Кушч Анатоль Васільевіч

Кушч Анатоль Васільевіч

(Кущ Анатолій Васильович, Кущ Анатолий Васильевич)
28.09.2013

Украінскі скульптар, аўтар помніка Тарасу Шаўчэнку ў Слуцку.

Сябра саюза мастакоў Украіны. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Украіны (2004), народны мастак Украіны (1996), лаўрэат Рэспубліканскай прэміі ЛКСМУ імя М. Астроўскага (1980).

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), Ганаровай Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета УССР (1982), Залатой медаллю Акадэміі мастацтваў Украіны (2004), медаллю скульптараў-партрэтыстаў Англіі (1998).

Нарадзіўся 30 лістапада 1945 года ў Кіеве. У 1972 годзе скончыў Кіеўскі дзяржаўны мастацкі інстытут, у якім у 1972 – 1973 гадах працаваў выкладчыкам. У 1973 – 1977 гадах – аспірант Акадэміі мастацтваў СССР.

Удзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак. У творчасці дамінуе тэма нацыянальнай украінскай гісторыіі. Аўтар праекта і скульптурнай кампазіцыі Манумента Незалежнасці Украіны ў Кіеве, помніка заснавальнікам Кіеўскай Русі.

Сярод персанажаў украінскай мінуўшчыны, да якіх звяртаецца мастак, асобае месца належыць вобразу Тараса Шаўчэнкі. У 1989 годзе на Чаркашчыне ўсталяваны цыкл помнікаў і памятных знакаў «Шляхі Тараса»; у 1994 годзе з"явіўся помнік Шаўчэнку ў горадзе Бурштын Івана-Франкоўскай вобласці; у 2002 годзе ўрачыста адкрыты помнік Шаўчэнку ў Варшаве.

Помнік Тарасу Рыгоравічу Шаўчэнку ў Слуцку ўсталяваны ў 1996 годзе ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Гэта скульптурная кампазіцыя з бронзы і граніту. Звяртае ўвагу арыгінальны падыход да рашэння твора, які сумяшчае ў сябе формы круглай скульптуры і рэльефа: бронзавая паўсфера, роўная ліцавая плоскасць якой у выглядзе палітры служыць фонам для рэльефнай пагруднай выявы ўкраінскага мастака і паэта. З адваротнага боку таксама размяшчаюцца выявы і тэкст – радкі Тараса з верша-прысвячэння Украіне. Помнік Шаўчэнку ў Слуцку з"яўляецца падарункам ад жыхароў украінскага горада-пабраціма Бровары.

 

Iгар ЦІТКОЎСКІ