Рыгор Мурашка
04.12.2013
(Мурашка Рыгор Данілавіч; Мурашко Григорий Данилович; 1902–1944)
Рыгор Мурашка нарадзіўся ў вёсцы Бязверхавічы на Случчыне. Пасля заканчэння двухкласнай валасной школы ў 1917 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Аднак праз год вучобу давялося спыніць, бо наш край акупіравалі войскі кайзераўскай Германіі, якіх пазней змянілі польскія акупанты.
Юнак уладкаваўся працаваць у суседні з Бязверхавічамі маёнтак Івань, а потым перайшоў на работу па рамонту шашы. Неўзабаве ўключыўся ў падпольную барацьбу супраць акупантаў. Падпольшчыкі вялі прапагандысцкую работу, распаўсюджвалі ў навакольных вёсках лістоўкі, збіралі зброю. Калі ж польскія легіянеры адступалі са Слуцка, патрыёты падпалілі на шашы мост і абстралялі акупантаў.
Некаторы час Р. Мурашка служыў у Чырвонай Арміі, потым быў на савецкай і партыйнай рабоце. У 1926–1929 гадах працаваў адказным сакратаром часопіса «Бальшавік Беларусі», уваходзіў у рэдакцыю часопіса «Маладняк» і ў кіруючыя органы гэтага літаратурнага аб"яднання, у 1930–1933 гадах быў загадчыкам аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года. Пра той час успамінае дачка пісьменніка Анцінея Мурашка: «Як я сябе памятаю, бацькі заўсёды дапамагалі то аднаму, то другому, то трэцяму. Наогул дом наш заўсёды быў поўны людзей. Нярэдка маці з бацькам называлі яго «Домам селяніна». Дзядзькі і цёткі са Случчыны (маю на ўвазе сваякоў) добра ведалі дарогу ў наш дом. І часта нашы пакоі выглядалі досыць маляўніча, калі, каб прайсці, трэба было пераступаць цераз людзей, якія спалі ўпокат. Добра помню дзядзьку Чарота. Ён прыходзіў да нас у доўгім чорным кажуху. Цяжкі быў кажух, цвікі гнуліся, калі яго павесіць. Дык ён кіне кажух у кут і кажа: там яму і месца. Часта заходзіў Мікола Хведаровіч, бацькаў лепшы сябар».
Нельга не сказаць аб тым, што ў канцы 1930-х – пачатку 1940-х гадоў значна пагоршыўся стан здароўя Рыгора Данілавіча Мурашкі, што не дазваляла яму ў поўную сілу займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. Давала аб сабе знаць атрыманае ў час белапольскай акупацыі раненне шабляй, да гэтага дадалася раптоўная гібель васьмігадовага сына. З-за хваробы і па некаторых іншых абставінах пісьменнік не змог эвакуіравацца перад прыходам гітлераўскіх захопнікаў у Мінск. Каб як-небудзь пракарміць сям"ю, давялося ісці на работу ў рэдакцыю калабарацыянісцкай «Беларускай газэты», дзе спачатку працаваў карэктарам, пасля рэдагаваў некаторыя матэрыялы. У гэтым выданні Р. Мурашка апублікаваў нарыс пра здачу Мінска Чырвонай Арміяй, уцёкі партыйнага кіраўніцтва, пачаў публікаваць і новую аповесць, але не скончыў яе. Неўзабаве ўстанавіў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі, забяспечваў іх звесткамі пра дзейнасць гарадской управы, біржы працы, прамысловых прадпрыемстваў, пра вываз у Германію культурных каштоўнасцяў Беларусі. Калі ж над пісьменнікам навісла пагроза арышту, яму дапамаглі перабрацца ў адзін з партызанскіх атрадаў у Лагойскім раёне. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, Рыгор Данілавіч выконваў складаныя баявыя заданні. А на адвароце копій баявых данясенняў рабіў накіды для новых твораў, многім з якіх не суджана было дайсці да чытача. У красавіку 1944 года Р. Мурашка загінуў пры прарыве варожай блакады партызанскай зоны.
Абразок «Папоўскі шлюб» – першы празаічны твор Рыгора Мурашкі, які ў 1924 годзе апублікавала газета «Савецкая Беларусь». А потым з-пад пяра пісьменніка выйшла нямала апавяданняў, якія склалі зборнікі «Стрэл начны ў лесе» (выдадзены ў 1926 годзе), «У іхнім доме» (1929), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934). У 1929 годзе выйшаў у свет раман «Сын», які прынёс яго аўтару шырокую вядомасць. У ім пісьменнік апісвае падзеі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Галоўны герой – вясковы хлопец, які трапіў у горад, з цягам часу стаў пралетарыем-рэвалюцыянерам. Раман, з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі, стаў адным з самых папулярных у беларускай савецкай літаратуры. У 1940 годзе часопіс «Полымя рэвалюцыі» друкаваў раман «Салаўі святога Палікара» (асобнай кнігай выдадзены ў 1967 годзе). У суаўтарстве з Н. Гарнічам Рыгор Мурашка напісаў кнігу «Бацька Бажэнка. Запіскі тарашчанца» (1935). У творчым набытку пісьменніка – раманы «Таварышы» (друкаваўся ў 1993 годзе ў часопісе «Полымя») і «Насуперак лёсу» (захоўваецца ў рукапісным варыянце), над якімі ён працаваў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ад сваіх першых да апошніх твораў Рыгор Мурашка прайшоў «пакутлівы шлях да праўды». Так вызначыў творчую эвалюцыю пісьменніка даследчык яго творчасці Міхась Мушынскі. На яго думку, «Рыгор Мурашка – вельмі своеасаблівы пісьменнік, са сваім бачаннем жыцця, сваім голасам, сваім стылем, характарам. Чыста пісьменніцкае і чалавечае ў ім моцна зліта. Раманы Мурашкі ўносяць новыя, шмат у чым нечаканыя штрыхі ў агульную панараму беларускай слоўнай творчасці. Мы вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён пакінуў нам раман «Таварышы», якім можа ганарыцца любая літаратура – ангельская, французская. У рамане – глыбокая праўда жыцця». Калі ў 2002 годзе ў Бязверхавічах адзначалі стагоддзе з дня нараджэння пісьменніка, звяртаючыся да яго землякоў, літаратуразнаўца Лідзія Савік сказала: «Рыгор Мурашка – адзін з самых таленавітых беларускіх празаікаў дваццатых – трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Цудоўна гучыць слова Мурашкі, гэта ж вершы ў прозе. Асабліва калі ён апісвае прыроду, вясковы побыт». А вось як характарызаваў нашага земляка яго сябар пісьменнік Мікола Хведаровіч: «Мурашка быў не асабліва гаваркі чалавек. Ён часцей слухаў і ўсё з нейкай хітрынкай усміхаўся, быццам насцярожана правяраючы самыя звычайныя размовы сяброў. Але гэта не было недаверлівасцю. Таго, хто добра ведаў Рыгора Мурашку, ён захапляў сваёй таварыскасцю, сваім чулым сэрцам… Ён любіў сяброўства, умеў цаніць дружбу і ніколі не пакідаў свайго таварыша ў бядзе».
Анатолій ЖУК