Анастасія Іванаўна Алелькавіч

Анастасія Іванаўна Алелькавіч

550 гадоў таму нарадзілася княгіня Анастасія Іванаўна Алелькавіч (1473-1524/26), сёння больш вядомая як Анастасія Слуцкая. 

Нарадзілася княгіня на тэрыторыі цяперашняй Магілёўшчыны. Паходзіла з роду праваслаўных князёў Мсціслаўскіх, які вёў пачатак, як і слуцкія Алелькавічы, ад вялікага князя Літоўскага Альгерда. Калі б не падзеі, што мелі месца пад час яе княжэння ў Слуцку, і ў якіх па волі лёсу ёй прыйшлося прыняць удзел, хутчэй за ўсё, яна так і засталася б у цяні гісторыі, як і многія іншыя яе сучасніцы. З 1502 г. на наш край абрынулася чарада нападаў крымскіх (перакопскіх) татар. 

З 1505 г., пасля заўчаснай смерці мужа Сімяона Міхайлавіча і сямейныя справы, і кіраванне краем, і вайсковыя клопаты леглі на плечы Анастасіі. У 1505 г. адбылася самая працяглая і цяжкая аблога слуцкага замка, калі да горада падступілі з дваццацітысячным войскам татарскія царэвічы Біці-Гірэй і Бурнаш. Замак не быў узяты. Але Случчына падверглася спусташэнню. У наступным годзе аб’яднанае літоўскае войска ўшчэнт разбіла татараў пад Клецкам, іх рэшткі слуцкая дружына дабівала пад Копылем і Петрыкавічамі. Няўдачай для татараў скончыўся і напад 1508 года. 

Сцены слуцкага замка бачылі не толькі татараў. У 1508 г. да іх двойчы падступала войска нечаканага жаніха – князя Міхаіла Глінскага. Адважны воін і таленавіты ваявода князь Міхаіл Глінскі прымаў актыўны ўдзел у разгроме крымчакоў. З-за таго, што пасля такіх вайсковых поспехаў ён не атрымаў ад вялікага князя літоўскага належнай, па яго меркаванню, пашаны, або, магчыма з іншай прычыны, ён вырашыў падняць мяцеж. 

Княгіні Анастасіі прыйшлося заняцца адбудовай разбуранага чужынцамі і абрабаванага краю і горада. Па яе загаду на тэрыторыю замка сталі прывозіць зямлю. Падвышаліся абарончыя валы і ўся тэрыторыя дзядзінца. За дзядзінцам у тыя часы замацавалася яшчэ адна назва – “Капец”. Папраўляліся выцярпеўшыя асаду сцены і вежы. Замест старой была ўзведзена новая замкавая Успенская царква (хаця магчыма была перабудавана старая). 

Частку тэрыторыі старога пасада з гандлёвай плошчай занялі пад яшчэ адзін замак (град). “ І зараз княгіня град каля града залажыла, і нізіна раўнаваты ся і падвышаты ся пачала” – запісана ў Слуцкім летапісе. Стары град - дзядзінец сталі называць Верхнім (Горнім) замкам, а новы – Ніжнім (Дольным). 

У Траецкім манастыры замест старой драўлянай саборнай царквы, якая пацярпела падчас нападаў, княгіня пабудавала новую мураваную. Храм узводзіўся ў гонар ласкі божай, як удзячнасць за выратаванне краю ад татараў і ў памяць аб абаронцах, у тым ліку загінуўшых слуцкіх воінах, сярод якіх быў і князь Сімяон Міхайлавіч. 

Памерла княгіня каля 1526 г. Незадоўга да смерці яе дачка Аляксандра стала жонкай князя Канстанціна Астрожскага – выдатнага палкаводца, найвышэйшага гетмана ВКЛ, пераможцы маскоўскага войска пад Оршай. Сын Юрый к тому часу самастойна кіраваў краем, у яго ўжо, верагодна, была свая сям’я. 

На Случчыне памяць пра князёў Сімяона і Анастасію Алелькавічаў жыла доўга. Іх шанавалі як нябесных апекуноў краю, хаця афіцыйна царквой яны не былі кананізаваны. Захаваліся звесткі, што да пачатку ХХ ст. у мураванай царкве Траецкага манастыра, непадалёку ад алтара, віселі зробленыя ў іканапіснай манеры амаль у поўны рост іх партрэтныя выявы. 

Не забывалі пра княгіню Анастасію і на радзіме. На сцяне адной з цэркваў Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра (яна была разбурана ў Айчынную вайну) мелася яе жывапісная выява. Некалькі радкоў, прысвечаных Анастасіі, мы можам знайсці ў паэме ХVІ ст. Мацея Стрыйкоўскага, дзе апісваецца абарона нашых земляў ад крымчакоў: “Княгіня Слуцкая сваіх баяр разаслала пераняць палахлівых татар, многа іх пад Копылем было пабіта...” 

Да вобраза Анастасіі Слуцкай звяртаюцца цяперашнія беларускія даследчыкі-навукоўцы, літаратары, мастакі.

 

 Ігар Ціткоўскі