Ян Пятроўскі
05.12.2013
(Пятроўскі Ян Дзям"янавіч; Петровский Ян Демьянович; 1905–2002)
Ян Пятроўскі нарадзіўся ў сям"і Дзям"яна Адамавіча і Юстыны Андрэеўны Пятроўскіх, якія жылі ў той частцы горада Слуцка, дзе цяпер знаходзіцца вуліца Парыжскай Камуны. Бацька Яна рана памёр, і ў 1919 годзе маці з сынам і дзвюма дочкамі пераехала жыць у Вільню (цяпер Вільнюс – сталіца Літоўскай Рэспублікі). Там Ян закончыў гімназію, а потым служыў у Войску Польскім (у 1922–1939 гадах Вільня і Віленская вобласць уваходзілі ў склад Польшчы).
У час ваеннай службы Ян Пятроўскі пазнаёміўся з вучэннем метадыстаў – рэлігійнай плыні, якая ў XVIII стагоддзі аддзялілася ад англіканскай царквы. Метадысты прапаведуюць рэлігійную пакорлівасць, патрабуюць ад сваіх прыхільнікаў паслядоўнага, метадычнага выканання рэлігійных прадпісанняў. Відаць, гэта нейкім чынам запала ў душу маладога чалавека і прывяло яго ў Тэалагічную школу метадыстаў. Пасля яе заканчэння Ян Пятроўскі стаў прапаведнікам метадысцкай царквы.
Падчас Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі кіраваў групай беларускіх перакладчыкаў, якая дзейнічала ў Берліне пры выдавецтве ў міністэрстве прапаганды нацысцкай Германіі. У канцы вайны выехаў у Аўстрыю, а з 1953 года жыў у Злучаных Штатах Амерыкі (горад Гейнсвіл штата Фларыда). Там ён стаў адным з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.
Наш зямляк – не толькі рэлігійны дзеяч, але, як сведчыць «Беларуская Энцыклапедыя», і выдавец, літаратар, мовазнавец. Здольнасць да вывучэння моў у яго праявілася яшчэ ў дзяцінстве, а пазней ён добра ведаў не толькі беларускую, але і рускую, польскую, лацінскую, старажытнагрэчаскую і некаторыя іншыя мовы. Я. Пятроўскі ўспамінаў: «З пачаткамі расейскае мовы я запазнаўся яшчэ ў Слуцку. Перш, адведваючы манастырскую школу на Трайчанах, а пазней два гады хадзіў у прыходскую школу на Юр"еўскай вуліцы… Школа беларускае мовы – гэта школа адносна даўгалетняга майго жыцця. Першым і найлепшым маім прафэсарам гэтае мовы была мая добрая маці гаспадарыня Юстына Пятроўская. Пасля яе ішлі прафэсары Р. Астроўскі са сваім Правапісам беларускае мовы і Б. Тарашкевіч зь беларускаю граматыкаю…».
У 1935 годзе Я. Пятроўскі стаў ініцыятарам выдання, а затым быў выдаўцом і рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса «Сьветач Хрыстусовае навукі». Ён – аўтар брашуры «Нядзельная школа, яе сутнасць і гісторыя» (1937). У эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса «Сьветач Хрыстовае навукі».
Самая вялікая заслуга Я. Пятроўскага бачыцца ў тым, што ён упершыню пераклаў на беларускую мову дыялогі старажытнагрэчаскага філосафа Платона і на працягу 1966 – 1981 гадоў выдаў іх у шасці тамах. Крыху інакш пра гэты немалаважны факт можна сказаць так: дзякуючы намаганням нашага земляка Платон «загаварыў» па-беларуску. Ян Пятроўскі падрыхтаваў і выдаў двухтомны «Класічны грэцка-беларускі слоўнік», трохтомнік «Лепшых думак чалавека», выдаў у перакладзе на беларускую мову кнігу нямецкага філосафа і філолага В. Гумбальта «Унутраная форма мовы». А яшчэ стаў аўтарам трохтомніка ўспамінаў, якія ўтрымліваюць нямала цікавых звестак па гісторыі Заходняй Беларусі і беларускай дыяспары.
У справе папулярызацыі беларускай мовы цяжка пераацаніць значэнне складзеных Я. Пятроўскім «Беларуска-ангельскага» і «Ангельска-беларускага» слоўнікаў, якія налічваюць 10 000 слоў, а ўпершыню былі выдадзены ў Аўстрыі ў 1946 годзе. Каштоўнасць слоўнікаў у тым, што большую частку іх складаюць словы так званага шырокага ўжытку. У 1993 годзе мінская кампанія «Тэхналогія» ўпершыню ў Беларусі выдала гэтыя слоўнікі. Праўда, тыражом усяго ў 2 000 экзэмпляраў, так што слоўнікі ўжо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.
Пра свае падыходы да перакладчыцкай працы Ян Пятроўскі пісаў Юрку Віцьбічу (беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст, краязнаўца і дзеяч эміграцыі ў Амерыцы): «І тое, што я бачу ў арыгінале, я пераказваю на беларускую мову з ужыцьцём пры гэтым прыслугоўваючага мне права беларушчаньня гэтых словаў усюды там, дзе гэта толькі магчымым ёсьць. Інакш кажучы, я хачу казаць праўду…».
Ян Пятроўскі разам з жонкай Аліцыяй у горадзе Гейнсвіл у 1977 годзе заснаваў Беларускі дабрачынны адукацыйны фонд і быў яго нязменным прэзідэнтам. Фонд адыграў значную ролю ў дапамозе беларусазнаўчым даследаванням і публікацыям матэрыялаў беларускай тэматыкі. Яго намаганнямі ў заходніх краінах распаўсюджваліся веды пра Беларусь – край, які назаўсёды паланіў сэрца нашага земляка Яна Пятроўскага, хоць і жыў ён доўгі час на чужыне.
Анатолій ЖУК
Каментарый
18.12.2013
Пра сваю радзіму Ян Пятроўскі не забываў ніколі. Ёй прысвечаны першыя радкі Першага тома мемуараў. Я быў адным з тых на Беларусі, з кім Ян Пятроўскі меў ліставанне. Абменьваліся з ім сваімі выданнямі. Дасылаю на адрас сайта здымкі некалькіх выданняў Харытатыўна-Адукацыйнага фонду Яна і Аліцыі Пятроўскіх, дасланых Пятроўскім на мой адрас. Некалькі з іх мною перададзены ў фонд гарадской бібліятэкі.
Зробленыя заходнебеларускім мастаком Пётрай Сергіевічам партрэты Яна Пятроўскага і яго маці Юстыні Пятроўскай знаходзяцца ў фондзе Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску.
У Слуцку жылі і сваякі Яна Пятроўскага. Адным з іх быў вядомы ў свой час выкладчык фізікі СШ №8 Гузік Яўген Паўлавіч – яго пляменнік. Даваў яму чытаць Мемуары, дзе Яўген Паўлавіч знайшоў цікавыя звесткі пра сваю даўнейшую радню, пазней сам з ім перапісваўся і нават меў тэлефонныя размовы.
Для кніг Пятроўскага зрабіў экслібрыс, аднак выканаць у матэрыяле і даслаць на яго амерыканскі адрас не паспеў. Таму эскіз экслібрыса вывесіў на сваёй старонцы ў «Мастаках» сайта «Наследие Слуцкого края».
Дарэчы, адной з прычын (зыходзячы з «Мемуараў»), чаму ў Вільні Пятроўскі прымкнуў да метадыстаў, стала тое, што віленскія метадысты мелі беларускую арыентацыю і карысталіся беларускай мовай.
Ігар Ціткоўскі