Сцяпан Майхровіч
16.12.2013
(Майхровіч Сцяпан Казіміравіч; Майхрович Степан Казимирович; 1908–1981)
У вёсцы Старэва Слуцкага раёна ў сям"і рабочага – выдзімальшчыка шкла мясцовага шклозавода пачаўся жыццёвы шлях крытыка, літаратуразнаўца, публіцыста Сцяпана Майхровіча. Калі яго бацьку мабілізавалі і адправілі на фронт у час Першай сусветнай вайны, Сцяпану ў васьмігадовым узросце давялося пайсці працаваць на шклозавод, дзе ён затрымаўся на 13 гадоў. Маладога рабочага заўважылі, рэкамендавалі на камсамольскую работу. У 1929–1930 гадах ён працаваў інструктарам Бабруйскага акруговага камітэта камсамола. У 1930 годзе паступіў на рабфак пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, потым вучыўся ў Маскоўскім інстытуце журналістыкі імя «Правды», але з другога курса быў камандзіраваны ў Беларусь. Працаваў рэдактарам раённай газеты ў Камарыне, загадчыкам сектара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, рэдактарам польскіх газет «Ворыва», «Сцяг свабоды», што выдаваліся ў Беларусі.
У 1941 годзе Сцяпан Майхровіч завочна скончыў Мінскі педагагічны інстытут. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў на фронт, быў інструктарам палітычнага аддзела 10-й арміі, потым – галоўным рэдактарам Цэнтральнага беларускага радыёвяшчання ў Маскве. У 1943 годзе па асабістай просьбе яго накіравалі на акупіраваную гітлераўцамі тэрыторыю да партызан, рэдагаваў газету «Белостокская правда».
Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў працаваў дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, журналістам, галоўным рэдактарам Вучэбна-педагагічнага выдавецтва БССР. У 1957 годзе скончыў аспірантуру пры Мінскім педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага. У 1958–1972 гадах кандыдат філалагічных навук С.К. Майхровіч – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. У 1947 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Літаратурнай творчасцю Сцяпан Майхровіч пачаў займацца ў 1930 годзе. Яго першая навуковая публікацыя – артыкул «Максім Адамавіч Багдановіч» (1945). Ён даследаваў праблемы літаратуразнаўства і фалькларыстыкі, напісаў манаграфічныя працы і нарысы па гісторыі беларускай літаратуры: «Янка Лучына: Жыццё і творчасць» (1952), «В.І. Дунін-Марцінкевіч» (1955), «Нарысы беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць» (1958), «Жизнь и творчество Ф. Богушевича» (1961), «Янка Брыль: Жыццё і творчасць» (1961), «Георгій Скарына» (1966), «Слова аб палку Ігаравым» (1968), «Прыказкі і прымаўкі: Гістарычны нарыс» (1976), «Іван Шамякін: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV–XVIII ст.» (1980).
Сцяпан Казіміравіч Майхровіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім ордэнам «Віртуці мілітары».
Анатолій ЖУК