Маё знаёмства з Якубам Коласам

Маё знаёмства з Якубам Коласам

25.06.2022

 

(Урывак з кнігі «Якуб Колас. Случчына. Случакі»)

Напісаў словы «маё знаёмства з Якубам Коласам» і засумняваўся: ці не занадта высока ўзяў, ці не «пахне» тут беспадстаўнай самаўпэўненасцю? Чытач можа не паверыць, калі ўспомніць, што народны паэт БССР Якуб Колас пайшоў з жыцця ў жніўні 1956 года. Я тады меў усяго два гады ад нараджэння, нядаўна навучыўся выразна размаўляць і яшчэ, як кажуць, пяшком пад стол хадзіў. І ўсё ж, думаецца, маю права гаварыць пра знаёмства з Якубам Коласам, бо ў яго паэзіі і прозе ёсць нямала прамых або ўскосных сведчанняў пра асобу аўтара, а некаторыя творы ўтрымліваюць аўтабіяграфічныя матывы.

 

Паэма «Новая зямля» і трылогія «На ростанях» – творы Якуба Коласа, якія, спадзяюся, усе чыталі ў час вучобы ў школе. Тэматычнай асновай «Новай зямлі» аўтар зрабіў жыццё бацькоў і астатніх членаў сваёй сям"і, сваякоў, суседзяў, знаёмцаў. У паэме многія дзейныя асобы выступаюць пад уласнымі прозвішчамі сваіх прататыпаў, захаваны некаторыя назвы сапраўдных паселішчаў, рэк, іншых мясцін. Прататыпы галоўных герояў паэмы – бацька паэта, Міхал Казіміравіч, маці, Ганна Юр"еўна, і яго дзядзька Антон Казіміравіч. Вобразы Уладзіка, Алеся, Міхаліны, Гэлі, Юзіка паэт спісаў са сваіх братоў і сясцёр. Уласныя рысы аўтар уклаў у вобраз Кастуся, аднаго з сыноў Міхала і Ганны.

 

Адносна галоўнага героя трылогіі «На ростанях» настаўніка Андрэя Лабановіча аўтар прызнаваўся: «Лабановіч – мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма». У творы нямала сітуацый і падзей з жыцця самога Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Але звязка «літаратурны персанаж і яго прататып» – не такая прамалінейная, як можа падацца на першы погляд, таму не трэба ў поўнай меры, а тым больш – спрошчана, атаясамліваць пісьменніка і яго літаратурнага персанажа.

 

Пры ўважлівым чытанні твораў Якуба Коласа я час ад часу адчуваю, што не толькі знаёмлюся з іх персанажамі, а і сустракаюся з аўтарам, разам з ім думаю, гавару, перажываю, некуды іду або еду, карацей кажучы – унікаю ў абставіны яго жыцця. То хіба гэта не знаёмства, хоць і своеасаблівае ці, па-сучаснаму кажучы, віртуальнае?

 

У маёй больш чым на шэсцьсот тамоў бібліятэцы ёсць кніга – «старажыл»: з красавіка 1967 года. Яе мне падарыў на дзень нараджэння адзін з аднакласнікаў з такім бясхітрасным надпісам: «Толя! Поздравляю тебя с днём рождения! Желаю хорошего здоровья, успехов в учёбе и жизни. 2 апреля 1967 г. Гриша».

 

Мы з Грышам тады набывалі веды ў сёмым класе вясковай школы на Случчыне. У пачатковых класах я лічыўся амаль «выдатнікам», але паступова падручнікі пачалі надакучваць, а са школьных прадметаў душа хілілася да літаратуры і гісторыі, чаго пра астатнія сказаць не магу. Як толькі пасля ўрокаў, хатніх спраў (трэба было дапамагаць бацькам па гаспадарцы) і вулічных забаў выпадала хвіліна, я садзіўся чытаць (не, не падручнікі).

 

Мае бацькі збольшага кантралявалі, як я рыхтаваўся да школьных урокаў, хоць амаль ні ў чым дапамагчы не маглі. «Ну, сынок, як вучоба, што робіш?» – падыходзіў бацька да стала, дзе я выконваў хатнія заданні. «Фізіку вучу», – паказваў я падручнік. Але як толькі бацька выходзіў з хаты, на «Фізіку» ўзбіраліся «Палескія рабінзоны», «Міколка-паравоз» або «Робинзон Крузо», і я да глухой поўначы забываў і пра ўрокі, і пра ўсё на свеце. Назаўтра ішоў у школу не без хвалявання, бывала, што нават ісці не хацелася, бо да ўрокаў быў не падрыхтаваны. Зрэдку шанцавала не атрымаць «двойку» пры тагачаснай пяцібальнай сістэме ацэнкі ведаў у школе, але часта даводзілася чырванець каля класнай дошкі, не кажучы ўжо пра тое, як рэагавалі на мае «поспехі» ў вучобе бацька і маці.

<...>

 

Памяць зноў вяртае ў сёмы клас. Той незабыўнай і непаўторнай школьнай парой і падарыў мне аднакласнік кнігу, якая ўжо больш за паўстагоддзя «прапісана» ў маім кніжным зборы, – аповесць Якуба Коласа «Дрыгва». Яе ў 1966 годзе тыражом 27 000 экзэмпляраў выпусціла ў свет мінскае выдавецтва «Народная асвета» ў серыі «Школьная бібліятэка». Надрукавана кніга (224 старонкі) на паліграфічным камбінаце імя Якуба Коласа і каштавала яна 51 капейку. Пазней я даведаўся, што Якуб Колас напісаў аповесць у канцы 1933 года, упершыню яна была змешчана ў часопісе «Полымя рэвалюцыі», асобным выданнем выйшла ў 1934 годзе.

 

І сёння памятаю ўражанні ад першага знаёмства з галоўным героем аповесці дзедам Талашом, якому было гадоў семдзесят з хвосцікам, як піша Якуб Колас: «Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Праўда, бывалі выпадкі, калі дзеду Талашу здаралася пускаць у ход кулакі. Але гэта бывала тады, калі дзед Талаш падгуляе, а ліхі чалавек увядзе яго ў злосць. Звычайна ж ён быў чалавек сталы, ураўнаважаны і разважлівы, хоць, праўда, да пэўнай граніцы. Быстрыя цёмныя вочкі яго пазіралі ўдумліва, але ў іх часамі блукаў і затоены агеньчык, гатовы разгарэцца ў адпаведныя мінуты цэлым пажарам рашучых учынкаў».

 

Я, тагачасны юны і дапытлівы чытач, чакаў, што пісьменнік раскажа пра «рашучыя ўчынкі» дзеда Талаша. І спадзяванні апраўдаліся! «Дрыгву» я чытаў з такім захапленнем, быццам гэта быў цікавы прыгодніцкі твор. Аўтар стварыў такія сітуацыі, знайшоў мастацкія сродкі так усё абмаляваць, што мне як чытачу героі аповесці і абставіны, у якіх яны жылі і дзейнічалі, падаліся рэалістычнымі і псіхалагічна абгрунтаванымі.

 

А хіба можна было не захапляцца гераізмам беларускіх партызан у іх барацьбе з польскімі захопнікамі! Нават думкі не ўзнікала, што ў жыцці не магло быць такога, пра што расказвае пісьменнік. «Дрыгву» я чытаў не адзін раз, і першае ўражанне ад яе не вельмі змянілася, толькі з гадамі што-нішто ўспрымаў з улікам атрыманых ведаў і ўласнага жыццёвага вопыту.

 

Час не літасцівы ні да людзей, ні да кніг. За мінулыя дзесяцігоддзі пажоўкла папера, пагоршыўся пераплёт, вокладка абцерлася, кніга займела, як кажуць, непрэзентабельны выгляд. І ўсё ж «Дрыгва» – на відным месцы адной з маіх кніжных паліц разам з «Летапісам жыцця і творчасці Якуба Коласа» аўтарства члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Мушынскага і Коласавымі «На ростанях» (кніга не нашмат маладзейшая за «Дрыгву» – 1972 года выдання), «Новай зямлёй» і «Сымонам- музыкам»1. «Дрыгва» для мяне – як дарагі ўспамін і пра аднакласніка Грышу Магіляўца, які яе падарыў і якога ў снежні 2020 года каранавірус забраў у іншы свет, і пра пару вучнёўства, калі пачалося маё ўсвядомленае знаёмства з творчай спадчынай класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

 

У школьныя гады я хоць і любіў чытаць кнігі (без іх і цяпер не ўяўляю свайго жыцця), але ў старэйшых класах часта не хацелася вучыць на памяць вершы або ўрыўкі празаічных твораў у якасці хатняга задання. Чамусьці не бачыў у гэтым сэнсу, а калі шчыра, то проста ленаваўся. А можа, кажучы сучаснай мовай, не меў матывацыі? Але яшчэ школьнікам я заўважыў: без асаблівага завучвання і напружання, я нават сказаў бы – лёгка, запаміналіся вершы Якуба Коласа. Напэўна, таму, што ў многіх з іх гаворыцца пра рэчы, з"явы, падзеі, якія мы часта можам назіраць у навакольным асяроддзі, у паўсядзённым жыцці.

 

Хто хоць раз не бачыў такія апісаныя ў вершах Якуба Коласа прыродныя з"явы: «на ўсходзе неба грае пераліўным блескам», «лес гудзе-ракоча цёмнай шапкай верхавін», «хмаркі белыя марудна за лясы плывуць», «мяккі снег лятае пухам, і канца яму няма» або «авадні, як рой пчаліны, сляпіцай лезуць да скаціны»? Калі ў гараджан не заўсёды ёсць магчымасць такое заўважыць, то вясковым жыхарам «шанцуе» ў гэтым ледзь не штодня – толькі паспявай прыглядацца ці прыслухоўвацца.

 

У дзяцінстве я дапамагаў бацькам адбываць вулічную чаргу пасьбы кароў і самому не раз даводзілася пераймаць жывёл, якія, задраўшы хвасты, уцякалі з пашы, ледзь пачуўшы бзык аваднёў. Так-так, тых самых аваднёў, што, словамі Якуба Коласа, «сляпіцай лезуць да скаціны». Але не кожнаму з нас дадзена пра відавочнае і зразумелае, штодзень бачанае ці чутае сказаць, здаецца, простымі, будзённымі і ў той жа час такімі адмысловымі словамі, што адгукаюцца ў душы чытача. Як у вершы «Адлёт жураўлёў», які Якуб Колас напісаў у 1909 годзе:

 

У бязмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,

У паднеб"і тае,

Вось ледзь-ледзь чарнее,

Міг – і прападае.

І стаіш ты, смутны,

Доўга пазіраеш,

Як бы нешта страціў,

А што – сам не знаеш.

 

Маё школьнае знаёмства з літаратурнай творчасцю Якуба Коласа з цягам часу пашыралася, не спатрэбіўся і настаўніцкі прымус. Чытаў коласаўскую паэзію і прозу, што-нішто нават не адзін раз, знаходзячы новыя для сябе нюансы. Больш дэталёва пазнаёміўся з біяграфіяй, летапісам жыцця і творчасці народнага паэта, з успамінамі пра яго. А калі ў 2007–2012 гадах выдавецтва «Беларуская навука» выпусціла ў свет 20 тамоў збору твораў Якуба Коласа, прачытаў напісанае ім і іншыя матэрыялы, якія да таго часу па розных прычынах абмінуў сваёй увагай. Заўважыў, што Якуб Колас час ад часу (не толькі ў творах) упамінаў маю радзіму – Случчыну, з якой былі звязаны некаторыя старонкі яго жыцця.

 

Праўда, ёсць істотная акалічнасць: у пачатку ХХ стагоддзя, калі Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч пачынаў літаратурную творчасць і стаў Якубам Коласам, Случчынай называлі тэрыторыю значна большую, чым сучасны Слуцкі раён – адзін з дваццаці двух раёнаў Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь.

 

Чытаем у пісьменніка Яна (Івана Аляксеевіча) Скрыгана: «Увесь час я лічыў сябе случаком. Але пры апошнім тэрытарыяльным размежаванні2 маё сяло Труханавічы перайшло з Слуцкага раёна ў Капыльскі. Спачатку мяне гэта як бы і не кранала, бо ўсё роўна душа аставалася ў Слуцкай парафіі. Я любіў сваю Случчыну за яе старажытнасць, за бунты і непакорства заваёўнікам, за слаўную чыннасць вядомых і невядомых яе людзей – асветніцтва, кнігадрукаванне, слуцкія паясы. За геройства чатырнаццаці паўстанцаў, расстраляных белапалякамі ў 1920 годзе. За раўніны і лясы, за ўрадлівую зямлю. Нарэшце, мабыць, проста за тое, што яна была бацькаўшчынаю.

 

Але ж і Капыль мне дарагі».

 

Паэт, празаік, перакладчык і кінасцэнарыст Максім Лужанін пісаў: «Мала лясоў на Случчыне, бедная яна і на ваду, але суглінкі, а дзе-нідзе і чарназём давалі нашай вёсцы нажынаць і намалочваць у два, а то і ў тры разы больш, чым на Маладзечаншчыне». «Нашай вёскай» Аляксандр Амвросьевіч Каратай (сапраўдныя імя і прозвішча Максіма Лужаніна) называў вёску Прусы, дзе ён нарадзіўся, сучаснага Салігорскага раёна (некалі – населены пункт Цараўскай3 воласці Слуцкага павета4).

 

Пісьменнік і даследчык беларускай мовы, доктар філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Фёдар Янкоўскі, які нарадзіўся ў вёсцы Клетнае Глускага раёна Магілёўскай вобласці, напісаў у абразку «Случчына»: «Гэта не толькі Слуцк. Як і не толькі сучасны раён (“куток”) вакол Слуцка. Не-не!

 

Гучанне слова Слуцк – нібы ідэал і непаўторнага, і прыгожага, і багатага. Гэта – з самога майго маленства, з ужо даўніх дваццатых гадоў.

Не Слуцкі раён, нават не акруга5 , а Случчына – своеасаблівая зямля, усё своеасаблівае на гэтай зямлі.

Сказаў ужо: Случчына – не толькі Слуцк, як і не толькі Слуцкі раён. Гэта і Капыльшчына, і Клеччына, і Нясвіжчына, і Чырвонаслабодчына, і частка Любаншчыны».

 

Дапоўню лірызм Фёдара Міхайлавіча. Случчына ў гістарычнай рэтраспектыве (у межах летапіснай гісторыі) – гэта Слуцк і яго наваколле ў складзе Тураўскай зямлі, Чарнігаўскага княства, а пазней – Слуцкае княства ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай. Быў перыяд у гісторыі Слуцкага княства, калі яно займала тэрыторыю да Нёмана на поўначы, Лані – на захадзе, Пцічы – на ўсходзе і Прыпяці – на поўдні.

 

Адметнае Слуцкае княства і тым, што да 1791 года яно існавала як унікальная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, хоць у Вялікім Княстве Літоўскім удзельныя княствы былі скасаваны пры адміністрацыйнай рэформе пачатку XVI стагоддзя. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай ад 3 мая 1791 года на аснове Слуцкага княства быў утвораны Случарэцкі павет Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, які існаваў да 1793 года, калі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай стаў часткай Расійскай імперыі.

 

Тэрыторыю Слуцкага княства зменьвалі не адзін раз, як і пазнейшых Случарэцкага і Слуцкага паветаў, а з 1924 года – Слуцкай акругі, Слуцкага раёна. Да таго ж тэрытарыяльныя змены не заўсёды былі абгрунтаваныя. Так, у часы Расійскай імперыі пасля ўтварэння ў 1795 годзе Бабруйскага павета да яго аднеслі частку ўсходняй Случчыны, а ў тэрыторыю Слуцкага павета ўключылі частку ўсходняй Навагрудчыны.

<...>

 

Наўрад ці будзе перабольшаннем, калі скажу, што Случчына – гэта ўнікальная з"ява ў Беларусі са сваімі гістарычнымі, тэрытарыяльнымі, палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі аспектамі, што фарміраваліся на працягу не аднаго стагоддзя.

 

Тэрыторыя Случчыны на адміністрацыйна-тэрытарыяльнай карце ў розныя гістарычныя перыяды пазначалася як Слуцкае княства, Случарэцкі павет, Слуцкі павет, Слуцкая акруга, Слуцкі раён.

 

Нельга не ўзгадаць Слуцкі летапіс (іначай – Увараўскі летапіс) – помнік беларуска-літоўскага летапісання XVI стагоддзя.

 

Не ўдаючыся ў падрабязнасці, успомнім пра слуцкіх князёў Алелькавічаў, род якіх даў нямала відных грамадска-палітычных і ваенных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. Некаторыя з іх называлі сябе «дзедзічамі Кіева», бо лічылі Кіеўскае княства сваёй вотчынай, а хто-ніхто прэтэндаваў на тытул вялікага князя літоўскага. Хіба можна забыць адважную абаронцу роднага краю ад татарскай навалы Анастасію Слуцкую (дачку князя Івана Юр"евіча Мсціслаўскага і жонку слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча) і святую Беларускай Праваслаўнай Царквы з роду князёў Алелькавічаў Сафію Слуцкую?

 

Ці можна аспрэчыць унікальнасць слыннага Слуцкага Евангелля XVI стагоддзя – адной з важнейшых рэліквій князёў Алелькавічаў? Будзем мець на ўвазе, што слуцкі Троіцкі (Свята-Троіцкі) манастыр значны перыяд часу быў асяродкам праваслаўнай веры на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

 

А «Слуцкія Афіны» – старэйшая ў Беларусі школа, запачаткаваная ў 1617 годзе (цяпер гімназія №1 горада Слуцка), са сваімі знакамітымі выкладчыкамі і не менш знакамітымі выпускнікамі?

 

Нагадаем пра Слуцкую балетную школу пры Слуцкім тэатры князя Гераніма Фларыяна Радзівіла і Слуцкую браму ў Нясвіжы – помнік архітэктуры XVI стагоддзя на дарозе з Нясвіжа ў Слуцк.

 

Не забудзем слуцкае ткацтва, на аснове якога ў ХVIII стагоддзі ў Слуцку пачала працаваць Слуцкая персіярня, што выпускала сусветна вядомыя слуцкія паясы. Тут жа ўзгадваецца неўміручы верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі». Хто не ведае пра слуцкі строй – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення цэнтральнай Беларусі, які бытаваў у канцы XIX стагоддзя – пачатку XX стагоддзя?

 

Яшчэ і сёння дзе-нідзе можна сустрэць грушы гатунку «слуцкая бэра», папулярнага ў канцы XIX стагоддзя і першай палавіне XX стагоддзя.

 

Не абыдзем увагай Слуцкую канфедэрацыю праваслаўнай шляхты 1767 года, 14 слуцкіх партызан, расстраляных палякамі ў 1920 годзе, Слуцкі збройны чын 1920 года, Слуцкую філію аб"яднання беларускіх пісьменнікаў «Маладняк» у 1925–1927 гадах, Слуцкі калгасна-саўгасны тэатр (1936–1941 гады).

 

Не выкрасліць з памяці пра Вялікую Айчынную вайну слуцкае гета, слуцкі канцлагер для савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, Слуцкае патрыятычнае падполле ў 1941–1943 гадах, партызанскае злучэнне Слуцкай зоны ў 1942–1943 гадах. Паэтычны зборнік ураджэнца вёскі Пясочнае Капыльскага раёна Анатоля (Акіма Пятровіча) Астрэйкі «Слуцкі пояс» – унікальнае выданне рэдакцыі газеты «Народны мсцівец»6  у 1943 годзе на акупіраванай германскімі нацыстамі тэрыторыі Беларусі. Дакладней – у 64-й партызанскай брыгадзе імя В.П. Чкалава, якая дзейнічала супраць акупантаў у Слуцкім, Старадарожскім, Старобінскім і Любанскім раёнах – на гістарычнай Случчыне!

 

У паўднёва-заходнім дыялекце беларускай мовы вучоныя-лінгвісты выдзяляюць слуцка-мазырскую групу гаворак. Некаторыя з іх лічаць слуцкую гаворку асобнай групай нараўне з гродзенска-баранавіцкай і мазырскай (усходнепалескай) групамі гаворак. Тэарэтычныя выкладкі пакінем убаку, нам дастаткова таго, што спецыялісты бачаць своеасаблівасць мовы случакоў і яе адрозненне ад мовы жыхароў іншых рэгіёнаў краіны.

 

1. У гэтым тэксце цытаты прыводзяцца па ўказаных выданнях. Тут і далей – заўвагі аўтара.

2. У студзені 1969 года.
3. Цараўцы – цяпер вёска Кірава, адміністрацыйны цэнтр Кіраўскага сельсавета Слуцкага раёна.
4. Воласці і паветы як адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі ліквідаваны ў Беларусі пасля ўтварэння раёнаў у ліпені 1924 года.
5. Слуцкая акруга існавала ў 1924–1927 гадах і ў 1935–1938 гадах.
6. Орган Слуцкага падпольнага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (далей КП(б)Б) у 1943–1944 гадах.
 

 

 

Заўвага.

 

Кнігу жыхара Слуцка Анатоля Жука «Якуб Колас. Случчына. Случакі» выпусціла ў свет сёлета ў канцы мая таварыства з абмежаванай адказнасцю «Ковчег». У выданні – 176 старонак (у тым ліку – устаўка з фотаздымкамі), тыраж – 80 экзэмпляраў.

 

Прадаецца кніга ў мінскім магазіне «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), даведацца пра наяўнасць яе ў продажы можна па тэлефонах:

+375 (17) 379-46-52; +375 (17) 379-50-43; +375 (17) 272-37-52.

 
аўтар: Анатоль Жук