Каржанеўская Галіна Анатольеўна
18.02.2013
Паэт, публіцыст, драматург.
Нарадзілася 27 жніўня 1950 г. у вёсцы Лясішча Слуцкага раёна ў сям'і служачых.
Да шасці гадоў гадавалася ў дзеда з бабай, Сцяпана і Марыі Каржанеўскіх, пакуль бацькі-аграномы не забралі яе ў Капыльскі раён.
У 1968 г. скончыла Янушкавіцкую сярэднюю школу Лагойскага раёна, паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З трэцяга курса перавялася на завочнае аддзяленне і пачала настаўнічаць у Янушкавіцкай школе. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1973) выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе пасёлка Плешчаніцы Лагойскага раёна.
У 1980–1982 гг. – рэдактар літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. З 1984 г. – карэспандэнт аддзела прозы і паэзіі, з 1986 г. – загадчык аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сябра СП СССР з 1976 г.
Выдала звыш дзесяці кніг розных жанраў.
Падтрымлівае сувязь з малой радзімай. Напісала нарыс пра родную вёску (часопіс «Маладосць», 2010, № 8).
З вершамі ў рэспубліканскім друку выступіла ў 1967 г. Выступае і як крытык.
Бібліяграфія
«На мове шчасця». Зборнік пазіі. 1973 г.
«Мой сад». Вершы і паэма. 1976 г.
«Званы гадоў». Зборнік пазіі. 1980 г.
«Іван Світаннік». П'еса для дзяцей. Пастаўлена ў 1981 г.
«Жыла-была». Зборнік пазіі. 1983 г.
«На што падобна аблачынка». Кніга вершаў для дзяцей. 1983 г.
«Зуб мудрасці». П'еса. Часопіс «Маладосць», 1984 г.
«Шукайце кветку-папараць». П'еса для дзяцей. Пастаўлена ў 1985 г.
«Мора, аддай пярсцёнак». П'еса. Часопіс «Полымя», 1987 г.
«Вечны водгук». Вершы і паэма. 1988 г.
«Сінічка на балконе». Кніга вершаў для дзяцей. 1989 г.
«Што варта радасці і слёз…», біяграфія ў вершах і нарысах, «Кнігазбор», 2013 г.
* * *
Я пачуцці хаваць
не прывучана.
Ты любоў мая, Случчына!
Да тваіх сенажацяў спелых
Я руплівай пчалой ляцела.
Даўжынёю ў гады – дарога.
Прыпазнілася: стог ля стога.
Пазнаюць мяне ледзьве-ледзьве
Нават родныя. Нават суседзі.
Як марудна цяплеюць вочы:
– То ж Марусіна, аграномчына!
Абступілі, гамоняць цёткі…
Ўсё ж пазналі.
Прызналі ўсё-ткі!
* * *
Бабулінай печы хвала
Адмысловай –
Цэнтральнай фігуры
У хаце вясковай!
Пагрэцца яна
Запрашала ахвотна
Зімой пасля снежак,
А летам – у слоту.
З паўзмрочных куткоў
І з трэшчын чарэні
Фантазій дзяціных вылазілі цені.
Бабулінай печы хвала!
І сягоння
Перад ёю
І сёння згінаецца нехта ў паклоне.
Там шэпчуцца казкі,
Смяецца малеча.
– Падумаеш, печ!
– Я скакала…ад печы.
ЖЫЛА-БЫЛА
Жыла-была.
Гуляла у лапту,
Для парасятак рвала лебяду.
Жыла-была, ніколькі не тужыла,
Намочвала каленцы у расе,
На сене, на духмянай канюшыне
Любіла пакачацца, як і ўсе.
Рукамі залатыя парушынкі
Лавіла ў прамяністай паласе.
Дражняць парушынкі, мітусяцца,
Круцяцца, няўлоўныя, ля пальцаў…
Жыла-была.
Блукала ў кукурузе…
Драбніц усіх прыпомніць не бяруся:
Былое уцякае ад мяне,
Як тыя парушынкі у гумне.
ПАМЯЦІ ДЗЯДУЛІ
Так асцярожна
Зямельку ты браў у жменю,
Бы птушаня,
Якое лятаць не ўмее.
Глядзеў на яе уважліва –
Вось гэтак глядзіць вучоны
У кнігу,
Каштоўную мудрасцю.
Сціскаў камячкі вільготныя,
І долу цяклі скрозь пальцы
Нябачныя промні сонца…
Не ведаў ніхто, дзядуля,
Што ўвосень
Сырой зямелькай
Засыплюць твае далоні
Так асцярожна.
* * *
Пралілася скупая сляза
Ды упала на тую магілу,
Што дзядулю майго затуліла
Ад жыцця, ад дабра і ад зла.
Не азваўся маўклівы грудок.
Паяднаны навекі з зямлёю,
Ты ці сочыш за доляй маёю,
Ты ці помніш мяне, мой дзядок?
Каб забыўся, было б мне лягчэй.
Не заўсёды бываю я вартай
Не замглёнага жалем пагляду,
Не закрытых любоўю вачэй…
* * *
Маці прысвячаецца
Мы выязджалі з Ягаднага ранкам –
З мясцін, хто нехта называе глушшу,
Дзе жураўлі (калодзежы, не птушкі!)
Яшчэ жывуць
і дзе стаяць буслянкі.
Развітваліся, дыхалі прыволлем.
Драмалі дзеці. Нетаропка днела.
Варотцамі і вёдрамі грымела
Рабінавая вулка.
Вось і поле.
Мякчэла маці кожненькаю рыскай,
Глядзела з прыхаванаю тугою:
Па гэтых сцежках бегала малою,
Тут вырастала, тут яе калыска.
Яе калыска – значыцца, пачатак
Мяне самой.
Я макавінкай спела,
Пакуль яна за кніжкамі сядзела
І сёстравы даношвала апраткі.
Відаць, таму світальныя прасторы,
Рабіны, і жыты, і далягляды
І мой пагляд прыцягваюць уладна,
Са мной таксама хораша гавораць.
ЖАЛОБНАЕ
Памяці бацькі Анатоля Сцяпанавіча
Нясці труну – мужчынская работа.
Ўгрызацца ў дол
да зморы і да поту.
Занятак і жаночым ёсць рукам:
Жалобны стол
ладкуецца не сам.
Крыж змайстраваць,
падушачку пашыць
Таму, хто шчэ збіраўся
з намі жыць,
Чыя душа разгублена лунае
І дзе прытулак будзе ёй –
не знае.
* * *
Слуцкай радні
Дзе вы, гады мае, блукаеце,
Калі я нанач спаць кладуся?
Напэўна, часу многа маеце –
І ў лесе скачаце, і ў лузе.
А можа, вёскай паўзабытаю
Ідзеце
(сны мне падказалі),
Якую звалі Аксаміты,
А потым націск памянялі?
А ёсць яшчэ адна –
няблізкая
І даражэйшая у свеце,
Дзе баба гойдала калыску.
Вы і яе не абмінеце.
Уколе памяць занядбаная:
– Даўно Лясішча не наведвала.
Жыве радня там спрацаваная,
Але прыязная і ветлая.
Мае гады, мае таварышы,
Мае настаўнікі харошыя…
Набытак ваш
бяссоннем важу я,
А ранкам клічу з падарожжа.