«Усё, як у кіно, толькі гэта адбывалася ў рэальнасці»

«Усё, як у кіно, толькі гэта адбывалася ў рэальнасці»

Можна зняць дэтэктыўны серыял

Аб службе Уладзіміра Георгіевіча ў крымінальным вышуку сапраўды можна зняць дэтэктыўны серыял – на яго рахунку і яго калег мноства раскрытых злачынстваў. Змагацца з правапарушальнікамі, зламыснікамі давялося ў перыяд «росквіту» злачыннасці – у ліхія 1980 – 90-я гады. Гэтай небяспечнай, складанай, але неабходнай, запатрабаванай справе чалавек прысвяціў каля 30 гадоў свайго жыцця.

– У крымінальны вышук я прыйшоў пасля заканчэння Мінскай спецыяльнай школы міліцыі імя Фрунзе ў 1976 годзе. Пачынаў работу ў гэтым падраздзяленні оперупаўнаважаным. Ні секунды не шкадаваў аб сваім прафесійным выбары, – гаворыць субяседнік. – Узгадваю гады службы ў Слуцкім ГРАУС з цеплынёй  і настальгіяй. Маладосць, запал, засады, «галаваломкі» па выяўленні злачынцаў, служба ў кругласутачным рэжыме... Была ў нашай рабоце свая значнасць, адмысловасць і нават рамантыка, усё гэта і сёння вельмі важнае і дарагое для мяне.

Ураджэнец вёскі Сярагі Уладзімір Гусак з малых гадоў марыў пра мужную прафесію. Выпускнік сярэдняй школы №6 горада Слуцка не прайшоў па конкурсе ў ваеннае вучылішча і пасля службы ў арміі рашыў паспрабаваць сябе ў рабоце ў слуцкай міліцыі.

«Зацвела буйным цветом «малина»...

Уладзімір Георгіевіч цудоўны расказчык, з цікавасцю я слухаю яго аповеды пра затрыманне злачынцаў, прыёмы вышуковай работы і ўзгадваю, якімі нялёгкімі, небяспечнымі для міліцыянераў, ды ўсіх людзей, былі тыя часы, калі «зацвела буйным цветом «малина»...

На вуліцы імя Леніна ў Слуцку было знойдзена цела мужчыны з траўмамі. Ужо ў хуткім часе аператыўнікі выйшлі на падазраваемага ў забойстве непаўналетняга случчаніна. Як аказалася, ён дзейнічаў не адзін, а ў групоўцы з яшчэ некалькімі маладымі людзьмі: напалі на прахожага, збілі, забралі каштоўныя рэчы, вопратку, грошы. Оперупаўнаважаны Уладзімір Гусак звярнуў увагу на дарагі гадзіннік на руцэ аднаго з падазраваемых. Узгадаў, што ў аддзел міліцыі не так даўно паступіла заява аб грабяжы, у чалавека у тым ліку забралі падобны ручны гадзіннік. Так было выяўлена, што «малалеткі» аграбілі яшчэ некалькі чалавек.

А вось яшчэ адна крымінальная справа, да раскрыцця якой Уладзімір Георгіевіч мае непасрэднае дачыненне. На стадыёне каля сярэдняй школы №6 у горадзе знайшлі двое забітых – мужчыну і жанчыну – з перарэзанымі шыямі. Па сваіх каналах аператыўнікі ўстанавілі, што забойства, магчыма, учыніў чалавек з мянушкай «галава». Сярод «блатных» быў рэцыдывіст з такой мянушкай, але ў яго аказалася жалезнае алібі. Аператыўнікі ўсё ж знайшлі сапраўднага забойцу, дарэчы, у яго таксама была мянушка «галава». Мужчына забіў людзей проста па «п’яні».

–Мяне прызначылі старшым оперупаўнаважаным, я працаваў таксама намеснікам начальніка крымінальнага вышуку, а ў 1996 годзе ўзначаліў гэта падраздзяленне Слуцкага ГРАУС, служыў да 2002 года – да выхаду на пенсію, – дзеліцца падпалкоўнік міліцыі. – У 1980 – 1990-х для нашай краіны сапраўды былі нялёгкія часы: татальны дэфіцыт, анархія ў грамадскім жыцці, лавіна злачыннасці. Не праходзіла і дня без крадзяжоў, грабяжоў згвалтаванняў і іншых злачынстваў у раёне, ды па ўсёй Беларусі. Мы працавалі, можна сказаць, у спартанскіх умовах, напрыклад, у нашым распараджэнні была толькі адна службовая машына, нашы сем’і нярэдка не бачылі нас па некалькі сутак. Актыўна ўзаемадзейнічалі з іншымі падраздзяленнямі аддзела міліцыі, нам дапамагалі дружыннікі, проста жыхары Случчыны. Скажу шчыра, мы неслі службу не дзеля грошай ці пагонаў, а па перакананнях. Вельмі хацелася, каб усталяваўся сапраўдны парадак, каб дзейнічаў закон.


Калі калегі аднадумцы і сябры

Уладзімір Георгіевіч успамінае, як раскрывалі серыю грабяжоў у дамах «новых рускіх»: група рэцыдывістаў у масках пранікала ў домаўладанні, звязвала гаспадароў і забірала, што душа пажадае. У выніку гэты «маскарад» аказаўся за кратамі. Слуцкія аператыўнікі раскрылі і серыю крадзяжоў тавараў з сельскіх магазінаў раёна. Злачынцы нават сваю стратэгію распрацавалі – прыязджалі да гандлёвых аб’ектаў толькі на украдзеных машынах. Аднак і ім не ўдалося пазбегнуць пазбаўлення волі. На слуцкім рынку супрацоўнікі крымінальнага вышуку ГРАУС у адзін з выхадных дзён затрымалі адразу восем масцітых зладзеяў, у тым ліку шэсць асабліва небяспечных злачынцаў, якія на «Волзе» з Мінска прыехалі ў Слуцк, каб пачысціць кішэні і кашалькі пакупнікоў. Гэта, вядома, далёка не поўны пералік крымінальных спраў, раскрытых Уладзімірам Георгіевічам і яго калегамі.

– Якім павінен быць аператыўнік? Сумленным, назіральным, смелым, адказным, чалавечным, – адзначае мой суразмоўца, – у сваёй рабоце заўсёды імкнуўся аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю, з разуменнем ставіцца да людзей. Ведаеце, многія былыя правапарушальнікі, якім «выпісаў білет у турму», не трымаюць на мяне зла, і сёння вітаюцца на вуліцы. Лічу, так і павінна быць, у любой сітуацыі найперш мы людзі.

Уладзімір Гусак гаворыць, што поспех вышуковай дзейнасці вызначае каманда, калі калегі – аднадумцы і сапраўдныя таварышы, сябры, гатовыя падставіць плячо ў складанай сітуацыі, калі спатрэбіцца – рызыкаваць здароўем і жыццём. Уладзімір Георгіевіч падкрэслівае, што з калегамі, начальствам  яму сапраўды пашанцавала. З удзячнасцю ўзгадвае былога начальніка ГРАУС Канстанціна Кабанцава, былых начальнікаў крымінальнага вышуку Івана Ясінскага, Анатолія Калядку, начальніка следчага аддзела Антаніну Карвіга, начальніка крымінальнай міліцыі Сяргея Званцова, сваіх калег, былых падначаленых Сяргея Вішнеўскага, Уладзіміра Самусевіча, цяпер ужо генерал-маёра міліцыі Аляксандра Кавальчука, які ў свой час таксама ўзначальваў крымінальны вышук у Слуцку.

Уладзімір Гусак узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» трох ступеняў, адзначаны іншымі ўзнагародамі.

Ён хоць і на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму ў працоўным страі – Уладзімір Георгіевіч працуе спецыялістам па бяспецы футбольнага клуба «Слуцк», суправаджае каманду на матчах. Актыўны, цікаўны, не адстае ад часу, напрыклад, любіць пасядзець у інтэрнэце. Ужо не адзін дзясятак гадоў ён крочыць па жыцці з жонкай Наталляй Аркадзьеўнай, у якую, дарэчы, закахаўся яшчэ ў шостым класе. Яны выгадавалі дваіх годных сыноў: Андрэй працуе эканамістам, Аляксей – хірургам, у Гусакаў чацвёра ўнукаў.

– Сёння ўжо новае пакаленне праваахоўнікаў супрацьстаіць злачыннасці, з выкарыстаннем новых тэхналогій, падыходаў, і гэта выдатна. Радуе, что спакой, парадак і мір пануюць на нашай зямлі, – адзначае ветэран.

Наталля Селязнёва