салдаты, з другога – немцы, а батальён рухаўся пасярэдзіне. Немцы вырашылі, што іх акружаюць і пачалі ўцякаць. Аказалася, што камбат збіўся з дарогі… Паўз дарогу стаялі чаны з віном, але салдаты баяліся яго піць, думалі, што віно атручана. У цяжкіх баях ішлі наперад нашы салдаты.»

6 кастрычніка 1944 года атрымаў цяжкае раненне і Фёдар Якаўлевіч. Усё астатняе жыццё насіў ён у назе асколкі ад нямецкага снарада. Доўгія гады праляжаў дакумент са шпіталя аб раненні, і толькі перад пенсіяй, калі стала амаль немагчыма хадзіць, звярнуўся Фёдар Якаўлевіч да ўрачэбна-працоўнай камісіі. Урачы не паверылі, што гэта сапраўдны дакумент. Яны не маглі зразумець, чаму столькі гадоў Фёдар Якаўлевіч не карыстаўся ім. І толькі 20 мая 1990 года, ужо будучы на пенсіі, мінскай камісіяй Фёдар Якаўлевіч быў прызнаны інвалідам Вялікай Айчыннай вайны 2-й групы.

У красавіку 1945 года прапаў без вестак на тэрыторыі Польшчы брат Фёдара Якаўлевіча – сяржант Віктар Якаўлевіч Міхайлоўскі, 1925 года нараджэння. Малодшы брат Іван Якаўлевіч Міхайлоўскі (20.05.1928) служыў пасля вайны ў Савецкай Арміі каля шасці гадоў.

Ужо шмат часу прайшло з Дня Перамогі. З кожным годам застаецца ўсё менш ветэранаў вайны. І таму мы павінны памятаць пра жахі вайны і расказваць падрастаючаму пакаленню, каб і яны не забывалі, бо народ, які забыўся пра сваё мінулае, не мае будучыні.

 

Фёдар Якаўлевіч быў узнагароджаны:
«Ордэнам Айчыннай вайны першай ступені»;
Медалямі:
«За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.»,
«За адвагу», 
«20 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»,
«30 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»,
«40 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
«50 гадоў узброеных сіл СССР»,
«50 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
«60 гадоў узброеных сіл СССР»,
«70 гадоў узброеных сіл СССР»,
«Партызан Беларусі 1941-1944гг.»,
«Ветэран працы»,
«Медалём Жукава»,
Знакам «25 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

 

 


Заснавальнік і ўласнік сайта 
Уладзімір Уладзіміравіч Бойка