Акулаў Уладзімір Іванавіч

Акулаў Уладзімір Іванавіч

(Акулов Владимир Иванович)
Мастак-жывапісец і графік. Нарадзіўся ў г. Баранавічы 23.04.1954 г. Вучыўся ў СШ №2 г. Слуцка. Займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў (кіраўнік У.С.Садзін). У 1980 г. скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педінстытута. Вучыўся ў А.Арлова. Працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва і мастаком-афарміцелем у розных установах Слуцка, Слуцкага раёна, Мядзеля. З 1990 г. жыве ў Мінску.
Працуе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, стварае фігуратыўныя кампазіцыі з сімволіка-алегарычнымі сюжэтамі. Некаторыя тэмы раскрываюцца ў жывапісных або графічных цыклах - «Аўтапартрэты», «Каты» (1980-1990-я гг.). На творчую манеру мастака наклаў адбітак еўрапейскі авангард першай чвэрці XX ст. Яго творы - вынік даведзенага да амаль максімальнай крайнасці суб"ектывізму ўспрыняцця свету. Для ўзмацнення выразнасці выкарыстоўваецца насычэнне колеру, скажэнне форм. Кампазіцыі будуюцца пераважна на колеравых, светлавых, лінейных кантрастах. На іх ляжыць адбітак манеры выканання - эмацыянальнай, хуткай, пазбаўленай дэталёвай прапрацоўкі. Наўмысная «незавершанасць», «брутальнасць», рэльефнасць фарбавага слоя, выкарыстанне прыёмаў калажа - арсенал сродкаў, якімі эксперыментуе мастак.
Перыяд работы ў Слуцку прыпадае на 1985-90 гг. У 1985 г. адбылася персанальная выстаўка ў гарадской бібліятэцы, у 1988 г. у чытальнай зале гарпарка. Прымаў удзелы ў гарадскіх выстаўках: жывапісу і графікі (к-тр «Беларусь», 1987), прысвечанай 35-годдзю студыі выяўленчага мастацтва Дома піянераў і школьнікаў (к-тр «Цэнтральны», 1990). На апошняй адной з выстаўленых работ была «Рыгор Лінкор» (Вобраз Рыгора Родчанкі. 1989), дзе мастак стварыў вобраз слуцкага паэта і краязнаўцы - дабразычлівага, арыгінальнага ў паводзінах і ўважлівага. Паэт паказаны ў марской афіцэрскай фуражцы і пагонах, якія адначасова з"яўляюцца і сімвалам ранейшай службы на флоце, і падкрэсліваюць псеўданім «Лінкор». З 1988 г. удзельнічае ў рэспубліканскіх выстаўках. На працягу 1990-х гг. адбыліся персанальныя выстаўкі ў зале Мастацкага цэнтра ЖЫЛЬБЕЛ (Траецкае прадмесце, Мінск). Прымае ўдзелы ў групавых выстаўках сучаснага беларускага авангарднага мастацтва ў гарадах рэспублікі, выстаўляўся ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Талліне, Мюнхене. Варшаве, Антверпене. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных зборах Слуцка, Мінска, шэрагу замежных збораў, у тым ліку ў Польшчы, Германіі, Югаславіі.

 

Источник: Ціткоўскі І.А. «Мастакі Случчыны» (Слуцк. 2006)

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

12.10.2012

 

Ў галерэі мастацтваў Слуцкага краязнаўчага музея 11 кастрычніка адкрылася выстава работ мастака Уладзіміра Акулава.

(Фота - Ціткоўскі І.А.)