Ціткоўскі Ігар Адамавiч
Титковский Игорь Адамович
(Ціткоўскі Ігар Адамавiч)
Выкладчык Слуцкай гарадской дзіцячай мастацкай школы.
Нарадзіўся 20 лютага 1956 года ў Асіповічах у сям"і чыгуначніка. У 1967 годзе пераехалі ў Слуцк. Вучыўся ў сярэдняй школе №10. Напрацягу пяці гадоў займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Слуцкім Доме піянераў і школьнікаў, якой кіраваў Уладзімір Сцяпанавіч Садзін.
У 1973 годзе паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава, які скончыў у 1978 годзе. Дыпломная работа – серыя афортаў на тэму “Гісторыя горада” (кіраўнік Леанід Сяргеевіч Анцімонаў). Падчас вучобы прымаў удзел у гарадской і двух інстытуцкіх мастацкіх выстаўках.
З 1978 года на выкладчыцкай рабоце ў Слуцкай гарадской дзіцячай мастацкай школе.
З 1978 па 1980 год служыў у радах Савецкай арміі. З 1985 года працаваў дырэктарам мастацкай школы, з 1995 года зноў выкладчык ДМШ.
Прымаў удзел у гарадскіх і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Творчыя работы знаходзяцца ў прыватных зборах і ў Слуцкім краязнаўчым музеі.
З 1980-х гадоў заняўся вывучэннем гісторыі мастацтва і культуры Случчыны. Матэрыялы па згаданых тэмах друкаваліся на старонках гарадскіх (“Слуцкі край”, “Айсберг”, “Дзіва”), рэгіянальных (“Преображение”, “Лидер-пресс”, “Інфа-Кур"ер”), рэспубліканскіх (“Краязнаўчая газета”, “Культура”) газет і часопісаў
“Мастацтва” і “Полымя”.
У выніку падрыхтоўкі для выкладання ў Слуцкай ДМШ матэрыяла па гісторыі мастацтва Случчыны з"явілася выдадзеная Беларускім інстытутам праблем культуры метадычная распрацоўка “Мастакі і ўмельцы” (Мн. 1995). Пазней былі падрыхтаваны і выдадзены даведнікі “Помнікі архітэктуры Слуцка” (Слуцк. 1997), “Храмы горада Слуцка. Мінуўшчына і сучаснасць” (Слуцк. 2003), “Случчына. Уладары краю. Х-ХІХ стагоддзі” (Слуцк. 2004), “Мастакі Случчыны” (Слуцк. 2006). Прымаў удзел у стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Слуцкі раён, Слуцк” (т.№1, Мн. 2000; т.№2, Мн. 2001).