Ганна Міклашэвіч

Ганна Міклашэвіч

(Міклашэвіч Ганна Іванаўна; Миклашевич Анна Ивановна)
02.04.2013

Імя Ганны Міклашэвіч, спадзяюся, не з"яўляецца адкрыццём для аматараў паэзіі, бо з яе творамі можна было пазнаёміцца на старонках газет «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Настаўніцкая газета», «Мінская праўда», «Слуцкі край», часопісаў «Полымя», «Маладосць», у іншых сродках масавай інфармацыі. У 1999 годзе пабачыў свет зборнік яе вершаў «Калыханка для дваіх» – своеасаблівая проба пяра, як лічыць сама паэтка. А ў канцы 2010 года ў адным з мінскіх выдавецтваў тыражом у 300 экзэмпляраў выйшла кніга яе паэзіі «Пялёсткі сняжынак», дзе змешчаны 98 вершаў. У анатацыі да зборніка небеспадстаўна гаворыцца: «Пялёсткі сняжынак» прасякнуты светлым пачуццём любові да роднага краю, блізкіх ёй людзей і, безумоўна, да каханага чалавека. Інтымная лірыка паэткі, якая займае большую частку кнігі, па-добраму ўражвае сваёй адкрытасцю, неймавернай шчырасцю, пяшчотай». 2006 год стаў адметны важнай падзеяй у творчым жыцці Ганны Міклашэвіч – прыёмам у Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Нарадзілася Ганна Міклашэвіч (дзявочае прозвішча Находка) 29 ліпеня 1973 года ў вёсцы Якавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Першыя спробы вершаскладання Ганна зрабіла ў школьную пару. Тады ж узнікла мара стаць настаўнікам, якая прывяла яе спачатку ў педагагічнае вучылішча, а потым – на факультэт беларускай філалогіі і культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яго яна закончыла завочна, адначасова працуючы педагогам-арганізатарам у Грэскай сярэдняй школе Слуцкага раёна. Цяпер яна тут – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. А яшчэ разам з мужам выхоўвае сына і дачку.

«Радок нараджаю, як светлую споведзь...». Так напісала ў адным з вершаў Ганна Міклашэвіч. Гэтыя словы, па-мойму, у многім характарызуюць яе творчасць, яе бачанне свайго месца ў паэзіі. Неяк на сустрэчы з чытачамі ў раённай цэнтральнай бібліятэцы яна заўважыла: «Вершы – як дзеці, яны – часцінка душы, сэрца, сведчанне майго разумення сусвету, маіх адносін да жыцця, да людзей. У кожным вершы хочацца многае сказаць». Гэтыя памкненні годна ацаніў паэт Мікола Шабовіч, рэдагуючы паэтычны зборнік «Пялёсткі сняжынак». Але ж раней ён, як успамінае Ганна Міклашэвіч, крытыкаваў яе вершы, і было «так крыўдна, бо ўсе, каму чытала, мае вершы хвалілі». Што ж, крытыка больш вопытнага творцы не прайшла бясследна, у многім паспрыяла станаўленню маладой паэткі. І цяпер ужо можна гаварыць пра асабісты паэтычны почырк Ганны Міклашэвіч, пра адметнасць яе погляду на жыццёвыя з"явы, на ўнутраны свет чалавека. А самой паэтцы, як яна прызналася, вельмі падабаюцца вершы Яўгеніі Янішчыц сваёй «жаноцкасцю, непаўторнасцю і чысцінёй».
                                                                                                                                                                       

Анатолій ЖУК
 

Ганна МІКЛАШЭВІЧ
       
 

*   *   *
 

Куток бацькоўскі... Родная зямля
У пошуме вячыстых стромкіх соснаў!
Я да цябе прыехала здаля,
Каб прытуліцца па-дзіцячы проста.

 

Блакітам поўняць сэрца васількі –
Так тата на мяне глядзеў ласкава.
Нібыта дотык роднае рукі,
Пяшчоцяць валасы густыя травы.

 

Спявае гімн спатканню салавей –
Начной парою мой адзіны дружа.
Бацькоўскі кут – святло мaix надзей,
Дзявочых сноў расквечаная ружа.

 

*   *   *
 

Вясной дарыла першыя пралескі,
А летам – цёплы дождж i зарапад,
А восенню – жаўтлявыя ўзлескі,
Зімою – легкакрылы снегапад...

 

Раўнівіца, нязгаданая зорка,
Няўцямнае, упартае дзяўчо...
Я дагарала іскрай нетаропка,
Упаўшы на жаданае плячо.

 

*  *   *
 

Садоў духмяных вэлюм белы,
Ты зноў мяне запаланіў.
Твой водар стрымана-нясмелы
Ў душы гаркоту засланіў.

 

Густая квецень грушы-дзічкі
Махае белым палатном,
Красуюць вішанькі-сястрычкі,
Вясновы цешыць дождж i гром.

 

Прыветны ранак, спеў шпачыны,
Красуе ўдалечы сасна...
Мне вобраз любага мужчыны
Малюе шчодрая вясна.
                
 

*   *   *
 

Забарані кахаць, забарані…
А шкадавання, літасці – не трэба.
Задзьмі няўтольна-палкія агні,
Што запалілі майго лёсу неба.

 

Забарані кахаць, забарані…
Гані мяне да д"ябла ці да Бога.
Не трэба больш салодкае хлусні:
Стамілася ад шчасця незямнога.

 

Забарані кахаць, забарані…
Хай сэрца жар сляза ўначы патушыць,
Хай адлятаюць журавамі дні,
Тваё маўчанне хай надзею рушыць.

 

*  *   *
 

Твая ўсмешка вабіць чысцінёю.
Я веру ў вачэй святы наіў.
Маё каханне – шчасце незямное –
Ты не прыдумаў, любы, не прысніў...

 

Яно жыве вясною, i табою,
I вераю ў наш святы саюз...
Не быў прывідам i спакуснай мрояй
Наш незямны, шчаслівы летні блюз...

 

Яно жыве тваім цяплом i песняй,
Душой, якая ўсцешвае здаля...
Пасля зімы ў прыродзе ёсць прадвесне:
Шчэ не стаіць, а круціцца зямля...

 

Бо мы жывём надзеяю адною,
Яе ў Бога кожны адмаліў...
Твая ўсмешка вабіць чысцінёю.
Я веру ў вачэй святы наіў.