З наватарскім падыходам да механізатарскай працы

З наватарскім падыходам да механізатарскай працы

Вёска Цяраспаль Слуцкага раёна – радзіма хлебароба Аркадзя Пракопавіча Вашкевіча (12.12.1930–5.9.2001). Так склалася яго жыццё, што ў дзяцінстве застаўся без бацькі, які памёр пасля цяжкай хваробы. З Вялікай Айчыннай вайны не вярнуўся старэйшы брат, таму Аркадзю давялося ўсе мужчынскія абавязкі па сямейнай гаспадарцы ўскласці на свае плечы.


А яшчэ трэба было працаваць у калгасе, дзе не хапала нават коней, не кажучы ўжо пра машыны і механізмы, каб аблегчыць ручную працу калгаснікаў. Пабачыў бы хто, якім цікаўным позіркам сачыў ён за работай трактара, што працаваў у калгасе па накіраванні з машынна-трактарнай станцыі! Тады і з’явілася ў юнака мара авалодаць механізатарскай прафесіяй. Ажыццявілася яна, калі, адслужыўшы ў арміі, Аркадзь паступіў вучыцца ў Палажэвіцкую школу механізацыі сельскай гаспадаркі (пазней пераўтворана ў Слуцкае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №9, цяпер Слуцкі дзяржаўны індустрыяльны каледж). Пасля яе заканчэння ў 1954 годзе атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і вярнуўся ў родную вёску.


На чатыры гады Слуцкая машынна-трактарная станцыя стала першым месцам працы маладога трактарыста, пасля яе рэарганізацыі А. П. Вашкевіч з 1958 года па 1992 год – механізатар калгаса імя Ф. Энгельса з цэнтрам у суседняй вёсцы Падлессе. Ён выконваў розныя работы і заўсёды стараўся ўнесці штосьці сваё ў тую ці іншую справу: ці то глебу ўзворваць, ці з культыватарам працаваць, ці вывозіць на палеткі арганічныя ўгнаенні. «Здаецца, і не спяшаецца, а больш за ўсіх паспявае зрабіць», – здзіўляліся нават вопытныя калгасныя механізатары.


У пачатку 1970-х гадоў у калгасе вырашылі стварыць механізаваныя звенні па вырошчванні бульбы як найбольш эфектыўны і перспектыўны ў той час метад арганізацыі працы. Адно са звенняў праўленне гаспадаркі прапанавала ўзначаліць А. П. Вашкевічу, улічваючы яго добрасумленнасць у працы і арганізатарскія здольнасці. Тут і праявілася найбольш ярка механізатарскае ўмельства і хлебаробскі талент Аркадзя Пракопавіча.


Першы год арганізацыі работы па-новаму аказаўся выніковым: участак, які апрацоўвала звяно А. П. Вашкевіча, даў ураджайнасць бульбы ў разліку на гектар на 30 цэнтнераў больш, чым у сярэднім па калгасе. І гэта – пры значным змяншэнні сабекошту прадукцыі. Далей – болей: амаль штогод звяно атрымлівала рэкордную ў раёне ўраджайнасць «другога хлеба». К канцу сёмай пяцігодкі (1961–1965 гады) 210–230 цэнтнераў бульбы з гектара сталі звычайным паказчыкам для механізатараў звяна А. П. Вашкевіча. Нездарма       ў 1966 годзе звеннявога ўзнагародзілі ордэнам Леніна за старанную і творчую працу.


Але ж не ў характары А. П. Вашкевіча было спыняцца на дасягнутым. Ён разам з таварышамі па працы першымі ў Слуцкім раёне пачалі выкарыстоўваць аміячную ваду для падкормкі бульбы, праводзіць даўсходавае рыхленне міжрадкоўяў – так званае сляпое акучванне. Звеннявы прапанаваў абрэзаць бароны так, каб яны змяшчаліся паміж лапамі акучвальніка. Гэта давала магчымасць крышыць зацвярдзелы слой глебы і адначасова знішчаць пустазелле. Праз нейкі час такое прыстасаванне пачалі прымяняць звенні па вырошчванні бульбы і ў іншых сельскагаспадарчых арганізацыях Слуцкага раёна.


Наватарства механізатара А. П. Вашкевіча адзначана залатым, сярэбраным і бронзавым медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, іншымі ўзнагародамі. За поспехі ва Усесаюзным спаборніцтве па павелічэнні вытворчасці і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1973 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аркадзю Пракопавічу Вашкевічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем другога ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».


Слуцкі раённы выканаўчы камітэт рашэннем ад 16 лістапада 2010 года заснаваў раённы штогадовы прыз імя Герояў Сацыялістычнай Працы механізатараў Вашкевіча Аркадзя Пракопавіча і Сінягуба Івана Лявонцьевіча. Прызам узнагароджваюцца механізатары за шматгадовую работу і вялікі асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна, дасягненне найвышэйшай эфектыўнасці механізатарскага майстэрства і забеспячэнне стабільных вынікаў выконваемых работ, добрасумленныя і якасныя адносіны да работы, захаванне дысцыпліны працы і тэхнікі бяспекі, праяўленне ініцыятывы, прафесійнае майстэрства, высокія асабістыя маральныя якасці.
 

аўтар артыкула: Анатоль Жук