Новая кніга Яўгена Гучка
03.04.2017
Творчы набытак ураджэнца Слуцка Яўгена Гучка папоўніла яшчэ адно выданне – кніга выбранай лірыкі «У родным краі». Яе сёлета ў пачатку лютага тыражом 50 экзэмпляраў выпусціў у свет Інстытут беларускай гісторыі і культуры. На 116 старонках чытач знойдзе, як сказана ў анатацыі, «лірычныя вершы філасофскага, пейзажнага, грамадска-патрыятычнага, любоўнага, гумарыстычна-сатырычнага і іншага – галоўным чынам спавядальнага – пісьма».
Тэматыка змешчаных у кнізе твораў сведчыць аб тым, што паэт не пакідае па-за ўвагай разнастайныя праявы паўсядзеннага жыцця. Да таго ж прапускае іх праз асабістае ўспрыманне, праз сваё «я». Ды робіць гэта настолькі адмыслова, што нярэдка, чытаючы той ці іншы верш, хочацца параўнаць свае пачуцці з тым, пра што гаворыць паэт. Сапраўды, вершы Яўгена Гучка – не «лёгкое чтиво», яны – для тых, хто ўмее і не лянуецца думаць, асэнсоўваць прачытанае.
Некалькі вершаў у кнізе «У родным краі» аўтар прысвяціў сваёй радзіме – Слуцку. Напрыклад:
Абматаю шыю маем
І па студзені пайду,
І нішто не затрымае
Маю лёгкую хаду.
Леваруч мне Слуцак будзе,
Ну, а справа – Млечны шлях…
Вы святлей жывіце, людзі,
Каб не згінуць у вяках.
Дарэчы, вобраз роднага краю – адзін з асноўных у творчасці Яўгена Гучка, бо:
Ў родным краі, на улонні
Сам сябе нічым не мушу…
Бы сняжынкі на далоні,
Вершы падаюць на душу.
«У родным краі», калі не памыляюся, – трынаццатая кніга Яўгена Гучка. Наколькі я ведаю, на яго працоўным стале ляжаць рукапісы яшчэ некалькіх выданняў. Спадзяюся, што яны знойдуць сваіх зацікаўленых чытачоў, у тым ліку – і на радзіме паэта.
Напрыканцы, пазнаёмлю чытачоў з вершам, які аўтар прысвяціў светлай памяці беларускага географа, доктара педагагічных навук, прафесара Сяргея Сідора (1937–1998):
Каб па-людску, каб ладна жыць,
Каб душою не быць абдзёртым,
Не бываць трэба дома, а быць,
Не часцей,
а заўжды – і жывым, і мёртвым.
Трэба памятаць, што твой дом –
Беларусь уся: фізічная і духоўная,
А не толькі мясціна, дзе пад акном
Цётка Тэкля таўчэцца з воўнаю.
Трэба помніць, што родны край
Ад прадвеку мяжуе з Богам…
Дык у сэрцы тваім няхай
Патрыёта жыве трывога.
Пачувацца тут трэба гаспадаром,
А не жыхаром рэзервацыі;
А інакш –
да канца твой дом
Сілы цёмныя
возьмуць
пад акупацыю.
Каб па-людску, каб ладна жыць,
Каб душою не быць абдзёртым,
Не бываць трэба дома, а быць,
Не часцей,
а заўжды – і жывым, і мёртвым.
Анатоль ЖУК