Гуткоўскі Павел Макаравіч

Гуткоўскі Павел Макаравіч

Гутковский Павел Макарович (25.01.1893-13.10.1962)


Мастак-графік і жывапісец, адзін з пачынальнікаў беларускай савецкай графікі. Нарадзіўся ў вёсцы Забелы Слуцкага павета ў сям"і ветурача. Вучыўся ў Мінску ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава, потым у мастацкай школе ў Варшаве. Пасля рэвалюцыі ўдасканальваў майстэрства ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве. Там захапіўся магчымасцямі новых стылёвых накірункаў, сярод якіх найбольшым уплывам адзначаўся канструктывізм. Яго дакладныя абагульненыя формы, зразумелая лаканічная мова мелі рашаючае значэнне на выпрацоўку творчага почырка мастака. П.Гуткоўскі - аўтар палітычных і агітацыйных плакатаў, жанравых кампазіцый, ілюстрацый да кніг і часопісаў, экслібрысаў. Працаваў у тэхніках лінагравюры, ксілаграфіі, акварэлі, гуашы, малюнка алоўкам і тушшу. У выстаўках удзельнічаў з 1921 г., у тым ліку - удзельнік 1-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1925 г. У

 

1928 г. у ліку чатырох беларускіх мастакоў прадставіў свае работы на Міжнародную выстаўку экслібрыса ў Лос-Анжэлесе. У 1921 г. уваходзіў у склад экспедыцыі ў Слуцкі павет па вывучэнню народнага мастацтва.

 

Як ілюстратар і шрыфтавік працаваў мастаком-афарміцелем першага беларускага савецкага часопіса «Заря Запада», у 1920-я гг. працаваў у мінскіх мастацка-вытворчых майстэрнях «Выяўленчае мастацтва». З 1928 г. уваходзіў у аб"яднанне мастакоў «Прамень». Прымаў удзел у афармленні часопіса «Маладняк», для якога зрабіў малюнкі сімвалічнага гучання. Аўтар шэрагу выкананых у розных тэхніках партрэтаў У.Леніна, у тэхніцы лінагравюры стварыў рамантычныя па характару партрэты - вобразы рэвалюцыянераў Г.Пляханава, К.Лiбкнехта, М.Дыбенкі, А.Чарвякова і іншых.

 

Разам з маладымі мастакамі захапляўся ідэяй стварэння нацыянальнага мастацтва, падмурак якога шукалі ў часах мінулых. Мастак засвоіў традыцыйную для старажытнага беларускага мастацтва тэхніку гравюры на дрэве. Рабіў сюжэтныя кампазіцыі, партрэты дзеячаў нацыянальнай культуры - Я.Купалы (1925, алей), Я.Коласа (акварэль), А.Сержпутоўскага (1929, малюнак). Ілюстрыраваў кнігі Я.Коласа, А.Якімовіча. У часы Вялікай Айчыннай вайны заставаўся на акупаванай немцамі тэрыторыі. У 1944 годзе быў арыштаваны і асуджаны да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. З канцлагера вызвалены ў 1954 годзе, у 1956 годзе рэабілітаваны.

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

Плакат. 1920 г.Плакат. 1921 г.Афармленне вокладкі часопіса. 1925 г.Экслібрыс. 1926 г.Афармленне вокладкі кнігі. 1926 г.