Алесь Змагар
04.01.2019
Паэт надзвычайнай музычнасці, Алесь Змагар (псеўданім Аляксандра Яцэвіча) нарадзіўся 1 кастрычніка 1903 годау сям"і памочніка лекара на Случчыне. Вучыўся ў Слуцкай вышэйшай школе і ў 1920 годзе прыняў удзел у антыбальшавіцкім Слуцкім паўстанні. Прыгавораны да двухгадовага зняволення, ён уцёк і працягваў вучобу на літаратурна-педагагічным аддзяленні Менскага педінстытута, пасля чаго стаў настаўнічаць у Радашковічах. У 1944 годзе ён эміграваў у Аўстрыю і, пражыўшы некаторы час у Францыі, канчаткова ўладкаваўся ў Амерыцы. У Аўстрыі ён апублікаваў казку «Рэпка» (1946) і кнігу апавяданняў «Случчакі» (1947). У Амерыцы выдаў яшчэ чатыры кнігі: першы зборнік вершаў «Да згоды» (1962), пасля якога з"явіліся кнігі: «Вызвольныя шляхі: Артыкулы» (1965), «Лесавікі: Апавяданьні» (1973) і дакументальны раман «Случчына ў агні» (1986). А. Змагар актыўна дзейнічаў і як рэдактар: дастаткова паглядзець, у прыватнасці, літаратурна-мастацкі альманах «Пражэктар» (выйшаў у Кліўлендзе, Агайо ў 1967 годзе), які змяшчае вершы самога А. Змагара, Я. Золака, М. Кавыля, У. Клішэвіча і С. Хмары, а таксама верш «Слуцкім паўстанцам» зусім невядомага паэта А. Дрыгвіча.
Нягледзячы на надзвычайную прадуктыўнасць, як адзначаў Масей Сяднёў (Сачанка 1992, с. 475), крытыка амаль што ігнаравала А. Змагара [1]. Наймацнейшым жанрам ягонай паэзіі з"яўляецца, несумненна, патрыятычны верш. Акрамя таго, многія з ягоных твораў напоўненыя любоўю да Беларусі, – ці то ён піша пра ад"езд з роднай краіны на канвойным цягніку («Бывай, радзіма», 1923), ці пра назіранне за цягнікамі, якія звязваюцца з вайной, як у вершы «Шапаціцца» (1943) і недатаваным вершы «Штодзень»:
Штодзень чыгункаю вурчаць-пяюць вагоны,
Імчаць няведама куды – у далячынь…
– О, дзікі лёс вайны! Знішчальнік ніў, загонаў!
Спыні свой страшны шал! Хоць момант адпачынь! [2]
Іншым разам здаецца, што каханне да дзяўчыны і любоў да краіны ў А. Змагара шчыльна знітаваныя, як у вершы «I ніяк яе не разлюбіць» (1932), дзе адна любоў «пераходзіць» у другую пад моцным уплывам беларускай прыроды.
А. Змагар быў вельмі музычным паэтам, як можна пабачыць з кароткага патрыятычнага верша «Не змагу» (1944), у якім ужо загадзя прадчуваецца немагчымасць забыць Беларусь:
Жытнёвае поле – валошак краса!
Іскрыцца на пялёстках слязінка-раса.
Ільняныя косы з-пад сініх вянкоў
Ў трымценні плывуць, не знаходзячы схоў [3].
Нямногія беларускія пісьменнікі ў эміграцыі адчувалі сябе добра, і ў простым, але музычным недатаваным чатырохрадкоўі «Мроі» восеньская прыгажосць амерыканскіх бяроз выклікае ў лірычнага героя толькі мроі аб роднай зямлі:
Восень шуршыць, расцярушвае лісцямі,
Сыпле іржою з бялёсых бяроз;
Зноў я імчуся сном-мроямі йскрыстымі
Ў край серабрыстага зрэб"я і кроз [4].
Боль па пакінутай Радзіме – лейтматыў кранальнага Змагаровага верша «I гады мінаюць за гадамі» (1958), які перадае пачуцці, узмоцненыя спавядальнай каляднай парою. Напрыканцы гэтага сціслага нарыса, тым не менш, было б да месца працытаваць катрэн, які падсумоўвае моцныя патрыятычныя пачуцці прыродна адоранага і чуллівага паэта:
Куды б цябе лёс ні закінуў,
Якім бы ні джаліў асцём,
Сваю дарагую Краіну
Любіць мусіш больш за жыццё [5].
Арнольд МАКМІЛІН,
Беларуская літаратура дыяспары. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004.
Пераклад з ангельскай мовы – В. Бурлак, В. Жыбуль.
Аблічбоўка тэксту – Уладзімір ХВОРАЎ.
1. Поўную інфармацыю пра дзейнасць А. Змагара гл. у кнізе Юрэвіч 1999а, с. 172–176.
2. Туга па Радзіме 1992, с. 189.
3. Тамсама, с. 189–190.
4. Тамсама, с. 190.
5. Тамсама.
Алесь Змагар (сапр.: Аляксандр Хведаравіч Яцэвіч, іншы псеўданім: Алесь Валошка; 1 кастрычніка 1903, в. Цароўцы, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер вёска Кірава, Слуцкі раён, Мінская вобласць – 1995, Фларыда, ЗША) – беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.
Кстати! Книга «Случчакі» на сайте www.abebooks.com (Великобритания) стоит US$ 483.54. А в ней лишь 24 страницы.