Успамін пра слуцкіх ювеліраў

Успамін пра слуцкіх ювеліраў

10.04.2013

Напрацягу стагоддзяў слуцкія ювеліры рабілі абклады для абразоў і кніг, царкоўны посуд, напрастольныя і нагрудныя крыжы, разнастайныя ўпрыгожванні. Іх вырабамі таксама з'яўляюцца штэмпелі-пячаткі, якія замаўлялі слуцкія князі, кіраўніцтва магістрату, манастыроў, цэхаў, брацтваў.

У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі захоўваюцца два абклады (шаты) да абразоў «Дэісус» і «Старазапаветная Тройца», якія стварыў слуцкі майстар. Зроблены яны з суцэльнага срэбранага ліста 500-й пробы і маюць памер 25,5 сантыметраў на 19,5. Гісторыя абкладаў прасочваецца даволі добра. Да Вялікай Айчыннай вайны яны знаходзіліся ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея, куды трапілі падчас расфарміравання фондаў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. А надпісы, зробленыя на абкладах, сведчаць, што ў 1801 годзе яны былі падораны Фёдарам Рэўтам, лаўнікам магістрату слуцкага, і яго жонкай Еўдакіяй слуцкай царкве Нараджэння Хрыстова.

Вычаканеныя выявы на шатах адпавядаюць жывапісным выявам абразоў, для якіх яны прызначаліся, фон і адзенні фігур запаўняюць прачаканеныя і зробленыя ў тэхніцы выкалаткі раслінныя арнаментальныя ўзоры. Іх выкананне сведчыць пра невысокую прафесійную падрыхтоўку майстра, які працаваў у канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў, і чые творы сугучны народнаму прымітыву. Гэта адзнака, дарэчы, адпавядае агульнай карціне развіцця асобных відаў беларускага мастацтва, у якіх на працягу XVIII стагоддзя назіраўся паступовы заняпад.

Звесткі пра майстроў
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Беларусі XIV–XVIII стагоддзяў апрацоўка металу была вядучай галіной. З XVI стагоддзя дакладна вядома пра дзейнасць залатароў і срэбранікаў у Слуцку. У XVII стагоддзі ў горадзе працавалі рамеснікі 46-ці спецыяльнасцяў, сярод іх былі кавалі, ліцейшчыкі, срэбранікі, залатары, гравёры. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў у Слуцку меўся цэх металістаў, у які ўваходзілі майстры апрацоўкі металу розных спецыяльнасцяў. Іншыя выказваюць меркаванні, што меўся асобны цэх злотнікаў (ювеліраў). Галоўнае месца ў рамеснай вытворчасці горада і ў XVIII стагоддзі належыць майстрам апрацоўкі металу, іх колькасць складала 30 працэнтаў з ліку ўсіх слуцкіх рамеснікаў. Захаваліся сведчанні пра дзейнасць металістаў і ў іншых месцах краю.

Пра лёс большасці вырабаў слуцкіх майстроў па металу мы, на жаль, не ведаем. Не вядомы і імёны іх стваральнікаў. Творчасць старадаўніх майстроў была, як правіла, ананімная. Гістарычныя крыніцы звычайна прыводзяць апісанні саміх твораў, часам імёны тых, на чые сродкі яны рабіліся або хто з'яўляўся ахвяравальнікам. Напрыклад, да 1678 года адносяцца звесткі пра завяшчанне Івана Скачкевіча, у адпаведнасці з якім ён перадаваў Троіцкаму манастыру Евангелле, апраўленае ў срэбны пазалочаны абклад. Даследчык Андрэй Снітко ў 1910 годзе ў адной са слуцкіх цэркваў бачыў друкаванае Евангелле 1684 года ў срэбным абкладзе. Каштоўны абклад упрыгожваў некалі Евангелле Юрыя Алелькавіча.

Сустракаюцца звесткі і пра царкоўны посуд. У красавіку 1786 года Стэфанаўскай царкве, што стаяла на Трайчанах, была ахвяравана срэбная чаша з выявамі херувімаў, вызалачаная ўнутры. На пачатку XIX стагоддзя ў ліку маёмасці Варварынскай царквы згадваецца вялікая срэбная чаша, упрыгожаная чаканым узорам, унутры і звонку вызалачаная, зробленая за ўласны кошт слуцкім мешчанінам Мікітам Антонавічам у 1638 годзе. Была там яшчэ адна срэбная чаша з чаканню, унутры вызалачаная.

Апісанні жаночага Ільінскага манастыра сведчаць, што там меліся срэбныя каралі, ланцужкі і шмат іншых срэбных рэчаў. Сярод каштоўнасцяў Троіцкага манастыра згадваецца ланцужок з шырокіх чаканеных срэбных пласцін.

Захаваліся звесткі пра невялікія металічныя абразкі – таблічкі. У XVII стагоддзі ў Троіцкім манастыры меліся 19 срэбных суцэльна пазалочаных таблічак і 20 пазалочаных толькі часткова. Жыхарка горада Ганна Лапіцкая ў 1776 годзе ахвяравала ў гэты манастыр срэбную таблічку, на якой былі зроблены выявы Бога-Айца, Бога-Сына і Святога Духа.

Найбольшую цікаўнасць выклікаюць абклады для абразоў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя адносяцца звесткі пра абразы святога Стэфана і Прасвятой Багародзіцы ў срэбных каваных шатах у Стэфанаўскай царкве. Абклады найбольш шануемых абразоў былі складанымі, іх дапаўнялі кароны, венчыкі, падвескі, дыядэмы. Напрыклад, у храмах Троіцкага манастыра ў канцы XVII стагоддзя выявы святых на абразах упрыгожвалі каваныя і чаканеныя дыядэмы (аздабленні галоў) у колькасці пятнаццаці штук, меліся, акрамя таго, дзве малыя кароны. Ікону Маці Божай упрыгожвала малая карона з выявамі срэбных ангелаў, а адна дыядэма з каронай была пазалочаная.

Скарбы мінулага
Многія віды мастацкай творчасці з 2-й паловы XVIII стагоддзя пачынаюць затухаць або знікаюць увогуле. Развіццё прамысловасці прыводзіць да крызісу рамяства. У XIX стагоддзі ў сувязі з развіццём механічнай апрацоўкі металу пачынае занепадаць злотніцтва, праца кавалёў падрывалася развіццём металургічных і ліцейных заводаў. З'яўленне ў крамах больш танных рэчаў завадской і фабрычнай вытворчасці прыводзіць да спынення дзейнасці шматлікіх рамеснікаў. Аднак іх рукатворныя рэчы, зробленыя ў ранейшыя часы, пачалі цаніцца больш і больш, прыцягваць увагу калекцыянераў і даследчыкаў.

На жаль, каштоўнасць металу ювелірных вырабаў станавілася прычынай гібелі многіх твораў мастацтва. Тым не менш, з асобнымі вырабамі мясцовых майстроў можна пазнаёміцца і сёння. Акрамя згаданых вышэй шатаў, можна ўбачыць зроблены ў XVII стагоддзі ўрэцкім залатаром срэбны абклад Евангелля, які знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. Майстар тут прымяняў тэхнікі ліцця, чаканкі, гравіроўкі, чарнення і залачэння. Там жа захоўваецца перададзены ў 1980 годзе жыхаром Слуцка срэбраны пазалочаны срэднік да кніжнага абклада XVII стагоддзя, на якім выяўлена Багародзіца з дзіцем. У слуцкім краязнаўчым музеі захоўваеца адлітая з медзі ступка, упрыгожаная невысокай рэльефнай выявай. Несумненна, што можна сустрэць вырабы старадаўніх слуцкіх майстроў і ў іншых музеях.

Ігар ЦІТКОЎСКІ