Па сігналу «трывожнай» кнопкі...
30.10.2012
Служба работнікаў Слуцкага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, што называецца, не заўсёды навідавоку. Аднак дзейнасць прадстаўнікоў гэтай праваахоўнай структуры кругласутачна абараняе многіх з нас ад замахаў зламыснікаў. Па першаму сігналу супрацоўнікі аддзела імчаць на вытворчыя і жылыя аб"екты, каб не дапусціць учынення крадзяжоў і іншых злачынстваў. 29 кастрычніка Дэпартаменту аховы «споўнілася» 60 гадоў, а 1 снежня – 60 гадоў з дня ўтварэння Слуцкага аддзела. Пра мінулае і сённяшняе аддзела, нялёгкія будні яго супрацоўнікаў гэты аповед.
З гісторыі…
«Кропкай адліку» гісторыі аддзела лічаць 1 снежня 1952 года, калі пры Слуцкім гарадскім аддзеле міліцыі МДБ БССР Бабруйскай вобласці была ўтворана пазаведамасная вартавая служба. Яна ўключала 25 пастоў на прадпрыемствах і ў магазінах Случчыны. Напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя колькасць аб"ектаў пад аховай павялічылася ўдвая, вартавая структура папоўнілася кіналагічнай службай. У красавіку 1959 года да Слуцкай службы аховы далучылі Старадарожскі і Урэцкі ўчасткі, якія былі ў яе складзе амаль 30 гадоў. Сярэдзіна 1960-х гадоў – пачатак укаранення тэхнічных сродкаў ахоўнай сігналізацыі. Паступова праводзілі замену вольнанаёмных вартаўнікоў на атэставаных супрацоўнікаў. У 1967 годзе ў Слуцку аснашчаны пульт цэнтралізаванага назірання. Арганізавана першая начная група затрымання. 1985 год – на пульт цэнтралізаванай аховы падключана першая кватэра, аддзел аховы пераведзены з начнога ў кругласутачны рэжым работы. У 1990 годзе здадзены ў эксплуатацыю новы будынак аддзела, у якім ён размяшчаецца і цяпер.
У розныя перыяды дзейнасці Слуцкі аддзел Дэпартамента аховы ўзначальвалі: Мікалай Савельевіч Пуцік, Кузьма Радзівонавіч Валабуеў, Мікалай Максімавіч Жыткевіч, Уладзімір Васільевіч Купчэня, Мікалай Іларыёнавіч Строганаў, Анатолій Карлавіч Тухель, Яўгеній Пятровіч Караткевіч, Сяргей Уладзіміравіч Пенязь, Уладзімір Пятровіч Прахаровіч, Мікалай Іванавіч Пенязь. Многія з былых кіраўнікоў і ветэраны аддзела адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку дзяржаўнымі.
Пастулаты іх службы – аператыўнасць і мабільнасць
Падпалкоўнік міліцыі Вадзім Валер"евіч Вазнясенскі ўзначаліў Слуцкі аддзел Дэпартамента аховы ў 2011 годзе. Сваю работу ў гэтым падраздзяленні міліцыі пачынаў у 1997 годзе. За добрасумленную адданую службу ўзнагароджаны граматамі, нагрудным знакам Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь «За адзнаку». Як падкрэсліў Вадзім Валер"евіч, ён ніколькі не шкадуе, што звязаў свой лёс з міліцэйскай службай, хоць атрымліваў «грамадзянскую» спецыяльнасць – закончыў радыётэхнічны інстытут. Службу ў сістэме аховы лічыць пачэсным абавязкам, даражыць калектывам аддзела, у якім – высокапрафесійныя супрацоўнікі. За папярэднія 10 – 15 гадоў істотных прэтэнзій да работы падраздзялення не паступала.
В.В. Вазнясенскі расказаў, што цяпер у аддзеле – больш за 200 супрацоўнікаў. Падраздзяленне забяспечвае на Случчыне ахову каля 400 аб"ектаў, 1 076 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. 232 аб"екты кантралююць з дапамогай кнопак трывожнай сігналізацыі і 20 аб"ектаў – пастамі міліцэйскай і вартавой аховы. Для забеспячэння аховы нетэлефанізаваных аб"ектаў і кватэр выкарыстоўваецца радыёахоўная сістэма перадачы апавяшчэнняў, устаноўлены модулі для перадачы інфармацыі па каналах сотавай сувязі. Вадзім Валер"евіч адзначыў, што случчане ўсё актыўней карыстаюцца паслугамі аддзела – у прыватнасці, у сярэднім штогод да сістэмы цэнтралізаванай аховы падключаюць 60 – 70 кватэр. Кошт такой паслугі – даступны і, канечне, непараўнальны з тым уронам, які могуць нанесці зладзеі ў выпадку пранікнення ў жыллё ці на вытворчы аб"ект. Рэагаванне супрацоўнікаў аддзела на «спрацоўванне» сігналізацыі, можна сказаць, імгненнае – за лічаныя хвіліны яны прыбываюць да месца трывожнага сігналу. У Слуцку кругласутачна нясуць службу тры групы затрымання аддзела. Прыемна адзначыць, што паступова пашыраецца «геаграфія» аб"ектаў аховы – да пульта цэнтралізаванай аховы ўжо падключаны шэраг магазінаў, іншых аб"ектаў прыгараду Слуцка.
Слуцкі аддзел Дэпартамента аховы мае моцную матэрыяльную базу, у тым ліку надзейную камп"ютарную сетку, сучасныя сродкі ахоўнай сігналізацыі, 15 машын, у тым ліку 10 спецыялізаваных. На «службе» ў аддзеле – шэсць службова-вышуковых сабак.
– Наш аддзел – гэта «сплаў» вопыту і маладосці, – расказваў В.В. Вазнясенскі. – Сёння цяжка кагосьці адзначыць асабліва, усе супрацоўнікі нясуць службу годна, адказна. Лічу, што ў нас моцны, зладжаны калектыў, які забяспечвае стабільную работу. Канечне, трымаем «раўненне» на нашых шаноўных ветэранаў, такіх як Міхаіл Канстанцінавіч Багдашыч. Для нас гэта чалавек з вялікай літары – у час Вялікай Айчыннай вайны ён ваяваў на першым Беларускім фронце, прымаў удзел у вызваленні ад фашыстаў Польшчы і Германіі, узнагароджаны двума ордэнамі Славы, ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені, «Знак пашаны», медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», мае іншыя ўзнагароды. Міхаіл Канстанцінавіч каля 20 гадоў нёс службу ў сістэме аховы дзяржаўнага банка ў Слуцку, з"яўляецца выдатнікам міліцыі. Цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Многія супрацоўнікі нашага аддзела ў свой час прымалі ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод іх – Уладзімір Адамавіч Аляшкевіч, Фёдар Вітальевіч Шваб, Уладзімір Антонавіч Німера, Аляксандр Аляксандравіч Александровіч. Лепшыя традыцыі ветэранаў пераймаюць маладыя супрацоўнікі аддзела. Яны не толькі выдатна спраўляюцца з выкананнем службовых абавязкаў, але і займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. Плённа працуе пярвічная арганізацыя БРСМ. Футбольная каманда аддзела неаднаразова займала прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах, а валейбольная каманда – у першынствах Дэпартамента аховы. У асабістых заліках высокія спартыўныя вынікі паказваюць Мікалай Мікалаевіч Пракаповіч, Мікалай Міхайлавіч Альховік і іншыя.
Ахоўваюць аб"екты і правапарадак
Самае мабільнае падраздзяленне Слуцкага аддзела Дэпартамента аховы – узвод груп затрымання, які ўзначальвае Дзмітрый Мікалаевіч Максімаў. У яго падначаленні – 32 супрацоўнікі. Іх галоўная задача – не толькі своечасовае рэагаванне на сігналы сродкаў трывожнай сігналізацыі, але і папярэджанне, выяўленне злачынстваў і правапарушэнняў у зонах пастоў аховы і маршрутаў патрулявання. Як адзначыў Дзмірый Мікалаевіч, на «рахунку» груп затрымання – не адзін выяўлены правапарушальнік, міліцыянеры гэтых груп разам з работнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ўдзельнічаюць у аперацыях «Перахоп» і іншых па выяўленню і затрыманню злачынцаў. Задзейнічана ў гэтай рабоце і кіналагічная служба аддзела, чацвёраногія памочнікі Мухтар, Мэры, Эльза і іншыя службовыя сабакі нярэдка вядуць міліцыянераў па слядах зламыснікаў, служаць «псіхалагічным устрашэннем» для парушальнікаў закону.
– І днём, і падчас начнога дзяжурства мы не маем права губляць пільнасці, быць няўважлівымі, раўнадушнымі да таго, што адбываецца на вуліцах нашага горада, – гаварыў міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Андрэй Анатольевіч Дземчанка, які нясе службу ў аддзеле ўжо 17 гадоў. – Памятаю, у адну з начэй спрацавала «трывожная» кнопка ў прадуктовым магазіне ў Слуцку. Праз тры – чатыры хвіліны мы ўжо былі на месцы здарэння. Аказалася, злодзей разбіў шкло і залез у магазін па прадукты. Злачынцу ўдалося хутка «нейтралізаваць»…
І такі эпізод у службовай біяграфіі выдатніка міліцыі Андрэя Анатольевіча Дземчанкі – не адзінкавы. За сваю сумленную службу ён атрымаў нагрудны знак Дэпартамента аховы «За адзнаку». А вось у яго напарніка – міліцыянера групы затрымання Валянціна Жаўнерчыка, які прыйшоў на службу ў аддзел пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры, як гаворыцца, усё толькі пачынаецца. Як прызнаўся Валянцін, ён свядома выбраў работу ў міліцыі: «Забяспечваць спакой і парадак, змагацца з тымі, хто перашкаджае шчасліваму жыццю – гэта пачэсна і адказна. Я прыхільнік таго, каб у грамадстве ўладарыла справядлівасць закону».
Вось такія яны – супрацоўнікі Слуцкага аддзела Дэпартамента аховы – рашучыя, смелыя, дружныя, знаўцы сваёй справы, гатовыя ў любы момант абараніць, прыйсці на дапамогу. З адметнай вас датай, далейшых поспехаў!
30.10.2012, Газета “Слуцкі край”, Наталля СЕЛЯЗНЁВА