Жук Анатолій Уладзіміравіч

Жук Анатолій Уладзіміравіч

Жук Анатолий Владимирович
(Жук Анатолій Уладзіміравіч)
Нарадзіўся 2 красавіка  1954 года ў вёсцы Паўстынь Слуцкага раёна ў сям"і калгаснікаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў гарадскім пасёлку Урэчча Любанскага раёна працаваў паляводам у калгасе імя Тэльмана Слуцкага раёна. У 1972 – 1974 гадах служыў у Савецкай Арміі, пасля заканчэння Мар"інагорскага саўгаса-тэхнікума – механік, намеснік старшыні калгаса імя Тэльмана. У 1982 годзе закончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу і працаваў у Слуцкім гаркаме Камуністычнай партыі Беларусі інструктарам, старшынёй партыйнай (пазней – кантрольнай) камісіі. У 1991 – 1997 гадах – на заводзе “Модуль”: майстар, інжынер, намеснік начальніка аддзела, начальнік аддзела. Затым працаваў загадчыкам аддзела інфармацыі Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, з 16 лютага 1998 года па 3 студзеня 2012 года – галоўны рэдактар газеты “Слуцкі край”.
Сфера краязнаўчых інтарэсаў – грамадска-палітычная гісторыя Случчыны, па якой змешчана каля 70 публікацый у газетах “Слуцкі край”, “Дзіва”, “Лидер-пресс”, “Мінская праўда”, “Краязнаўчая газета”, “Белорусская нива”. Аўтар кніг “Храналогія слуцкай мінуўшчыны” (1996), “Слуцк, 37-ы...” (2006), “Вы ведаеце Случчыну?” (2007), “Слуцкий именослов” (2008), "1920 год на Случчыне" (2016).

 

 

Літаратурная карта Случчыны

Рэгіянальнае краязнаўства складана ўявіць без увагі да гісторыі літаратуры. Лёсы пісьменнікаў-землякоў, паходжанне тых ці іншых твораў, пошук у пэўнай мясцовасці прататыпаў – веданне гэтых і многіх іншых адметнасцей узбагачае гісторыю айчыннага прыгожага пісьменства. І хаця літаратурнае краязнаўства ў Беларусі развіваецца ў многіх рэгіёнах, цэласных кніг, якія б адлюстроўвалі гэты працэс, не так ужо і шмат. Сярод іншых выданняў можна вылучыць даследаванне В. Ляшук і Т. Снітко «Літаратурная Берасцейшчына», калектыўную працу «Літаратурная карта Берасцейшчыны» ды манаграфію «Літаратурная Гродзеншчына» А. Пяткевіча. Тром абласцям краіны – Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай – прысвечаны даведнік А. Мальдзіса, С. Сачанка і Л. Кулажанка «Літаратурныя мясціны Беларусі». Журналіст і краязнаўца са Слуцка Анатоль Жук завяршыў работу над стварэннем літаратурнай гісторыі Случчыны. З аўтарам будучай кнігі – наша гутарка.

– Анатоль, вы актыўна займаецеся літаратурным краязнаўствам Случчыны. Часта выступалі з артыкуламі на гэтую тэму ў раённым друку. Што стала для вас першым стымулам?

– Гісторыяй Случчыны я цікавіўся здаўна, асабліва яе грамадска-палітычным складнікам. Працуючы ў бібліятэках, архівах, міжволі звяртаў увагу на прозвішчы людзей, якія мелі адносіны да тых ці іншых падзей або фактаў, звязаных з нашым краем. Паступова вызначыліся дзве асноўныя тэмы, якія я акрэсліў наступным чынам: «Слуцкая мінуўшчына: даты, падзеі, факты» і «Случчына: гісторыя ў асобах». Аказалася, што наша зямля вельмі шчодрая на знакамітых музыкантаў, мастакоў, вайскоўцаў, хлебаробаў і, канечне ж, на літаратараў. Як тут не ўспомніць словы незабыўнага земляка Васіля Віткі, што «не зводзіліся ўсе вякі на Случчыне паэты!».

Калі ў 2000 годзе пазнаёміўся з кнігамі Алеся Карлюкевіча «Літаратурная карта Пухаўшчыны» і Аляксея Пяткевіча «Літаратурная Гродзеншчына», пачаў сістэматычна збіраць звесткі менавіта пра слуцкіх творцаў розных часоў. Так нарадзіўся гістарычна-краязнаўчы нарыс «Літаратурная Случчына». Дарэчы, біяграфічныя звесткі па магчымасці дапоўнены ўрыўкамі з твораў пісьменнікаў, іх успамінаў, выказваннямі пра Случчыну – зямлю, дзе яны нарадзіліся, ці жылі, ці працавалі, пра калег па літаратурным цэху, пра сябе і сваю творчасць.

– З якога часу пачынаецца храналогія ў вашым даследаванні?

– Храналогію свайго нарыса я пачаў з 1116 года – таго часу, калі Слуцк быў упершыню згаданы ў «Аповесці мінулых часоў». Больш-менш сістэматычныя звесткі пачынаюцца з другой паловы XV стагоддзя, а найбольш поўна прадстаўлены XX і XXI стагоддзі. Некаторыя прозвішчы пададуцца чытачам знаёмымі, а кагосьці, можа, зусім не ведаюць. Не прэтэндую на тое, што мне ўдалося прадставіць літаратурную Случчыну ва ўсёй паўнаце. Не выключана (і вельмі добра!), што нас яшчэ чакаюць цікавыя адкрыцці ў гэтым кірунку, знаёмства з невядомымі ці малавядомымі сёння творцамі. Абсягі краязнаўчай работы тут яшчэ не вычарпаны, і я шчыра жадаю поспехаў тым, хто прадоўжыць вывучэнне гэтай тэмы.

– Відавочна, што літаратурная гісторыя слуцкага краю – гэта гісторыя не толькі Слуцкага раёна. Якая «геаграфія» ў вашай кнігі?

– Сапраўды, гістарычная Случчына – гэта і Капыльшчына, Клеччына, Салігоршчына, Нясвіжчына, значныя часткі Старадарожчыны, Любаншчыны і нават Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Была спакуса зноў аб"яднаць іх, цяпер – у «Літаратурную Случчыну». І ўсё ж, каб не атрымалася скорагаворкі ці проста пашыранага спіса літаратараў, ад гэтага адмовіўся. Па-першае, не бачу нічога дрэннага ў тым, што некалі прачытаем пра літаратурную Капыльшчыну або літаратурную Любаншчыну. Па-другое, у адной працы, хай сабе і вялікага аб"ёму, немагчыма прааналізаваць жыццёвы шлях і творчыя набыткі пісьменнікаў, якія маюць дачыненне да такой вялікай тэрыторыі. Таму я паставіў перад сабой больш сціплую задачу: канспектыўна распавесці пра слуцкіх літаратараў розных часоў. Не толькі пра ўраджэнцаў Слуцка і раёна (у цяперашніх межах), але і пра тых пісьменнікаў, чые жыццёвыя пуцявіны пралягалі па тутэйшых мясцінах і хто ў сваіх творах не абыходзіў увагай Случчыну і случан. Таму на старонках нарыса можна сустрэць прадстаўнікоў гістарычнай Случчыны. Напрыклад, Еву Фялінскую з Клеччыны, Кузьму Чорнага, Міколу Хведаровіча і Яна Скрыгана з Капыльшчыны, Фёдара Еўлашоўскага і Напалеона Чарноцкага з Ляхавіцкага раёна, а таксама Мацея Стрыйкоўскага (Польшча), Эмануіла Казачынскага (Украіна), Яна Пашакоўскага і Эдуардаса Даўкшу (Літва) і інш. Наша зямля не толькі нараджала таленты, але і прываблівала да сябе таленавітых ураджэнцаў іншых мясцін.

– Наколькі ёміста прадстаўлены пісьменнікі, якія пэўны час працавалі ў слуцкім рэгіёне? У прыватнасці Якуб Колас.

– Асобу Коласа, гаворачы пра літаратурную Случчыну, абмінуць нельга. У пачатку 1920-х гадоў ён некалькі месяцаў працаваў у Слуцку выкладчыкам на курсах па падрыхтоўцы настаўнікаў для школ на беларускай мове. Якуб Колас яшчэ і чытаў курсантам раздзелы паэмы «Новая зямля», знаёміўся з побытам настаўнікаў, сустракаўся з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, з жыхарамі Случчыны. У адным з лістоў да сваёй жонкі Марыі Дзмітрыеўны ён напісаў: «Учора быў у гасцях у загадчыка курсаў Сяргея Антонавіча Бярозкі. Гэта ўжо пажылы настаўнік, адлічны арганізатар, чалавек дзела». Якуб Колас заўважыў, што сын С.А. Бярозкі «незвычайна даравіты хлопец. Навейшую расейскую літаратуру ведае, як прафесар, разважае па-прафесарску… Скончыў драматычную студыю, піша вельмі талентна расейскія вершы, пераймае крыху Блока, Брусава, імажыністаў, але формы, змест, пачуццё злучаюцца гарманічна і вельмі прыгожа… Калі я пазіраў на гэтага юнака, то мне чамусь напомніў ён Максіма Багдановіча і сваёю інтэлігентнасцю, і сваёю паэзіяю…» Якуб Колас не памыліўся: сын С.А. Бярозкі Георгій з цягам часу стаў празаікам, крытыкам, літаратуразнаўцам.

Па вытрымках з лістоў Якуба Коласа можна меркаваць, што Случчына запала ў яго душу. Ва ўсякім разе, калі ў паэме «Новая зямля» паэт расказвае пра паездку Міхала і Антося на агледзіны новай гаспадаркі, ён па-сапраўднаму цёпла піша пра наш край:

«Прад імі Случчына ляжала,
 Старонка міла і багата».

У 36 паэтычных радках гэтага ўрыўка нямала клічнікаў, прыметнікаў. Згадзіцеся, што проста так не мог іх выкарыстаць бясспрэчны знаўца роднай мовы Якуб Колас. Слуцкі перыяд хоць і быў непрацяглым у жыцці народнага паэта, ды ледзь не адыграў у яго лёсе трагічную ролю, пра што таксама ідзе гаворка ў «Літаратурнай Случчыне». Ёсць тут і згаданы Якубам Коласам Максім Багдановіч. Ён ніколі не быў на Случчыне, але яго імя носіць адна адной са слуцкіх вуліц. І таму, што творчасць Максіма Багдановіча – сярод самых прыгожых і каштоўных часцінак беларускай літаратуры, і таму, што ён напісаў цудоўны верш «Слуцкія ткачыхі».

– А такія пісьменнікі, як Пётр Кошаль, Юрый Лошчыц і іншыя трапілі ў поле даследчыцкага зроку?

– Так, не засталіся па-за ўвагай «Літаратурнай Случчыны» пісьменнікі – ураджэнцы Случчыны, якія па волі лёсу апынуліся далёка за межамі роднага краю. Сярод іх і Пётр Кошаль, і Аляксандр Слупскі, і Давід Глікман, і Язэп Дыла, і Яўхім Кохан, і іншыя, хто жыў і працаваў у Расіі. Ёсць згадкі і пра случан, якія займаліся літаратурнай дзейнасцю, напрыклад, ва Узбекістане (Сцяпан Ліхадзіеўскі), у Польшчы (Адам Плуг), ЗША (Ян Пятроўскі, Янка Золак, Міхась Кавыль). Наколькі поўна прадстаўлены такія літаратары, меркаваць чытачам.

– Сучаснае літаратурнае жыццё… Ці стала яно прадметам увагі ў гісторыка-краязнаўчым нарысе?

– Сучасныя пісьменнікі, ураджэнцы Случчыны, прадстаўлены, найбольш поўна. Тут і літаратары старэйшага пакалення (Алена Васілевіч, Яўген Гучок, Валер Санько, Алесь Жук, Галіна Каржанеўская, Алесь Марціновіч, Сяргей Пятроў), і маладзейшыя (напрыклад, Таіса Трафімава, Ганна Міклашэвіч, Алесь Пашкевіч, Зоя Падліпская і некаторыя іншыя). Калі ж гаварыць пра большасць тых случан, якія спрабуюць свае сілы ў прыгожым пісьменстве і жывуць на Случчыне, то сярод іх нямала людзей, здольных прадоўжыць літаратурныя традыцыі нашага краю. Не хто іншы як Яго Вялікасць Час, засведчыць, што з напісанага нашымі сучаснікамі можна будзе аднесці да мастацкага слова, літаратуры, а што застанецца толькі пацвярджэннем іх жадання праявіць сябе ў літаратурнай творчасці. Упэўнены, што знаёмства з лепшымі літаратурнымі творамі нашых землякоў (сучаснікаў і іх папярэднікаў) – гэта і духоўнае ўзбагачэнне, і ўмацаванне повязі з роднай старонкай, і магчымасць зазірнуць у наша мінулае ці, наадварот, у будучыню. І нават калі хто-небудзь у гэтым сумняваецца, літаратурная гісторыя Случчыны вартая таго, каб з ёю пазнаёміцца.

– Друкуючы асобныя раздзелы будучай кнігі, ці мелі вы водгукі, пошту зацікаўленых чытачоў?

– Хоць не ўсе раздзелы «Літаратурнай Случчыны» (да таго ж у скарочаным выглядзе) былі змешчаны ў раённай газеце, яны выклікалі цікавасць у немалой колькасці чытачоў, у першую чаргу – настаўнікі літаратуры і бібліятэчныя работнікі. Сёння ў многіх бібліятэках раёна захаваліся выразкі тых газетных публікацый. Дарэчы, я і разлічваў, што кніга будзе цікавай і карыснай настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, вучням і студэнтам, краязнаўцам і работнікам устаноў культуры, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй нашага краю, хто неабыякавы да роднага слова.

Наконт тэрмінаў выдання «Літаратурнай Случчыны» загадваць наперад не хацелася б. Вельмі спадзяюся на тое, што, сёлета кніга пабачыць свет. А спадзяванні трэба падмацаваць працай. Як іначай?

 

 

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА
Апублікавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» 21 лютага 2014 г.