«Пуцёўка» ў Афганістан

«Пуцёўка» ў Афганістан

17.02.2014

Здавалася, толькі наладзілася жыццё. Выгналі немцаў, пабудавалі гарады і сёлы, перажылі боль страты. І зноў бяда – вайна ў Афганістане… Не абмінула яна і сям"ю Сітнік. Толькі і дагэтуль усяго паспытаць давялося. Такі лёс вайскоўца, чалавека, адданага Радзіме.

Валянцін Сітнік нарадзіўся ў вёсцы Новіна Бярэзінскага раёна. Карані вядуць у вёску Сітнікі, што на Пухаўшчыне. На Бярэзіншчыне абаснаваліся дзякуючы дзеду, які разам з суседзямі яшчэ падчас сталыпінскай рэформы купіў там зямлю. У сям"і парадак быў строгі. Бацька, былы партызан і старшыня калгаса «Новы сад», і маці дзяцей не песцілі, а з маленства прывучалі да справы.

Маладым лейтэнантам Валянцін Сітнік апынуўся ў старажытным горадзе Кандалакша Мурманскай вобласці. Расказваюць, што міфічны народ гіпербарэяў – адтуль.

– Адтуль і мая жонка Антаніна Мікалаеўна, – усміхаючыся, кажа Валянцін Раманавіч. – Вось ужо 45 гадоў разам! Там нарадзілася старэйшая дачушка, малодшая – у Хабараўску.

На Далёкім Усходзе прайшло больш за 10 гадоў іх сямейнага жыцця. Хабараўск, Прыморскі край, Камчатка, Вялікі Усурыйскі востраў… «Востраў быў той тэрыторыяй Савецкага Саюза, на якой у 1976 годзе стварылі ўмацаваны раён, дзе мы і служылі, – расказвае суразмоўца. – Тут праходзіла мяжа з Кітаем. Сітуацыя была дастаткова напружанай. Калі мы там жылі, а гэта быў 1978 год, то бывала, што пад нашымі вокнамі праходзілі нават кітайскія караблі. Мне як вайскоўцу было ўсё зразумела, а вось сям"ю такое «суседства» пужала. Сёння гэтая спрэчная тэрыторыя падзелена паміж Расіяй і Кітаем».

У 1983 годзе Сітнікі прыехалі ў Слуцк. Здавалася, чорная паласа ніколі не скончыцца. У красавіку 1986 года Антаніна Мікалаеўна моцна захварэла. А ў маі галава сям"і апынуўся ў Чарнобылі. Вярнуўшыся праз два месяцы, атрымаў іншую «пуцёўку» – у Афганістан. Быў начальнікам ваеннай контразведкі 108-й мотастралковай дывізіі, якая праводзіла асноўныя баявыя дзеянні ў Афганістане і забяспечвала варту камунікацый у населеных пунктах Дашы, Саланг, Кабул, Джалалабад – а гэта каля 400 кіламетраў. Дывізія – больш за 17 тысяч салдат і афіцэраў. Не ўсе вярнуліся дамоў…

Асабліва было горка, калі гінулі сябры, знаёмыя, землякі. У памяці воіна-інтэрнацыяналіста вось які выпадак.

– З камандзірам разведвальнага батальёна 108-й дывізіі Аляксандрам Плаціцыным мы сустрэліся ў населеным пункце Гульбахар, – успамінае ён. – Здаўся вельмі добрым чалавекам. Разгаварыліся. Аказалася, што ён з Мінска. Якраз збіраўся дахаты. Дамовіліся, што сустрэнемся ўжо на радзіме. Ён нават на вяселле мяне запрасіў. На гэтым і развіталіся. Праехаўшы дзесьці кіламетраў 40, па сувязі чуем, што ў Гульбахары абстрэл: ёсць «двухсотыя» і «трохсотыя» (забітыя і параненыя). Прыбыўшы ў пункт пастаяннай дыслакацыі, даведаўся, што Плаціцын загінуў.

Служба ў далечыні ад радзімы звяла Валянціна Сітніка яшчэ з адным чалавекам. Віктар Пятровіч Дубынін, генерал арміі, Герой Расіі, у Афганістане камандаваў 40-й арміяй. Чалавек быў сур"ёзны, заўсёды трымаў сваё слова. Пасля вайны камандаваў 7-й танкавай арміяй у Барысаве, Паўночнай Групай войскаў у Польшчы. У пачатку 1990-х – дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі. «Гэта другі чалавек, які служыў некалі ў Слуцку і стаў начальнікам Генеральнага штаба Расіі. Першым быў Жукаў. Яшчэ раней Дубынін служыў лейтэнантам у Пячах. І мне вельмі радасна, што ў той жа казарме служыць зараз мой унук», – дадае Валянцін Раманавіч.

Як лічыць воін-інтэрнацыяналіст, у войску сёння створаны ўсе ўмовы – толькі служы. Праўда, так было заўсёды, колькі сябе памятае. Нават у Афганістане.

– Харчаванне вайскоўцаў было наладжана дастаткова добра, – прызнаецца ён. – Смачна ці не – іншае пытанне. Вядома, амаль усё кансерваванае. Нават бульбу елі сухую ці марынаваную, якую прывозілі ў трохлітровых слоіках. Паласавацца больш смачным дазваляла сама мясцовасць: у людзей куплялі вінаград, разынкі, апельсіны, гранаты.

У свой час савецкія салдаты дапамагалі мясцоваму насельніцтву. У дывізіях былі створаны спецыяльныя агітатрады, якія ездзілі па вёсках і забяспечвалі людзей прадуктамі і адзеннем. «Нягледзячы на ўсю сваю беднасць, жыхары былі вельмі добрымі, – дадае Валянцін Раманавіч. – Аднойчы адзін паўадзеты, у нейкіх драных лапцях мужчына пытаецца ў мяне: «Камандор, што табе падарыць?» На яго глядзіш і думаеш: калі ты апошні раз еў?»

Асабліва помніцца вайскоўцу апельсінавы гай пад Джалалабадам. Толькі плады там ніхто не збіраў. Гай гэты празвалі салаўіным. І не таму, што спявалі салаўі: там свісталі кулі, абстрэлы амаль не канчаліся.

Ускладнялі абстаноўку і ўмовы надвор"я. Бывала, што ноччу ў Баграме 7 градусаў марозу, а ўдзень – 20 цяпла. А ў Джалалабадзе, напрыклад, з красавіка па кастрычнік спёка даходзіла да 70 градусаў! І вільготнасць вялікая. Вось і вытрымай. «Піць увогуле было нельга: адзін глыток зробіш – спыніцца потым немагчыма, – удакладняе палкоўнік. – Смагу наталялі ўжо ў казармах. Тады за раз мог выпіць палову вялікага салдацкага чайніка».

Шмат чаго было. Усяго і не згадаеш. Не ўсё на той момант было зразумела. Напрыклад, частыя землятрусы, характэрныя для гэтай мясцовасці, падчас вайны не адчуваліся. «Я іх не заўважаў: гэта была такая дробязь у параўнанні са штодзённымі абстрэламі!»

Дамоў Валянцін Сітнік вярнуўся ў снежні 1988 года. Сур"ёзна захварэў і на самым вывадзе
войск быў эвакуяваны. Тая ноч, калі адбылася доўгачаканая сустрэча з роднымі, не забудзецца ніколі.

– Колькі радасці тады было, колькі слёз! – успамінае Антаніна Мікалаеўна. – Мы былі дома з малодшай дачкой, старэйшая пасля заканчэння медвучылішча ўжо працавала ў Мінску. Пакуль муж знаходзіўся ў Афганістане, я ўвесь час плакала, гаварыць нармальна не магла. Дзеці спакайней гэта ўсё пераносілі. Хаця, хутчэй за ўсё, рабілі выгляд: перажыванні трымалі ў сабе.

Затым пачалося спакойнае жыццё. Праўда, са сном зрабілася нешта не тое. «У Афганістане мог спакойна спаць пад гукі куль і снарадаў, а дома ў абсалютнай цішыні яны мне чуліся», – гаворыць былы афганец.



Служба палкоўніка працягвалася ў Барысаве, затым – у Паўночнай Групе войскаў у Польшчы. Усё жыццё Валянціна Раманавіча ўспрымаюць як вайскоўца. А між іншым, пасля звальнення з арміі ён быў юрыстам у Слуцкім гарвыканкаме, затым – першым намеснікам старшыні гарвыканкама. Пасля ён – старшыня гарвыканкама ў Заслаўі, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю па Мінску ў Камітэце дзяржкантролю, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы ў Мінскім гарвыканкаме, памочнік гендырэктара прадпрыемства «Мінскбуд». 51 год бесперапыннага працоўнага стажу!

І сёння, ужо на заслужаным адпачынку, работа да канца яго не адпускае: на грамадскіх пачатках дзеліцца сваімі распрацоўкамі. Шмат чытае. Не забывае сустракацца з баявымі таварышамі.

– Саслужыўцы – людзі, якія назаўсёды, і іх пазбавіцца нельга, – перакананы Валянцін Сітнік. – Каб сабрацца разам, не патрэбны пэўныя даты. Нядаўна быў у Маскве: хацеў сустрэцца са сваім юнацтвам, а сустрэўся з такімі ж старымі, як і я. Толькі гэта не важна. Тым, з кім прайшоў вайну, нічога тлумачыць не трэба. Кожны з іх ведае, чаго ты варты: ці гавораць з табой, ці нават не вітаюцца. А самае галоўнае – цябе ўспрымаюць не такім, якім табе хочацца здавацца, а такім, які ты ёсць на самой справе, якім ты быў у крытычнай сітуацыі. І гэта дарагога каштуе.

Напрыканцы размовы Валянцін Раманавіч дадае:

– На мой погляд, абсалютна няправільна тое, што сёння нас называюць воінамі-інтэрнацыяналістамі. Нам механічна прысвоілі гэтае званне, зыходзячы з падзей 30-х гадоў у Іспаніі. У Афганістане ж Савецкі Саюз выступаў супраць інтэрнацыянала краін, якія ставілі за мэту прыйсці праз гэтую вайну на тэрыторыю СССР. А мы не былі інтэрнацыяналістамі, а з"яўляліся ўдзельнікамі баявых дзеянняў, абаранялі сваю краіну.

 

Вераніка КАНЮТА
zviazda.by