Кіш Алена Андрэеўна

Кіш Алена Андрэеўна

Киш Елена Андреевна (1889-1949)

Народная мастачка. Нарадзілася ў мястэчку Раманава Слуцкага павета (цяпер вёска Леніна Слуцкага р-на) у сялянскай сям'і. Спецыяльнай мастацкай адукацыі не атрымала. Аўтар маляваных насценных дываноў з фантастычна-алегарычнымі сюжэтамі («Рай», «У райскім садзе», «Дзева на водах»), якія ствараліся пад час вандровак па вёсках Случчыны. Арыгінальныя па сюжэтах, не маючыя аналогій у народным беларускім мастацтве, яеработы, у якіх спалучаюцца дэкаратыўна-арнаментальны і сюжэтны жывапіс, ставяць імя мастачкі ў шэраг сусветна вядомых мастакоў-прымітывістаў. Цяпер маляваныя дываны Алены Кіш захоўваюцца ў Заслаўскім музеі народнай творчасці. Яе мастацкая спадчына належыць да лепшых узораў творчага самавыяўлення беларускага народа.

Вядомасць імя мастачкі набывае пасля 1-й Рэспубліканскай выстаўкі народных маляваных дываноў (1978), дзе работы Алены Кіш, знойдзеныя і адрэстаўрыраваныя мастаком У. Басалыгам, былі выстаўлены ўпершыню. Імя мастачкі можна знайсці ў выдадзенай у Югаславіі «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», дзе даюцца звесткі пра 800 найбольш вядомых мастакоў-прымітывістаў свету.

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

 

 

 

«Рай»«Дзева на водах»