Слуцкі князь Юрый III Юр`евіч Алелькавіч

Слуцкі князь Юрый III Юр`евіч Алелькавіч

28.03.2014

Набліжаецца 900-годдзе нашага роднага Слуцка, таму хочацца зноў і зноў перагарнуць старонкі гісторыі, памарыць пра будучае… Асабіста мяне зацікавілі звесткі пра род Алелькавічаў, таму вырашыў падзяліцца з чытачамі інфармацыяй.

Пачынальнікам роду Алелькаў стаў другі сын Кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча… Менавіта Алелька апекаваў тых, хто перапісваў кнігі, летапісы ствараў. Гэта ён перадаў манастыру ў Лаўрышаве Евангелле з уласнаручным даравальным подпісам. Пераймальнікам роду Алелькаў і стаў знакаміты Слуцкі князь Юрый Алелькавіч.

Папракалі яго, што не княжацкая гэта справа – перапісваць рукапісы, розныя духоўныя творы. Праўда, адкрыта гаварыць пабойваліся, а за вочы асуджалі нават людзі з яго бліжэйшага акружэння. У князя занятак адзін: княства ад ворагаў бараніць, вотчыну княжацкую ўмацоўваць!

Але ж княства магутнае не толькі зброяй, а і духам людскім, а дух гэты мацнейшы, калі чалавек адкрывае для сябе важнасць набыткаў, папярэднікамі створаных. І гісторыю сваю ведае, а каб ведаць яе, трэба занатоўваць для нашчадкаў найбольш важныя падзеі, пра людзей знакамітых расказваць. Так думаў Юрый Юр"евіч.

Часткай Слуцка Юрый Юр"евіч пачаў валодаць у 1582 годзе, пасля смерці свайго бацькі, таксама Юрыя Юр"евіча. Адышоў ён у вечнасць 9 лістапада 1578 года. Але сыны пасля смерці бацькі не спяшаліся дзяліць спадчыну. Жылі яны дружна, з паўслова знаходзілі паразуменне. Таму і не было асаблівай неабходнасці адасабляцца. Так працягвалася да 1582 года, калі ўсё ж вырашылі, што лепш княства падзяліць. А 6 ліпеня, выконваючы волю бацькі, і прынялі канчатковае рашэнне.

Юрый, як старэйшы (нарадзіўся ў 1559 годзе), атрымаў Слуцкі замак і Стары горад, які размяшчаўся на правым беразе ракі Случ, а таксама дзевяць маёнткаў, сярод якіх – Івань, Пагост, Белічы, Вызна (Чырвоная Слабада).

Сярэдняму сыну Яну-Сімяону дастаўся Новы горад, што знаходзіўся на левым беразе Случы і Новы замак. Да яго ж адышлі Капыль, Цімкавічы, Амговічы, Семежава і іншыя маёнткі.

Не застаўся ў крыўдзе і малодшы Аляксандр. Яму дасталіся слуцкі прыгарад Востраў, мястэчка Любань, вёскі Бранавічы і Шастакі (Сярагі), маёнтак Баслаўцы, Быстрыца, Бялевічы, Старыца, Глуск.

Частку ўладанняў браты пакінулі ў агульным карыстанні: Трайчанскі манастыр з невялікім прыгарадам Трайчаны, размешчаным у паўднёвым кірунку ад Слуцка і ў мястэчку Пясочнае на Нёмане. Тады абгаварылі і ўмовы кіравання горадам – вырашылі ажыццяўляць гэта праз трох войтаў. Князь Юрый карыстаўся ў братоў аўтарытэтам. Юрый лепш запомніў бацьку, чым яны, быў нібы сувязным паміж падзеямі гістарычнымі і сучаснымі.

Юрый Юр"евіч-старэйшы, бацька, – асоба вельмі каларытная ў родзе Алелькавічаў. Пры ім княства дасягнула сваёй магутнасці і росквіту. Калі пачалася Лівонская вайна, ён належаў да найбольш уплывовых магнатаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

У 1576 годзе ў Слуцк завітаў гісторык і паэт Мацей Стрыйкоўскі, каб папрацаваць у бібліятэцы. Ён правёў у Слуцку два гады, якія сталі для Юрыя тым святам, якое, пачаўшыся аднойчы, доўжыцца і кожны новы дзень прыносіць радасць. Адзін са сваіх твораў Мацей Стрыйкоўскі вырашыў прысвяціць бацьку Юрыя.

Паслухаўшы некалькі вершаў, Юрый выказаў жаданне таксама што-небудзь напісаць. На гэта Стрыйкоўскі сказаў:

– Неабавязкова пісаць сваё – для гэтага талент неабходны. Можна і перапісаць тое, што найбольш спадабалася.

Гэтую гаворку князь Юрый успомніў праз некаторы час пасля ад"езду Стрыйкоўскага. І з"явілася ў яго задума ўласнаручна перапісаць «Чатырохевангелле». І не толькі перапісаць, а і самому па-мастацку аздобіць, каб атрымалася кніга. Перапісванне «Евангелля» стане і часцінкай памяці пра блізкага і дарагога чалавека – бацьку. І свайго роду ўкладам у яго справу.

Не адзін месяц шчыраваў над «Евангеллем». Асабліва старанна выпісваў першыя літары кожнага «Евангелля», спалучаючы блакітную і зялёную фарбы, разбавіўшы іх на вадзе. Пры неабходнасці дадаваў золата. І з"явіліся цудоўныя малюнкі, выкананыя акварэллю.

Вырашыў падарыць «Чатырохевангелле» Трайчанскаму манастыру, але перш чым зрабіць гэта, падрыхтаваў іншыя падарункі. У 1580 годзе манастыр атрымаў ад яго пастырскі посаж, адліты з чыстага серабра і сярэбраную пазалочаную чашу, так званы пацір.

Дараванне «Чатырохевангелля» адкладваў на пасля. Магчыма, хацеў перадаць яго разам з іншымі, уласнаручна перапісанымі кнігамі, але не паспеў – не ўсё залежыць ад самога чалавека. Юрый Юр"евіч памёр у 1586 годзе, не пражыўшы і трыццаці. За гады, якія правіў у Слуцку, ён зрабіў вельмі многа, ператварыўшы свой замак у адзін з буйнейшых культурных цэнтраў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Юрыю было наканавана стаць апошнім Слуцкім князем роду Алелькавічаў. Княства перайшло да малалетняй дачкі Юрыя Соф"і, апекуном якой стаў яе дзядзька Юрый Хадкевіч.

 

Павел ПУГАЧ

Газета "Слуцкi край"