Вернутыя імёны
26.02.2020
Дадатак да кнігі «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк»
Слова да чытачоў
У 2015 годзе выйшаў з друку трэці том кнігі «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк». Нагадаю, што першы том гэтай гістарычна-дакументальнай хронікі выдадзены ў 2000 годзе, а другі – у 2001 годзе. Адзін з раздзелаў у першым і трэцім тамах («Вернутыя імёны») прысвечаны ўраджэнцам і жыхарам горада Слуцка і Слуцкага раёна, якія былі неабгрунтавана рэпрэсіраваны і пазней рэабілітаваны.
Лагічна было чакаць, што выданне 2015 года дапоўніць няпоўныя звесткі па многіх прозвішчах, выправіць памылкі і недакладнасці, дапушчаныя ў першым томе. На жаль, гэтага не адбылося. Больш таго, раённая камісія па стварэнні гістарычна-дакументальнай хронікі (старшыня Л.Г. Дабравольская) і ўкладальнік кнігі В.С. Відлога нарабілі дадатковых памылак. Кшталту таго, што вёску Боркі цяперашняга Грэскага сельсавета і яе жыхароў аднеслі да Вясейскага сельсавета, дзе таксама ёсць вёска Боркі. Ды каб толькі гэта!
У анатацыі да трэцяга тома сказана, што «галоўная мэта новага выдання – увекавечыць памяць родных і знаёмых, чые прозвішчы не ўвайшлі ў папярэднія кнігі». Як аказалася, пастаўленая мэта (прынамсі, у раздзеле «Вернутыя імёны») аказалася недасягальнай для стваральнікаў выдання. Толькі іх недасведчанасцю і абыякавасцю можна патлумачыць, што яны не знайшлі, не заўважылі і не ўнеслі ў раздзел прыкладна 1000 прозвішчаў нашых землякоў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Не 10, не 100, што таксама нядобра, а цэлую тысячу чалавек праігнаравалі! І каму патрэбна такая «Памяць»?
Аўтар гэтых радкоў, зыходзячы з вынікаў уласных пошукаў адпаведнай інфармацыі, прапануе ўвазе чытачоў прозвішчы рэпрэсіраваных ураджэнцаў і жыхароў Случчыны, якія не ўключаны ў раздзел «Вернутыя імёны» кнігі «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк». Пасля прозвішча чалавека ўказваецца год яго нараджэння, месца нараджэння (калі яны вядомы), у большасці выпадкаў населеныя пункты (акрамя тых, што цяпер не існуюць) названы з улікам сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу адпаведнай тэрыторыі.
На жаль, аўтару не ўдалося знайсці поўныя звесткі па некаторых асобах. Да таго ж вельмі верагодна, што ніжэйпрыведзены спіс не можа лічыцца поўным, асабліва ў дачыненні да слуцкіх сем"яў, высланых на Поўнач і ў Сібір у перыяд калектывізацыі сельскай гаспадаркі. У сувязі з гэтым аўтар (anatol.zhuk@tut.by) з удзячнасцю прыме слушныя заўвагі і прапановы адносна ніжэйпрыведзенага матэрыялу.
У дадзеным матэрыяле выкарыстаны скарачэнні: АДПУ – Аб"яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне; арышт. – арыштаваны, арыштавана; а/с – антысавецкі, антысавецкая; ББК – Беламорска-Балтыйскі канал; БДУ – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт; БЧ – Беларуская чыгунка; БССР – Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка; в. – вёска; ВМП – вышэйшая мера пакарання; вобл. – вобласць; г. – горад; г. п. – гарадскі пасёлак; ГУДБ – Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі; ДЭУ – дарожна-эксплуатацыйны ўчастак; з. – засценак; ЗША – Злучаныя Штаты Амерыкі; к/м – канфіскацыя маёмасці; к/р – контррэвалюцыйны, контррэвалюцыйная; к-са (е) – калгаса, калгасе; КЭЧ – кватэра-эксплуатацыйная часць; МТС – машынна-трактарная станцыя; МУС – Міністэрства ўнутраных спраў; Наркамат – Народны камісарыят; НДІ – Навукова-даследчы інстытут; НКУС – Народны камісарыят унутраных спраў; п. – пасёлак; ППЛ – папраўча-працоўны лагер; п/п – паражэнне ў правах; РФ – Расійская Федэрацыя; сл. – слабада; с-са (е) – саўгаса, саўгасе; СНК – Савет Народных Камісараў; с/с – сельсавет; СССР – Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік; ст. – станцыя; УВБР – участак ваенна-будаўнічых работ; ур. – урочышча; х. – хутар; ЦВК – Цэнтральны Выканаўчы Камітэт.
Анатоль ЖУК
Вернутыя імёны