Мацюшэнкава (Шуневіч) Гунефа Фёдараўна
(Матюшенкова (Шуневич) Гунефа Фёдоровна)
Мастак-педагог, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, акварэліст, графік. Нарадзілася ў 1949 годзе ў вёсцы Граўжы Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям"і. У 1973 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С.М.Кiрава. Выкладала маляванне ў сярэдніх школах Слуцка і Слуцкага раёна. З 1985 года працуе выкладчыкам дэкаратыўнай кампазіцыі ў Слуцкай дзіцячай мастацкай школе.
Зробленыя пад яе кіраўніцтвам работы навучэнцаў ДМШ неаднойчы адзначаліся прызавымі месцамі на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках і конкурсах. За поспехі ў вучобе і выставачнай дзейнасці шэраг яе выхаванцаў атрымалі стыпендыі Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сама выкладчыца адзначана ўзнагародамі Упраўлення культуры аблвыканкама, Міністэрства культуры Беларусі. У 2000 г. атрымала Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За выхаванне творчай моладзі». Інфармацыя пра Мацюшэнкаву Г.Ф. уключана ў першы том энцыклапедыі “Кто есть кто в Республике Беларусь. Женщины Беларуси”, які выйшаў у 2012 годзе ў сувязі з 20-годдзем Беларускага саюза жанчын.
Творчыя работы выконвае ў тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мінігабелен, батык, вышыўка, кераміка) і станковай графікі (акварэль, туш, аловак). Удзельніца гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставак.
Напрыканцы 2011 года арганізавала персанальную выставу акварэлі ў Слуцку, потым у Мінску, на пачатку 2012 года – у Магілёве.
Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)