Валер Санько: «Сабаку не месца ў кватэры»
02.01.2018
«– Тата, Татачка!
Дзяўчынка гадкоў сямі вырываецца з бязвольнай рукі пагляднай маладжавай жанчыны.
– Татачка, не кідай маму! – дзяўчынка бяжыць па скверыку да немаладога няспешнага мужчыны з чамаданам у правай руцэ – Піліпа Іванюка. Дагнала бацьку, туліцца да яго. Заве падысці да таты сімпатычную зграбную жанчыну – маці.
Чорны вялікі дог замёр узбоч мужчыны, павільвае хвастом. Дога Джэка распірае радасць».
Пра тое, чаго радаваўся сабака, чаму Піліпа Іванюка даганяла дачка і што было потым, даведаецеся, прачытаўшы аповесць «Чорны дог у гарадской кватэры». У ёй мастацкімі сродкамі паказваюцца некаторыя нюансы суіснавання чалавека і сабакі ў абмежаванай прасторы. Пры гэтым акцэнтуецца ўвага на ўзаемаадносінах бацькоў і дзяцей на фоне «сабачай прысутнасці» ў іх жыцці і як гэта прысутнасць уплывае на дзіцячую псіхіку. На думку аўтара, ад бацькоў «усё залежыць – развіваць здольнасці дзіцяці, займець для яго брата ці сястрычку, альбо аддаць час абсалютнай лішніцы ў гарадской кватэры, сабаку».
Аповесць займае большую частку кнігі «Сабака ў кватэры – сябра ці вораг. Што кажуць пра гэта народныя прыкметы», якую ў кастрычніку 2017 года тыражом 300 экзэмпляраў выпусціла ў свет аўтаномнае аддзяленне Міжнароднай грамадскай арганізацыі «МАЭН» (Міжнародная акадэмія энергаінфармацыйных навук). Аўтар кнігі – ураджэнец вёскі Вялікая Сліва Слуцкага раёна доктар народнай медыцыны Валер Санько. Ён падзяліўся з чытачамі сваімі разважаннямі наконт суіснавання чалавека і «братоў нашых меншых», у прыватнасці – пра ўтрыманне сабак у гарадскіх кватэрах.
У пачатку кнігі аўтар заўважыў, што «спецыялістамі і неспецыялістамі многіх краін свету ў розныя часы справядліва і доказна шмат сказана на абарону сабакі. Ён патрэбны хлебаробу побліз хаты, дачніку, ахоўніку, паляўнічаму, воіну, міліцыянеру, даследчыку ў лабараторыі. Прыносіць карысць леснікам, таможнікам».
Тысячагадовыя традыцыі і шматлікія народныя прыкметы сведчаць, піша В. Санько, што прырода вызначыла кожнай істоце сваё месца для існавання. У сувязі з гэтым пісьменнік у цэнтр прапанаванага чытачам твора паставіў канкрэтнае пытанне: якая карысць ад сабакі ў гарадской кватэры? А вось тут на аднолькавасць адказаў разлічваць не прыходзіцца. Нехта знойдзе аргументы, каб апраўдаць пражыванне сабакі разам з чалавекам у кватэры, іншыя ж будуць катэгарычна супраць гэтага і таксама пастараюцца даказаць справядлівасць сваёй пазіцыі.
Аўтар прыводзіць у кнізе (нярэдка – з каментарыямі) аргументы «за» і «супраць» утрымання сабакі ў гарадской кватэры. Аргументы «за» ён выклаў у дзевяці пунктах, а «супраць» назбіралася аж 63. Многія з іх, па-мойму, даюць падставу для разважанняў, асабліва тым людзям, хто плануе завесці сабаку (ці ката).
Прывяду некалькі прыкметаў-аргументаў «супраць». «Дзе сабака пастаіць (яшчэ горай – паляжыць), а потым там пастаіць гаспадар (асабліва басанож ці ў шкарпэтах) – чалавек шчэрбіць уласнае біяполе». А вось пра тое, што сабака любіць церціся аб ногі мужчыны, жанчыны, дзяцей: «Патрэцца – забірае працэнты здаровасці, наносіць слабасць, раздражненне, імпатэнцыю, жаночыя хворасці». У некаторых выпадках не цураецца аўтар і рэзкіх слоў: «Прытыраныя гарадскія гаспадыні выдаляюць у сабакі кіпці. Каб не дзярпаўся пры гулянні з дзецьмі. Кіпці ў яго – працяг касцявога мозгу, пакуты сабакі невыносныя, а напаўінтэлігенткі пагульваюцца ў любасць да прыроды, забаўляюцца».
Калі чытаў кнігу, у памяці аднавіўся малюнак, які неаднаразова даводзілася назіраць. Цудоўным летнім ранкам, калі сонца яшчэ толькі-толькі выкінула промні з-за гарызонту, з суседняй шматпавярхоўкі выходзяць некалькі яе жыхароў. Ды не адны выходзяць, а на павадку ў іх (а то і на руках) – любімыя балонкі, таксы, спаніелі, а зрэдку заўважаў і нямецкую аўчарку. Сабачкі дружна паднімалі заднія ногі каля рабінак і ліп, што растуць у двары, і нешматлікіх дзіцячых гушкалак, а некаторыя з задавальненнем спраўлялі свае патрэбы ў пясочніцы. Праходзіла гадзін мо чатыры ці пяць, і ў двары з"яўлялася дзетвара. Хто-ніхто гуляў каля тых жа рабінак і ліп, на гушкалках, а самая малеча пад наглядам мам забаўлялася ў пясочніцы. Менавіта там, дзе крыху раней сабачкі збаўляліся ад прадуктаў жыццядзейнасці сваіх арганізмаў…
У анатацыі да кнігі «Сабака ў кватэры – сябра ці вораг…» адзначаецца, што яна прызначана «для масавай аўдыторыі». Добра было б, каб яе прачыталі і жыхары горада Слуцка, для якога «сабачая прысутнасць» не губляе актуальнасці. Не з космасу ж з"яўляюцца на гарадскіх вуліцах (нярэдка – і ў сельскіх населеных пунктах) зграі бадзяжных сабак.
Анатоль ЖУК