Пакутлівы шлях да праўды Рыгора Мурашкі
16 лютага 1902 года ў вёсцы Бязверхавічы на Случчыне нарадзіўся Рыгор Мурашка — адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў 1920-1930 гадоў. Пасля заканчэння двухкласнай валасной школы ў 1917 годзе ён паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.
Праз год вучоба спынілася з-за акупацыі нашага краю германскімі, а потым – польскімі войскамі.
Рыгор працаваў у маёнтку Івань, затым — на рамонце шашы, удзельнічаў у антыпольскім падпольным руху. Некаторы час служыў у арміі, у 1921 годзе яго выбралі членам Цараўскага валаснога зямельнага аддзела на Случчыне, загадчыкам хаты-чытальні ў Цараўцах (цяпер вёска Кірава).
У 1926-1929 гадах — адказны сакратар часопіса «Бальшавік Беларусі», уваходзіў у рэдакцыю часопіса «Маладняк» і ў кіраўнічыя органы гэтага літаратурнага аб’яднання, у 1930-1933 гадах быў загадчыкам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
У канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў значна пагоршыўся стан здароўя Рыгора Данілавіча, што не дазваляла яму ў поўную сілу займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. Давала аб сабе знаць атрыманае ў час польскай акупацыі раненне шабляй, да гэтага дадалася раптоўная гібель васьмігадовага сына.
Канцлагер, падполле, партызанскі атрад
Пісьменнік не змог эвакуіравацца перад прыходам германскіх захопнікаў у Мінск. У час адной з аблаў акупанты схапілі Мурашку і кінулі ў канцлагер каля Мінска, адкуль яго выкупіла жонка.
Каб пракарміць сям’ю, пайшоў карэктарам у рэдакцыю калабаранцкай «Беларускай газэты», пасля рэдагаваў некаторыя матэрыялы. У гэтым выданні Рыгор Мурашка змясціў нарыс пра уцёкі партыйнага кіраўніцтва з Мінска, пачаў публікаваць новую аповесць, але не скончыў яе.
Неўзабаве ўстанавіў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі, перадаваў ім звесткі пра дзейнасць гарадской управы, біржы працы, прамысловых прадпрыемстваў, пра вываз у Германію культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Калі над пісьменнікам навісла пагроза арышту, яму дапамаглі перабрацца ў атрад «Мсцівец» партызанскай брыгады «Разгром», якая дзейнічала ў Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах.
У атрадзе Рыгор Мурашка быў камандзірам аператыўнай групы. Некаторыя крыніцы ўказваюць, што ён загінуў у красавіку
1944 года.
Але ва ўзнагародным лісце да медаля «Партызану Айчыннай вайны» І ступені камандзір атрада маёр Іван Казанцаў напісаў, што Рыгор Мурашка загінуў у чэрвені 1944 года, гэты ж месяц пазначаны і ў паведамленні, якое атрымала яго жонка Соф’я (Саламея) Емяльянаўна з Беларускага штаба партызанскага руху 9 кастрычніка
1944 года.
Літаратурная дзейнасць
Першы празаічны твор Рыгора Мурашкі – абразок «Папоўскі шлюб» — у 1924 годзе апублікавала газета «Савецкая Беларусь». Потым з-пад пяра пісьменніка выйшла нямала апавяданняў, якія склалі зборнікі «Стрэл начны ў лесе» (выдадзены ў 1926 годзе), «У іхнім доме» (1929), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934). Раман «Сын» (1929) прынёс яго аўтару шырокую вядомасць. У 1940 годзе часопіс «Полымя рэвалюцыі» друкаваў раман «Салаўі святога Палікара» (асобнай кнігай выдадзены ў 1967 годзе). У суаўтарстве з Мікалаем Гарнічам Рыгор Мурашка напісаў кнігу «Бацька Бажэнка. Запіскі тарашчанца» (1935).
У творчым набытку пісьменніка – раманы «Таварышы» (друкаваўся ў 1993 годзе ў часопісе «Полымя») і «Насуперак лёсу» (захоўваецца ў рукапісным варыянце), над якімі ён працаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Абодва раманы аўтар падпісаў не ўласным прозвішчам, а псеўданімамі: Мікалай Дуброўскі і Максім Загорскі адпаведна.
Сябры і калегі пра пісьменніка
Творчую эвалюцыю Рыгора Мурашкі літаратуразнавец, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхась Мушынскі вызначыў як «пакутлівы шлях да праўды». На яго думку, «Рыгор Мурашка — вельмі своеасаблівы пісьменнік, са сваім бачаннем жыцця, сваім голасам, сваім стылем, характарам. Чыста пісьменніцкае і чалавечае ў ім моцна зліта. Раманы Мурашкі ўносяць новыя, шмат у чым нечаканыя штрыхі ў агульную панараму беларускай слоўнай творчасці».
А вось як характарызаваў нашага земляка яго сябар пісьменнік Мікола Хведаровіч: «Мурашка быў не асабліва гаваркі чалавек. Ён часцей слухаў і ўсё з нейкай хітрынкай усміхаўся, быццам насцярожана правяраючы самыя звычайныя размовы сяброў. Але гэта не было недаверлівасцю <…> Ён любіў сяброўства, умеў цаніць дружбу і ніколі не пакідаў свайго таварыша ў бядзе».
Анатоль Жук