Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя

Станіслаў Рэйтан: невядомы з ХІХ стагоддзя

20.12.2016

Кожнае паляванне калі-небудзь заканчваецца. У маім выпадку шматмесячнае высочванне, нарэшце, скончылася не самым горшым чынам. Дзякуючы сябрам я займеў «найкаштоўны зіпун». Са мной прыбыў мой стары знаёмы. Дакладней, ягоная душа, увасобленая ў старой кніжцы, нібыта вяртаючыся да роднага ганка… Не ўстаяўшы перад спакусай, толькі ад’ехаўшы ад пункта адпраўлення, кнігу, якую надрукавалі ў 1858 годзе, я адкрыў. І ўжо не закрываў яе аж да Мінска. «Pan Wada» нетаропка распавядаў мне пра жыццё нашага краю на зломе XVIII і XIX стст., калі канчаткова перастала існаваць Вялікае Княства Літоўскае, калі адгрукаталі гарматы Напалеона і дні працякалі ў нетаропкім рытме вальсаў. У апісанні мясцін, на тле якіх разгортвалася жыццё адстаўнога афіцэра, раз-пораз я пазнаваў родную Навагрудчыну. Стаяў перад вачыма акварэльны сядзібны будынак з мураванкай…

За псеўданімам аўтара «Pan Wada» («Пан Хіба») хавалася імя Станіслава Рэйтана, пляменніка Тадэвуша Рэйтана – героя часоў падзелаў Рэчы Паспалітай і персоны, не шмат каму вядомай сёння. Урэшце, імя апошняга – больш-менш на слыху дзякуючы намаганням энтузіястаў, а вось асоба Станіслава вядомая не ўсім літаратуразнаўцам: у грунтоўных працах па нашай літаратуры ХІХ стагоддзя не адшукаеце яго імя. Каб дапамагчы даследчыкам, падзялюся часткай «здабычы».

Станіслаў Рэйтан, герба «Рэйтан», паходзіў са старажытнага ліцвінскага (беларускага) роду. Першы Рэйтан, кліент Радзівілаў, нагадаю, лёг у нашу зямлю за 150 гадоў да нараджэння Станіслава. Род дзякуючы выбітным прадстаўнікам карыстаўся пашанай, а праз сувязі з Радзівіламі меў уплыў на шляхту ВКЛ.

Бацькамі Станіслава-Карла (імя нашага героя пры хрышчэнні 29 студзеня 1781 г.) былі брат Тадэвуша Рэйтана, наваградскі земскі пісар Міхал-Ксаверый (1743 – 1809) і Ганарата з Багдановічаў. Міхал быў жанаты двойчы і меў шасцёра дзяцей. Адна з ягоных дачок, Ганна, маці Эдварда Герыча (сябра Адама Міцкевіча ў эміграцыі), паўстанца 1831 года, мела талент мемуарысткі, таму пакінула нам «Успаміны», якія былі часткова надрукаваны ў ХІХ стагоддзі. Менавіта дзякуючы ім мы ведаем, хто быў тым натхняльнікам, які развіў літаратурны талент у Станіслава і Ганны. Гаворка – пра наймалодшага брата Тадэвуша, таксама Станіслава.

Доўгае жыццё галоўнага героя нашага аповеду прыпала на самыя драматычныя часы гісторыі. Ён бачыў другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанцаў Якуба Ясінскага і Тадэвуша Касцюшкі, сярод якіх быў і паплечнік Тадэвуша Райтана Самойла Карсак (менавіта так гучаць іх прозвішчы ў перакладзе на беларускую мову Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», зробленага Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам), войскі на чале з Напалеонам, з якімі ў 1812 годзе на нашу зямлю вяртаўся ягоны брат – афіцэр Дамінік Рэйтан. Пазней на яго вачах каралі паўстанцаў 1831 года. Памёр жа ён у 1863-м, у год паўстання, як, да слова, і Стэфан Рэйтан – пляменнік Станіслава, пакінуўшы сваіх дзяцей сіротамі.

Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных даных, у Вільні – у піярскім «Collegium Nobilium». Потым была служба ў войску. У 1832 годзе Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку. Ён ўзяў за жонку Саламею Рэйтан – далёкую сваячку, дачку Язэпа Рэйтана. Давялося яму тады ж стаць сведкам адносін да тых, хто ў 1831-м узняў зброю за волю Бацькаўшчыны. Ці не таму, што на ім не было падазрэнняў у сімпатыях да паўстанцаў, ён спрабаваў атрымаць замежны пашпарт на сябе і на нейкую шляхецкую дзятву? Мо хацеў такім чынам дапамагчы знаёмым выратаваць іх сем’і ад «вандроўкі ў Сібір»?

Портрет Тадэуша РейтанаЗ 1840 года пачынаецца грамадская дзейнасць Станіслава, калі яго выбіраюць Слуцкім павятовым маршалкам – тытул, які пазней намінуюць па прынятым у Расійскай імперыі ўзоры як «уездный предводитель дворянства». Гэтую пасаду ў 1802 годзе займаў яго старэйшы брат Казімір, іншы ж брат Тадэвуш нейкі час з’яўляўся харунжым таго ж павета, а іх бацьку, Міхала, у 1795 годзе, шляхта ранейшага Наваградскага ваяводства выбрала Нясвіжскім павятовым маршалкам. Таму на Случчыне, Капыльшчыне, у Нясвіжы прозвішча «Рэйтан» было, бадай, найвядомым пасля «Радзівіл».

Станіслаў дзяцей не займеў. Але тое, што ў яго быў гасцінны характар, што ён з ахвотай прысутнічаў на ўрачыстасцях, бачна па метрыках хростаў і шлюбаў з касцельных кніг. У ягоным доме адбылося вяселле Сцяпана Рэйтана з Марыяй з Несялоўскіх, менавіта Станіслаў стаў хросным іх дзяцей – Марыі і Язэпа (апошні з роду, памёр у 1910 годзе).

Ян Матейко «Рейтан. Упадок Польши» (1866)Яшчэ цікавы факт. У 1862-м Станіслаў ператварыў сваю сядзібу ва Усаве пад Капылём у лякарню. Як ён сам пісаў у газетах, здарыўся ў тых мясцінах выпадак, які прывёў да смерці вялікай колькасці людзей. З хваробай не змаглі справіцца і тры запрошаныя лекары. Дарэчы, гэта былі апошнія артыкулы, падпісаныя ягоным імем. Але быў і той час, калі імя Станіслава не сыходзіла са старонак часопісаў, газет… Мы ўжо апавялі пра пачатак жыццёвага шляху нашага земляка Станіслава Рэйтана. Сапраўды, быў такі іншы час, калі ягонае імя не сыходзіла са старонак часопісаў, газет. Яго літаратурная кар’ера, мяркуючы па крытычных заўвагах яшчэ аднаго сваяка роду – пісьменніка Генрыка Жавускага, распачалася ў 1830-х. Мы не ведаем назваў твораў, але апошні называў Станіслава Рэйтана «дылетантам», які не мог бы напісаць «Гавэнды Сапліцы». Паколькі твор выйшаў ананімна, Жавускаму часам даводзілася пацвярджаць у зацікаўленых колах сваё аўтарства. Відавочна, у тыя часы і было пасеяна зерне непрыязнасці паміж сваякамі. І на тое былі свае падставы.

Урэшце, сам Жавускі даволі хутка змяніў свой погляд, адлюстраваны, скажам, у «Гавэндах старога шляхціча», і стаў на шлях супрацы з новай уладай, якая змянілася на беларускіх землях пасля знікнення Рэчы Паспалітай. Так, у 1841 годзе Жавускі пад псеўданімам «Jarosz Bejla» выдае двухтомнік (1841, 1843) «Meszanin obyczajowych» – кнігу, што лічыцца найвялікшым літаратурным скандалам эпохі рамантызму, паколькі яна паспрыяла расколу шляхты на два супрацьлеглыя лагеры па поглядах наконт стаўлення да імперскай улады.

Станіслаў жа Рэйтан поглядаў не змяніў. Ён надрукаваў свой першы буйны твор «Papiery Pana Ambrozego» пад псеўданімам «Wada» ў часопісе «Athenaeum» у 1845-м, калі рэдактарам быў Язэп Крашэўскі. Тыя «анекдоты» фактычна былі жорсткай крытыкай творчасці Жавускага. Далей пакрыўджаны сваяк адгукнуўся разгромнай крытыкай праз «Пецярбургскі штотыднёвік» пад псеўданімам «B. Niekrasz…». Крашэўскі ж з ахвотай прадаставіў пану «Wada» старонкі свайго альманаха для адказу.

Гэтае «ліставанне» з’яўляецца сёння вельмі цікавым і карысным матэрыялам, бо датычыцца, між іншым, і роду Радзівілаў. Жавускі, які, апрача сваяцтва з Рэйтанамі, меў і кроў Радзівілаў, зацята бараніў Пане Каханку ды іншых прадстаўнікоў, у тым ліку постацей адыёзных, з гэтай слыннай фаміліі. Рэйтан пісаў больш непрыхільна, бо быў сведкам і шмат ведаў пра сакрэты Радзівілаў ад бацькі. Урэшце, пасля заявы Станіслава спрэчка неяк сама сабой сціхла…

Тым часам, у 1856 годзе ў Львове ён перавыдае свой першы твор, змяніўшы назву на «Князь Геранім Радзівіл». Дарэчы, налета ў тым жа штотыднёвіку друкаваліся ў адных і тых жа нумарах «З дзённікаў Анны з Рэйтанаў Герычовай» (ужо памерлай у Парыжы), а таксама, ананімна, «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» Ігната Яцкоўскага. Аўтарства апошняга твора некаторыя даследчыкі, сярод якіх быў і Вінцэсь Каратынскі, доўгі час прыпісвалі і Станіславу Рэйтану.

У 1854-м Рэйтан быў прызначаны ганаровым куратарам Слуцкай гімназіі, што не магло не адбіцца на ягонай творчасці. Наступны буйны твор «Пан Марцін Квеч» спачатку быў надрукаваны ў газетах. А пасля прыхільнай крытыкі, якая зычыла таленавітаму аўтару не спыняцца, – і асобнай кнігай. Здарылася гэта ў 1857 годзе ў Варшаве. Мяркую, жыхарам Случчыны гэты твор спадабаецца больш чым каму, бо горад і яго ваколіцы часам становяцца арэнай «баёў» галоўных герояў. У гэтым творы зноў у не самым лепшым выглядзе паўстаюць некаторыя прадстаўнікі Радзівілаў разам з іх кліентэлай.

Апошні вядомы нам твор, які Станіслаў напісаў ды выдаў асобнай кнігай, мае назву «Так было ў нас» (Варшава, 1858). Менавіта з гэтай кнігай пад пахай я і вяртаўся з «палявання», пра што згадаў у першай частцы аповеду. Калі параўноўваць «Пана Марціна Квеча» і гэты, апошні твор Рэйтана, то розніца паміж імі – каласальная. Кніга 1858 года быццам бы ўся прасякнута біяграфічнымі рысамі. Яна з’яўляецца энцыклапедыяй маленькага свету павятовай шляхты, замкнутай у сваім дробным жыцці, дзе павуцінне інтрыг вяжуць рукі асоб з мясцовай адміністрацыі… І можа, дзякуючы такому адлюстраванню гэтую рэалістычную карціну страчанай эпохі так цікава чытаць-разгадваць?.

Вокладка апошняй кнігі Станіслава РэйтанаТворчасць Станіслава, на маю думку, абавязкова павінна быць узята «на аловак» літаратуразнаўцамі. Недаравальна, што грунтоўныя працы па літаратуры ХІХ стагоддзя і дасюль абыходзяць увагай такую постаць. Гісторыкі таксама знойдуць у перыпетыях лёсу нашага героя шмат цікавых падрабязнасцей. Мне як «рэйтаназнаўцу» пашанцавала адшукаць невядомыя раней дэталі, наўпрост звязаныя з жыццём роду. І гэта без уліку таго, што дзве апошнія кнігі Станіслава ўспрымаюцца літаральна як біяграфічныя нарысы прадстаўнікоў фаміліі.

…З паўгода таму, знайшоўшы час, я выправіўся на веласіпедзе ў бон-ваяж па «Станіслававых мясцінах». У праграме былі Слуцк, Дактаровічы, Усава і Капыль. Слуцкі краязнаўчы музей, які хоць і месціцца ў колішнім Доме дваранскага сходу, дзе, верагодна, бывалі і Рэйтаны, ані словам пра іх прысутнасць у гісторыі краю ў экспазіцыі не згадаў. На жаль, у капыльскую ўстанову я не паспеў заехаць, таму спадзяюся, што памяць аб адным са сваіх выбітных землякоў горад захаваў, хоць у свой час і абышоўся не самым лепшым чынам з касцёлам Святых Пятра і Паўла, фундаванага Станіславам Рэйтанам у 1859 годзе. Цяпер гэта рэстарацыя пры дарозе.

У абодвух Дактаровічах, якія належылі сваякам Рэйтанаў, ужо амаль нічога з той пары не засталося. А вось Усава, дзе у сярэдзіне ХІХ стагоддзя завяршылі свой зямны шлях Станіслаў і яго жонка Саламея, трохі парадавала. Сядзібнага будынка ўжо даўно няма, а месца яго заарана, стаў жа, вельмі маляўнічы напапярэдадні навальніцы, паціху зарастае. Але амаль некранутая часам стаіць капліца, пабудаваная ў 1840-х у стылі класіцызму. Пакуль на ёй адсутнічае, мяркую, цалкам годная шыльда «Помнік архітэктуры 1-й паловы ХІХ стагоддзя», ахоўную функцыю выконвае… баршчавік, які шчыльна атачыў пабудову з усіх бакоў. Сумна ж тое, што капліца не першае дзесяцігоддзе выконвае функцыі сметніцы. Дах жа патрабуе нязначнага рамонту, бо дзе-нідзе з’ехалі лісты шыферу…

Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да неабыякавых чытачоў газеты «Культура», якія жывуць у тых мясцінах. На Беларусі засталося не так шмат нерухомасці, якая тым ці іншым чынам звязана з родам Рэйтанаў: сядзіба і капліца ў Грушаўцы ды каплічка ў Ляхавічах, а таксама ў вёсцы Усава. Кожны герой, выбітная асоба (і Рэйтаны тут якраз яскравы прыклад), якія нарадзіліся на нашай зямлі, патрабуюць нашай жа павагі. Выказаць яе мы можам, узяўшы клопат над тым, што захавалася. Бо калі згінуць апошнія руіны, то знікне і памяць…

 

 

Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты «Культура», арт-куратар

На застаўцы: Накід мастака Алеся Родзіна да твора, прысвечанага Станіславу Рэйтану. Партрэтаў апошняга на сёння не выяўлена.


 

 

В ПРОДОЛЖЕНИЕ ТЕМЫ

Пляменнікі Тадэвуша Рэйтана ў 1812 годзе: Станіслаў Рэйтан


Капліца ў Усаве Сям’я Рэйтанаў не патрабуе асобнага прадстаўлення на абшарах былой Рэчы Паспалітай дзякуючы смеламу эпатажнаму ўчынку Тадэвуша Рэйтана на «падзельным» сойме 1773 г. Жыццё патрыёта абарвалася ў 1780 г., але яго род працягваў жыць на Беларусі і ўдзельнічаць у грамадска-палітчыным жыцці.

Пагаворым аб пляменніку Тадэвуша, – Станіславе Каралі Рэйтане, які сёння выклікае жывую зацікаўленасць беларускіх даследчыкаў літаратуры. У прыватнасці, зараз жыццё і творчасць Станіслава вывучае даследчык З. Юркевіч, што ўжо рэалізавалася ў выглядзе серыі артыкулаў.

Нарадзіўся Станіслаў у сям’і наваградскага земскага пісара Міхала-Ксаверыя і Ганараты Багдановіч у 1781 г. «Вучыўся Станіслаў Рэйтан, мяркуючы па ўскосных дадзеных, у Вільні – у піярскім «Collegium Nobilium». Потым была служба ў войску. У 1832 г. Станіслаў у чыне капітана войска Каралеўства Польскага і паручніка баявога кірасірскага палка выходзіць у адстаўку». У сталым веку Станіслаў быў маршалкам Слуцкага павету, апекуном Слуцкай гімназіі, займаўся дабрачыннасцю і літаратурнай дзейнасцю («Паперы Пана Амброзія» (1845), «Пан Марцін Квеч» (1854), «Так было ў нас» (1858)).

Вернемся да ранняй біяграфіі Станіслава і паспрабуем рэканструяваць яго жыццё напярэдадні і ў час вайны 1812 года. Так, З. Юркевіч сцвярджае, што Станіслаў Рэйтан у 1809 г. выйшаў у адстаўку з расейскага войска, і ужо ў 1810 г. быў капітанам у войсках Варшаўскага герцагства.
Вядома, што ён браў удзел у вайне на баку Напалеона, як і яго родны брат Дамінік. І калі пра Дамініка, афіцэра са штабу Напалеона, дастаткова шмат звестак, то збіраць інфармацыю пра яго старэйшага брата выпадае па драбніцах.

Паводле пэўных звестак, Станіслаў Рэйтан быў паручнікам 20-га ўланскага палка. Гэты полк пачаў фарміравацца ў Пінску ў ліпені 1812 г. пад кіраўніцтвам Ксаверыя Абуховіча. А камісарам гэтага палка быў абраны даўні паплечнік Тадэвуша Рэйтана на сойме 1773 г. – Станіслаў Багушэвіч-Мінькоўскі (!). У час адступлення Вялікага войска Напалеона 20 уланскі полк разам з іншымі часткамі сіл ВКЛ згрупаваўся ў наваколлі Вільні. Верагодна там Станіслаў і трапіў у палон.

Дарэчы, гэты полк, ужо без Рэйтана, адступіў да Варшавы і браў удзел у «бітве народаў» пад Лейпцыгам у 1813 г, пасля якой перастаў існаваць як асобная адзінка і ўліўся ў польскія кавалерыйскія часткі.

Усе згаданыя факты былі вядомыя і раней, але заставалася таямніцай тое, чым скончыўся для Станіслава Рэйтана ўдзел вайне 1812 года. Знойдзеныя аўтарам дакументы ўпершыню даюць на гэта дакладны адказ.

Станіслаў Рэйтан, як і іншыя ўдзельнікі войска ВКЛ, не разглядаліся асобна, а траплялі пад катэгорыю «палонных палякаў». Царскі ўрад, які ставіўся да іх як да інсургентаў, падрыхтаваў для іх адмысловае пакаранне: «Палонных палякаў накіраваць на ўкамплектаванне палкоў на Каўказе, у Грузіі і нават на Сібірскай лініі. Чым не толькі зменшыць лічбу палонных, якія знаходзяцца на ўтрыманні казны, але і захаваць уласных рэкрутаў для ўмацавання войска, якое змагаецца супраць французаў». Дзякуючы архіўным дакументам, можна меркаваць, што Станіслаў трапіўшы ў палон, быў этапаваны да Мінска, дзе адбывалася фарміраванне партый для канваявання на Каўказ.

Існаваў дакладны маршрут, паводле якога рухаліся партыі з Менску на Каўказ у зборны пункт (горад Георгіеўск): Менск – Ігумен – Бабруйск – Рагачоў – Беліца – Чарнігаў – Нежын – Лубны – Міргарад – Палтава – Канстантынаград – Новамаскоўск – Паўлаград – Стаўрапаль – Аляксандраў – Георгіеўск. Пры гэтым, было дакладна вядома праз якую вёску ці мястэчка пройдуць на сваім шляху палонныя паміж гарадамі (E.G.: Сяло Кляшчэвічы 15 ½ вярсты, мястэчка Свіслач 30 ¾ в., Ігумен 26 ½ в.). У адным са спісаў «ваеннапалонных палякаў, якіх адпраўляюць у г. Чарнігаў, для накіравання ў Георгіеўск на чале з афіцэрам прапаршчыкам Маламахіным» пад № 23 мы сустракаем капітан-ад’ютанта Станіслава Рэйтана. Пры чым, побач з яго прозвішчам зроблена прыпіска «з-за хваробы пакінуты ў Менску». Такая практыка сапраўды існавала, каб пазбегнуць распаўсюджвання хваробаў сярод палонных, якія і так масава паміралі на этапах. Тых, хто не быў у стане ісці, пакідалі пад распіску ў гарадскіх шпіталях, альбо ў вёсках пад наглядам памешчыкаў. Праз пэўны час, калі хворы выздараўліваў, яго мусілі далучыць да наступнай партыі і ўсё адно накіраваць у меркаванае месца збору палонных.

Адпаведна, Станіслаў Рэйтан, мусіў атрымаць толькі часовую адтэрміноўку, а пазней, падзяліць лёс тысяч палонных на Каўказе. Там ён мог затрымацца як мінімум да лета 1814 г., калі выйшла распараджэнне рускага імператара Аляксандра І аб амністыі. Але ці вярнуўся б ён жывым з такой далёкай вандроўкі?

Дзякуючы яшчэ аднаму адшуканаму аўтарам дакументу, тэкст якога цалкам прыведзены ніжэй, можна ўпэўнена казаць, што Станіслаў, калі акрыяў ад хваробы, не быў этапаваны далей на Каўказ. Нейкім чынам, ён здолеў атрымаць дазвол застацца ў Мінскай губерні, што, да рэчы, катэгарычна супярэчыла тагачаснаму заканадаўству. Верагодна, справу маглі вырашыць асабістыя сувязі, ці грошы, альбо і першае і другое.

 

 

«Июнь 16 дня [1813]

Его превосходительству!

Господину действительному Статскому Советнику Минскому Гражданскому губернатору Павлу Михайловичу Добрянскому

Слуцкого нижнего суда

Рапорт

Станционный заседатель 12 класса Милютин рапортом сему суду донесе, что явившись в местечко Романово помещик Станислав Рейтан объявил данный ему от господина Военного губернатора и кавалера пашпорт под №32 в коем написано, «что по Всемилостивому повелению прощается бывший в плену помещик Станислав Рейтан, с позволением жить у его родственников в Слуцком повете» – почему сей суд о сем вашему Превосходительству имеет честь донести.

Подчекаев

№2346

Июля 16 дня 1813 года».

 

 

Вынікае, што ў ліпені 1813 г., пазбегнушы высылкі, Станіслаў атрымлівае дазвол на жыццё ў Слуцкім павеце, у мястэчку Раманава (належала да двара Дактаровічаў). Гэта невялікае паселішча на рацэ Вушы знаходзілася ў 23 вярстах ад Слуцку на гасцінцы Слуцк–Цімкавічы–Нясвіж. Верагодна, гэты выбар абумоўлены тым, што там магла жыць, альбо валодаць ім, другая жонка Міхала Рэйтана – Людвіка з Касінскіх з дзецьмі. Бо сам Міхал памёр у 1809 г., а яго першая жонка, маці Станіслава, адыйшла ў лепшы свет яшчэ раней. Таму, як мяркуе З. Юркевіч, ў Раманава і Дактаровічах яшчэ да вайны бывалі ўсе Рэйтаны.

Але чаму ён не вяртаецца ва ўласны маёнтак Рэйтанаў?

Газета «Кур’ер Віленскі» ад 2 ліпеня 1813 г., друкуе афіцыйную абвестку, дзе паведамляецца аб тым, што браты Рэйтаны падлягаюць канфіскацыі маёнткаў. «Ад губернскага ўрада Мінскага абвешчана: апынулася, што ніжэй пералічаныя асобы і іншага стану людзі, аб’яднаўшыся з ворагам, адны разам з ім збеглі, іншыя самавольна без дазволу ўрада за мяжу выехалі і не вярнуліся ў тэрмін, вызначаны Маніфестам найвышэйшым ад 12 снежня 1812 г., чые маёнткі падлягаюць канфіскацыі, а менавіта:… павету Слуцкага …Станіслаў Рэйтан, Дамінік Рэйтан».

Адметна, што ў 1814 г. уладанні будуць усё ж вернуты Рэйтанам, што будзе сведчыць аб дастаткова мяккай, прымірэнчай, палітыцы ў адносінах да шляхты царскага ўрада ў Беларусі ў перыяд паміж вайной 1812 года і паўстаннем 1830–1831 гг.

Спроба рэканструкцыі фрагмента біяграфіі пляменніка Тадэвуша Рэйтана, з’яўляецца выдатным прыкладам для адлюстравання грамадскай пазіцыі беларускай шляхты ў 1812 г. і далейшага лёсу прыхільнікаў Напалеона ў пасляваенны перыяд.

Жыццё Станіслава Рэйтана стала ў пэўным сэнсе працягам таго сумленнага самаахвярнага шляху служэння Радзіме, што абраў яшчэ яго дзядзька Тадэвуш у апошнія часы Рэчы Паспалітай.

 

 

А.М. СЦЕБУРАКА,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры бізнэс-камунікацый ІБМТ БДУ