Міхась Кавыль

Міхась Кавыль

28.11.2018

Менш значны, але вельмі адораны і пладавіты паэт, Міхась Кавыль (сапраўднае імя – Язэп Лешчанка, нар. у 1915 годзе) адрозніваецца ад іншых пісьменнікаў-эмігрантаў тым, што дзевяноста адсоткаў ягоных твораў было напісана ў Амерыцы, і многія з іх звязаныя з амерыканскім жыццём. Аднак пачатак творчага шляху М. Кавыля амаль такі ж, як у многіх ягоных паэтычных сучаснікаў.

М. Кавыль нарадзіўся ў сялянскай сям"і 1 снежня 1915 года ў вёсцы Покрашава Слуцкага павета Менскай губерні. Ён вучыўся ў розных мясцовых школах, пасля чаго, як і У. Дудзіцкі, паступіў у знакаміты Менскі педагагічны тэхнікум, дзе навучаўся з 1930 па 1933 год. Далучыўшыся да літаратурнага згуртавання «Маладняк», ён пачаў друкаваць вершы ў разнастайных газетах і часопісах, аднак хутка прыцягнуў да сябе непажаданую ўвагу ўладаў неартадаксальным і «нацыяналістычным» зместам сваіх твораў. У 1933 годзе М. Кавыль быў арыштаваны і прысуджаны да трохгадовай высылкі ў Сібір. Калі яго вызвалілі ў 1935 годзе «за добрыя паводзіны» (у тым ліку маляванне партрэтаў чыноўнікаў) [1], яму, тым не менш, было забаронена вяртацца на Беларусь, таму ён накіраваўся ў Варонеж, дзе вучыўся на Літаратурным факультэце універсітэта з 1936 па 1938 год, а затым настаўнічаў у вясковай школе, пакуль не распачалася вайна. М. Кавыль быў прызваны ў войска, прайшоў падрыхтоўку на Далёкім Усходзе і быў накіраваны на Украінскі фронт. Неўзабаве ён патрапіў у палон і быў «рэпатрыяваны» немцамі на Беларусь. Адпраўлены ў Берлін разам з групай моладзі, напрыканцы вайны апынуўся ў ліку перамешчаных асоб. У гэты час М. Кавыль прымаў актыўны ўдзел у літаратурным згуртаванні «Шыпшына», але ў 1950 годзе, папрацаваўшы ў Нямеччыне і Бельгіі, ён вырашыў пераехаць у Амерыку, дзе пасяліўся ў горадзе Саут-Рывер (штат Нью-Джэрсі), які ўжо зрабіўся домам для многіх беларускіх эмігрантаў. Змяніўшы мноства працоўных месцаў (па большасці гэта была фізічная праца), М. Кавыль звальняецца, каб зноў заняцца паэзіяй [2].

Як і У. Дудзіцкі, М. Кавыль прыцягнуў да сябе ўвагу эмігрантаў-навукоўцаў, якія выдалі дыхтоўны збор ягоных твораў (Кавыль, 1990), адкуль можна атрымаць дастатковае ўяўленне пра літаратурныя дасягненні пісьменніка. Першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1929 годзе ў «Беларускай газеце», і пакуль ён заставаўся на Беларусі, ягоныя творы з"яўляліся ў розных выданнях, у тым ліку «Піянер Беларусі» і «Маладняк». У эміграцыі найбуйнейшымі публікацыямі ягонай паэзіі былі зборнікі «Ростань» (Рэгенсбург, 1947), «Пад зоркамі белымі» (Нью-Ёрк, 1954), «Першая рана» (Манчэстэр, 1960) і «Цяжкія думы» (Саут-Рывер, 1961). Некалькі вершаў М. Кавыля былі пакладзеныя на музыку такімі буйнымі беларускімі кампазітарамі, як Мікола Куліковіч-Шчаглоў (1896/7–1969) і Мікола Равенскі (1886–1953). Да таго ж, М. Кавылю належаць пераклады на беларускую мову твораў рускай, украінскай, польскай і англійскай паэзіі. Ягоная ранняя трохактавая п"еса пра Слуцкае паўстанне, «Недаспяваная песня» і вершаваная драма для дзяцей «Марынка» зараз недаступныя [3], гэтак жа як і раман «Із агню ды ў полымя» [4], які ў 1990 годзе знаходзіўся яшчэ ў стадыі напісання. Аднак існуюць тры апавяданні: «Разводзьдзе» (1958), «Ніхго цябе не запыніць» (1963) і «Бірута» (1965). Відавочна, заснаваныя на юнацкіх успамінах пісьменніка, яны напісаныя дастаткова жыва, але не маюць вялікай літаратурнай вартасці.

Найзначнейшы ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры М. Кавыль зрабіў як паэт, аўтар мноства таленавітых і цікавых вершаў на надзённыя тэмы, у якіх адбіўся ягоны ўласны вопыт: фізічная праца, гістарычныя і палітычныя падзеі (часам – амаль у форме вершаванай дакументалістыкі), а таксама вершы пра прыроду, творы, прысвечаныя іншым пісьменнікам або напісаныя пра іх, і, самае галоўнае, узнёсла патрыятычная паэзія. Вершы М. Кавыля значна ажыўляюцца дзякуючы добраму пачуццю гумару, і, адначасова, вылучаюцца фармальнай разнастайнасцю і вытанчанасцю, нягледзячы на досыць вольнае абыходжанне з рыфмай.

Ягоныя раннія вершы, напісаныя ў Менскай турме ў 1933 годзе, утрымліваюць у сабе больш пачуцця, чым знешняга бляску, як і іншы ранні верш, створаны ў Навасібірску, «Сібір» (1934), у якім першая і апошняя строфы аднолькавыя:

 

Сібір, Сібір – халодная магіла,
Забыць, цябе няма ніякай сілы,
Старая ведзьма, мачыха мая! [5]


 

Блізкі да фальклорнага рытм гэтых радкоў тыповы для ўсёй грамадзянскай паэзіі М. Кавыля, сярод якой толькі нямногія творы можна назваць чыста асабістымі, за выключэннем тых выпадкаў, калі верш мае яскрава аўтабіяграфічную прыроду. Жыццё М. Кавыля прайшло ў пастаянным руху, пра што ён разважае ў вершы «Ідзі, ідзі» (1944–1952) з рэфрэнам: «А ты ідзі, ідзі…». Пасля рамантычнага параўнання зорак над Альпамі з эдэльвейсамі гэты рэфрэн набывае больш шырокі сэнс: рух прыраўноўваецца да ўсяго жыцця, як і ў гэтых некалькіх радках з сярэдзіны верша:

 

Нібы агонь,
няўсподзеў шуганула
Жаданьне жыць.
Каб жыць,
ідзі, ідзі… [6]


 

Сам гэты рух апісваецца дэталёва, але М. Кавыль ніколі не забывае свой родны Слуцк. Напрыклад, у вершы «Турынгія-царыца» (1946) прыгажосць знакамітага нямецкага леса нагадвае яму радзіму. Падарожжа праз Атлантыку, вядома ж, не было асалодай для паэта, хаця ў першых радках верша «У акіяне» (1950) і з"яўляецца яркі вобраз: «Вецер-смык на струнах-тросах // Грае дзікія факстроты». Верш, аднак, заканчваецца банальнай ідэяй: трэба засыпаць акіян пяскамі зямлі, каб пазбегнуць дыскамфорту.

М. Кавыль не быў настолькі арыгінальным у выкарыстанні лексікі і вобразнасці, як У. Дуцзіцкі, але ягоная паэзія дэманструе жывое ўяўленне, якое толькі часам псуецца відавочнай нядбайнасцю. Напрыклад, у вершы «Прыстань» (1950), напісаным неўзабаве пасля верша «У акіяне», ён скарыстоўвае адно і тое ж параўнанне («як здані») для апісання зусім розных з"яў. Некаторыя вобразы М. Кавыля вельмі жывыя, як, напрыклад, у вершы «Яшчэ сьнягоў ня выкіпела пена…» (1963), дзе апісваецца змена пораў года:

 

Яшчэ сьнягоў ня выкіпела пена,
Вятры ільдзінак зорных на зямлі,
А ўжо бруіцца па бярэзін венах
Прыглушаная музыка зямлі.

Шпурнуўшы ў сінь праменьне-камэртоны,
Гарыць агнём няўрымсным дырыжор.
Яшчэ часіна – пяруноў трамбоны
Удараць марш вясновы рэ-мажор.

Лясы спрасоньня зашумяць: «Дзе лісьце?»
Зямля нап"ецца сонца і вады.
Паймчацца рэчкі ў эстафетны высьціг,
У белай радасьці закружацца сады… [7]


 

Нягледзячы на нядбайны падыход да рыфмы, М. Кавыль вельмі клапоціцца пра фармальны бок сваіх вершаў, часта выкарыстоўвае класічныя цвёрдыя формы, такія як сэкстэт (добры прыклад – верш «Чалавек», 1957), віланэла і трыялет. Ягонае стаўленне да гэтай формы выказана ў першым з трох трыялетаў, датаваных 1956 годам:

 

Я падслухаў цябе ля крыніцы,
Улюбёнец багінь, трыялет,
Прыгажосьці тваёй таямніцы
У сінявым трызвоне зарніцы,

Што у срэбныя хвалі глядзіцца
Там, дзе сумна схіліўся паэт.
Я падслухаў цябе ля крыніцы,
Улюбёнец багінь, трыялет [8].

 

Аднак найбольш прыцягальным для М. Кавыля быў санет. Упершыню падказаў яму звярнуцца да гэтай формы эмігранцкі пісьменнік і крытык Антон Адамовіч (1909–1998). Нашмат пазней, падчас інтэрв"ю даведаўшыся, што малады паэт Змітрок Марозаў (нар. у 1956 г.) таксама піша санеты, М. Кавыль абвясціў З. Марозава геніем, ведаючы, наколькі складаная гэта форма [9]. Прынамсі, сам М. Кавыль у Амерыцы напісаў значную колькасць санетаў. У зборніку «Цяжкія думы» змешчана каля 60 санетаў, створаных у другой палове 1950-х гадоў, у тым ліку вянок санетаў «Мярэжа» (1957); яшчэ адзін вянок санетаў, «Цяжкія думы» (1956), прысвечаны Ант. Адамовічу; ёсць і больш позні вянок санетаў – «Чорны лёд» (1958). Яны адрозніваюцца па якасці, але ў агульным дазваляюць прызнаць М. Кавыля майстрам вершаскладання. У яшчэ недасканалым раннім узоры гэтай формы, «Крытыку» (1955), М. Кавыль выказвае такое ж рэзкае стаўленне да літаратурных крытыкаў, як і Р. Крушына і У. Клішэвіч:

 

Словы вершу, што глыбы граніту,
У нямым спачываюць бяздоньні.
Не падняць іх агнём дынаміту,
Калі ў сэрцы зара не зазвоніць.

Вершы, вершы, паэта малітвы
На жыцця нясуцешнай аблоні!
Вы як сьлёзы, што воін уроніць
Пасьля цяжкай спраможнае бітвы.

У пустэльні сьпякотнай крыніца.
Перад тым, як бальзаму напіцца,
Меч хавае разбойнік у ножны.

Толькі ты, самасьвечаны крытык,
Не па сану імсьцівы, сярдзіты,
Хрысьціш лоб, бдудасловіш бязбожна [10].

 

М. Кавыль, хаця і ставіўся варожа да крытыкаў, але быў вельмі памяркоўны да сваіх таварышаў па пяру і старых сяброў, незалежна ад таго, эмігравалі яны з Беларусі або не. Сярод тых, каму прысвячаў свае творы М. Кавыль, – Юрка Віцьбіч (1905–1975), Уладзімер Клішэвіч, Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Янка Золак (1912–2000), Антон Адамовіч, Вітаўт Тумаш і Усевалад Краўчанка. Апошні з іх быў членам беларускай дэлегацыі пісьменнікаў у Францыі; ён палічыў за лепшае скончыць жыццё самагубствам, чым здрадзіць сваім прынцыпам.

Яшчэ адзін верш, які мае моцнае асабістае гучанне, – «Бэнгалія» (1972). У ім згадваецца Сяргей Астрэйка (1912–1937), таленавіты беларускі паэт, які ў паэме пад такой жа назвай апісаў каланіяльны прыгнёт у Бенгаліі, але было відавочна, што маюцца на ўвазе савецкія ўлады і панаванне расейцаў на Беларусі. Тую ж тэму, але іншым чынам, працягвае верш «Кастусь Каліноўскі» (1963), які заканчваецца радкамі: «Бунтуе сэрца Кастуся //ў грудзях беларуса…».

Зусім інакш успрымаецца цыкл «Сілуэты» (1972), які дэманструе ўласцівыя М. Кавылю пачуццё гумару і шырыню кругагляду. Тут прадстаўлены бязлітасныя двухрадковыя эпіграмы на беларускіх пісьменнікаў метраполіі. Вось для прыкладу першыя тры з іх і апошняя:

 

В. Быкаў

Трошкі мыкаў, трошкі брыкаў…
Залыгалі грозным крыкам.


М. Танк

Верш, ці доўгі, ці кароткі,
Трасецца ленінскай бародкай.


I. Мележ

Ну і меле-ж…
Але не пытлюе.


П. Броўка

Вось таму ён і «народны»,
Бо народу не прыгодны [11].


 

У параўнанні з іншымі эмігрантамі-славянамі, М. Кавыль ставіўся з большай уцзячнасцю да таго, што дала яму Амерыка (верш «Дзякуй, Амерыка», 1952), і вельмі цікавіўся ўсімі бакамі жыцця свайго новага дома, шмат разважаў пра іх у сваіх вершах. Уражанні ад працы на заводзе «Форд» ён трапна перадаў у вершы «Праца» (1963), а з палітычнага боку паэт вельмі адмоўна адрэагаваў на антываенную акцыю пратэсту ў дзяржаўным універсітэце Кента (Kent State University) (верш «Ад імя свайго двара…», 1970).

Тым не менш, ва ўсіх творах М. Кавыля можна заўважыць несціханую тугу па радзіме і асабліва па ўлюбёнай Случчыне. Гэта адчуваецца з аднолькавай сілай ва ўсіх вершах, незалежна ад таго, дзе яны былі створаны: у Менскай турме, у Сібіры, у Нямеччыне, або ў Амерыцы. Асабліва кранальны твор такога кшталту – верш «Просьба» (1952), у якім М. Кавыль пераносіць чытача на сваю радзіму, якую ён сам страціў назаўсёды:

 

Каля Слуцку ёсьць адно сяло,
Невялічкае, двароў з дзесятак.
Калі-б вас туды як завяло,
Пашукайце, калі ласка, хату.

Паміж хат яна адна, бадай,
На страсе гадуе мох зялёны,
На двары драсуе лебяда,
Ля варот сумуюць ціха клёны.

На кале пузаты дрэмле гляк,
Ля хлява цабэрак у мякіне,
На градзе цьвітуць півоні, мак,
Па сяброўках журыцца вярбіна.

Вы напэўна знойдзеце, і вас
Прывітаюць хлебам чорным з соляй,
I сьцюдзёны спрагу ўтоліць квас,
Пачастуюць бульбаю з фасоляй.

Папытайцеся тады у той,
Што спаткае і адчыніць дзьверы,
Ці чакае скуль-небудзь сватоў,
Ці ня страціла надзею й веру.

I адкажа: як-жа, абяцаў…
Толькі, мо, нямашака на сьвеце…
Не чакайце сумнага канца
I маёй пакутніцы скажэце,

Што жыву, кахаю і прыйду,
Як зямлю маланкі зноў ахрысьцяць.
Хай прадзе пачынкі сьветлых дум,
Тчэ сузор"і радаснага прыйсьця [12].


 

Прыкладна праз сорак год у адным з апошніх вершаў, «Настальгія» (1990), М. Кавыль выкажа тыя ж самыя пачуцці: на гэты раз ён марыць укленчыць перад магілай сваёй маці. Ён ніколі не мог цалкам прымірыцца з жыццём па-за межамі Беларусі (на пытанне, як жывецца яму за мяжой, ён адказваў: «па-ўсякаму») [13], аднак з верша «Жураўлі» (1976) робіцца зразумелым, што М. Кавыль ніколі не адчуваў сябе ў стане вярнуцца на Беларусь фізічна.

Напэўна, адна з найбольш характэрных рысаў паэзіі М. Кавыля – спалучэнне ўласных успамінаў з хронікай трагічнай сучаснай гісторыі Беларусі. Асноўны з такіх твораў – ужо згаданая позняя эпічная паэма «Непакорныя» (1982), якая вымалёўвае лёс Беларусі, пачынаючы з жыцця правінцыйнай вёсачкі ў часы рэвалюцыі 1917 года, затым, разам з прыгодамі галоўнага героя Алеся, апісваюцца сталінскія гады, пакуль, нарэшце, Алеся не арыпггоўваюць спецслужбы, на што ён іранічна адказвае радком з Уладзіміра Маякоўскага (1893–1930): «Смотрите! Завидуйте! Я гражданин Советского Союза».

«Першая рана» (1955) – ранняя эпічная паэма ў шаснаццаці неаднолькавых частках з эпілогам: пакідаючы Менск на цягніку, галоўны герой сустрэў дзяўчыну Ніну і пакахаў яе. Калі яны пабачыліся пазней, яна падарыла яму сімвалічную галінку дзікай ружы і зрабілася для яго музай і гуру. Нарэшце яна дае яму наступную параду (частка X, строфы 4–5, і частка XI, страфа 1):

 

«Шмат цябе навучаць ня стану.
Прад табою шляхі і шляхі.
Беларусі крывавую рану
не загоіць прыблуда ліхі».

I пайшла, як прыйшла, ня ў дзьверы,
не праз комін, дзе чад і дым…
Новым вершам на белай паперы
пачарнелі Музы сьляды.

З тэй пары сінязорныя вочы
павялі мяне цяжкай дарогай.
З камсамольскаю зграяй крочыць
я ня мог, не патрапіў у ногу [14].

 

Паэма заканчваецца выпадковай сустрэчай і танцам, падчас якога героя раптам арыштоўваюць спецслужбы (падобны эпізод будзе пазней апісаны ў прозе ва ўспамінах «Мой шлях») [15]:

 

Лопнулі мары, як струны,
меч каральны шчасьце расьцяў.
Першы ў жыцьці пацалунак,
першая рана жыцьця [16].

 

Паэма «Міжагнёўе» (1949–1961) – прыклад тыповага для М. Кавыля псеўда-дакументальнага стылю. Яна прысвечана «змагарам за незалежную Беларусь». Гэта прыўзняты энергічны твор, які складаецца з дзесяці раздзелаў і спалучае ідэю незалежнасці Беларусі, імпрэсіяністычныя ўспаміны пра падзеі Другой сусветнай вайны. Вельмі тыповае заканчэнне другога раздзела:

 

У жывот
нагою,
штыком
у плечы.
Гансэк са Шлёнзку
«дольмэтчэр»:
– Матка, яйкі!
– Матка, шпэк!
– Іх – нямецкі чалавек.
Давай,
ні пікні!
«Гайль»,
вялікі!. [17]

 

Міхась Кавыль быў паэтам кантрастаў, часам вельмі ўважлівым да формы, а часам настолькі імклівым, што гэта прыводзіла да нядбайнасці. Ягоная паэзія заўсёды адпавядала свайму часу, як на Беларусі, так і ў эміграцыі; ягоныя спробы рабіць усё лепш, чым ужо зроблена, сведчаць пра жыццёвую стойкасць і здаровы розум. Няроўная паэтычная хроніка ягонага жыцця, поўнага разнастайных падзей, тым не менш, выяўляе літаратурную адчувальнасць, пладавітасць і талент, якія рэдка яго падводзілі.

 

Арнольд МАКМІЛІН,
Беларуская літаратура дыяспары. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004.
Пераклад з ангельскай мовы – В. Бурлак, В. Жыбуль.
Аблічбоўка тэксту – Уладзімір ХВОРАЎ.

 

1. Пранчак 1994, с. 239.
2. Пра яго раннія гады гл.: Мой шлях // Кавыль 1990, с. ХІ-ХХІ. Гісторыя пераследавання М. Кавыля савецкімі ўладамі яшчэ больш жыва выкладзена ў эпічнай паэме «Непакорныя» (1982): Кавыль 1990, с. 217–268.
3. Гл. Пранчак 1994. с. 244.
4. Кавыль 1990, с. ХХІ.
5. Тамсама, с. 12.
6. Тамсама, с. 35.
7. Тамсама, с. 169.
8. Тамсама, с. 67.
9. Пранчак 1994, с. 243. З. Марозаў сапраўды таленавіты пісьменнік, але геній – наўрад ці.
10. Кавыль 1990, с. 66.
11. Тамсама, с. 202–203. Савецкі паэт Анатоль Вялюгін (1923–1994). атрымаў нават больш жорсткую характарыстыку за сваё ліслівае стаўленне да Фідэля Кастра падчас візіту апошняга ў Менск – гл. кароткі верш (з доўгім эпіграфам з А. Вялюгіна) «Куба ў Менску» (1963).
12. Кавыль 1990, с. 33.
13. Пранчак 1994, с. 237.
14. Кавыль 1990, с. 74–75.
15. Відавочна перагукаецца з гэтым эпізодам паэмы «Першая рана» і недатаваны верш «Вочы заплюшчу – яна…», які быў надрукаваны ў анталогіі Туга па Радзіме 1992, с. 477, але выключаны з кнігі Кавыль 1990.
16. Кавыль 1990, с. 77.
17. Тамсама, с. 124.