Міхась Лазарук

Міхась Лазарук

22.03.2014

(Лазарук Міхаіл Арсеньевіч, Лазарук Михаил Арсеньевич; 1926–2000)

М.А. Лазарук – літаратуразнаўца, крытык, педагог, доктар філалагічных навук (1970), прафесар (1971), акадэмік Акадэміі педагагічных навук СССР (1982), член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1995).

Нарадзіўся М.А. Лазарук у вёсцы Ушаловічы Слуцкага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям"і. У 1935 годзе памерла яго маці, а бацька ў гэты час адбываў пакаранне ў выглядзе трохгадовага турэмнага зняволення за нейкі недагляд на калгаснай свінагадоўчай ферме, дзе ён працаваў. Дома засталіся чацвёра дзяцей: старэйшаму ішоў адзінаццаты год, Міхасю – дзявяты, а былі яшчэ дзеці пяці і двух гадоў. Калі бацька вярнуўся з турмы, праз некаторы час ён ажаніўся ў другі раз, ад гэтага шлюбу нарадзіліся чатыры дзяўчынкі і хлопчык.

Скончыўшы сярэднюю школу, Міхась Лазарук паступіў у Мінскі дарожна-механічны тэхнікум, але вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. Давялося 15-гадоваму юнаку вяртацца ў вёску да бацькоў. У 1944 годзе мабілізаваны ў Чырвоную Армію, радавым салдатам-сувязістам франтавымі дарогамі дайшоў да Берліна. З арміі дэмабілізаваўся ў 1946 годзе.

У 1951 годзе Міхась Лазарук скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Потым вучыўся ў аспірантуры і ў 1954 годзе пасля абароны кандыдацкай дысертацыі стаў выкладчыкам беларускай літаратуры ў педагагічным інстытуце. У 1959 годзе Міністэрствам вышэйшай адукацыі Беларусі камандзіраваны ў Польскую Народную Рэспубліку, дзе працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Потым быў у Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага старшым выкладчыкам, дэканам філалагічнага факультэта, прарэктарам па вучэбнай рабоце. З 1978 года – дырэктар Навукова-даследчага інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, у 1990 годзе прызначаны загадчыкам лабараторыі праблем літаратурнай адукацыі гэтага ж інстытута. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1945), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Айчыннай вайны II ступені (1985), медалямі.

Творчая біяграфія Міхася Лазарука пачалася ў студэнцтве, калі ў друку былі змешчаны яго вершы (газета «Літаратура і мастацтва» за 28 мая 1949 года). Пісаў таксама байкі, рэцэнзіі, аднак потым захапіўся тэорыяй літаратуры, літаратурнай крытыкай, а да паэзіі больш не звяртаўся. Працу выкладчыкам спалучаў з навукова-даследчыцкай і літаратурна-крытычнай работай. Яго даследаванні ў асноўным прысвечаны пытанням гісторыі і тэорыі літаратуры і ў першую чаргу звязаны з паэзіяй. Напрыклад, кніга «Пімен Панчанка» (1959) распачала новы этап у вывучэнні творчасці выдатнага беларускага паэта, якому пазней, у 1973 годзе, было прысвоена ганаровае званне «Народны паэт БССР». Не менш важнае значэнне мелі кнігі М.А. Лазарука «Станаўленне беларускай паэмы» (1968) і «Беларуская паэма ў другой палавіне XIX – пачатку XX стагоддзя» (1970). У гэтых працах упершыню даследавана развіццё беларускай паэмы на працягу больш чым стогадовага перыяду. Абапіраючыся на ўласны паэтычны досвед, тэарэтычныя веды, аўтар змог не толькі паказаць шлях развіцця паэмы ў беларускай літаратуры, але і «пранікнуць у жывую душу паэзіі, паказаць яе зменлівы твар». М.А. Лазарук – аўтар шматлікіх работ па пытаннях беларускай літаратуры, ім выдадзены зборнік літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «Часу непадуладнае» (1981). У іх аналізуецца развіццё беларускай паэзіі, у тым ліку такога жанру – паэма, разглядаюцца некаторыя тэарэтычныя пытанні літаратурнага працэсу. Праблемам вывучэння літаратуры ў школе прысвечаны шэраг артыкулаў М.А. Лазарука, якія аб"яднаны ў кнізе «Навучанне і выхаванне творчасцю» (1994). Аўтар прааналізаваў вопыт выкладання літаратуры ў школе і зрабіў вывад аб неабходнасці так паставіць работу, каб кожны вучань мог «вучыцца пераможна», адчуваючы пры гэтым радасць ад працэсу пазнання новага. А гэта немагчыма без творчага супрацоўніцтва настаўніка і вучня, без узаемаразумення паміж імі. На думку аўтара, навучанне і выхаванне творчасцю павінна быць у аснове методыкі выкладання літаратуры ў школе.

Па словах акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь В.У. Івашына (1913–2009), «М.А. Лазарук належыць да тых літаратуразнаўцаў, дзейнасць якіх непасрэдна звязана з педагогікай, тэорыяй і методыкай выкладання літаратуры. Гэтая ўзаемасувязь літаратуразнаўства з педагогікай, навучаннем і выхаваннем знайшла выяўленне ў многіх яго даследаваннях. Вучоны шырокага дыяпазону інтарэсаў М.А. Лазарук унёс вялікі ўклад у даследаванне важнейшых праблем літаратуразнаўства, тэорыі і методыкі выкладання літаратуры. Ён з"яўляецца аўтарам больш чым 200 навуковых прац. Сярод іх манаграфіі, зборнік, брашуры, літаратурна-крытычныя артыкулы, праграмы, падручнікі, навуковыя дапаможнікі, некаторыя з іх выкананы ў суаўтарстве… Літаратуразнаўчыя і метадычныя даследаванні М.А. Лазарука былі надзейным грунтам для напісання дапаможнікаў па тэорыі літаратуры для настаўнікаў, студэнтаў і вучняў старэйшых класаў… Тое, што ён стварыў, чым узбагаціў навуку, з"яўляецца каштоўным набыткам сучаснасці і значэнне яго не забудзецца нашчадкамі».

 



Каб у чытачоў было больш поўнае уяўленне пра Міхаіла Арсеньевіча Лазарука, не магу не прывесці некалькі слоў з успамінаў яго жонкі Тамары Канстанцінаўны: «Акрамя галоўнага – літаратуры, ён цікавіўся гісторыяй, культурай, мастацтвам розных народаў, а таксама філасофіяй, эстэтыкай, нават рэлігіяй і медыцынай… У Міхася Арсеньевіча была не толькі светлая галава, але і ўмелыя рукі. Ён мог адрамантаваць амаль усё ў доме, не толькі электра – і радыёпрыборы, нават заглядваў і ў тэлевізар. Умеў сталярнічаць… Вельмі любіў жыццё з усімі яго праявамі – радасцямі і бедамі, якія мужна ўмеў пераносіць. Любіў людзей, быў добры да тых, каму патрэбна была дапамога».

Анатолій ЖУК