Скрыпнічэнка Георгій Сяргеевіч

Скрыпнічэнка Георгій Сяргеевіч

(Скрипниченко Георгий Сергеевич)

Мастак-жывапісец і графік. Нарадзіўся 12.11.1940 г. у горадзе Нікалаеў (Украіна). Дзяцінства прайшло ў Слуцку. Вучыўся ў СШ №10. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў (кіраўнік У.С.Садзін). У 1966 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Вучыўся ў А.Малішэўскага, Л.Шчамялёва, І.Эйдэльмана.

У выстаўках удзельнічае з 1965 года, з 1972 года сябра Беларускага саюза мастакоў. З 1997 г. - акадэмік Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Жыве ў Мінску.

Георгій Скрыпнічэнка працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, станковай і кніжнай графікі. Да ранняга перыяду творчасці адносіцца створаны ў тэхніцы літаграфіі цыкл «Метамарфозы». Пазней з"явіліся цыклы «Выдатныя дзеячы беларускай культуры», «Стары горад». Зрабіў ілюстрацыі да твораў В.Зуёнка «Панарама» і «Крутаяр», П.Пруднікава «Час майго нараджэння», А.Кудраўца «На зялёнай дарозе», П.Прыходзькі «Калінавыя зоры», С.Сервантэса «Дон-Кіхот». Найбольш значнымі ў творчасці сталі жывапісная серыя «Мастак і Айчына», трыпціхі «Мірная зямля» і «Гармонія стагоддзяў», цыклы «Палессе», «Мара».

Работам Георгія Сяргеевіча ўласціва сакавітасць колеравай гаммы, вытанчанасць сілуэтаў, дэталёвая прапрацоўка форм. Шэраг работ мастаком створаны ў рэалістычнай манеры, у некаторых ён карыстаецца прыёмамі сімволікі і алегорыі. Любіць спалучаць амаль натуралістычна выпісаныя формы з дэкаратыўнымі або абстрактнымі ўстаўкамі, якія дапаўняе аплікацыяй або каллажом. Адным з першых у беларускім мастацтве звярнуўся да напрамку «сюррэалізм».

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, фондах БСМ (усе - Мінск), Слуцкім, Мастоўскім, Лунінецкім краязнаўчых музеях, Магнітагорскім мастацкім музеі, фондах Міністэрства культуры Расіі.

Памёр 13.08.2015 г.

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

Автопортрет

Сон