Антон Алешка (Да 100-годдзя з дня нараджэння)
01.02.2013
Антон Антонавіч Алешка (1.02.1913–13.09.1971) нарадзіўся ў вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям"і. У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў: «Бацькі мае былі малазямельныя сяляне, жылі мы бедна і, каб хоць мець нейкую капейку, працаваць даводзілася з цямна да цямна… Чытаць я навучыўся рана і з шасці гадоў пайшоў у школу. Вучыўся ахвотна і добра. Настаўніца амаль што заўсёды хваліла мяне. Гэта радавала бацькоў і трошкі злавала братоў (у Антона былі два старэйшыя браты – Віктар і Аляксандр. – А.Ж.): як так, самы меньшы, а глядзі ж ты!.. Калі я скончыў пачатковую школу ў сваёй вёсцы, бацька адвёз мяне ў вёску Чапліцы вучыцца ў сямігодцы. Пасля яе заканчэння падаў дакументы ў Слуцкі педтэхнікум, дзе правучыўся два гады, і ў 1931 годзе быў накіраваны на працу ў мястэчка Лапічы Асіповіцкага раёна. Там выкладаў беларускую мову і літаратуру, а таксама рускую мову і літаратуру. Працаваў я ў школе чатыры гады, кіраваў рознымі гурткамі... У гэты ж час пачынаю пісаць пра жыццё і працу ў глухой палескай вёсцы маладога настаўніка. Помніцца, што напісаў я каля дзясятка апавяданняў, але друкаваць нікуды не пасылаў. Лічыў, што мастацкі ўзровень іх пакуль што не надта высокі. А першы мой твор, які з"явіўся ў друку ў 1932 годзе – было апавяданне “Песня восені”».
Працуючы настаўнікам, Антон Алешка не забываў пра сваю мару – стаць урачом. Гэта прафесія вабіла яго з дзяцінства. У 1935 годзе ён паступіў у Варонежскі медыцынскі інстытут. Праз год вучобы яго ў ліку студэнтаў-выдатнікаў накіравалі ў Ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М. Кірава, што знаходзілася ў Ленінградзе. «Вучобу ў акадэміі скончыў напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе. Я ўжо быў накіраваны на Далёкі Усход, але неўзабаве вайна паламала ўсе планы. Апошні час перад вайной я жыў у Ленінградзе з сям"ёй – жонкай і маленькім сынам. Адсюль, атрымаўшы званне ваенурача, трапляю ў дзеючую армію спачатку на Заходні, а потым на 3-ці Беларускі фронт... Доўгі час давялося служыць сярод авіятараў, у злучэнні, у якое ўваходзіў славуты авіяполк французскіх добраахвотнікаў «Нармандыя – Нёман». Я неаднаразова гутарыў з французскімі лётчыкамі, з гэтымі простымі маладымі хлопцамі, якія прыляцелі ў чужую краіну, каб змагацца тут з фашызмам за свабоду і сваёй Францыі». У той час А.А. Алешка быў старшым урачом 523-га авіяцыйнага знішчальнага палка 303-й авіяцыйнай дывізіі. Хто падлічыць, колькі воінаў атрымалі ад яго неабходную медыцынскую дапамогу, колькі жыццяў выратаваў ваенны ўрач Алешка! Як пісаў у сваім вершы «Ваенурач» лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Валянцін Лукша,
«У строй байца паставіць –
Плён бязгрэшных.
Тут дар патрэбны і не трэба слоў.
Мог палкавы ўрач Антон Алешка
Пілота склеіць нават са шматкоў».
На фронце Антон Алешка не пакідаў літаратурнай творчасці, хоць франтавыя ўмовы наўрад ці можна назваць спрыяльнымі для гэтага. «Але калі выпадала вольная хвіліна паміж баямі, тады заўсёды стараўся прыстроіцца ў якім-небудзь ціхім месцы і пісаць. За гады вайны напісаў шэраг апавяданняў і аповесцей, але амаль усё гэта згубілася ў час вайны».
У біяграфіі Антона Алешкі было нямала цікавага. Сведчаннем таму – яго франтавы дзённік, які захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску. Дзённік уяўляе сабою палову агульнага сшытка, які не вельмі добра захаваўся. Першы запіс у ім зроблены 4 красавіка 1942 года, апошні пазначаны 28 кастрычнікам 1944 года. У радках дзённіка – два з паловай гады франтавога жыцця маёра медыцынскай службы А.А. Алешкі: будні ваенных авіятараў, эпізоды баявых вылетаў, работы санітарных падраздзяленняў і многае іншае. Вось некалькі запісаў з франтавога дзённіка Антона Алешкі:
«22.VI. Сёння ўжо гадавіна вайны. Ужо год, як я быў разам з Шурачкай, год, як я бачыў яе, дарагушку. Дзе яна зараз? А Валерык? Сын мой, сын! Бацька твой носіцца, дзе трэба і дзе нельга, што будзе далей – невядома.
7.VIІ. Полк правёў некалькі паветраных баёў. Камісар Любімаў збіў МЕ-109. Калі даў, дык міма яго толькі абломкі паляцелі. Біў разрыўнымі... Полк збіў шэсць самалётаў.
8.VІI. Сёння паранены камісар Любімаў. Куля прабіла кабіну, ударыла ў ракетніцу, адскочыла і ўдарылася ў бакавую паверхню правага бядра. Там, мусіць, і сядзіць. Шкада, што няма рэнтгена.
2.VІI. (1944 год – А.Ж.) Падзеі разгортваюцца з маланкавай хуткасцю. Тут былі нашы пад Бабруйскам, а зараз – Асіповічы, а ўчора, першага чысла, перадалі Слуцк – Пагост. Сёння раніцай я пайшоў на рыдыёстанцыю: заняты Чырвоная Слабада, Капыль, Грэск... Аб чым бы ні гаварыў, а думкі мае далёка адсюль. Я сабе ўяўляю, што наша вёска спалена. Сізы попел носіць вецер. Старчыцы, можа, і захаваліся. А хто там жыве? Ці там Шура, а Валерык дзе? Калі жывы ён – пяты год. Гэта ўжо ўзрост! Не прызнае бацьку, калі спаткаемся. Вельмі і вельмі цікава ведаць, што і хто там дома.
5.VІI. Гарачы дзень. Пыл і дым... Лётчыкі пайшлі пастраляць у лясок. Сталі ў рад і пачалі біць у мішэнь. Праз тры хвіліны выходзяць дванаццаць немцаў:
– Дай плен...
Насмешка гісторыі. Тры гады таму назад мы беглі ад немцаў. Зараз яны бягуць.
21.VIІ. Сёння ўсю ноч білі нашы самалёты. Стагнала зямля. Ноччу пачалася перастрэлка. Некалькі трасіруючых куль стукнулі па страсе гумна, дзе мы спалі. Раніцай выявілася, што гэта на наш дазор наткнулася група фрыцаў.
5.VІІI. Ура! Ура! Ура! Сёння атрымаў ліст з дому. Піша мама, Шура. Збіраўся напісаць мне і Валерык, але кудысьці пайшоў гуляць. Алесь дома, Алена дома, няма толькі Віктара. А дзе ён? Мне пісалі ў 1942 годзе, што ён згінуў без вестак. Мне ўсё не верылася, што ён, скажам, загінуў. Аднак усё можа быць.
18.Х. Учора роўна ў 9.30 задрыжэла зямля. «Бог вайны» загаманіў. Пачалося наступленне.
27.Х. Лятаў з камандзірам у Бірштаны (цяпер Бірштанас у Літоўскай Рэспубліцы – А.Ж.). Палёт быў з малюнкамі. Ура! Ура! Еду заўтра дамоў».
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны да 1963 года А.А. Алешка служыў ваенным урачом у часцях знішчальнай авіяцыі Ваенна-Паветраных Сіл СССР. Звольніўшыся з арміі ў званні падпалкоўніка медыцынскай службы, цалкам аддаўся літаратурнай творчасці. На яго рахунку – кнігі аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969), выбраныя творы «Неба на замку» (1974, 1984). Па словах народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, Антон Алешка стаў адкрывальнікам новай тэмы ў беларускай літаратуры – пра баявыя справы і мірныя будні ваенных авіятараў. Дарэчы, у Саюз пісьменнікаў СССР Антон Алешка быў прыняты ў 1951 годзе. Яго баявыя і працоўныя заслугі адзначаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны ІІ ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. А яшчэ – цёплымі ўспамінамі франтавых пабрацімаў, сяброў па літаратурнаму цэху. Многія з іх сабраны ў кнізе «Узнавая отца», якую падрыхтаваў сын пісьменніка Валерый Алешка. Яна выйшла з друку ў адным з мінскіх выдавецтваў у 2005 годзе і змяшчае ўспаміны, вершы, дакументальныя нарысы, малюнкі, урыўкі з твораў Антона Алешкі, фотаздымкі з сямейнага альбома. З кнігі перад намі паўстае асоба выдатнага чалавека, мэтанакіраванага, працавітага, які сам, як кажуць, зрабіў сябе і ў медыцыне, і ў літаратуры.
Вось узятыя з кнігі словы пісьменніка Алеся Савіцкага: «Імя пісьменніка Антона Алешкі займае сваё адметнае месца. Гэта пісьменнік своеасаблівы. Бо ён адкрываў новыя старонкі вайны. Тыя старонкі, якія мог адкрыць толькі той, хто бачыў на свае вочы людзей, бачыў, як знішчальнікі садзіліся, як французы знішчальнай эскадрыллі «Нармандыя – Нёман» вярталіся з баявых палётаў на прастрэленых самалётах. І ён пра гэта ўсё расказаў».
Хто не ведае ці хаця б не чуў пра раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні»? А ці ведаеце, што дачыненне да гэтага рамана мае і Антон Алешка? Слова – Івану Пятровічу Шамякіну: «Антон Антонавіч быў маім кансультантам (гэта я гавару шчыра!) пры напісанні рамана «Сэрца на далоні». У той перыяд я, канешне, вывучаў жыццё медыкаў, урачоў-хірургаў і медсясцёр, прысутнічаў на аперацыях у бальніцах, але не ведаў і малой часцінкі таго, што ведаў пра медыцыну Антон Антонавіч. Ён мне многае падказваў, многа расказваў пра працу і жыццё ўрачоў, асабліва ўрачоў-хірургаў. І ўсё роўна, калі я пісаў «Сэрца на далоні», то там, то тут я заходзіў у тупік, адчуваў, што мне не хапае падрабязнасцяў з жыцця ўрачоў. Тады я званіў па тэлефону Алешку: «Антон, дарагі! Такая і такая сітуацыя складваецца ў мяне па ходу сюжэта. Як бы ты выйшаў з гэтай сітуацыі?» І Антон мне падказваў, што вельмі дапамагло мне ў рабоце над раманам “Сэрца на далоні”».
«Нас заўсёды захаплялі нястомная дзелавітасць Антона Антонавіча і яго грамадская актыўнасць, шчырая, сумленная прынцыповасць у адносінах да важнейшых жыццёвых спраў. Гэты чалавек ніколі не крывіў душой, не пасаваў перад цяжкасцямі, перад рознымі выпрабаваннямі лёсу, хоць ён, яго лёс, быў даволі складаны», – а гэта ўжо ўспаміны пісьменніка Аляксея Кулакоўскага.
– Не напісаць гэту кнігу я не мог, – гаварыў пры сустрэчы са мной Валерый Алешка. – Я лічу, што ў кожнай сям"і павінна быць уласная кніга пра свой род, пра сваіх продкаў. І не так важна, кім яны былі. Апошнім часам стала ледзь не модным, асабліва ў некаторых колах, казыраць сваім дваранскім паходжаннем. А мой бацька – з сялянскага роду. І я гэтым ганаруся.
Ёсць падставы і нам, случчанам, ганарыцца сваім земляком Антонам Антонавічам Алешкам – урачом, пісьменнікам, чалавекам. Імем Антона Алешкі названа адна з вуліц горада Слуцка.
Анатолій ЖУК