Сустрэчы з Шаўчэнкам

Сустрэчы з Шаўчэнкам

07.10.2013

Памяць пра выдатнага сына ўкраінскага народа Тараса Шаўчэнку шануецца ўсім славянскім светам. Год таму, на пачатку вясны 2001 года шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 140-й гадавіне смерці Вялікага Украінца, праводзіліся не толькі на яго радзіме, але і ў іншых краінах, у тым ліку і ў нашай. А сёлета Урад Беларусі падтрымаў ініцыятыву Пасольства Украіны ў Рэспубліке Беларусь і Беларускага саюза ўкраінскіх грамадскіх аб"яднанняў аб абвяшчэнні 2002 года «Годам Тараса Шаўчэнкі на Беларусі».

У Слуцку ўбачыць Тараса Шаўчэнку нескладана. На алеі гарадскога парка, непадалёку ад цэнтральнага ўвахода, узвышаецца ўсталяваны на стромкім пастаменце авальны сілуэт у форме палітры, якая з"яўляецца фонам для яго рэльефнай партрэтнай выявы. З бронзы на нас глядзіць прыгожы малады чалавек, які ў адной руцэ трымае палітру, а ў другой – пэндзаль. Лявей помніка, за паркавай агароджай, праходзіць галоўная гарадская вуліца, па якой імчаць аўтамабілі, крочаць па сваіх справах пешаходы.

Нехта, спыніўшыся побач, можа задацца пытаннем: «З якой прычыны тут помнік Шаўчэнку?» Ці звязвае што ўкраінскага генія з нашым горадам? Думаў ён калі трапіць сюды пры жыцці? Увогуле, ці ведаў пра наш горад, ці сустракаўся калі з нашымі землякамі?

Не, у Слуцку Шаўчэнка не быў ніколі. Яго жыццёвыя шляхі прайшлі іншымі краямі. Аднак трапіць у Слуцк Тарас Рыгоравіч магчымасць меў. «Лісты твае знойдуць мяне заўсёды, дзе б я ні быў, калі іх адрасаваць будзеш праз Слуцк у маёнтак Рачкавічы» – пісаў Тарасу Шаўчэнку 2 чэрвеня 1859 года наш зямляк мастак Браніслаў Залескі. Перакрыжаваліся шляхі Тараса і Браніслава ў далёкай Азіі, адтуль і вытокі іх сяброўства. Пазнаёміліся яны ў Арэнбургу ў 1848 годзе, куды Залескага выслалі за ўдзел у тайных гуртках, а Шаўчэнка адбываў ссыльную службу ў салдатах. Іх зблізілі агульнасць поглядаў і здольнасці: і адзін, і другі былі мастакамі, мелі схільнасць да літаратурнай дзейнасці. У 1849 годзе ім даручылі афармляць матэрыялы Аральскай экспедыцыі. А ў 1851 годзе яны зноў у якасці мастакоў удзельнічалі ў экспедыцыі ў горы Каратаў, падчас якой разам жылі ў адной палатцы, рабілі замалёўкі і эцюды. Пазней іх шляхі разышліся, але наладзілася ліставанне. Пасля вызвалення Залескі вярнуўся ў свае Рачкавічы – маёнтак у некалькіх вярстах ад Слуцка. А калі ў 1857 годзе адбыў пакаранне Шаўчэнка, то з прапановай адпачыць Залескі запрашаў сябра да сябе ў госці, рыхтаваўся да сўстрэчы. Несумненна, каб тая сустрэча адбылася, то вуліца, ад якой непадалёку цяпер стаіць помнік, Шаўчэнку ўбачыла б – дарога на Рачкавічы пралягае па ёй.

Аднак выкажам меркаванне, што назва нашага горада стала вядома Шаўчэнку значна раней, чым адбылася сустрэча з Залескім. Ды і Залескі быў не першым вядомым Шаўчэнку нашым земляком. У маладосці, калі з дапамогай прадстаўнікоў рускай культуры вызваліўся з прыгоннага рабства, ён пачаў вучобу ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Тады ж пачынаў вучобу ў Акадэміі і наш зямляк Кандрат Карсалін. Здольнасці і працалюбства Кандрата звярнулі на сябе ўвагу кіраўніцтва Акадэміі, якое, улічыўшы беднасць студэнта, робіць зварот да імператара Мікалая І аб матэрыяльнай дапамозе, прэзентуючы ў якасці доказу здольнасцяў мініяцюрны партрэт цара, зроблены Карсаліным. Хадатайства, аднак, задаволена не было. Беднасць прымушала шукаць заробак, таму, пасля атрымання ў 1839 годзе звання пазакласнага мастака – ніжэйшай прыступкі мастацкай атэстацыі, ён прыняў прапанову працаваць мастаком у Рускай духоўнай місіі ў Кітаі. Шаўчэнка ж працягваў вучобу да 1845 года. Зноў сустрэліся яны ў сталым узросце. Пасля жыцця і працы ў Кітаі і Сібіры, у 1850-я гады Карсалін вяртаецца ў Пецярбург. У 1855 годзе атрымлівае званне акадэміка жывапісу, а праз нейкі час становіцца і членам Савета Акадэміі мастацтваў. У Пецярбургу з 1858 года жыў пасля ссылкі і Шаўчэнка. У 1860 годзе яму за майстэрства ў галіне графікі прысвойваюць званне акадэміка. Ці не галасаваў за прысваенне звання Тарасу і яго былы аднакурснік? Звестак аб якіх небудзь блізкіх адносінах паміж Шаўчэнкам і Карсаліным няма. Аднак захаваўшыяся дакументы, што прыводзяць іх імёны разам, даюць падставу для меркаванняў, што Шаўчэнка і Карсалін не толькі маглі сустракацца, але, верагодна, і добра ведалі адзін аднога. У выданым на пачатку іх вучобы ў Акадэміі дакуменце на пражыванне ў сталіцы чытаем: «Выдан от сей Академии посторонним её ученикам: уволеному из Слуцкого мещанского общества Кондратию Корсалину и Тарасу Шевченко… на беспрепятственное их обучение в сей Академии рисовальному искусству, так и на свободное жительство в Санкт-Петербурге без избрания нового рода жизни в течении шести лет т. е. доколя они, Корсалин и Шевченко, приобретут своими знаниями по части художеств права на удостоение: возведение их в звание свободного художника, или Академиею будут найдены не заслуживающие того». Як вядома, абодва заслужылі не толькі званні вольных мастакоў, але і сталі акадэмікамі. Тым не менш, на пачатку творчасці іх шляхі разышліся. Першаму дарога ляжала на ўсход. На ўсход, аднак, хаця і не такі далёкі, але затое паднявольны, праз нейкі час прышлося рушыць і другому. Там адбылася сустрэча Тараса з Залескім. Пасля вызвалення, адказваючы на прапанову, Шаўчэнка пісаў сябру: «…мне цяпер больш чым калі патрэбны грошы… Калі б заплацілі рублёў па 15 (за прапануемыя карціны – І.Ц.), я быў бы больш чым задаволены, і гэтыя грошы адклаў бы на дарогу ад Масквы да Рачкавіч». Тарас збіраўся ў госці да сябра, але не паспеў. Смерць апярэдзіла.

Тым не менш, колькі прайшло гадоў, і Шаўчэнка ў Слуцку з"явіўся. Дзякуючы ініцыятыве нашых украінскіх сяброў, у 1996 годзе Слуцк атрымаў ад параднёнага ўкраінскага горада Бравары ў падарунак помнік Тарасу Шаўчэнку. Урачыстае адкрыццё яго адбылося пад час святкавання 880-годдзя Слуцка. Крыху сумна толькі ад таго, што знаёмых сваіх тут Шаўчэнка не сустрэў. Бо сваіх творцаў Залескага і Карсаліна Слуцк не помніць. Няма іх прозвішчаў ні ў назвах вуліц альбо культурных устаноў, ні ў памятных знаках ці шыльдах. Праўда, пра нашых знакамітых землякоў можна даведацца ў адмысловай літаратуры, але гэта справу не ратуе. Тым не менш, хочацца спадзявацца, што такая ўяўляемая «сустрэча» старых знаёмых у нашым горадзе некалі адбудзецца.

Р.S. Даведка:
Залескі Браніслаў Францавіч (1819–1880) – беларускі і польскі мастак і пісьменнік, з 1873 г. член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі навук. Нарадзіўся на Случчыне, па адных звестках у маёнтку Рачкавічы, па іншых – у мястэчку Вызна (цяпер Чырвоная Слабада).

Карсалін (Карзалін) Кандрат Ільіч (1809–1881) – беларускі і рускі мастак, акадэмік партрэтнага жывапісу, член Савета Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Нарадзіўся ў Слуцку.

 

Ігар Ціткоўскі
Інфа-Кур"ер. 2002 г.