Вішнеўскі Уладзімір Мікалаевіч

Вішнеўскі Уладзімір Мікалаевіч

(Вишневский Владимир Николаевич)

Мастак-графік, займаецца таксама жывапісам і скульптурай. Нарадзіўся 17.02.1955 г. у весцы Балотчыцы Слуцкага раёна ў сялянскай сям"і. У 1966-1973 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчаму мастацтву (цяпер Рэспубліканская мастацкая школа-ліцэй). У 1979 г. скончыў аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуа (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў В. Шаранговіча.

Майстар станковай і кніжнай графікі, працуе пераважна ў тэхніках афорта, літаграфіі, тэмперы. Удзел у рэспубліканскіх і замежных выстаўках прымае з 1976 г. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1988 г. Жыве ў Мінску. Выкладае на факультэце выяўленчага мастацтва Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе ў 1996 г. стаў загадчыкам кафедры графікі. З 1995 г. - акадэмік графікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.

Адна з галоўных тэм, што прасочваецца ў творчасці У.Вішнеўскага - барацьба дабра і зла. Менавіта раскрыццё гэтай тэмы надае яго кампазіцыям пачуццё дынамікі, унутранай напружанасці і драматызму.

Сюжэты іх звычайна патрабуюць філасофскага, неадназначнага прачытання. Мастак карыстаецца мовай сімвалаў і алегорый, спалучае рэалістычную манеру з гратэскам. Кампазіцыі будуюцца на кантрастных супрацьпастаўленнях светлага і цёмнага, блізкага і дальняга планаў, ракурсаў. Абраная мастаком тэма звычайна раскрываецца ў серыях графічных лістоў. Сярод іх - серыі «Птушкаловы» (каляровы афорт, 1983), «Кірмаш спадзяванняў», «Пабудова чалавека» (1987), «Туга страчанага сусвету» (тэмпера, 1983).

Прымае актыўны ўдзел у выстаўках: 1-е біенале графікі (1990, Калінінград, Расія), «БелАРТ» (Варшава, Польшча), «Эстамп 96» (Мінск), «Сучасная беларуская графіка» (Цюрых, Швейцарыя) і іншых. Аўтар ілюстрацый да кніг У.Ягоўдзіка «Янка і ружа» (1992) і «Цi вернецца князь Кук?» (1993), аформіў кнігі Я.Коласа, К.Крапівы, А.Разанава, М.Лужаніна, Ф.Дастаеўскага, А.Пашкевіч (Цёткі). За афармленне кнігі «Вянок беларускіх народных песень» (Мн. 1988) і кнігі М.Нікалаева «Палата кнігапісная (Мн. 1993) атрымаў дыпломы рэспубліканскіх конкурсаў «Мастацтва кнігі».

Творы Уладзіміра Вішнеўскага знаходзяцца у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), у дзяржаўных і прыватных зборах рэспублікі (Мінск, Гродна, Светлагорск), Расіі (Калінінград, Санкт-Пецярбург), шэрагу іншых краін.

 

 

Крыніца: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

«Туга страчанага сусвету» (з серыі «Птушкаловы»), 1983. Дошка, ляўкас, тэмпераНебо и земляІлюстрацыя да кнігі «Вянок беларускіх народных песень». 1988 г., афортБелы і чорны ангелы. Каляровы афортСем дзён у Гімалаях. 1983 г., афортБелы ангел«Паляванне?», афорт«Ангел». Папера, акварэль«Сейбіт». Каляровы афорт