Валер Санько
02.12.2013
(Санько Валерый Аляксеевіч; Санько Валерий Алексеевич)
Валер Санько – беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, кнігавыдавец, доктар народнай медыцыны. Нарадзіўся ён 29 жніўня 1939 года ў вёсцы Вялікая Сліва Слуцкага раёна.
Пасля заканчэння Велікасліўскай сярэдняй школы з адзнакаю закончыў Баранавіцкае медыцынскае вучылішча (1958). Загадваў Лосіцкім фельчарска-акушэрскім пунктам у Пінскім раёне на Брэстчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1958–1961). Год вучыўся ў Мінскім медыцынскім інстытуце, але пазней закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (завочна), Мінскую вышэйшую партыйную школу. Пасля вучобы ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (1968–1971) здаў кандыдацкія экзамены, але дысертацыю на тэму «Беларуская чарадзейная казка» не абараніў. Некаторыя яго запісы фальклорных твораў надрукаваны ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага 50-томнага выдання беларускага фальклору.
Працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Мінску, журналістам у газетах «Чырвоная змена», «Звязда», загадваў рэдакцыяй медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва «Беларусь» (1972–1975). Пасля была праца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Здравоохранение Белоруссии», намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Народная асвета», загадчыкам рэдакцыі краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва «Полымя», намеснікам рэдактара чарнобыльскай газеты «Набат», дырэктарам заснаванага Беларускім дзіцячым фондам Беларускага выдавецкага Таварыства «Хата» (1992–2006).
Першае апавяданне В. Санько надрукавана ў 1958 годзе ў баранавіцкай раённай газеце. З таго часу пабачылі свет яго 16 аповесцяў і 68 апавяданняў, адзін раман. Выйшлі з друку зборнікі апавяданняў і аповесцяў «Жыватворныя крыніцы» (1979), «Знаёмства» (кніга трох аўтараў, 1982), «Усё скончана: мы прайшлі па Маскве» (1993), «Не плач, маці» (1995), «Дахаты пойдуць усе» (1999), «Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах» (2009), «Грэх на іх нязмыўны» (2013), раман «Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе» (2013). У суаўтарстве падрыхтаваў навукова-папулярныя кнігі «З вудай і стрэльбай», «Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму», «Размова з прыродай», «Прыроды шчодрыя дары», «Дары лясоў, палёў, лугоў». Доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны В. Санько вывучае беларускае язычніцтва, прыкметы, абярэжніцтва, займаецца краязнаўствам. Ён аўтар дзвюх кніг па лячэнню травамі (з Н.І. Аляксейчык, 1992, 1993), дзвюх кніг аб прыкметах і афарызмах: «Размова з прыродай» (з В.Э. Шомадзі, 1990), «Гаворыць – старажытны Рым, гавораць – пра старажытны Рым» (2003).
Кніга «Грэх на іх нязмыўны» – пра гібель у Маскве ў 1942 годзе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Чацвёртую старонку вокладкі займае ўпершыню апублікаваны рэдкі здымак, зроблены ў маі 1933 года: Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка і навучэнцы рабфака ў вёсцы Сосны Любанскага раёна Мінскай вобласці.
Вынікам дзевятнаццацігадовага даследавання стаў дакументальны раман «Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе». Гэта твор аб прычынах выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, падаюцца біяграфіі ліквідатараў наступстваў аварыі, перасяленцаў. Мастацкі тэкст дапоўнены ўстаўкамі з архіўных дакументаў і навуковай літаратуры. Аўтар прасочвае лёс дзеючых асоб рамана ў сувязі з падзеямі красавіка 1986 года і пасля чарнобыльскай катастрофы. Твор прымушае задумацца аб магчымай будучыні чалавецтва: «Пры цяперашнім развіцці тэхнікі ўсім пара ўшалопіць: бяспекі для цябе, тваёй нацыі, дзяржавы ў ядзерным каламуцці не будзе. Чалавек – дух матэрыі – можа не заўважыць, як згубіць душу і цела не толькі сам, згіне чалавецтва, наймілая Зямля. Ядзернае пекла аднолькава сажрэ гаспадара і парабка, адвагу і палахлівасць, працавітасць і гультайства, грашавітасць і бамжатніцтва…».
Не магу не ўспомніць яшчэ адзін твор В. Санько, які звязаны са Случчынай, – дакументальную аповесць «Згарэў у Слуцку суд народны», дзе падрабязна апісаны стыхійны бунт случчан у кастрычніку 1967 года. Аўтар вывучаў дакументы ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, сустракаўся з тымі, хто меў дачыненне да згаданых падзей, сярод якіх былі партыйныя работнікі, міліцыянеры, людзі, асуджаныя за спальванне суда, іх сваякі. Гэта дало магчымасць паказаць у творы мноства разнастайных дэталяў, якія поўнасцю адпавядаюць тагачаснай слуцкай рэчаіснасці.
Мова твораў В. Санько адрозніваецца ад мовы твораў, напрыклад, Алеся Жука, Паўла Місько ці Віктара Дайліды, хоць усе паходзяць са Случчыны. Аналізаваць гэтыя адрозненні не маю на мэце, скажу толькі пра адно з іх. У апавяданнях і аповесцях В. Санько вельмі шырока, як ніхто іншы з вядомых мне беларускіх пісьменнікаў, выкарыстоўвае дыялектызмы – словы і словазлучэнні, якія характэрны для гутарковай мовы на Случчыне. Магчыма, толькі дзякуючы творам В. Санько застануцца жыць многія словы, якія ўсё больш і больш выходзяць з ужытку.
Пра свае адносіны да дыялектызмаў у прадмове да кнігі «Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах» В. Санько напісаў так: «Кожнае слова, якое дыхае вёскаю, зямлёю, даўнінаю, мне дарагое, блізкае. Праз яго, названае навукоўцамі дыялектам, адчуў раней нязнанае, сувязь з гіпербарэйцамі, заснавальнікамі ведыйцаў, арыйцаў, еўрапейцаў, Грэцыі, Рыма. Роднасць з даўнінаю ў іх, дыялектах. Адно слова дыялектнае – зачастую сінтагм цэлай фразы». Сінтагма (так у слоўніку – у адрозненне ад варыянту В. Санько) – гэта інтанацыйная і рытмічна арганізаваная група слоў або частка выказвання з адносна закончаным сэнсам. Словы ў дужках прыведзены нездарма, бо пры чытанні твораў В. Санько трэба быць гатовым да сустрэчы з немалой колькасцю слоў, у напісанні якіх аўтар не прытрымліваецца слоўнікавага варыянту (пра дыялектызмы ўжо і не кажу).
З гэтым можна пагаджацца, можна крытыкаваць аўтара, але думаецца, што мова твораў В. Санько мае права на існаванне. Асабіста мне імпануе ў іх тое, што аўтар умее па-свойму, залішне не расцягваючы, як любіць хто-ніхто з пісьменнікаў, двума-трыма (мо крыху і больш) дзясяткамі фраз расказаць пра некалькі гадоў жыцця свайго героя, што надае творам дынаміку, пазбаўляе іх нудотнай расцягнутасці. У сваіх творах В. Санько нераўнадушны да прыроды, роднага кутка, паказвае іх прыгажосць, а яшчэ – сілу малітвы, старабеларускіх прыкмет і абярэгаў, не пазбягае і філасофскіх абагульненняў. У адным са сваіх твораў наш зямляк зазначыў: «…Усё жыццё любіў, люблю і любіцьму не адно Случчыну – усю Беларусь. Дзе ні быў (двойчы за акіянам), знічкаю яснаю шугавела ў душы любасць да радзімнай зямлі. Дай Бог, каб вы яе так любілі».
Анатолій ЖУК